Вы тут

Кампенсацыйныя меры будуць прынятыя для недапушчэння росту цэн на лекі


Неабходнасць прыняцця кампенсацыйных мер у сувязі з увядзеннем падатку на дабаўленую вартасць (ПДВ) з прычыны адмены падатковых ільгот і павелічэння ставак падатку на лекавыя сродкі разгледзелі ўчора на нарадзе ў Міністэрстве аховы здароўя з прадстаўнікамі Асацыяцыі міжнародных фармацэўтычных вытворцаў, айчыннымі вытворцамі лекавых сродкаў, прадстаўнікамі аптовых і рознічных фармацэўтычных кампаній. Вырашаць дадзеную праблему прапанавана сумеснымі намаганнямі, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.


Нагадаем, што ў сувязі са змяненнямі ў Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь з 1 студзеня 2021 г. адбылася змена ўсталяванага заканадаўствам парадку збірання ПДВ па лекавых сродках і медыцынскіх вырабах, раней вызваленых ад названага падатку, а менавіта пры рэалізацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь такіх тавараў, пры іх увозе на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь ўведзена стаўка ПДВ у памеры 10 %.

Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч падзякаваў удзельнікам за работу ва ўмовах распаўсюджвання COVІD-19. Паводле яго слоў, усе аператыўна зрэагавалі на патрэбы сістэмы аховы здароўя па пастаўках прэпаратаў, неабходнасць у якіх павялічылася ў сувязі з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі. Ён адзначыў, што цяпер крайне запатрабаваная работа ўстойлівага, збалансаванага рынку лекавых сродкаў. Дарэчы, па выніках мінулага года назіраўся рост аб'ёму рынку ў натуральным і грашовым выражэнні.

— Мы ахапілі шырокі спектр хвароб, якія можна лячыць з дапамогай новых лекавых прэпаратаў, пашырылі клінічныя пратаколы, рэспубліканскі фармуляр, пералік асноўных лекавых сродкаў. Часова дазволены інтэрнэт-гандаль па асобным спісе лекавых прэпаратаў, — сказаў Дзмітрый Піневіч.

Пры гэтым быў агучаны шэраг праблем, у тым ліку скарачэнне пераліку зарэгістраваных лекавых сродкаў, што ўплывае на Рэспубліканскі фармуляр і Пералік асноўных лекавых сродкаў. Прадстаўнікі кампаній адзначылі складанасць рэгістравання ў гэтых спісах. Сярод праблем — і кошт лекавых прэпаратаў, які часта перавышае цану ў рэферэнтных краінах, у прыватнасці ў Расійскай Федэрацыі. Усё гэта прыводзіць да імпарту лекавых прэпаратаў з суседніх краін.

Была разгледжана і неабходнасць прыняцця кампенсацыйных мер у сувязі з увядзеннем ПДВ у мэтах выканання аднаго з параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021 год — індэкса спажывецкіх цэн на сацыяльна значныя тавары не больш за 104,9. Вырашаць гэту праблему неабходна сумеснымі намаганнямі. Вытворцам прапанавана знізіць адпускныя цэны на 2 %. Пры фарміраванні аптовых і рознічных цэн знізіць памер надбавак, якія прымяняюцца, на 2 % на ўзроўні аптовага звяна і на 5-6 % — на ўзроўні рознічнай сеткі.

Міністр адзначыў, што колькасць аптэк няўхільна расце, што сведчыць пра дастатковую маржынальнасць дадзенай сферы дзейнасці. Таксама звярнулі ўвагу на тое, што нават з нулявой стаўкай прэпараты ў Беларусі былі даражэйшыя, чым у краінах, якія прымяняюць ПДВ у 10 % і нават у 20 %. У сукупнасці гэтыя факты сведчаць аб неабходнасці павышэння празрыстасці фарміравання цэн на лекавыя сродкі, а магчыма, і перагляду заканадаўства ў дадзенай сферы.

Была адзначана і задача павышэння празрыстасці працэдур дзяржаўных закупак, працэдур уключэння прэпаратаў у Рэспубліканскі фармуляр і Пералік асноўных лекавых сродкаў.

Са свайго боку, Міністэрства аховы здароўя будзе праводзіць работу па ўдасканаленні заканадаўства, ёсць зацікаўленасць у дыялогу з прадстаўнікамі фармбізнесу, гатоўнасць разглядаць любыя прапановы.

Адзначаны і станоўчы эфект укаранення новых працэдур рэгістрацыі лекавых прэпаратаў: спрошчанай (за паўгода па дадзенай працэдуры зарэгістравана больш за 20 прэпаратаў, у асноўным арыгінальных) і ўмоўнай (так зарэгістравана расійская вакцына ад каранавіруснай інфекцыі).

Распрацоўваецца пакет нарматыўных прававых актаў у сферы закупак лекавых прэпаратаў, якім плануецца пашырыць магчымасці па іх закупцы. Гэта заключэнне 2-3-гадовых кантрактаў, прымяненне гібкіх цэнавых мадэляў, праграм раздзялення рызык, закупкі лекавых сродкаў міжнародных спецыялізаваных арганізацый.

Таксама плануецца прадумаць магчымасць дазволу інтэрнэт-гандлю на пастаяннай аснове, прааналізаваць работу пашыранага пераліку лекавых прэпаратаў, якія адпускаюцца без рэцэпта ўрача.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: kazinform.kz

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Які хлеб любяць у Беларусі?

Які хлеб любяць у Беларусі?

У савецкія часы гандаль прапаноўваў пакупніку абмежаваны асартымент хлебабулачных вырабаў. У 1980-я нават у буйных крамах было ўсяго 3-4 найменні хлеба.

Грамадства

Дыхаць на поўныя грудзі. Міфы і праўда аб мамапластыцы

Дыхаць на поўныя грудзі. Міфы і праўда аб мамапластыцы

Прадстаўніцам прыгожага полу заўсёды хочацца нешта змяніць у сваёй знешнасці. І часам жанчыны рашаюцца на кардынальныя крокі.

Культура

Арганізатар імпрэз Дзіяна Краснашапка: Сёння людзі знаходзяцца ў сваіх коканах, але ж для таго і існуюць танцы ды спевы, каб здымаць стрэс, негатыў

Арганізатар імпрэз Дзіяна Краснашапка: Сёння людзі знаходзяцца ў сваіх коканах, але ж для таго і існуюць танцы ды спевы, каб здымаць стрэс, негатыў

Яна ўпэўнена сябе адчувае і ў нацыянальным строі, калі робіць цеста для вясельнага каравая, і ў блакітным футры Снягуркі, калі праводзіць ранішнік для дзетак, і ў шыкоўнай сукенцы пэўнай эпохі, калі выконвае аўтэнтычныя беларускія спевы пад гукі старажытных музычных інструментаў.

Грамадства

Паразуменне падчас капрамонту: праз штрафы ці дамаўленне?

Паразуменне падчас капрамонту: праз штрафы ці дамаўленне?

Культура выканання работ падчас капрамонту ў Беларусі кульгае, а тэхналогія — парушаецца, сведчаць спецыялісты Дзяржбуднагляда.