Вы тут

Ганна Любянкова: Спорт — мая панацэя


Кожная серада — дзень біятлона на тэлеканале «Беларусь 5». Аўтар і вядучая праекта «Агнявы рубеж» Ганна Любянкова зараджае гледачоў любоўю да згаданага віду спорту. Але гэта не адзіная тэлевізійная роля журналісткі. У першую чаргу Ганна — спартыўны каментатар. Яе голас знаёміў гледачоў з трансляцыямі спаборніцтваў па 19 відах спорту, сярод якіх танкавы біятлон і верталётныя гонкі. Яе слухаў мінскі стадыён «Дынама» падчас легкаатлетычнага матча Еўропа—ЗША ў 2019 годзе. Яна — актыўны ўдзельнік Мінскага паўмарафону і многіх спартыўных мерапрыемстваў. Ганна расказала «Звяздзе», якое яно, жыццё па-за тэлеэкранам, і як спраўляцца з немагчымым.


— Ганна, як ты ставішся да размоў аб тым, што ў час інтэрнэту тэлебачанне ўжо не мае такой папулярнасці і важнасці, як раней?

— Безумоўна, за інтэрнэтам будучыня. Але і тэлебачанне не стаіць на месцы, мы пастаянна ствараем новыя праекты, абнаўляем графіку — на шчасце, цяпер шмат тэхнічных магчымасцяў. У нас ёсць новы канал «Беларусь 5. Інтэрнэт», і мы развіваемся і там. Напрыклад, усе выпускі маёй праграмы выкладваюцца на YouTube, і робіцца гэта аператыўна. Тэлебачанне было, ёсць і будзе, бо мноства людзей бярэ інфармацыю адтуль. Так, моладзь аддае перавагу інтэрнэту, але мы стараемся зачапіць і зацікавіць людзей розных пакаленняў, звычак і інтарэсаў.

— Узнікалі ў цябе калі-небудзь думкі аб стварэнні свайго спартыўнага YouTube-канала?

— Такія думкі ўзнікаюць не ў мяне, а ў людзей навокал. Вельмі шмат пытанняў, чаму я не сыходжу ў інтэрнэт. Але там прыйдзецца самой вырашаць усе пытанні і ствараць належныя ўмовы. Дзякуючы тэлекампаніі я маю абсталяванне, у мяне ёсць дапамога аператара. Я не выключаю, што некалі буду працаваць у інтэрнэце, але пакуль я бачу сябе толькі на тэлебачанні. У першую чаргу я каментатар. А каментаваць спаборніцтвы можна толькі на тэлеканале. Толькі ён можа атрымаць тэлевізійную карцінку з месца падзей. Я магу адмовіцца ад усяго, але я ніколі не адмоўлюся ад каментатарства.

— Ты неяк расказвала, што ў дзяцінстве, гледзячы спаборніцтвы, выпісвала ўсе вынікі. Табе хоць аднойчы гэтыя запісы спатрэбіліся?

— Я не толькі запісвала вынікі, а яшчэ і замалёўвала сцягі. Памятаю, калі пачалі перамагаць нарвежцы, у мяне была праблема, як намаляваць нарвежскі сцяг, ён жа такі складаны. Я ўсё запісвала таму, што ў мяне не было інтэрнэту і трэба было недзе захоўваць інфармацыю. Спачатку я карысталася запісамі. А цяпер уся інфармацыя ёсць у адкрытым доступе, і ў той жа сістэме Міжнароднага саюза біятланістаў можна за некалькі секунд усё знайсці. Усе свае сшыткі я захоўваю і ніколі не выкіну, як бы мама таго ні хацела. Для мяне гэта быў выдатны вопыт — я запамінала, аналізавала, рабіла высновы. І гэта была цудоўная крыніца інфармацыі. А сёння дастаткова ведаць, на якія сайты заходзіць і на якія акаўнты ў сацыяльных сетках падпісвацца. Хоць я па-старому штосьці пішу ад рукі, так лепш запамінаю і ведаю, дзе знаходзіцца патрэбная мне інфармацыя.

