Вы тут

Горкі малыя, праблемы вялікія. Як дзецям пазбегнуць траўмаў зімой


Нарэшце выпаў снег і дзеці «захапілі» вялікія і маленькія горкі. Мае малыя не выключэнне, але яны вельмі сур'ёзна ставяцца да сваёй бяспекі. Справа ў тым, што аднойчы яны сталі сведкамі сур'ёзнай траўмы суседскага дзіцяці. Хлопец катаўся на цюбінгу, моцна стукнуўся аб дрэва, і яго павезлі ў бальніцу. Гэта жыццёвы ўрок для маіх дзяцей, але яшчэ больш жорсткі для траўміраванага хлопчыка. Кожную зіму дзіцячы траўматызм павялічваецца прыкладна на траціну. Якія траўмы тыповыя для гэтай пары года і як іх пазбегнуць?


Фота Анатоля Клешчука.

Правілы паводзін дзяцей на прагулках зімой, апублікаваныя на сайце УАЗ «Гарадская станцыя хуткай медыцынскай дапамогі» Мінска, дазваляюць пазбегнуць атрымання траўмаў. А вось узмацніць кантроль за іх выкананнем — абавязак дарослых.

Менавіта дарослыя павінны пракантраляваць месцы, дзе гуляюць іх дзеці зімой. Схіл, які выбіраецца для спуску на санках ці лыжах, абавязкова павінен знаходзіцца ўдалечыні ад дарогі і павінен быць вольны ад палак і каранёў дрэў. Да дзіцяці неабходна давесці, што, катаючыся з заплюшчанымі вачыма, можна сутыкнуцца з суседам або дрэвам, а спуск спінай наперад зніжае магчымасць кіраваць санкамі, своечасова і адэкватна рэагаваць на небяспеку. Асабліва небяспечна чапляцца да транспартных сродкаў, прывязваць санкі «паравозікам» — перавярнуўшыся, адны санкі пацягнуць за сабой іншыя.

Калі вы вырашылі даверыць дзіцяці самастойна спусціцца з горкі на санках, раскажыце яму, што:

спускацца варта толькі з роўных схілаў, без трамплінаў, купін, дрэў або кустоў на дарозе; перад спускам трэба праверыць, ці вольная траса, ці не збіраюцца яе перасякаць з іншага схілу; на санкі садзяцца толькі верхам, трымаючыся за вяровачку. Ногі не ставяць на палазы, трымаюць з бакоў напаўсагнутымі; каб павярнуць убок, дастаткова спусціць нагу на снег з таго боку, у які хочаш развярнуцца; каб затармазіць, трэба апусціць на снег ногі і рэзка падняць перадок санак.

Навучыце дзіця падаць: у момант падзення яно павінна ўмець згрупавацца, збірацца ў камячок так, каб удар размяркоўваўся па як мага большай плошчы.

На каньках лепш за ўсё катацца ў спецыяльна абсталяваных месцах або на катках. Калі не атрымліваецца пазбегнуць зімовых гульняў на мёрзлым вадаёме, то дзеці павінны ведаць асноўныя правілы паводзін на лёдзе:

не выкарыстоўваць першы лёд для катання, малады лёд тонкі, нетрывалы і можа не вытрымаць вагі чалавека; пазбягаць месцаў, блізкіх да палонак, спускаў цёплай вады ад прамысловых прадпрыемстваў, рыбацкіх лунак і іншага; небяспечна выбягаць і скакаць на лёдзе, калі невядомая яго трываласць; не выпрабоўваць трываласць ільду ўдарамі нагой — можна праваліцца.

Ігра ў снежкі — яшчэ адна зімовая забава, якая можа прывесці да пашкоджанняў вачэй, таму задача дарослых — пераканаць малога берагчыся ад трапляння снегу ў твар і не кідаць у дзяцей снежкі з ледзяной скарыначкай і абледзянелымі кавалачкамі снегу.

Галалёд — даволі частая з'ява зімой, ён з'яўляецца прычынай мноства траўмаў і пераломаў. Па-першае, правільна падбярыце дзіцяці абутак: перавагу лепш аддаць абутку з рабрыстай падэшвай без абцасаў. Па-другое, навучыце дзіця перамяшчацца па слізкай вуліцы: трэба не спяшацца, пазбягаць рэзкіх рухаў, пастаянна глядзець сабе пад ногі. Ногі павінны быць злёгку расслабленыя і сагнутыя ў каленях, корпус пры гэтым крыху нахілены наперад. Трымаць рукі ў кішэнях у галалёд небяспечна, пры падзенні не будзе часу іх дастаць і ўхапіцца за што-небудзь. Велізарную небяспеку ў галалёд уяўляюць прыступкі — пазбягайце іх, калі ж гэта немагчыма, то нагу пры спуску па лесвіцы неабходна ставіць уздоўж прыступкі, у выпадку страты раўнавагі такая пазіцыя змякчыць падзенне. Растлумачце дзіцяці, што ўвага і асцярожнасць — галоўныя прынцыпы паводзін, якіх варта няўхільна прытрымлівацца ў галалёд.

