Вы тут

Якія віды раку выяўляе скрынінг


У Беларусі плануецца ўвядзенне яшчэ дзвюх праграм скрынінгу раку — страўніка і лёгкага. Навуковыя даследаванні па праграме раку страўніка завершаны, і пасля зніжэння захваральнасці на COVІD-19 яна будзе больш шырока выкарыстоўвацца ў нашай краіне. Навуковыя даследаванні па скрынінгу раку лёгкага пакуль яшчэ працягваюцца, але калі яны пакажуць сваю эфектыўнасць, праграму будуць прымяняць для курыльшчыкаў «са стажам». Нагадаем, што ў нашай краіне выконваюцца скрынінгавыя абследаванні (абследаванні людзей, якія не маюць скаргаў і лічаць сябе здаровымі) на рак малочнай залозы, прастаты, шыйкі маткі і коларэктальны рак. Калі планавая дапамога ў краіне будзе адноўлена, гэтыя праграмы зноў пачнуць дзейнічаць.

Хто ў групах рызыкі па самых распаўсюджаных у нас лакалізацыях раку? Як яго выявіць на ранняй стадыі? Напярэдадні Сусветнага дня барацьбы з ракавымі захворваннямі, які будзе 4 лютага, пра скрынінгавыя праграмы і іх вынікі мы паразмаўлялі з намеснікам дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, доктарам медыцынскіх навук, прафесарам, членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Сяргеем Красным.


— Дзякуючы праграмам скрынінгу частата выяўлення нулявой і першай стадыі раку павялічылася ў 2-6 разоў. Мы параўноўвалі сярэднія лічбы ў папуляцыі пры звычайным стане спраў з вынікамі пілотнага праекту скрынінгу ў тым ці іншым раёне. У цяперашні час вельмі праблематычнае пашырэнне гэтых праграм, бо ў сувязі з COVІD-19 лячэбная сетка працуе з перагрузкай. Вясной, калі чакаецца зніжэнне захваральнасці на каранавірусную інфекцыю, яны адновяцца. Было закуплена шмат дыягнастычнага абсталявання пад COVІD-19, і яно можа выкарыстоўвацца для скрынінгу раку лёгкага (камп'ютарныя тамографы) і ПЛР-дыягностыкі раку шыйкі маткі. Мы будзем актыўна гэта выкарыстоўваць і, мяркую, атрымаем добрыя вынікі.

— Нашы анколагі распрацоўваюць і праводзяць навуковыя выпрабаванні ўласных скрынінгавых праграм. Чаму нам не падыходзяць праграмы іншых краін?

— Часам сапраўды ўзнікае жаданне ўзяць чужую скрынінгавую праграму і прымяніць, але так не атрымліваецца. У розных краінах людзі моцна адрозніваюцца, таксама розняцца і сістэмы аховы здароўя. Падчас навуковага даследавання скрынінгавай праграмы вывучаецца не толькі яе эфектыўнасць, але і выканальнасць — ці можна яе прымяніць да ўсёй папуляцыі. Таксама важны кошт — ці па сілах ён нашаму бюджэту, бо цана некаторых даследаванняў дастаткова высокая, напрыклад той жа камп'ютарнай тамаграфіі. І калі мы паспрабуем уцягнуць усё насельніцтва, мы проста не пацягнем, і ў гэтым няма вялікага сэнсу. Таму і выбіраюцца групы рызыкі.

Акрамя таго, розныя пухліны развіваюцца ў людзей у розных частках свету зусім па-рознаму. Рак страўніка ў Японіі ці Паўднёвай Карэі і ў ЗША адрозніваецца карэнным чынам. І яго скрынінг у Японіі аказаўся эфектыўны, а ў ЗША — цалкам наадварот. А Беларусь дзесьці пасярэдзіне. Таму мы спачатку павінны правесці пілотны праект — менавіта каб паглядзець вынік, — і толькі пасля гэтага рэкамендаваць пашырэнне праграмы на рэгіёны. І гэта павінна рабіцца паступова, звычайна працэс яе распаўсюджвання на ўсю краіну расцягваецца на 10-15 гадоў.

— Апошняй укаранялася скрынінгавая праграма па коларэктальным раку. Якія яе вынікі? Ці ахвотна пацыенты пагаджаюцца праходзіць каланаскапію?

— Мы сапраўды перажывалі, што людзі будуць адмаўляцца. Як паказала практыка, аказалася наадварот. Удзельнікі дзяліліся адзін з адным інфармацыяй, і нават сфарміравалася пэўная чарга на даследаванне. І быў атрыманы ўнікальны вынік. Частата выяўлення раку тоўстай кішкі ў групе скрынінгу аказалася ў шэсць разоў большая, чым у сярэднім у папуляцыі. Папросту кажучы, на аднаго выяўленага пацыента ў звычайных умовах, а гэта, як правіла, здараецца, калі ўжо з'яўляюцца слабасць, крывацёк, кішэчная непраходнасць, а значыць, захворванне запушчана, ёсць яшчэ пяць бессімптомных. І яны не будуць выяўлены, пакуль не з'явяцца сімптомы. Такі чалавек, умоўна кажучы, ходзіць са злаякаснай пухлінай, пакуль яна з нулявой ці першай стадыі не пяройдзе ў трэцюю-чацвёртую.

