Вы тут

Падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года — 2020»


На мінулым тыдні ў сталіцы падвялі вынікі рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года — 2020». У фінал выйшлі 11 студэнтаў дзённай формы навучання ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны. Гэта маладыя людзі, якія вядуць актыўнае навуковае, творчае, спартыўнае жыццё і маюць сярэдні бал па выніках апошніх двух семестраў не меншы за 8,0. Яны — пераможцы абласных і Мінскага гарадскога адборачных тураў рэспубліканскага праекта, якія адбыліся ў фарматах афлайн і анлайн у мінулым годзе. Дарэчы, адбор для іх быў сур'ёзны — больш за дзве сотні прэтэндэнтаў з 39 ВНУ краіны. Мы зазірнулі на мерапрыемства і паглядзелі, як выбіралі найлепшага з удзельнікаў.


Яшчэ ў пачатку фіналу для ўсіх прысутных у фае былі арганізаваны інтэрактыўныя лакацыі: фотазона, арт-тэрапія, дэфіле ад студэнцкіх модніц і іншае. Хлопцы і дзяўчаты актыўна падтрымлівалі адно аднаго, танцавалі і спявалі пад рытмічныя трэкі. А пасля разам сабраліся ў зале, заняўшы асобныя яе зоны, каб усім было дакладна відаць студэнтаў, якіх яны прыйшлі падтрымаць.

Дар'я ГЕЛЕЦ (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту).

Конкурсная праграма ўключала чатыры асноўныя выпрабаванні і прайшла ў два дні. Напярэдадні журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, Міністэрства адукацыі, Беларускага Рэспубліканскага саюза моладзі, журналісты, спевакі і прадзюсары, ацаніла аўтарскія маладзёжныя праекты, а таксама аратарскае майстэрства «#ВПрофессии». Маладыя людзі праявілі свае камунікатыўныя кампетэнцыі, здольнасць падчас этапу творча мысліць, уменне трымацца на сцэне, працаваць з аўдыторыяй, утрымліваючы яе цікавасць, і прыгожа вымаўляць скорагаворку па зададзенай тэме. А цэнтральныя падзеі праекта разгарнуліся ў другі конкурсны дзень. Хлопцы і дзяўчаты прэзентавалі прысутным і журы свае візітоўкі і творчыя нумары.

...Групы падтрымкі амаль ва ўсіх каманд былі, як кажуць, «на вышыні». У першым радзе тыя, хто прыйшоў адстойваць першынства студэнткі пятага курса лячэбнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Анастасіі ХЛЮПІНАЙ, крычалі: «Хлюпіна Насця, ты наша шчасце!». За курсанта трэцяга курса факультэта падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў Інстытута пагранічнай службы Уладзіслава ФЕДЗЮКОВІЧА хлопцы падымалі як мага вышэй партрэты свайго ўдзельніка (у іх, дарэчы, была самая актыўная група падтрымкі). А за студэнтку другога курса Інстытута кіраўніцкіх кадраў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Ксенію БРЫКУН крычалі «АУ!» (як адсылка да трэнду ў сацсетцы TіkTok).

З візітовак пад назвай «Будзем знаёмыя» даведаліся, што, напрыклад, курсант трэцяга курса ваеннага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Кірыл ГІРО — чэмпіён Узброеных Сіл Беларусі па вайсковым рукапашным баі 2019—2020 гадоў, Анастасія Хлюпіна — валанцёр атрада «Добрае Сэрца ГрДМУ», інструктар па першай дапамозе атрада хуткага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, курсант другога курса факультэта цехнасфернай бяспекі Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Беларусі Кацярына РУДОВІЧ — прызёр рэспубліканскіх спаборніцтваў па веславанні на байдарках і каноэ, а за плячыма ў Ксеніі Брыкун — 11 гадоў танцавальнай школы, таму яе любімы занятак у вольны час — класічныя, народныя і эстрадныя танцы. Уладзіслаў Федзюковіч прадэманстраваў пастаноўку аб тым, як яго ствараў Бог у 2000 годзе, дадаючы па адной найлепшай якасці ад папярэдніх студэнтаў года. У канцы Усявышні дадаў хлопцу шмат патрыятызму, чаму хлопец бязмерна рады.

