Вы тут

Як развіваецца сталіца беларускіх шахцёраў


Што новага з'явілася ў горадзе і раёне, якія задумы на перспектыву і якім стане рэгіён — пра гэта і іншае расказаў «Звяздзе» старшыня Салігорскага райвыканкама Андрэй Жайловіч.


— Андрэй Леанідавіч, бясспрэчна, вашы папярэднікі шмат зрабілі для развіцця горада і раёна. Але вы, калі заступілі на пасаду, на якія пытанні звярнулі ўвагу ў першую чаргу?

— Я для сябе адзначыў, што Салігорскі раён не толькі дасягнуў пэўных вышынь і заслужыў славу аднаго з раёнаў Міншчыны, які дынамічна развіваецца. А таксама звярнуў увагу на тое, што ў яго шмат перспектыў. Разам з тым я ўсведамляў, што гэта не тое месца, куды можна прыйсці на ўсё гатовае і пажынаць плады. Наадварот, патрабаванні да кіраўніцтва тут вышэйшыя, задач больш, сфер, у якія неабходна ўнікнуць, таксама шмат. Прамысловасць, будаўніцтва, адукацыя, культура... На Салігоршчыне ўсе гэтыя кірункі працуюць на поўную моц. Горад працягвае прырастаць не проста новымі жылымі дамамі, а цэлымі мікрараёнамі з сучаснай інфраструктурай і новымі сацыяльнымі аб'ектамі. Прадукцыя, якая тут выпускаецца, адпраўляецца на знешнія рынкі. Салігорцы праслаўляюць сваімі дасягненнямі ў вучэбнай і працоўнай дзейнасці малую радзіму далёка за яе межамі. Можна прывесці шмат прыкладаў па любым кірунку. Так што, планка ва ўсіх высокая. Таму мне адразу стала зразумела, што адказнасць таксама будзе вялікая.

Знаёмства з раёнам, а гэта быў даволі працяглы перыяд, пачалося непасрэдна са зносін з людзьмі. Былі арганізаваны сустрэчы з насельніцтвам і ў працоўных калектывах, дзе я імкнуўся выслухаць кожнага. У мяне паступова фарміравалася дакладнае ўяўленне пра тыя пытанні, якія патрабуюць больш глыбокага і дэталёвага разгляду. Гэта і рамонт дарог, і работа жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сфера будаўніцтва, а таксама працаўладкаванне. Словам, давялося адразу акунуцца ў жыццё раёна і прыступіць да вырашэння актуальных задач. Паралельна з гэтым я наведваў прадпрыемствы і арганізацыі Салігоршчыны, знаёміўся з іх дзейнасцю, умовамі працы людзей, перспектывай развіцця саміх суб'ектаў гаспадарання, іх эканамічным складнікам. На сустрэчах з калектывамі таксама паступала шмат пытанняў, але ўжо іншай накіраванасці. Людзі больш цікавіліся развіццём сферы адпачынку, уносілі прапановы па аб'ектах, якіх не хапае ў гэтай сферы. А менавіта — па добраўпарадкаванні «Сцежкі здароўя» і будаўніцтве скейт-парка.

— Па Указе Прэзідэнта Салігорск увайшоў у спіс гарадоў з паскораным сацыяльна-эканамічным развіццём. Што зроблена і робіцца ў гэтым плане?

— Значныя вынікі дасягнуты дзякуючы прынятаму кіраўніком дзяржавы рашэнню па распрацоўцы і рэалізацыі Комплекснага плана развіцця Салігорскага раёна да 2020 года. Гэтым дакументам прадугледжвалася фарміраванне доўгатэрміновай асновы ўстойлівага росту эканомікі раёна і яе канкурэнтаздольнасці для павышэння ўзроўню дабрабыту грамадзян. Так, за 2019—2020 гады рэалізавана 22 мерапрыемствы. На выкананне затрачана 630,6 мільёна рублёў або 108, 4 % да запланаванага. У выніку гэтага забяспечана асноўная мэта плана — стварэнне камфортных і бяспечных умоў для жыцця грамадзян, выкананне нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва Салігорскага раёна. Работа па далейшым комплексным сацыяльна-эканамічным развіцці будзе працягнута.

Што датычыцца найбліжэйшай перспектывы, то ўсе намаганні будуць накіраваны на забеспячэнне сацыяльнай стабільнасці і рост даходаў насельніцтва, нарошчванне інвестыцый у эканоміку і павышэнне іх эфектыўнасці, павелічэнне паступленняў даходаў у бюджэт раёна. Прамысловасць будзе развівацца за кошт тэхнічнага пераўзбраення, мадэрнізацыі дзеючых вытворчасцяў, рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, асваення новых відаў прадукцыі. У аграпрамысловым комплексе прадоўжыцца мадэрнізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці на аснове рэканструкцыі і тэхнічнага пераўзбраення. У жыллёва-камунальнай гаспадарцы запланавана будаўніцтва дзвюх станцый абезжалезвання ў вёсках Вейна і Пагост-2, а таксама станцыя водападрыхтоўкі ў аграгарадку Ананчыцы, рэканструкцыя станцый абезжалезвання ў аграгарадках Вялічкавічы (2021 год), Гоцк і Доўгае (2022-і). У сістэме аховы здароўя ўся ўвага будзе накіравана на далейшае развіццё Паўднёвага тэрытарыяльнага цэнтра спецыялізаванай медыцынскай дапамогі насельніцтву для выканання высокатэхналагічных і складаных умяшанняў, па дадатковым аснашчэнні ўстаноў базавым медыцынскім абсталяваннем, камп'ютарнай тэхнікай, сродкамі сувязі і гэтак далей. У галіне адукацыі адпаведна з планам дэталёвай планіроўкі мікрараёна № 21 Салігорска прадугледжана будаўніцтва дзіцячага садка на 330 месцаў, а таксама агульнаадукацыйнай школы на 930 вучняў. Заказчыкам узвядзення дашкольнай установы выступіў «Беларуськалій». У 2022 годзе плануецца пачаць будаўніцтва яшчэ аднаго мікрараёна — № 22, дзе мяркуецца ўзвесці каля 118 тысяч квадратных метраў жылля.

