Вы тут

Псіхолаг распавядае пра карысць пясочнай тэрапіі


У чым карысць пясочнай тэрапіі? Чаму яна ўсё часцей выкарыстоўваецца не толькі ў рабоце з дзецьмі, але і з дарослымі? Пра гэта наша размова з псіхолагам Студыі сямейнага развіцця, кіраўніком аддзялення Асацыяцыі пясочнай тэрапіі ў Беларусі Наталляй Саковіч.


— Sand play — гэта псіхатэрапеўтычны метад зняцця ўнутранага напружання, псіхалагічнага дыскамфорту пры дапамозе заняткаў з пяском, — уводзіць у курс справы Наталля Аляксандраўна. — У падносе (латку) з вільготным або сухім пяском, выкарыстоўваючы мініяцюрныя аб'екты, фігуры, кліент стварае карціны. З дапамогай актыўнага ўяўлення і творчай сімвалічнай гульні ўвасабляюцца свядомыя і несвядомыя думкі і пачуцці паміж імі, а таксама ствараецца мост паміж рацыянальным і эмацыянальным, духоўным і фізічным, невербальным і вербальным.

Цяжкасці, боль, канфлікты, якія часта складана выказаць словамі, з дапамогай пясочнай тэрапіі выяўляюцца ў вобразах, якія можна разглядаць, адчуваць, змяняць, абмяркоўваць і фатаграфаваць. Выводзячы вонкі і матэрыялізуючы мінулы вопыт або траўмы, з дапамогай спецыяліста можна эфектыўна вырашыць звязаныя з імі праблемы, пазбавіцца ад фізічнага болю і духоўных, маральных пакут.

— Гэта значыць, гульня з'яўляецца аздараўляльнай?

— Так. Карл Юнг казаў: «Душа натуральна рухаецца да вылячэння і цэльнасці». У працэсе гульні з пяском і вобразамі актывізуюцца прыроджаныя рэсурсы, чалавек пачынае лепш разумець сябе, і ад адчування «пацярпелага» рухаецца да адчування сябе «стваральнікам» уласнага жыцця.

— Чаму ўсё ж для тэрапіі выбраны такія матэрыялы, як пясок і вада?

— Паднос з пяском нагадвае пра мінулы вопыт (тыя пясочніцы, у якіх мы ўсе гулялі маленькімі), прыадчыняе дзверы ў дзяцінства, абуджае «ўнутранае дзіця», жаданне гуляць. Пясок мае моцныя медытатыўныя ўласцівасці. Невыпадкова тыбецкія манахі шмат стагоддзяў ствараюць з рознакаляровага пяску магічныя колы — мандалы, дасягаючы дасканаласці і духоўнай гармоніі. У Кітаі, Індыі і Японіі посуд з пяском размяшчаюць каля ўвахода ў дом. Уваходзячы і выходзячы, чалавек апускае туды рукі, каб ачысціцца ад дрэнных думак і небяспечных пачуццяў. Вада ачышчае і аднаўляе жыццё. Часта яна сімвалізуе несвядомыя эмоцыі і стан. Пясок і вада звязваюць думкі і дух з фізічным целам, забяспечваючы магчымасць уплываць адно на аднаго свядома і падсвядома.

— Чым дыктуецца выбар мініяцюр?

— Мініяцюры (фігуркі людзей, казачных істот, герояў фільмаў і коміксаў, жывёл, раслін, транспартных сродкаў, будынкаў і г. д.) — гэта сімвалы свядомых і несвядомых працэсаў. Чым большая і разнастайнейшая калекцыя, тым больш багаты і творчы можа быць працэс будавання кліентам свайго свету. Яго рука беспамылкова пацягнецца да тых аб'ектаў, выбудуе з іх тыя карціны, якія адлюстроўваюць яго праблемы.

— Каму, у якіх выпадках можна рэкамендаваць пясочную тэрапію?

— Усім, хто мае патрэбу ў самавыяўленні, самаактуалізацыі, самараскрыцці, зняцці ўнутранага напружання. Хоць пясочнай тэрапіяй звычайна займаюцца псіхатэрапеўты і псіхолагі, але яе мадыфікацыі з поспехам выкарыстоўваюць настаўнікі, дэфектолагі, сацыяльныя супрацоўнікі. Гэта тэхніка ўжываецца ў клініках, школах і дзіцячых садках; цэнтрах карэкцыйна-развіццёвага навучання, псіхалагічных кансультацыях пры загсах.

