Вы тут

Як ператварыць задзірванелы ўчастак ва ўзорны агарод


Зямля, якая не апрацоўваецца на працягу некалькіх гадоў, паступова прымае натуральны выгляд, то бок становіцца падобная хутчэй на дзікі луг, дзе прабіваюцца кусты, чым на месца для адпачынку і сельскай гаспадаркі. Калі ж і вы сталі ўладальнікам зарослага ўчастка і не ведаеце, за што хапацца і як дамагчыся жаданага выніку, выберыце сабе адзін з правераных спосабаў.


Заворванне і выраўноўванне мотакультыватарам

Калі ў вас ёсць мотакультыватар, міні-трактар або магчымасць узяць гэтую тэхніку ў арэнду на некалькі дзён, частку праблемы можна вырашыць даволі хутка. Зрэшты, ад ручной працы гэта ўсё роўна не ўратуе, але хоць бы паменшыць нагрузку на спіну. Перш чым прыступаць да апрацоўкі, трэба прыбраць з тэрыторыі ўсё смецце, якое можа трапіць пад лопасці культыватара.

Не спяшайцеся адразу пераворваць увесь участак, рабіце гэта паэтапна. Перш-наперш апрацуйце некалькі «квадратаў», разбіце камякі, выберыце і вывезіце дзёран і карані, разраўнуйце граблямі грунт, і толькі затым пераходзьце на наступны ўчастак. У працэсе вам, хутчэй за ўсё, будуць трапляцца глебавыя шкоднікі, таму пажадана трымаць пад рукамі ёмістасць з газай, машынным маслам або іншай тэхнічнай вадкасцю для іх збору.

Ужыванне нятканых покрыўных матэрыялаў

Калі вам трэба вызваліць невялікі кавалак зямлі і ў запасе ёсць хоць бы сезон, можна скарыстацца покрыўнымі матэрыяламі. Прасцей і найбольш эфектыўна выкарыстоўваць для гэтага чорныя покрыўныя матэрыялы — іх раскладваюць на ўчастку вясной, выбіраючы максімальна шчыльныя. За лета пад геатэкстылем пустазелле загіне, і ў канцы сезона можна будзе пераараць зямлю і ўнесці ўгнаенні, каб вясной пачаць апрацоўку. Зразумела, насенне пустазелля за год нікуды не падзенецца і працягне ўсходзіць, аднак яго будзе значна менш.

Замяніць геатэкстыль можна любым шчыльным біяраскладальным матэрыялам, напрыклад, гафрыраваным кардонам. Калі хочацца пасадзіць першую гародніну і ягады ўжо ў гэтым годзе, то непасрэдна на пласт кардону ўстанаўліваецца каркас, засыпаецца ўрадлівым грунтам, а затым у атрыманыя грады высаджваецца зяленіва, гародніна, клубніцы і г. д.

За пару гадоў кардон раскладзецца без следу. А вось покрыўны матэрыял для такога не падыдзе, яго давядзецца вымаць восенню.

Апрацоўка гербіцыдамі

Для тых, хто не баіцца «хіміі» і гатовы прапусціць адзін пасадачны сезон, разумным рашэннем можа стаць прымяненне гербіцыдаў. Яго сутнасць заключаецца ў метадычнай апрацоўцы ўчастка прэпаратам, які забівае ўсе расліны. Апырскваюць гербіцыдамі іх наземную частку, аднак гінуць і карані. Памятайце, што пасля аднаразовай апрацоўкі дамагчыся 100 % выніку не атрымаецца, паколькі ў глебе захаваюцца насенне і невялікія карэньчыкі, якія яшчэ не паспелі прарасці, а значыць, праз некаторы час (пасля з'яўлення новых усходаў) спатрэбіцца паўторная апрацоўка ўчастка.