Яшчэ адна распаўсюджаная зімовая траўма — абмаражэнне. Пашкоджанне тканкі пад уздзеяннем холаду можа наступіць не толькі пры нізкіх тэмпературах паветра, але і пры тэмпературы вышэй за нуль, асабліва падчас вялікага снегападу, пры сырым надвор'і, вільготнай вопратцы, цесным абутку. Абмаражэнню падвяргаюцца часцей за ўсё пальцы рук і ног, шчокі, нос, вушы. Абмаражэнне часцей за ўсё наступае незаўважна, без болю, таму неабходна звяртаць увагу на пачырваненні твару ў дзіцяці (нармальны румянец — далікатна-ружовага колеру, калі ён стаў нераўнамерны, з ярка-чырвонымі або белымі плямамі — гэта абмаражэнне), правяраць адчувальнасць скуры твару, пастаянна варушыць пальцамі рук і ног. Каб пазбегнуць непрыемных наступстваў, правільна апранайце дзіця для прагулак на вуліцы: неабходныя рукавіцы — непрамакальныя, шалік, шапка з воданепранікальнага матэрыялу на цёплай падкладцы, абутак, які не сціскае канечнасці і не прапускае ваду. Скуру твару трэба засцерагаць спецыяльным дзіцячым крэмам.

Забаронена

  • прывязваць цюбінг да транспартных сродкаў;
  • здзяйсняць любыя дзеянні, якія перашкаджаюць іншым;
  • курыць на схіле;
  • катацца на адным цюбінгу двум і больш чалавекам;
  • катацца ў вопратцы ці абутку, здольных пашкодзіць цюбінг;
  • мець пры сабе вострыя або староннія прадметы;
  • скакаць і катацца стоячы;
  • катацца, не трымаючыся за ручкі;
  • ставіць ногі ўнутр цюбінга;
  • катацца дзецям да 6 гадоў;
  • катацца дзецям ад 6 да 12 гадоў без нагляду дарослых;
  • катацца ў стане алкагольнага і наркатычнага ап'янення;
  • ажыццяўляць кантроль за дзецьмі ў стане алкагольнага або наркатычнага ап'янення.

Зімой да спіса траўмаў дадаецца яшчэ і рызыка «прыляпіцца». Паспрабуйце даходліва растлумачыць дзіцяці, што ў мароз нельга лізаць языком жалезныя канструкцыі і дакранацца да іх мокрымі рукамі, бо можна «прыляпіцца». Нагадайце, што не трэба праводзіць эксперыменты.

Калі дзіця захапляецца зімовымі відамі спорту,
паклапаціцеся не толькі пра яго спартыўную экіпіроўку, але і пра накаленнікі, налакотнікі, засцярогу для пазваночніка. Яны дапамагаюць у значнай меры паменшыць верагоднасць атрымання траўмаў.

Узімку ўзрастае колькасць дарожна-транспартных траўмаў. Часта дзіця бачыць, што машына набліжаецца, але спадзяецца праскочыць. Аднак на слізкай дарозе кіроўца не паспявае затармазіць, паколькі павялічваецца тармазны шлях аўтамабіля. Перасякаць праезную частку дарогі неабходна выключна па пешаходным пераходзе, ні ў якім разе не перабягаць у недазволеным месцы. Абавязкова выконваць правілы дарожнага руху.

Многіх сур'ёзных траўмаў можна пазбегнуць, калі ўважліва сачыць за сваімі дзецьмі і клапаціцца, каб іх асяроддзе было бяспечным.

Правілы карыстання цюбінгам

  • неабходна сувымяраць вышыню спуску і складанасць трасы з уласнымі сіламі;
  • перад спускам агледзець трасу на адсутнасць прадметаў, якія могуць пашкодзіць цюбінг (камяні, мёрзлыя камякі зямлі, сукі, шкло і г. д.);
  • на адным цюбінгу дазваляецца спуск аднаго дарослага чалавека вагой не больш за 100 кг для вялікага і не больш за 50 кг для малога цюбінга;
  • катацца можна толькі ў строга адведзеным для гэтага месцы;
  • перад спускам з горкі трэба правяраць, што на дарозе няма людзей;
  • у працэсе катання трымацца за спецыяльныя рамяні, размешчаныя па баках цюбінга, а вяровачка павінна знаходзіцца ўнутры цюбінга;
  • дзеці ад 6 да 12 гадоў дапускаюцца толькі ў суправаджэнні дарослых.
  • Пры масавым катанні неабходна выконваць правілы бяспекі для навакольных.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?