У творчым конкурсе студэнты раскрылі свае таленты па максімуме. Студэнтка трэцяга курса факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова Лізавета ДУБРОЎСКАЯ танцавала і паказвала элементы гімнастыкі, Уладзіслаў Федзюковіч выканаў вядомую песню «Жураўлі», а на фоне за яго спінай змяняліся кадры з ваенных фільмаў (хлопец, дарэчы, марыць, як і яго бацька, служыць на пагранічнай заставе). Студэнтка другога курса факультэта маркетынгу, менеджменту, прадпрымальніцтва Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Алена МЯТЛУШКА акампанавала сабе на раялі пад беларускамоўную песню, якую, дарэчы, сама напісала. Кірыл Гіро паказаў тэатр ценяў, студэнтка трэцяга курса інжынерна-эканамічнага факультэта Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Арына САФОНАВА выразна прачытала верш Уладзіміра Маякоўскага «Лілічка», а студэнтка чацвёртага курса факультэта кіравання працэсамі перавозак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Дар'я ГЕЛЕЦ у традыцыйнай беларускай сукенцы з вышыванкай праспявала беларускі студэнцкі варыянт «Сансары» Басты.

Перад тым як абвясціць вынікі конкурсу, для ўсіх прысутных свае творчыя нумары прадэманстравалі зоркі беларускай эстрады. Пасля выступіў першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА БРСМ, член Савета Рэспублікі Нацыяльнага сходу сёмага склікання ад Магілёўскай вобласці Дзмітрый ВАРАНЮК. «Наш рэспубліканскі праект — гэта вынік сумеснай работы адміністрацый універсітэтаў, грамадскіх аб'яднанняў і органаў студэнцкага самакіравання. Тут сапраўды прадстаўлены найлепшыя студэнты краіны. А сучасны беларускі студэнт адначасова можа не толькі вучыцца «на выдатна», але і быць актыўным удзельнікам стваральных працэсаў унутры ўніверсітэта, творча сябе праяўляць, не баяцца сказаць, як ён любіць Беларусь, і, самае галоўнае, зрабіць усё магчымае, каб наша краіна развівалася».

Прызёры конкурсу — Уладзіслаў ФЕДЗЮКОВІЧ (у цэнтры), Уладзіслаў МІРОНЧЫК, Ксенія БРЫКУН.

Пераможцам конкурсу «Студэнт года — 2020» выбралі Уладзіслава Федзюковіча. Ён жа стаў першым у намінацыі «Студэнт года ONLІNE», а таксама лаўрэатам Рэспубліканскай маладзёжнай прэміі ў намінацыі Specіal. Яму ўручылі памятныя прызы ад спонсараў, а таксама гарналыжны тур на тры дні ў Лагойск. «Атрымаць такое званне для мяне вялікі гонар. Гэта вялікая адказнасць — быць у ліку найлепшых студэнтаў краіны. Мяне падтрымлівала вялікая каманда — нашы курсанты, афіцэры, кіраўніцтва інстытута, сябры і родныя. Хлопцы і дзяўчаты, з якімі мы сёння былі на адной сцэне, — усе вельмі таленавітыя. Дзякуй ім за падтрымку таксама», — сказаў Уладзіслаў.

Другое месца заняў студэнт трэцяга курса факультэта эканомікі і бізнес-кіравання Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Уладзіслаў МІРОНЧЫК. «Бронза» была ў Ксеніі Брыкун. Усе фіналісты атрымалі грашовыя падарункі, салодкія прызы і іншыя сюрпрызы ад партнёраў конкурсу.

Рэспубліканскі конкурс «Студэнт года» праводзіцца ў краіне з 2011 года. Арганізатарам выступае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і іншых зацікаўленых.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Адзінаццаць смелых. А яшчэ — таленавітых, крэатыўных, патрыятычных

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.