— Мара дзяцінства аб знаёмстве з кумірамі спраўдзілася дзякуючы рабоце?

— У дзяцінстве я не магла ўявіць, што некалі пазнаёмлюся з Уле-Эйнарам Бьёрндаленам. Мне не тое што пазнаёміцца, мне было дастаткова ўбачыць яго ўжывую. А аб тым, каб выпіць з ім кавы ці выйсці на адзін подыум на паказе калекцыі Дар'і Домрачавай, і гаворкі ісці не магло. У майго таты ёсць маё першае фота з Б'ёрндаленам — я там так усміхаюся, што, здаецца, у мяне зубоў больш, чым у акулы! З часам мае дзіцячыя мары трансфармаваліся, я магу спакойна размаўляць з усімі кумірамі дзяцінства, але гэта ўжо не выклікае вялікага хвалявання. Дзякуючы рабоце я бачыла Аляксандра Авечкіна, Ліанэля Мэсі і ўсіх з «Барселоны», маёй любімай футбольнай каманды. З пакуль нерэалізаваных мар — знаёмства з Майклам Фэлпсам, таму што я сама займалася плаваннем.

— Па тваіх словах, ты не пайшла вучыцца на факультэт журналістыкі, каб не ставіць творчасць на паток. Але ж журналістыка ў пэўнай ступені — творчасць на патоку. Ці не?

— Творчасць на патоку ў мяне ў «Агнявым рубяжы». Але я не пазіцыяную сябе як аўтара, вядучую праекта ці ўвогуле як яго кіраўніка. Перш за ўсё я каментатар, і ў гэтай дзейнасці немагчыма паставіць творчасць на паток, там пастаянна штосьці новае. У мяне часта пытаюцца: «Як ты так хутка гаворыш, ты чытаеш ці яно само ў галаве нараджаецца?» А яно сапраўды нараджаецца, само прыходзіць. У кожнага з каманды тэлеканала ёсць свае віды спорту, і кожны працуе з тым, што ведае і ў чым разбіраецца. У мяне гэта біятлон, хакей, плаванне, лёгкая атлетыка, веславанне, стральба з лука і «Дакар». А падчас вучобы на журфаку прыйшлося б працаваць з рознымі тэмамі, якія мне нецікавыя, а я хацела працаваць толькі са спортам. Я атрымала добрую адукацыю ва ўніверсітэце культуры і пайшла па сваім шляху.

— Раскажы, калі ласка, пра самы вялікі форс-мажор, з якім прыйшлося сутыкнуцца падчас прамога эфіру.

— Самы вялікі форс-мажор — гэта чорнае поле, калі знікае карцінка, з астатнім можна разабрацца. Памятаю, мы працавалі на Формуле Е. Каментатарскія кабінкі былі на трэцім паверсе, а тэхнічнае суправаджэнне, рэжысёр, гукарэжысёр былі на паверх вышэй, яны мяне, зразумела, не бачылі. Мой калега ў суседняй каментатарскай уключыў святло ці кандыцыянер і ва ўсіх трох каментатарскіх знікла электрычнасць. Наверсе ўсё добра, рэжысёр не разумее, чаму я маўчу, а ў мяне нічога не працуе. Я панікавала секунд дзесяць, а потым пазваніла, сказала, што ў мяне праблемы. Усё вельмі хутка аднавілі, але цішыня ў эфіры была хвіліны дзве. Гонка працягвалася, карцінка ішла, а каментарыя не было. Мне перыядычна сніцца, што я спазняюся на эфір, але такога ніколі не было наяве. Я ніколі не затрымлівалася ў ліфце, едучы на эфір, бо каментатары вельмі рэдка карыстаюцца ліфтам.

