Вы тут

Лукашэнка правёў нараду па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення VI Усебеларускага народнага сходу


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення VI Усебеларускага народнага сходу.


У нарадзе ўзялі удзел спікеры абедзвюх палат беларускага парламента, кіраўнікі Адміністрацыі і справамі Прэзідэнта, Мінскага гарвыканкама і Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цікавасць да форуму, які адбудзецца ўжо праз тыдзень, як ніколі вялікая, і гэта накладае на ўлады асаблівую адказнасць.

«Гэта найважнейшая падзея ў жыцці краіны і мы абавязаныя правесці яе на самым высокім узроўні, пра што ўжо казалі неаднойчы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка спытаў ва ўдзельнікаў нарады, ці ўсё гатова для сустрэчы дэлегатаў і патлумачыў чаму.

«У сталіцу прыедуць прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў. Больш за тое, гэта прадстаўнікі ўсіх груп, як прынята казаць, нашай грамадзянскай супольнасці: грамадскіх арганізацый, палітычных партый, працоўных калектываў, асобных рэгіёнаў. Таксама будуць запрошаныя і госці, — сказаў Прэзідэнт. — Таму гэтыя бытавыя і іншыя рэчы — вельмі важныя для тых, хто будзе працаваць на з’ездзе. Тут людзі, якія прыбылі з рэгіёнаў, павінны адчуваць сябе як дома. І яны — дома. Не „як дома“, а яны дома. Яны прыехалі да сябе дадому — у сталіцу нашай радзімы».

Таму неабходна гарантаваць бяспеку, камфортныя ўмовы працы і адпачынку ўдзельнікаў сходу, дадаў беларускі лідар. Ён даручыў адпаведным службам узяць на пастаянны кантроль гэтыя пытанні.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта нарада — перадапошняя публічная сустэча перад сходам. Будзе яшчэ адна (калі не лічыць асобных размоў лідара з кожным членам аргкамітэта), дзе будуць разгледжаныя ўсе дробязі — ад залы, дзе пройдзе сход, да дакументаў, якія да яго адносяцца.

«Другое. Нам трэба эфектыўна выкарыстоўваць фармат форуму для вырашэння найбольш актуальных пытанняў. Тут збяруцца людзі розных узростаў, прафесій, як я ўжо сказаў, і сацыяльных статусаў, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — За імі тысячы, тысячы і мільёны беларускіх людзей, працоўных калектываў. Гэтых людзей выбраў народ. Мы павінны пачуць голас кожнага, увесь спектр меркаванняў, які ёсць сёння ў рэспубліцы, па самых розных пытаннях нашага жыцця».

Напярэдадні сходу трэба яшчэ раз больш дэталёва прапрацаваць праблемы, якія хвалююць людзей, звярнуў увагу Прэзідэнт.

Ён выказаў задаволенасць тым, як у абласцях прайшло абмеркаванне асноўных напрамкаў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і шэрагу іншых пытанняў, якія людзі агучылі на дыялогавых пляцоўках.

«Павінен сказаць, што добра на месцы арганізавалі гэтыя пытанні памочнікі Прэзідэнта, упаўнаважаныя па абласцях і асабліва губернатары, — адзначыў ён. — Усё было сабрана, скажам, у Гродзенскай або Магілёўскай, іншых абласцях, вынесена на ўзровень вобласці, сабраліся дэлегаты — будучыя ўдзельнікі Усебеларускага народнага сходу — і абмеркавалі гэтыя пытанні».

Гэта дазволіла, па словах беларускага лідара, абмеркаваць, сканцэнтраваць і вынесці на УНС пытанні ад рэгіёнаў.

«Гэта непасрэдна дазваляе адчуць пульс жыцця на месцах, глыбей пагрузіцца ў сутнасць праблем і такім чынам забяспечыць максімальную ўзважанасць і абгрунтаванасць будучых рашэнняў», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Як правіла, па выніках УНС прымаецца рэзалюцыя, якая мае агульны, канцэптуальны характар, заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

«Там не будзе дробязі, дробязь — у Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця, яна будзе апублікаваная, яна больш канкрэтная, — сказаў ён. — Рэзалюцыя абазначыць асноўныя кірункі руху нашай Беларусі да пэўных мэт».