— Якім вы бачыце Салігорск у будучым, і чаго, на ваш погляд, пакуль не хапае?

— Мне здаецца, што самае галоўнае — Салігорск павінен быць горадам, які любяць яго жыхары, з якога нікуды не хочацца з'язджаць. Жыць тут камфортна і прэстыжна. Мы прымаем усе захады, каб наш горад быў менавіта такі. Канешне, шмат што яшчэ хочацца зрабіць па запытах гараджан. Інфраструктура развіваецца пастаянна. Горад малады, і ў нас заўсёды ёсць патрэба ў будаўніцтве спартыўных аб'ектаў, дзіцячых пляцовак, ва ўладкаванні месцаў адпачынку. Толькі за апошнія гады ў Салігорску пабудаваны скейт-парк на вуліцы Набярэжнай, адкрыты сквер Сям'і, кахання і вернасці з разнастайнымі спартыўнымі пляцоўкамі. На маю думку, у горадзе наспела неабходнасць у сучасных кафэ і аб'ектах грамадскага харчавання, куды можна прыйсці з сям'ёй, а то і аднаму, каб папрацаваць, напрыклад за ноўтбукам. Летась у нас адкрылася адразу некалькі аб'ектаў, у тым ліку і буйныя сеткавыя. Мяркую, гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца.

Наогул, для Салігоршчыны 2020-ы быў знамянальны шэрагам яркіх падзей. Большасць уведзеных аб'ектаў датычыцца спартыўнай сферы. Хочацца выдзеліць «Сцежку здароўя» — папулярнае ў салігарчан месца адпачынку, дзе можна не толькі гуляць, але і займацца актыўнымі відамі спорту. Добраўпарадкаванне і стварэнне сцежкі пачалося ў лютым, а ў красавіку там ужо з'явілася лыжаролерная траса. Яшчэ адным доўгачаканым спартыўным аб'ектам у сталіцы беларускіх шахцёраў стаў скейт-парк з ролер-трэкам, дарэчы, трэцім па ліку парабалічным трэкам у свеце. Сёлета адкрыўся крыты тэнісны манеж, які да таго ж уключае ў сябе валейбольную, баскетбольную пляцоўкі і іншае. Аналагаў яму няма ў вобласці. 5 студзеня тут упершыню ў нашым горадзе адбыўся дзіцячы тэнісны турнір.

Шмат зроблена і запланавана па ўдасканаленні медыцынскага абслугоўвання жыхароў горада і раёна. У лютым 2020-га ў Салігорскую паліклініку № 2 у межах завяршэння трэцяй пускавой чаргі будаўніцтва было дастаўлена новае медыцынскае абсталяванне, якое дазволіла вывесці на якасна новы ўзровень лячэнне і прафілактыку многіх захворванняў. У Салігорскай цэнтральнай раённай бальніцы адкрыты кабінет МРТ-дыягностыкі. Для яго размяшчэння на тэрыторыі ўстановы ўзведзены асобны будынак плошчай 600 квадратных метраў, дзе можа штодня праходзіць абследаванне ў сярэднім 20—25 чалавек. Завяршыўся рамонт інфекцыйнага аддзялення бальніцы. Цяпер тут ёсць 26 пунктаў падачы лячэбнага кіслароду. Да кожнага з іх можна падключыць двух пацыентаў. Тут размешчана 40 ложкаў. Аднак пры вострай неабходнасці яно здольнае прыняць да 60 пацыентаў.

Напярэдадні святкавання Дня хіміка ў Салігорску ўвялі ў эксплуатацыю новы арэндны дом па вуліцы Заслонава для работнікаў «Беларуськалія». 125 сем'яў атрымалі ключы ад сучасных кватэр. У аграгарадку Вялічкавічы здадзены шматкватэрны жылы дом. Уладальнікамі адна- і двухпакаёвых кватэр з поўным адстройваннем сталі 24 сям'і.

І яшчэ адна важная падзея — пачатак праходкі клецевага ствала Дарасінскага рудніка. Яго рэсурсы дазволяць прадоўжыць тэрмін службы 3-га рудаўпраўлення як мінімум на 50 гадоў. Праектная магутнасць складзе каля васьмі мільёнаў тон руды ў год з наступным павелічэннем да дзевяці мільёнаў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.