— Гэты метад прымяняецца для псіхакарэкцыі і дзяцей, і дарослых? Ён строга індывідуальны або дапускае групавыя заняткі?

— Спачатку пясочная тэрапія ўжывалася ў асноўным у рабоце з дзецьмі. Але ў апошнія дзесяцігоддзі з'явілася асаблівая ўвага да «ўнутранага дзіцяці» кожнага чалавека. Псіхолагі і псіхатэрапеўты сталі выкарыстоўваць гульнявую тэрапію для работы з дарослымі, каб вызваліць творчы патэнцыял, унутраныя пачуцці. Магчыма, гэта звязана з тым, што многія з нас недастаткова гулялі ў дзяцінстве. Сёння ўжо дакладна вядома аб эфектыўнасці Sand play не толькі ў індывідуальных занятках, але і ў рабоце з парамі, сем'ямі, на групавых трэнінгах. Прычым яе можна сумяшчаць з гештальт-тэрапіяй, візуалізацыяй, псіхадрамай, работай з целам і рухам, кагнітыўнай псіхатэрапіяй, гіпнозам і г. д. Ужываючы пясочную тэрапію, дзіўлюся рэсурсам нашай псіхікі, таму, што ў ёй ёсць усе адказы — трэба толькі гэта ўсвядоміць.

— Колькі гадоў у нас існуе пясочная тэрапія? Якія якасці і навыкі неабходныя, каб эфектыўна выкарыстоўваць яе?

— Падрыхтоўку спецыялістаў пачалі яшчэ ў 2002 годзе, калі я атрымала сертыфікат Ірландскага інстытута пясочнай тэрапіі. Каб з поспехам прымяняць гэты метад, неабходна добра ведаць і разумець усе этапы развіцця чалавека, развіцця яго псіхалагічных працэсаў, мову калектыўнага несвядомага, архетыпаў, вобразаў і знакаў. А яшчэ важна мець уяўленне аб целе, органах і саматычных хваробах. Псіхолаг павінен праяўляць цікавасць да даследавання і свайго ўласнага «саду душы», жаданне будаваць уласны свет, рухацца да цэльнасці і індывідуалізацыі. Выбудоўваючы пясочныя сусветы, спецыяліст становіцца ў пазіцыю кліента. Гэта развівае здольнасць да разумення таго, што адчуваюць людзі, якія звяртаюцца па дапамогу.


Аднойчы мама прывяла на прыём да псіхолага 12-гадовага Паўла ў сувязі з частымі прагуламі школьных заняткаў, грубасцю і нежаданнем што-небудзь рабіць.

Размова з хлопчыкам выявіла: тры месяцы таму бацькі развяліся. Да калекцыі фігур і прапановы пабудаваць нешта з пяску Паша паставіўся з цікаўнасцю. На працягу трох-пяці хвілін ён надаваў пяску форму, то выраўноўваючы яго, то ствараючы на ім грабяні. Затым узяў ваду і выплюхнуў яе ў цэнтр, назіраючы, як яна ўсмоктваецца ў пясок. Фігуры Паша выбіраў па адной.

Увесь час будаўніцтва хлопчык маўчаў, а калі скончыў, пачаў расказваць: «Гэта мёртвае мора. Усё, што раней жыло ў ім, — памерла. Гэта людзі забрудзілі яго. Яны кідалі ў мора пустыя пачкі з-пад цыгарэт, пустыя бутэлькі і смецце. Чэрап — гэта памерлы чалавек, дакладней тое, што ад яго засталося...»

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Загаловак у газеце: Гульні для дзяцей і дарослых, ці Пясочныя карціны як люстэрка душы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тэст. Беларускія жанчыны: імя ў гісторыі

Тэст. Беларускія жанчыны: імя ў гісторыі

Праверце, ці шмат вы пра іх ведаеце.

Грамадства

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Асабісты погляд на тыя каштоўнасці, без якіх немагчыма паўнавартаснае жыццё жанчыны, незалежна ад узросту і статусу. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

ДЗЕВА. На гэтым тыдні вас чакаюць прыемныя сустрэчы і зносіны з цікавымі людзьмі.