Вы тут

Дэлегат сходу: Нам неабходна адысці ад «даганяючай» мадэлі развіцця


Дырэктар тэхнапарка — пра магчымасці навукова-тэхнічнага і інавацыйнага развіцця ў буйных гарадах і глыбінцы

Дзмітрый МАКАРУК узначальвае закрытае акцыянернае таварыства «Брэсцкі навукова-тэхналагічны парк». Дзмітрый Георгіевіч падзяліўся сваім бачаннем развіцця гэтага сектара эканомікі.


— Сучасныя высокатэхналагічныя і індустрыяльныя зоны ў асноўным арыентаваныя на прадукцыйную мадэль, распрацоўку ўласнага высокатэхналагічнага прадукту. Калі звярнуцца да вопыту кітайскіх індустрыяльных і асабліва інавацыйных зон, якія цяпер актыўна развіваюцца і становяцца сусветнымі лідарамі, то важна адзначыць, што пры іх стварэнні ўпор рабіўся на ІТ, але затым акцэнт змясціўся на інавацыйныя галіны. Гэта найперш сістэма апрацоўкі даных і прагназаванне на падставе штучнага інтэлекту; разумныя прадпрыемствы з выкарыстаннем інтэрнэту рэчаў на аснове 5G — так званыя разумныя вытворчасці; новыя матэрыялы, робататэхніка і 3D-тэхналогіі; інтэрактыўны дызайн з выкарыстаннем тэхналогій дапоўненай і віртуальнай рэальнасці; квантавыя вылічэнні і іншае.

Ва ўказаных кірунках выкарыстанне ІТ мае прыкладны характар і не фарміруе такой дабаўленай вартасці, як 10—15 гадоў таму пры фарміраванні інтэрнэт-індустрыі. Мы ж спрабуем паўтарыць тое, што было актуальна раней. Нам неабходна адысці ад «даганяючай» мадэлі развіцця. Тым больш што інтэлектуальны рэсурс для гэтага маецца. Трэба выбіраць ключавыя магістральныя кірункі і рабіць акцэнт на іх. ІТ у гэтым адыгрывае вялізную ролю, але на гэтай базе трэба ствараць новыя прадукты і сэрвісы. Асабліва калі ўлічыць, што паспяховыя прыклады такіх рашэнняў у нас ёсць. Гэта ўкараненне лічбавых двайнікоў вытворчасцяў і робататэхнікі на такіх гігантах, як «Савушкін прадукт», «Санта Брэмар», «Пінскдрэў». У медыцыне рэгіёна ёсць прыклады стварэння сістэм кіравання ўстановамі аховы здароўя, базамі даных у службах пералівання крыві, праграма бяспекі медыкаў у «брудных» зонах ва ўмовах ковіду. Можна яшчэ назваць «разумнае» дыспетчараванне сістэмамі цепла- і энергазабеспячэння, аўтаматызаваны разлік паслуг ЖКГ і шмат іншага.

Аналіз магчымасцяў і інтэлектуальных рэсурсаў для Брэсцкай вобласці быў праведзены яшчэ ў 2018 годзе, тады быў распрацаваны праект «Зона інавацыйнага развіцця «Smart Brest» на аснове кластарнага фарміравання прадпрыемстваў і ўстаноў рэгіёна. Праект накіраваны на фарміраванне інавацыйнага цэнтра рэгіёна, заснаванага на разумных тэхналогіях. Кірункамі праекта вызначаны інтэлектуальнае праектаванне, 3D-друк, тэхналогіі дапоўненай і віртуальнай рэальнасці, а таксама робататэхніка, тэхналогіі штучнага інтэлекту, машыннага навучання і ўкараненне ў вытворчасць воблачных тэхналогій, цэнтр апрацоўкі вялікіх масіваў даных (Bіg Data) і забеспячэнне бяспекі захоўвання даных у «воблаку».

Для паскарэння рэалізацыі такіх праектаў трэба найперш павысіць ролю як сярэдняй, так і вышэйшай адукацыі. Ключавым фактарам павінна стаць скарачэнне разрыву паміж ведамі, атрыманымі ў навучальных установах, і патрэбамі прадпрыемстваў. У сістэме адукацыі важна ўкараняць падыходы праектнай і каманднай работы, методыкі, пабудаваныя на выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій. Напрыклад, базавыя праграмы па мовах праграмавання ў сярэдняй школе практычна не мяняліся за апошнія дзесяцігоддзі. Ды і пасля вышэйшай школы выпускнікі ў большасці выпадкаў давучваюцца на прадпрыемствах.

Фундаментам жа навукова-тэхнічнага і інавацыйнага развіцця могуць быць толькі ВНУ і навуковыя інстытуты. Для гэтага прапануецца ўкараніць у сістэму беларускага заканадаўства навацыю ў выглядзе арганізацыйна-прававой формы «спін-оф» (spіn-off). Гэта патрэбна для навуковых і навучальных устаноў, бо там няма спрошчанай формы стварэння прадпрыемстваў. Таму і адбываецца адток самых перспектыўных кадраў у камерцыйныя структуры.

Другім важным элементам навукова-практычнага развіцця павінна стаць фарміраванне такой крыніцы фінансавання, як венчурны капітал. І тут асаблівая роля адводзіцца прыватнаму капіталу, для якога трэба стварыць адпаведныя стымулы, каб ён заставаўся і прымнажаўся ўнутры краіны. Венчурны капітал дасць рызыкоўным праектам права на памылку, што жыццёва важна пры ўкараненні новых тэхналогій.

Рэалізацыя выкладзеных прапаноў накіравана на стварэнне «разумных гарадоў», у якіх усе мы хочам жыць і працаваць. Гаворка цяпер ідзе не толькі пра развіццё буйных абласных і раённых цэнтраў. Маюцца на ўвазе таксама малыя гарады, асабліва тыя з іх, дзе ёсць плошчы і магутнасці, якія не выкарыстоўваюцца. Усё гэта можна перадаць у інавацыйныя зоны альбо існуючыя тэхнапаркі і стварыць цэнтры росту з улікам наяўных рэсурсаў і патэнцыялу. Варта адзначыць, што гэта работа не аднаго дня альбо года, але яе трэба пачынаць, інакш мы зноў рызыкуем спазніцца. Менавіта названыя праекты дазволяць утрымаць чалавека ў глыбінцы, папярэдзіць адток людзей у сталіцу, а то і наогул за мяжу.

Запісала Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Інтэлектуальнае праектаванне, робататэхніка, воблачныя тэхналогіі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.