Вы тут

Вызначаныя лаўрэаты «звяздоўскага» конкурсу апавяданняў


Вось ужо шмат гадоў на старонках «Звязды» праходзіць конкурс апавяданняў. За гэты час у адпаведнай рубрыцы з'явілася шмат новых імёнаў — некаторыя, удала дэбютаваўшы, сталі пасля вядомымі літаратарамі. Менавіта з нашай газеты пачаўся іх шлях у вялікую літаратуру. Зрэшты, заўсёды ў «звяздоўскім» конкурсе бралі ўдзел і «мэтры», самыя вядомыя беларускія пісьменнікі, нават народныя, напрыклад, Іван Шамякін, чый стагадовы юбілей мы толькі што адзначылі.


Літаратурны конкурс «Звязды» — гэта розныя тэмы, розны ўзрост аўтараў, розныя рэгіёны... І аднолькавая любоў да роднага слова. Больш за год доўжыўся гэты конкурсны сезон, і вы, нашы чытачы, разам з аўтарамі перажывалі іх сюжэты, спачувалі іх думкам — ці, магчыма, з нечым спрачаліся, адзначалі творчыя знаходкі, рабілі заўвагі... Ішлі шляхамі гістарычнага дэтэктыва Віктара Варанца, пагружаліся ў сюррэалістычна-імпрэсіяністычную цішу старой хаты разам з Хрысцінай Курчанковай, пранікаліся шчымлівай, лірычнай атмасферай апавядання Валянціны Чаркашынай-Ждановіч «Шампанскае, ружы і шакалад» пра маці, здзіўляліся навагодняму падарожжу беларускага зефіру ажно ў Індыю ў творы Алены Стэльмах і таму, як дзякуючы аднаму слоўцу былі выкрыты нямецкія шпіёны, пра што расказаў знаўца філалогіі Уладзімір Навумовіч.

Трэба адзначыць, што публікацыя на старонках «Звязды» — гэта ўжо здзейснены конкурсны адбор, адзнака журы. Таму што, безумоўна, тэкстаў на конкурс паступае больш, чым праходзіць адбор для публікацыі. Так што мы віншуем усіх нашых аўтараў, чые творы з'явіліся на старонках «Звязды», — вы ўсе пераможцы!

Што датычыцца выбару самых адметных публікацый, на гэты раз журы, а ў ім традыцыйна прысутнічалі пісьменнікі, журналісты, супрацоўнікі «Звязды», вырашыла не падзяляць пераможцаў па месцах. Сёлета ў нас, фактычна, пяць лаўрэатаў, уключна з двума адзначанымі ў спецыяльнай намінацыі. Як самыя яркія журы адзначыла наступныя творы: апавяданне «Калі цішыня загамоніць» Хрысціны Курчанковай, апавяданне «Гарачы хлеб» Віктара Варанца і апавяданне «Выжыў» Маі Галіцкай. Спецыяльнымі прызамі за раскрыццё ваеннай тэмы ў год юбілею Перамогі адзначаны апавяданні Міхася Пазнякова «Вяртанне з фронту» і Уладзіміра Навумовіча «Доўгія шкарпэткі і паліва для аўто».

Усе апавяданні вельмі розныя і ўсе іх аўтары цікавыя. У свой час Хрысціна Курчанкова пераклала на беларускую мову Толкіена, што сведчыць пра адмысловае валоданне словам, у 2017-м у яе выйшаў зборнік імпрэсій. Мая Галіцкая, якая абрала тэмай конкурснага апавядання афганскую вайну, шмат гадоў працуе настаўніцай у Недайскай базавай школе. Была пераможцай конкурсу на найлепшы пераклад на беларускую мову знойдзенага некалькі гадоў таму рускамоўнага верша Максіма Багдановіча. Віктар Варанец, даўні ўдзельнік «звяздоўскага» конкурсу апавяданняў, — лексікограф, выкладчык Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта, дзе кіруе літаб'яднаннем, аўтар першага «Руска-беларускага тлумачальнага слоўніка медыцынскіх тэрмінаў», а герой яго апавядання, адзначанага сёлета, у 1990-х расследуе справу абрабавання князя Фелікса Юсупава стагадовай даўнасці.

Вядучы конкурса, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура», паэт, пісьменнік, перакладчык Алесь БАДАК, такім чынам характарызуе гэты конкурсны сезон:

— Было чакана, што ў 2020 год, юбілейны год Перамогі, нам дашлюць шмат апавяданняў, так ці інакш звязаных з падзеямі вайны. Тым больш цікава, што гэта ў асноўным аўтары, якія нарадзіліся пасля вайны, а мне асабіста заўсёды хочацца бачыць, як новыя пакаленні асэнсоўваюць тыя падзеі, што адлюстраваны ў творах Васіля Быкава, Івана Шамякіна, Алеся Адамовіча ды іншых класікаў. Заўсёды радуе, калі ў конкурсе ўдзельнічаюць не толькі пачаткоўцы, але ўжо і вопытныя празаікі. Гэты сезон пацвердзіў, што конкурс «Звязды» цікавы не толькі тым, хто робіць у літаратуры першыя крокі, але і вядомым літаратарам. Спадзяюся, што і ў наступныя гады прызнаныя майстры слова будуць браць удзел у гэтым конкурсе і дадуць пачаткоўцам майстар-клас на старонках газеты «Звязда». Прыемна кожны год адкрываць новыя імёны. Я ведаю, што чакаць ад нашых прафесіяналаў, я ведаю іх стыль, і радасна раптам сустрэць нечаканы почырк аўтара, пра якога раней не чуў, але адгэтуль будзеш яго пазнаваць. Я хацеў бы звярнуць увагу чытачоў на Хрысціну Курчанкову, якая ўпершыню стала лаўрэатам «звяздоўскага» конкурсу, — мне здаецца, мы яшчэ пачуем пра гэтую пісьменніцу з арыгінальным, вельмі вобразным стылем. А вось іншы лаўрэат, Віктар Варанец, ужо добра нам знаёмы. Ён неаднойчы рабіўся лаўрэатам «звяздоўскага» конкурсу. Запомніўся мне тым, што кожны год спрабуе сябе ў розных жанрах — і гістарычнае апавяданне, і дэтэктыў, і фэнтэзі. Сёлета я нават па прачытанні яго аповеду знайшоў у сеціве мемуары князя Юсупава, каб зразумець мяжу паміж аўтарскім вымыслам і фактамі.

Вядучы конкурса слушна заўважыў, што кожны год дасланыя творы паказваюць зрэз сучаснай беларускай літаратуры, дзе кожны можа знайсці нешта на свой густ.

Вынікі падведзеныя, мы шчыра віншуем лаўрэатаў, якіх чакаюць прыемныя падарункі ад рэдакцыі і выдавецтва «Мастацкая літаратура». Спадзяёмся, што, нягледзячы на складаную эпідэміялагічную сітуацыю, мы зможам сустрэцца і ўручыць іх. І, загадзя адказваючы на пытанне, якое абавязкова ўзнікла ў нашых чытачоў, гаворым: конкурс апавяданняў «Звязды», які мае шматгадовыя традыцыі, будзе працягвацца! Літаральна ў заўтрашнім нумары чытайце пра ўмовы наступнага сезона.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Прэв’ю: grantist.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.