Вы тут

Што рабіць, калі замок закрыўся, а ключоў няма?


Апошнім часам, пераважна па раніцах, адчуваю сябе сапраўднай вавёркай — той, што круціцца ў коле. Не паспею памыць посуд пасля сняданку, як час гатаваць абед (абавязкова суп!), акрамя таго, іншыя справы вымалёўваюцца. А тут яшчэ прыйшлі лічыльнікі электрычнасці мяняць — напярэдадні ў кватэры свекрыві, дзе мы часта бываем, «знікла» святло, выклікалі «аварыйку». Адным словам, пакуль я займалася хатнімі клопатамі, устанавілі новы лічыльнік, папрасілі азнаёміцца з дакументамі, а пасля іх падпісаць. Я выйшла на калідор перад уваходам у кватэру, дзе мяне чакала жанчына-электрык, прычыніла дзверы (ад іх заўжды цягне холадам) і пачала ўчытвацца ў словы, каля якіх мне патрэбна было паставіць свой подпіс... Як раптам замок з таго боку кватэры неспадзявана шчоўкнуў…


Ключоў, канешне, у мяне з сабой не было. Але, у адрозненне ад жанчыны, якая мяняла лічыльнік, я не дужа спалохалася. І гэта нягледзячы на тое, што мабільны тэлефон таксама застаўся дома, а на пліце на ўсю моц суп. На дзеда Сашу, Цёмавага прадзеда (між іншым, ветэрана вайны!), я таксама не вельмі разлічвала: ён добра недачувае, а яшчэ знаходзіцца ў самым далёкім пакоі. Заставалася спадзявацца на кемлівасць свайго не па гадах разумнага сыночка. Справіўшыся з эмоцыямі, спакойна папрасіла Арцёма пакруціць замок у іншы бок. Ён мяне паслухаўся — і дзверы адчыніліся.

У той жа дзень зусім у іншым горадзе ў машыне зачынілася Цёмава стрыечная сястра. Пакуль яе мама дапамагала сыну-школьніку выйсці з аўтамабіля, амаль двухгадовая Ева націснула на кнопачкі, якія заблакавалі аўто. Як ні прасіла маці падняць іх, малая не слухалася, а, можа, проста не разумела, што ад яе хочуць. Тэлефон па-здрадніцку свяціўся ў салоне, ключы засталіся там, дзе яны павінны знаходзіцца падчас руху аўтамабіля, нумар мужа, як на ліха, выскачыў з галавы. Дзякуй богу, што ён быў запісаны ў маці сынавай аднакласніцы, дзякуючы якой удалося паведаміць пра надзвычайнае здарэнне галаве сям'і, ад якога, вядома, усе атрымалі па шапцы.

Наш Цёмік летам таксама заблакаваў дзверы аўтамабіля. Пакуль мы на лецішчы збіралі вішні, малы забаўляўся ў машыне — бацька дазволіў сыну на некаторы час адчуць сябе кіроўцам. Калі гэта надакучыла, Арцём прыйшоў да нас падсілкавацца сакавітымі ягадамі. Я ж, не паглядзеўшы, што ў салоне ўсе кнопкі ў рэжыме закрыцця (каб не садзіўся акамулятар), зачыніла машыну, у якую мы ўжо потым трапіць не маглі — пакласці сабе ў кішэню ключы ніхто не здагадаўся.

Падобнай гісторыяй гэтымі днямі падзялілася і свякроў. Калі яе старэйшы сын (тады не большы за Цёміка) спаў, яна вырашыла прыбраць на лесвічнай пляцоўцы. Пакуль мыла падлогу, з нейкім пытаннем да яе прыйшоў муж, перад гэтым проста аўтаматычна шчоўкнуўшы дзвярным замком. Ключы, «класічна», засталіся ў кватэры.