Выкарыстоўваць зямлю пад пасадку адразу пасля апырсквання нельга, трэба перачакаць час паводле інструкцыі. Як правіла, гэта 1-1,5 месяца, але ёсць прэпараты, пасля якіх нельга саджаць нічога цэлае лета. Пасля таго як пустазелле загіне, застанецца з дапамогай рыдлёўкі і грабель зняць яго і вывезці з участка альбо пераараць грунт разам з дзёрнам. Прэпараты хутка раскладаюцца ў глебе, таму хвалявацца пра тое, што трава засталася на ўчастку, не варта.

Ручное перакопванне з выманнем каранёў

Самым працаёмкім, аднак найбольш дзейсным спосабам можна лічыць ручны. Як і ва ўсіх астатніх выпадках, спачатку ўчастак трэба будзе вызваліць ад смецця. Буйное пустазелле трэба будзе папярэдне падрэзаць матыкай або скасіць. Толькі пасля гэтага можна прыступаць да выдалення дзёрну, які варта здымаць на 5-7 см, старанна выбіраючы карані і разраўноўваючы граблямі зямлю, якая адкрылася. Куды ж падзець такую колькасць дзёрну? Яго можна кампаставаць, апрацаваўшы па інструкцыі ЭМ-прэпаратамі.

Пасля таго як быў зняты дзірван, можна прыступаць да выдалення лішніх кустоў, дрэў і пнёў. Сам разраўнаваны грунт пажадана падкарміць комплекснымі мінеральнымі ўгнаеннямі, а затым на час пакінуць адпачыць. Варта назіраць за зямлёй і не даваць ёй зноў зарастаць пустазеллем.

Пасеў сідэратаў

Самым доўгім, хоць і таксама вельмі эфектыўным спосабам пазбаўлення ад пустазелля з'яўляецца пасеў сідэратаў. Для таго каб яны занялі ваш участак і зжылі з яго ўсе непатрэбныя расліны, трэба пераараць глебу вясной і адразу ж густа засеяць сумессю сідэратаў. Як толькі яны паднімуцца, давядзецца яшчэ раз усё заараць і зноў засеяць. Паўтарыць гэтую працэдуру трэба тройчы за лета.

Сідэраты вельмі жывучыя, і акрамя таго што гэта выдатнае зялёнае ўгнаенне, яны таксама здольныя выцесніць любога расліннага агрэсара, хоць на вельмі зарослых участках могуць спатрэбіцца і два сезоны для атрымання максімальнага эфекту.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Які хлеб любяць у Беларусі?

Які хлеб любяць у Беларусі?

У савецкія часы гандаль прапаноўваў пакупніку абмежаваны асартымент хлебабулачных вырабаў. У 1980-я нават у буйных крамах было ўсяго 3-4 найменні хлеба.

Грамадства

Дыхаць на поўныя грудзі. Міфы і праўда аб мамапластыцы

Дыхаць на поўныя грудзі. Міфы і праўда аб мамапластыцы

Прадстаўніцам прыгожага полу заўсёды хочацца нешта змяніць у сваёй знешнасці. І часам жанчыны рашаюцца на кардынальныя крокі.

Культура

Арганізатар імпрэз Дзіяна Краснашапка: Сёння людзі знаходзяцца ў сваіх коканах, але ж для таго і існуюць танцы ды спевы, каб здымаць стрэс, негатыў

Арганізатар імпрэз Дзіяна Краснашапка: Сёння людзі знаходзяцца ў сваіх коканах, але ж для таго і існуюць танцы ды спевы, каб здымаць стрэс, негатыў

Яна ўпэўнена сябе адчувае і ў нацыянальным строі, калі робіць цеста для вясельнага каравая, і ў блакітным футры Снягуркі, калі праводзіць ранішнік для дзетак, і ў шыкоўнай сукенцы пэўнай эпохі, калі выконвае аўтэнтычныя беларускія спевы пад гукі старажытных музычных інструментаў.

Грамадства

Паразуменне падчас капрамонту: праз штрафы ці дамаўленне?

Паразуменне падчас капрамонту: праз штрафы ці дамаўленне?

Культура выканання работ падчас капрамонту ў Беларусі кульгае, а тэхналогія — парушаецца, сведчаць спецыялісты Дзяржбуднагляда.