— А свой самы ўдалы эфір успомніш?

— Найлепшыя эфіры я правяла на Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане. А найбольш выдатны па эмацыянальным напаўненні быў «сярэбраны» эфір Дар'і Домрачавай у мас-старце. Добры быў эфір, калі нашы біятланісткі выйгралі эстафету. Алімпійскія эфіры з месца падзей нічога не перавысіць. І справа не толькі ў саміх эфірах, а ва ўсім, што навокал. Ніколі не забуду, як пасля перамогі нашых дзяўчат у эстафеце я, агорнутая нашым сцягам, уся ў слязах, ляцела праз трыбуну ў мікс-зону (зона на стадыёне для зносін журналістаў са спартсменамі. — «Зв.»), і мяне ўсе абдымалі і віншавалі. Гэта запомніла, а самі эфіры — не, прайшлі як у тумане. Цяпер у мяне ёсць мара папрацаваць на летніх Алімпійскіх гульнях, я сама ў мінулым плыўчыха, і, канешне, мне хочацца каменціраваць алімпійскае плаванне. У дзяцінстве я займалася плаваннем і марыла аб тым, што некалі буду выступаць на Алімпійскіх гульнях. Пэўным чынам гэта мара трансфармавалася, і калі яна ўвасобіцца, я зраблю сабе татуіроўку ў выглядзе алімпійскіх кольцаў як сімвал пройдзенага рубяжа.

— Будзем шчырыя, кожны спартыўны журналіст, як і кожны спартсмен, працуе дзеля Алімпійскіх гульняў. Што адчувала падчас сваёй першай Алімпіяды?

— Разуменне, што я на Алімпіядзе, прыйшло толькі ў Пхёнчхане. Я не верыла, што ўсё гэта адбываецца на самай справе. Тым больш я выпадкова даведалася, што еду на Алімпійскія гульні. Мяне дабавілі ў чат у «Вайберы», а папярэдзіць забылі. Ніколі не забуду, як я ўпершыню ўвайшла ў сваю каментатарскую, падчас праверкі рабочых месцаў, і ўбачыла алімпійскія кольцы над біятлонным стадыёнам. Гэта быў момант, да якога я ішла ўсё жыццё, дзеля чаго я працавала. Хтосьці з нашых калег працуе дзеля грошай, хтосьці — дзеля прэстыжу, а я — дзеля мары. Я адразу ўспомніла кастынг на Белтэлерадыёкампаніі ў 2013 годзе і зразумела, што недарэмна туды пайшла.

— Хто твой «каментатарскі трэнер», на каго ты раўняешся?

— Я заўсёды раўнялася на Уладзіміра Мікалаевіча Навіцкага, на яго нельга не раўняцца. Мне вельмі дапамог Саша Дзмітрыеў. Ён навучыў мяне рыхтавацца так, каб 70 працэнтаў загадзя падрыхтаванай інфармацыі не ўваходзіла ў эфір. І не таму, што я забылася, а таму, што часу не хапіла. Люблю слухаць эфіры Дзяніса Казанскага з «Матч-ТВ», Пашы Занозіна. Мне падабаецца работа Паўла Баранава, здаецца, ён можа каментаваць любы від спорту. Дзіма Герчыкаў захапляе сваёй эрудыцыяй. Ён вельмі гарманічна пераключаецца са спартыўнай часткі на іншыя тэмы, накшталт гісторыі стадыёна ці цікавых фактаў пра горад, дзе праходзіць турнір. Канешне, я гляджу эфіры Дзімы Губерніева. Мы з ім падобныя па сваёй эмацыянальнасці, мне імпануе яго свабодная падача. Хоць такіх эмоцый я сабе ў эфіры не дазваляю, не скачу, не б'ю рукамі па стале, толькі ламаю сашчэпкі і некалькі разоў кідала ручку. Мне падабаецца, як упэўнена Дзіма адчувае сябе ў эфіры. Гэта заўжды захапляе гледача.