Тым часам у ёй напаўнялася ванна. Выручыла пажарная лесвіца на лоджыі, якая, відаць, невыпадкова была запланаваная маскоўскімі архітэктарамі, па чыіх праектах будаваўся дом. Менавіта дзякуючы гэтай непатрэбнай, як усе дагэтуль лічылі, лесвіцы і, безумоўна, суседзям, якія не праігнаравалі просьбу прайсці на іх лоджыю, мой будучы свёкар трапіў у сваю кватэру.

У сучасных апартаментах пажарныя лесвіцы на лоджыях і балконах не прадугледжаны. Хоць падобных выпадкаў, якія могуць прывесці да трагедыі, на жаль, менш не становіцца. І што б рабілі бацькі ў падобнай сітуацыі? Я бачу толькі два варыянты: альбо ўзламліваць замок, альбо выклікаць службу МНС. І замест таго каб ліквідаваць пажар альбо адпачываць пасля складанай выратавальнай аперацыі, супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, няхай нават і за грошы, будуць «браць штурмам» нашу кватэру. А ўсё з-за нашага бяспамяцтва, з-за няўважлівасці, часам нават абыякавасці.

На шчасце, больш-менш прадбачлівыя бацькі пачалі на вокны вешаць замкі альбо адразу замаўляюць шклопакеты з блакіроўкай на ручках. У кватэрах, дзе выхоўваюць малых дзяцей, усё часцей у разетках заўважаеш заглушкі, іншыя ноу-хау для бяспечнага існавання тых, хто яшчэ зусім нядаўна з'явіўся на свет.

Аднак не кожныя бацькі могуць загадзя ўсё прадугледзець, некаторыя проста недаацэньваюць спрыт сваіх дзяцей. Як я аднойчы, калі мой гадавалы Цёмік, які яшчэ самастойна не ўмеў хадзіць, здолеў дацягнуцца да шафкі і вывернуць на сябе кубак з гарачай гарбатай.

І гэтыя сітуацыі з гісторыі толькі адной, маёй, сям'і. На шчасце, калі ўзгадваем іх, на нашым твары, як правіла, з'яўляецца ўсмешка. Аднак колькі падобных гісторый мелі абсалютна іншы фінал...

Вераніка КАНЮТА

Фота: klub-masterov.ru

Загаловак у газеце: І смешна, і плакаць хочацца...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Які хлеб любяць у Беларусі?

Які хлеб любяць у Беларусі?

У савецкія часы гандаль прапаноўваў пакупніку абмежаваны асартымент хлебабулачных вырабаў. У 1980-я нават у буйных крамах было ўсяго 3-4 найменні хлеба.

Грамадства

Дыхаць на поўныя грудзі. Міфы і праўда аб мамапластыцы

Дыхаць на поўныя грудзі. Міфы і праўда аб мамапластыцы

Прадстаўніцам прыгожага полу заўсёды хочацца нешта змяніць у сваёй знешнасці. І часам жанчыны рашаюцца на кардынальныя крокі.

Культура

Арганізатар імпрэз Дзіяна Краснашапка: Сёння людзі знаходзяцца ў сваіх коканах, але ж для таго і існуюць танцы ды спевы, каб здымаць стрэс, негатыў

Арганізатар імпрэз Дзіяна Краснашапка: Сёння людзі знаходзяцца ў сваіх коканах, але ж для таго і існуюць танцы ды спевы, каб здымаць стрэс, негатыў

Яна ўпэўнена сябе адчувае і ў нацыянальным строі, калі робіць цеста для вясельнага каравая, і ў блакітным футры Снягуркі, калі праводзіць ранішнік для дзетак, і ў шыкоўнай сукенцы пэўнай эпохі, калі выконвае аўтэнтычныя беларускія спевы пад гукі старажытных музычных інструментаў.

Грамадства

Паразуменне падчас капрамонту: праз штрафы ці дамаўленне?

Паразуменне падчас капрамонту: праз штрафы ці дамаўленне?

Культура выканання работ падчас капрамонту ў Беларусі кульгае, а тэхналогія — парушаецца, сведчаць спецыялісты Дзяржбуднагляда.