Людзей цікавяць розныя пытанні, дадаў беларускі лідар. У аснове асноў — эканоміка і надзённыя пытанні (цэнаўтварэнне, тарыфы на ЖКП, працоўныя месцы, заробкі і гэтак далей).

«Паступае шмат прапаноў і ў галіне грамадска-палітычнага развіцця. Нашы грамадзяне сёння неабыякавыя да лёсу краіны, яны асабліва востра адчуваюць цяперашні адказны перыяд, калі ўсе мы павінны быць разам, павінны быць адзіныя, каб захаваць незалежную беларускую дзяржаву, — дадаў Прэзідэнт. — Яшчэ адно, што вельмі хвалюе людзей, — як адаб’юцца прынятыя намі рашэння на паўсядзённым жыцці кожнага канкрэтнага чалавека?»

Праз канцэптуальныя пытанні рэзалюцыі чалавек павінен убачыць канкрэтна сябе, — адзначыў кіраўнік дзяржавы, — канкрэтныя пытанні, якія яго будуць хваляваць.

«Скажам, калі мы будзем звяртацца да пытання продажу дзяржмаёмасці і прыватызацыі прадпрыемстваў, павінен быць канкрэтны адказ на гэтае пытанне, — патлумачыў беларускі лідар. — Каб людзі, якія працуюць на Беларуськаліі, Гомсельмашы, МТЗ, МАЗе, БелАЗе, разумелі: або іх заўтра будуць прадаваць з малатка, або яны будуць працаваць на гэтых дзяржаўных прадпрыемствах і мець гарантыю кантролю дзяржавы і гарантыю таго, што іх дзеці змогуць там працаваць».

Людзі павінны разумець, да чаго рашэнні УНС прывядуць ужо сёння, што будзе заўтра і паслязаўтра, запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Гэта галоўнае, пра што мы перш за ўсё павінны думаць, калі прымаем тыя ці іншыя рашэнні», — падкрэсліў ён.

«Аб’явілі байкот — байкатуйце»

Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў рэакцыю ў некаторых СМІ на правядзенне VI Усебеларускага народнага сходу.

«Тут некаторыя, перш за ўсё беглыя і іншыя так званыя апазіцыянеры, плачуць і рыдаюць, што яны не патрапілі, — сказаў ён. — Калі не патрапяць на Усебеларускі народны сход, значыць — «нелегітымны». Але, па-першае, я сказаў, што мы выбіралі людзей, якія жывуць у нашай краіне. А беглых будуць выбіраць у Польшчы, Літве, некага, відаць, ва Украіне, нехта, магчыма, у Расіі, хоць няшмат». 

З замежжа на VI Усебеларускі сход запрашаюць толькі гасцей, звярнуў увагу беларускі лідар. 

«Па-другое. Яны аб’явілі байкот Усебеларускаму народнаму сходу. Гэта значыць, калі вы яго байкатуеце, чаго вы рыдаеце? Вы аб’явілі байкот — байкатуйце, — дадаў ён. — Больш за тое, праз некаторы час пасля аб’яўлення байкоту яны вырашылі правесці форум замежжа. Ну праводзьце — ніхто ж не перашкаджае. Збірайцеся ў Польшчы, Літве і праводзьце».

«Для мяне асабіста гэта вельмі важна. Для ўсіх нас вельмі важна, каб мы маглі прыняць добрае, нармальнае, выверанае рашэнне»

На нарадзе па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення VI Усебеларускага народнага сходу Прэзідэнт паведаміў, што даўно прыняў рашэнне пра маштабнае сацыялагічнае даследаванне ў Беларусі. 

«Тады было даручэнне, каб мы гэтыя сацыялагічныя даследаванні закончылі да Усебеларускага народнага сходу і паставілі там (у апытанні — «Зв.») для адказу людзям канкрэтныя пытанні, ад якіх залежыць развіццё нашай Беларусі, якія хвалююць людзей, — сказаў ён. — Гэтыя сацыялагічныя даследаванні пачаліся. Даследавалі частку гарадоў, працоўных калектываў і гэтак далей». 