— На тэлеканале «Беларусь 5» існуе практыка, калі разам з каментатарам у эфіры прысутнічае спецыяліст з віду спорту, па якім праводзіцца турнір. Як табе такі падыход да работы?

— Мы ўвялі такую практыку пасля Алімпійскіх гульняў 2016 года ў Рыа. Спецыялісты расказваюць такія тонкасці, якія каментатары проста не ведаюць — і гэта крута і цікава, але чалавеку трэба ўмець размаўляць і паводзіць сябе ў эфіры. Ёсць цікавыя, камунікабельныя людзі, але побач з экранамі, гарнітурай яны заціскаюцца, баяцца памыліцца, і ад гэтага пакутуе якасць. У нас шмат дзейных спартсменаў, з якіх маглі б атрымацца выдатныя каментатары. Але гэта пакуль немагчыма, бо людзі не могуць каментаваць спаборніцтвы, на якіх самі ж выступаюць. У ідэале каментатарамі пэўнага віду спорту павінны быць яго прадстаўнікі.

— Ганна, як пры такім насычаным графіку ты знаходзіш час на асабістае жыццё, на сябе?

— Я заўсёды стараюся знайсці час для сябе. У мяне традыцыя — кожны тыдзень я езджу ў лазню. Я не адпачываю седзячы дома, не гляджу серыялы. Наконт асабістага... Даўно стала зразумела, што побач са мной будзе толькі той чалавек, які зможа прыняць мой парадак жыцця. Спачатку было складана, бо людзям цяжка зразумець, як можна працаваць цэлыя выхадныя, а для мяне гэта норма. Прыходзіцца шукаць кампрамісы, дамаўляцца. Вельмі аблягчае жыццё аўтамабіль, значна эканоміць час. Я жыву ў фармаце дом—работа—трэніроўка—госці—дом і атрымліваю ад гэтага задавальненне. Ёсць жаданне — ёсць магчымасць усё паспець. Хоць, канешне, прыходзіцца ахвяраваць сном. Я майстар спорту міжнароднага класа па недасыпанні, раблю гэта вельмі прафесійна.

— Табе знаёма адчуванне эмацыянальнага выгарання?

— Былі такія моманты, але яны нядоўга працягваліся. Мне дапамагае фізічная нагрузка. Я магу ў 10 гадзін вечара паехаць на трэніроўку. Я вельмі люблю бегаць, удзельнічаю ва ўсіх бегавых мерапрыемствах. Магчыма, гэта звязана з тым, што ў свой час я не спаборнічала ўдосталь. Спорт — мая панацэя ад усяго. Я нікому нічога не даказваю. Я не працую ў спорце, я ім жыву, і гэта мне прыносіць задавальненне. Кожны дзень я іду не на работу, а займацца сваёй любімай справай.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Спорт

Галоўны ўрач беларускай алімпійскай зборнай: Мы забяспечым вырашэнне любой праблемы

Галоўны ўрач беларускай алімпійскай зборнай: Мы забяспечым вырашэнне любой праблемы

Алімпійскія гульні ў Токіа стануць выпрабаваннем не толькі для спартсменаў, але і для медыцынскага персаналу. 

Культура

Маршал Сакалоўскі: хто казаў, што ўсе штабныя — баязліўцы?!

Маршал Сакалоўскі: хто казаў, што ўсе штабныя — баязліўцы?!

...4 кастрычніка 1941 года рэзідэнт савецкай разведкі ў Японіі Рыхард Зорге адправіў у Маскву сваю апошнюю радыёграму.

Палітыка

Малатком па міне: куды рушыць Літва?

Малатком па міне: куды рушыць Літва?

Нелегалы адмовіліся выконваць патрабаванні супрацоўнікаў Службы грамадскай бяспекі.

Эканоміка

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 4 млн квадратных метраў агульнай плошчы жылля.