Вы тут

Выйшаў новы раман Уладзіміра Саламахі «Калі ўпадзе адзін...»


Вайна і дабрыня. Якія гэта розныя, несумяшчальныя паняцці. Але ў мінулай вайне мы перамаглі, бо, нягледзячы на ўсе невымерныя цяжкасці і страшныя выпрабаванні, дабрыні на нашай зямлі было значна больш. А гэта такая моцная сіла, якую не адолее, не скорыць нават самы люты вораг. Дабрыня яднала людзей, загартоўвала волю, вяла да чаканай Перамогі.


Раман лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Саламахі «Калі ўпадзе адзін...», які выйшаў нядаўна ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» (Мінск, 2020), прадстаўляе новы, нетрадыцыйны для беларускай літаратуры погляд на вайну і чалавека на ёй. Аўтар глыбока перакананы ў «святой неабходнасці чалавека быць памяркоўным, літасцівым, добрым і ў любых, нават самых страшных сітуацыях жыць у згодзе з усім астатнім светам».

Дзея рамана разгортваецца ў спаленай карнікамі вёсцы Гуда летам 1943 года. З першых яго старонак аўтар звяртаецца да ўжо вядомай у літаратуры тэмы трагедыі беларускіх вёсак. Як не прыгадаць тут «Хатынскую аповесць» Алеся Адамовіча? Гучаць у творы і матывы са знакамітай «Палескай хронікі» Івана Мележа, звязаныя з асаблівасцямі няпростага жыцця палешукоў, падпарадкаваных капрызам прыроды. Адчуваецца і філасофскі псіхалагізм, блізкі да прозы Васіля Быкава.

Аднак Уладзімір Саламаха з уласцівымі толькі яму творчымі почыркам і стылем па-свойму асэнсоўвае жыццё і выпрабаванні, якія даюцца чалавеку, дзе «і пакуты, і радасць ідуць абняўшыся...» Вайна, як вядома, асабліва праяўляе чалавечае нутро, выяўляе, што «не кожны з людзей чалавек па сваёй сутнасці».

Галоўныя героі рамана — бацька і сын Кучынскія. З вёскі старыя бацькі правялі сваіх сыноў на фронт, а самі, чым маглі, сталі дапамагаць партызанам. Кожны з гуднянцаў памятаў словы, сказаныя старым Яўхімам у дарогу двум сынам: «Без перамогі ходу дамоў няма». І кожны сумленна ішоў праз выпрабаванні пакручастага лёсу абаронцаў Айчыны, дастойна выконваў свой сыноўні абавязак.

Сярод тых, хто пайшоў ваяваць, быў і Стас Кучынскі. Але неўзабаве ён вярнуўся дамоў, «знюхаўся з немцамі» і стаў пярэваратнем-паліцаем. Спрабаваў наводзіць у вёсцы свае парадкі, удзельнічаў у яе знішчэнні, яшчэ і пасля нарабіў шмат бяды. Пакаранне, якое чакала здрадніка, вядомае: па ўсёй строгасці закона.

А як жыць бацьку, які ніколі нікому не ўчыніў зла, наадварот, заўсёды спрыяў людзям і цяпер гатовы несці цяжар агульнага крыжа? Аднак «ён нават спінай адчуваў пагардлівыя позіркі землякоў, а хто-ніхто нават пляваў яму ўслед». Старому было вельмі цяжка, чужая нянавісць наскрозь прапальвала ўсю яго істоту. «Адкуль узялося гэта нейкае чортава семя?» — дакараў сябе Іосіф за роднае дзіця. Ён разумеў, што сухое дрэва неабходна спілаваць. Але ж корань яно мае ягоны. І ад гэтага нікуды не падзецца.

Як быццам па законе ніхто за Іосіфам віны не прызнаваў. Не нясе бацька за сына адказнасці. Але здрадзе няма аніякага апраўдання. «Зло ёсць зло. Ад яго слепнеш. Яно жывучае». Іосіф думаў і пра тое, што пакараны адседзеў сваё і вярнуўся. Нібыта і няма ўжо той віны, скасаваў яе. Але людское асуджэнне — самы высокі суд, «ад якога і сэрца сыходзіць крывёй, і душа нясцерпна баліць». Іосіфу здавалася, што людзі асуджаюць яго на вечную адзіноту, адыходзяць ад яго назаўсёды. Навошта такое жыццё? Неадчэпная думка трывожыла чалавека, які сумленна пражыў свой век. Аўтар разам са сваім пакутным героем спрабуе шукаць шляхі выратавання ад бяды старога чалавека.

