Вы тут

Год 2021-ы ў Беларусі аб’яўлены Годам народнага адзінства


Пра тое, што ўслед за Трохгодкай малой радзімы прыходзіць Год народнага адзінства, мы ўсе даведаліся ў святочную Навагоднюю ноч. З такой ініцыятывай выступіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў часе традыцыйнага Навагодняга звароту да грамадзян. А 1 студзеня 2021 года Кіраўнік дзяржавы падпісаў Указ № 1: пра аб’яўленне 2021‑га ў Беларусі Годам народнага адзінства. У дакуменце гаворыцца, што аб’яўлены Год “у мэтах кансалідацыі грамадства, згуртавання беларускага народа на аснове ідэй суверэнітэту й незалежнасці краіны”. Як тое звычайна бывае пры аб’яўленні Года, Прэзідэнт даручыў Савету Міністраў сумесна з аблвыканкамамі ды Мінскім гарвыканкамам распрацаваць і зацвердзіць рэспубліканскі План мерапрыемстваў па правядзенні ў 2021‑м Года народнага адзінства, забяспечыць каардынацыю дзейнасці дзяржорганаў, іншых арганізацый па выкананні такога плана.


Фестываль нацыянальных культур-2018 у Гродне. Святочнае шэсце. Фота Анастасіі Станкевіч

Так што і для прадстаўнікоў беларускай дыяспары гэта — важны пасыл ці меседж, як кажуць у апошнія гады. Падключайцеся, беларусы замежжа, у стваральную працу на карысць Бацькаўшчыны! Варта ўжо заканчваць спрэчкі. Шукаць паразуменне, згоду. Яднацца. Як яднаюцца ў працоўнай талацэ спрадвеку беларусы, каб разам рабіць цяжкую працу, будаваць, жыта-пшаніцу жаць. Альбо хорам-грамадою спяваць добрую песню. Можна ж браць за аснову тое, што паядноўвае нас, а не разводзіць па розныя бакі барыкад. Не сакрэт: ідэі, настроі, памкненні, кірункі руху, прыярытэты ў дзейнасці беларускіх суполак у розных краінах — розныя. І год 2020‑ы яскрава тое паказаў. Прадпрынятыя былі спробы — яўна дэструктыўныя, правакацыйныя па сутнасці — раз’яднаць замежных беларусаў на аснове палітычных поглядаў, а сяброў суполак, якія маюць шматгадовы досвед стваральнай культурніцкай працы, уцягнуць у палітычныя разборкі. А ў імя чаго? Хіба ж Бацькаўшчына стане ад таго мацнейшаю? Хутчэй наадварот.  

Ад раздраю ў душах, у грамадстве, ад непрымірымасці да меркаванняў і перакананняў іншых — адзін крок да грамадзянскай вайны. “Ты за чорных ці за белых?” Ці ж не сведчыць пра тое горкі досвед гісторыі? Многія ведаюць пра жорсткую грамадзянскую вайну на прасторах былой Расійскай імперыі пасля рэвалюцыі 1917‑га, і наступствы Французкай рэвалюцыі былі крывавымі, ды й пострэвалюцыйныя падзеі апошніх дзесяцігоддзяў у іншых дзяржавах — ці ж не горкая навука нам?

Як адзначыў Прэзідэнт у Навагоднім звароце, “нам усім, хто бачыць свет па-рознаму, варта ўсвядоміць, што ў нас адзіная каштоўнасць — кавалак зямлі ў цэнтры Еўропы. Іншага не дадзена. І ў імя зберажэння яго для дзяцей давайце перавернем старонку пройдзенага й будзем разам пісаць новую старонку незалежнай Беларусі”. Таму й прапанаваў Кіраўнік дзяржавы Год народнага адзінства — каб і далей “жыць сваім розумам, ствараць каштоўнасці сваімі рукамі. Берагчы, шанаваць і любіць так, як могуць толькі беларусы — разумная, талерантная, накіраваная ў будучыню нацыя! І калі мы хочам “людзьмі звацца”, мы гэта зробім!”

Беларускі арнамент сімвалізуе, як з асобных разрозненых элементаў ствараецца гарманічнае адзінства. Фота ETHNOBOHO.RU

Нішто не новае, кажуць, у гэтым свеце, аднак жа ўсё патрабуе абнаўлення. Людзі старэйшага веку, безумоўна, згадваюць лозунг савецкага часу: “Народ і партыя — адзіныя!” Можа, і ў сувязі з Годам адзінства нехта пра тое згадае. Важна — рабіць высновы, каб рухацца далей па жыццёвым шляху. На жаль, ідэі не калектыўнай, стваральнай працы, а махровага эгаізму заўваёўваюць усё больш прыхільнікаў. Раней, скажам, словам эгаіст чалавека можна было абразіць — а цяпер, падказвае інтэрнэт, “Эгоист” — гэта “бутик брендовой одежды для мужчин и женщин”. Але ў кожнага ж эгаізма, як вядома, ёсць мяжа, і ён “здуваецца” там, дзе яго падціскае-падмінае пад сябе эгаізм іншы. Дзе ж выйсце? Арыентацыя на яднанне народа, нацыі, умацаванне Беларускага Мацярыка па ўсім свеце, на ідэі супольнай супрацы, згоды, братэрства — гэта якраз тое, што паспрыяе нам стаць моцнымі, жыццяздольнымі, стойкімі. Важна  вучыцца суадносіць, згарманізоўваць свой эгаізм з грамадскім калектывізмам, а не насіцца з ім, як з пісанаю торбай. Гэта, урэшце, не сучасна! Бо моцныя й паспяховыя ў свеце тыя, хто ўмее выбудоўваць карпаратыўныя сувязі. Супрацоўнічаць, сябраваць, а не “я” сваё перці.

“Единица!/ Кому она нужна?!/ Голос единицы/ тоньше писка./ Кто её услышит?/ Разве жена!/ И то/ если не на базаре,/ а близко…” Вядомыя нам са школы радкі класіка Уладзіміра Маякоўскага і сёння актуальныя. Перад тварам новых пагроз і выклікаў сучаснасці, уключаючы й нябачны простым вокам каранавірус, яднацца — значыць выжыць. І будаваць годнае жыццё. І вучыцца, як пчолы ці мураўі, жыць у грамадзе, рэалізуючы Богам дадзеныя таленты ў імя нашай агульнай Бацькаўшчыны.

Іван ЖДАНОВІЧ

Загаловак у газеце: У адзінстве наша сіла

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.