Другі вынік — прыкладна 80 % пухлін выяўлялася ў нулявой і першай стадыі і вылечвалася эндаскапічнымі метадамі. У 20 % выпадкаў была трэцяя ці чацвёртая стадыя, прыходзілася рабіць вялікія аперацыі. Насамрэч па краіне гэтая лічба нашмат больш сціплая: прыкладна каля 40 % выпадкаў коларэктальнага раку выяўляецца ў 1-2-й стадыях. Пра нулявую стадыю ўвогуле казаць не выпадае — гэта рэдкасць і выпадковае выяўленне.

Але скрынінг раку тоўстай кішкі — гэта яшчэ і прафілактыка. Асноўная яго задача — выяўленне не раку, а паліпаў, з якіх у будучым можа вырасці злаякасная пухліна. І паліпы былі выяўлены ў кожнага другога. Але не ўсе паліпы небяспечныя: толькі ў 9 % пацыентаў, якім зрабілі каланаскапію, былі выяўлены паліпы, з якіх патэнцыяльна магла б вырасці злаякасная пухліна. Інакш кажучы, у кожнага 11-га, каму зрабілі каланаскапію, было папярэджана развіццё раку тоўстай кішкі. Гэта ўнікальны вынік. Мы выдалілі паліп, і чалавек можа спакойна жыць, праз пяць гадоў яму варта паўтарыць гэтае абследаванне і выдаліць паліпы, калі яны ўзніклі зноў.

Была зроблена выснова, што праграма эфектыўная для нас. Трэба выканаць 200 каланаскапій, каб выявіць адзін выпадак раку, і 11, каб папярэдзіць адзін выпадак раку. Гэта невялікія лічбы для нашай краіны, таму прынята рашэнне распаўсюджваць гэту праграму на рэгіёны. Апошняе будзе рабіцца паступова, бо патрабуюцца абсталяванне, спецыялісты, спецыяльныя ўмовы.

— Хто ў групе рызыкі па коларэктальным раку?

— Падчас навуковых даследаванняў у скрынінгавай праграме былі людзі ад 45 да 70 гадоў. Аказалася, што ва ўзросце ад 45 да 50 гадоў мы не выявілі ні аднаго выпадку раку. Але частата выяўлення небяспечных паліпаў у іх была такая ж, як і ў старэйшым узросце. Інакш кажучы, праз 10—15 гадоў у іх з'явіліся б злаякасныя пухліны. Таму, канешне, пачынаць скрынінг рэкамендуецца з 45 гадоў. На жаль, гэта не атрымаецца адразу, пакуль што ўзрост скрынінгавай групы — ад 50 да 70 гадоў.

— Хто ўваходзіць у групы рызыкі па раку прастаты і малочнай залозы? Раскажыце, як працавалі гэтыя скрынінгавыя праграмы.

— У скрынінгавай групе па раку прастаты — мужчыны ад 50 да 65. Іх правяралі на ПСА (прастатычны спецыфічны антыген), гэта спецыфічны анкамаркер, вызначэнне якога праводзіцца ў сываратцы крыві. У старэйшым узросце, калі няма ніякіх скаргаў, няма сэнсу яго рабіць. Бо рак прастаты — гэта пухліна, якая павольна прагрэсуе, патрэбны нават не гады, а дзесяцігоддзі, каб яна прывяла да вялікіх праблем. Адпаведна, калі ўсё было добра да 65 гадоў, пацыент выключаецца з праграмы.

Скрынінг раку прастаты працаваў па ўсёй краіне. У праграму былі ўцягнуты 280 тысяч мужчын, гэта істотная лічба. І адразу быў атрыманы вынік у маштабах краіны — упершыню за ўсю гісторыю назіранняў было адзначана зніжэнне смяротнасці ад раку прастаты. Калі да 2011 года смяротнасць расла па 10 % кожны год, то з 2012 года пачала зніжацца — мінус 2 % штогод. На працягу 2020-га скрынінг быў практычна спынены. Спадзяёмся, што будучым летам ён будзе адноўлены, і так хутка адмоўных наступстваў мы не адчуем. А вось калі і далей будуць праблемы са скрынінгам, сапраўды можам зноў атрымаць рост смяротнасці ад раку прастаты.

Таксама да пандэміі працавала скрынінгавая праграма па раку малочнай залозы. Для жанчын ва ўзроставай групе ад 50 да 70 гадоў праводзілася мамаграфія. У больш маладым узросце гэта даследаванне малаінфарматыўнае і не мае сэнсу. Тут трэба выкарыстоўваць ультрагукавую дыягностыку (УГД). УГД-скрынінг не паказаў такой эфектыўнасці. Некаторыя краіны імкнуліся яго праводзіць, але значных вынікаў не атрымалі. УГД малочных залоз варта рабіць, калі жанчыну нешта непакоіць, ці па ўласнай ініцыятыве, але такой дзяржаўнай праграмы няма. У старэйшым узросце таксама няма сэнсу рабіць мамаграфію, бо калі жанчына рэгулярна праходзіла скрынінг у больш маладым узросце, пасля 70 гадоў рызыка развіцця раку ў яе вельмі нізкая. А нават калі і з'явіцца злаякасная пухліна, яна не паспее прывесці да якіх-небудзь наступстваў да 100-гадовага ўзросту.

Ва ўсёй краіне ў нас закуплена дастатковая колькасць мамографаў, яны лічбавыя, беларускай вытворчасці, вельмі якасныя па выяве. І гэта добра, што ёсць беларускае абсталяванне, бо забяспечыць медустановы такой колькасцю імпартных апаратаў было б праблематычна. Такія скрынінгавыя праграмы наладжаны, мяркуецца цалкам іх аднавіць пасля заканчэння пандэміі.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Навошта нам абследавацца?

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.