У бліжэйшыя дні пройдуць апытанні жыхароў сяла, малых гарадоў, раённых цэнтраў і асобных прадпрыемстваў, дадаў беларускі лідар і папрасіў удзельнікаў даследавання адказваць на пытанні аб'ектыўна і шчыра.

«Для мяне асабіста гэта вельмі важна, — сказаў ён. — Для ўсіх нас вельмі важна, каб мы маглі прыняць добрае, нармальнае, выверанае рашэнне. Ананімнасць гарантую цалкам».

Людзі апошнім часам, з-за таго, што асабістыя дадзеныя патрапілі ў глабальную сетку Інтэрнэт, публічна выказвацца не хочуць, дадаў Прэзідэнт. 

«Таму апытанне будзе персанальным, і поўная ананімнасць», — паўтарыў ён.

Прадстаўнікі сацыялагічных службаў будуць вельмі сумленныя людзі, запэўніў Аляксандр Лукашэнка і паабяцаў, што вынікі даследавання будуць апублікаваныя.

«Галоўны даследчык — замежная кампанія, — звярнуў ён увагу і прапанаваў падключыць да апытання расіян, украінцаў і іншых, хто пажадае. — Так, будуць сацыёлагі і беларускія, але яны не павінны быць галоўнымі, каб быў давер да сацыялагічнага даследавання ўсіх груп насельніцтва».


«У людзей розныя пункты погляду, але канчатковая мэта адна — зрабіць нашу краіну лепш»

З 29 снежня па 6 студзеня ў рэгіёнах Беларусі былі абраны ўдзельнікі VI Усебеларускага народнага сходу, далажыў Прэзідэнту старшыня аргкамітэту па падрыхтоўцы і правядзенню форуму прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.

Абраныя 2226 дэлегатаў, з якіх 1175 (49 %) — прадстаўнікі мясцовых Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў і 1051 чалавек (44 %) — прадстаўнікі найбуйнейшых грамадскіх аб'яднанняў краіны.

«З улікам дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі агульная колькасць удзельнікаў VI Усебеларускага народнага сходу склала 2394 чалавекі», — падсумаваў прэм'ер.

«Адрозненне ад папярэдніх сходаў у тым, што тут фактычна не проста сход, гэта ўжо элемент, які вянчае ўвесь комплексны працэс, што пачаўся з дыялогавых пляцовак, — патлумачыў пасля нарады журналістам Раман Галоўчанка. — Па сутнасці, была акумуляваная ўся канструктыўная думка народа, здаровая ініцыятыва, якая накіравана на стварэнне, акумуляваная цягам працяглага перыяду часу і на дыялогавых пляцоўках, і ў грамадскіх прыёмных, і тэлефанаванні, паведамленні, якія паступаюць у парламент, на сайт сходу. Такім чынам фактычна выкрышталізавалася тая маса пытанняў і прапаноў па развіцці краіны, якія рэальна хвалююць розныя сацыяльныя групы людзей».

Абмеркаванні праходзілі, па словах кіраўніка ўрада, не для галачкі, а вельмі прадметна. Іх вынікі будуць улічаныя ў пяцігадовай праграме развіцця краіны і, магчыма, лягуць у аснову выніковых дакументаў сходу.

«Гучалі вельмі розныя ацэнкі, прапановы і меркаванні, дастаткова дыверсіфікаваныя, але што важна — людзі, якія ўдзельнічалі ў гэтым працэсе, гэта сапраўды былі тыя, хто гэтага хацеў, і тыя, каго на справе клапоціць будучыня нашай радзімы, якія перажываюць, бачаць кірункі мадэрнізацыі, развіцця краіны. Галоўнае тое, што яны ўсе зараджаныя на пазітыў, — адзначыў Раман Галоўчанка. — У людзей розныя пункты погляду, але канчатковая мэта адна — зрабіць нашу краіну лепш».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 4 млн квадратных метраў агульнай плошчы жылля.

Грамадства

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

У нашым акружэнні практычна заўсёды знойдзецца песіміст, нечым пакрыўджаны, запальчывы чалавек, вакол якога заўсёды скандалы і звадкі. 

Грамадства

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Скідкі, растэрміноўкі і шырокі асартымент