Раман «Калі ўпадзе адзін...» адметны, бо складаецца з трох аповесцяў, напісаных пісьменнікам у розны час. Але нягледзячы на гэта, яны настолькі гарманічна дапаўняюць адна адну, узаемазвязаныя паводле свайго зместу, што атрымліваецца аб'ёмнае мастацкае палатно. Шматлікія героі выяўляюць свае жывыя характары, здзяйсняюць неверагодныя ўчынкі. Аповед апісвае сем гадоў шматграннага жыцця людзей беларускай глыбінкі. Вялікая псіхалагічная напружанасць, якая захоплівае чытача ўжо з першых старонак, падтрымлівае яго шчырую цікавасць да канца рамана.

Сам аўтар прызнаецца ў жыццёвай аснове таго, што адбываецца з героямі кнігі. Уладзімір Саламаха нарадзіўся ў 1949 годзе ў вёсцы Бераснёўка Кіраўскага раёна, што на Магілёўшчыне. Карнікі ў гэтых мясцінах спалілі 579 паселішчаў. Палалі і кіраўскія вёскі. У дзяцінстве будучаму пісьменніку давялося не столькі слухаць казкі, як чуць яшчэ вельмі свежыя трывожныя ўспаміны родных, аднавяскоўцаў пра перажытае, пра тое, якое гэта страшнае ліха — вайна.

Таленавіты юнак рана ўзяўся за пяро. Цяпер Уладзімір Пятровіч згадвае пра тое, як астуджалі яго запал старэйшыя людзі, прасілі, каб не спяшаўся пісаць пра вайну. Тады ён не зусім разумеў, чаму яны стрымліваюць яго творчыя памкненні. Душу яго вярэдзіла столькі набалелага, якое неадкладна прасілася на паперу. З цягам часу, калі сам пасталеў, усвядоміў мудрасць тых людзей, якія казалі: «Судзіць лёгка — зразумець, разабрацца цяжка»...

Вайна паўсюдна выпрабоўвала дух чалавека. Напрыклад, адна з гераінь рамана, Тэкля, адпраўленая ў ссылку і збеглая адтуль, і сама нацярпелася гора, і стала сведкай шматлікіх людскіх пакут. Яна бачыла, як у гэтым горы людзі дапамагалі адно аднаму: дзяліліся апошняй крошкай хлеба, апошнім глытком вады. Таксама бачыла і такіх, хто быў гатовы адабраць апошняе ў галоднага. І адбіралі. Але сіла была не на іх баку. Выжываў, вытрымліваў той, хто верыў у дабрыню людскую. Так здарылася і з Іосіфам Кучынскім, які, на гады схаваўшыся ў лясной глушэчы, узрадваўся, калі нарэшце даведаўся, што аднавяскоўцы не трымаюць на яго злосці.

Вельмі сімвалічны ў рамане напамін, у якім, напэўна, і заключаецца сэнс чалавечай існасці: «...Калі ўпадзе адзін, то другі падніме таварыша свайго. Але гора аднаму, калі ўпадзе, а другога няма, які падняў бы яго». (Гэта аўтар узяў са Свяшчэннага пісання, з кнігі Эклезіяста або Прапаведніка, гл. 4-я). Біблейскія словы сёння гучаць надзвычай сучасна. Нішто так не ўзвышае чалавека, як уменне не азлабляцца, дараваць памылкі, аказваць падтрымку, быць міласэрным і сардэчным у сваіх памкненнях і ўчынках.

Дарэчы, раман нашага пісьменніка Уладзіміра Саламахі ў свой час быў надрукаваны асобнымі аповесцямі ў маскоўскім часопісе «Наш современник» і атрымаў высокую ацэнку ў расійскага чытача, а таксама ад некаторых вядучых расійскіх пісьменнікаў. У нас жа, напрыклад, на гэты твор звярнуў увагу рэжысёр-пастаноўшчык Беларускага радыё Алег Вінярскі. Ён па першай аповесці «...І няма шляху чужога» паставіў аднайменны трохгадзінны радыёспектакль (аўтары інсцэніроўкі У. Саламаха і Г. Шаблінская). А выдатны кампазітар Дзмітрый Смольскі, як пісала ў «ЛіМе» № 18 ад 8 мая 2015 года Галіна Шаблінская, даў згоду на выкарыстанне ў спектаклі тады толькі што напісанай ім сімфоніі, гучанне якой, па меркаванні гукарэжысёра Валерыя Бяляева, у многім адпавядала літаратурнаму твору. Згадзіцеся, ацэньваючы раман Уладзіміра Саламахі, нельга не браць усё гэта пад увагу. Тым больш што згаданы твор — яшчэ адзін напамін нам, беларусам: мы моцная нацыя, калі мы разам.

Алена СТЭЛЬМАХ

Прэв’ю: depositphotos.com

Загаловак у газеце: Пра выпрабаванне духу, здраду і гонар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».