Вы тут

Хатняя энцыклапедыя


Салата з рыбнымі кансервамі і апельсінам

Спатрэбіцца: сырок плаўлены — 2 шт., яйка курынае — 4 шт., кансервы рыбныя (сардзіны ў алеі ці ва ўласным соку) — 1 бляшанка, цыбуля рэпчатая — 0,5 шт., апельсін — 0,5 шт., арэхі грэцкія (здробленыя) — 3 ст. л., сыр цвёрды — 100 г, маянэз.

Выкладваем салату пластамі: 1 — плаўленыя сыркі, надзёртыя на буйной тарцы; 2 — маянэз; 3 — размятыя рыбныя кансервы; 4 — цыбуля (парэзаць маленькімі кубікамі і абдаць кіпенем, астудзіць); 5 — маянэз; 6 — яйкі, надзёртыя на буйную тарку; 7 — маянэз; 8 — апельсін ачысціць ад скуркі, падзяліць на долькі і парэзаць кубікамі; 9 — арэхі; 10 — маянэз; 11 — цвёрды сыр, надзёрты на дробнай тарцы; 12 — маянэз.

Зверху можна прысыпаць зяленівам.


Пячэнне «Сапраўднае мужчынскае»

Спатрэбіцца: для тварожнага пласта: тварог — 400 г, масла — 200 г, яйка — 1шт., мука — 2 шклянкі, соль — 0,25 ч. л., сода, гашаная воцатам ці лімонным сокам, — 1 ч. л., ванілін. Фруктовы слой: надзёртая морква — 2 шклянкі, дробна пасечаныя курага і чарнасліў — 2 шклянкі, цукар — 0,5 шклянкі (можна больш), вяршкі — 0,5 шклянкі, мёд — 4-5 ст. л., пасечаны лімон — 1 шт. Аўсяны пласт: аўсяныя шматкі — 2 шклянкі, масла — 100 г, пасечаныя грэцкія ці любыя іншыя арэхі — 1,5-2 шклянкі, цукар, змешаны з молатымі спецыямі (карыца, мускатны арэх, кардамон).

Для тварожнага цеста: змяшаць усе інгрэдыенты, кавалак памерам з кулак аддзяліць і прыбраць у маразілку, астатняе сфармаваць у «ком» і пакласці ў халадзільнік.

Для фруктовага слоя: высыпаць цукар на патэльню, дадаць моркву, памешваючы, абсмажваць, раствараючы цукар. Дадаць сухафрукты, выліць вяршкі і гатаваць на слабым агні 15—20 хвілін. Дадаць лімон, мёд, можна сюды ж усыпаць арэхі.

Для аўсянага пласта: растапіць масла, дадаць цукар, аўсяныя шматкі, абсмажыць іх, памешваючы.

Збіраем пячэнне: раскачваем тварожнае цеста, кладзём на бляху (пергамент), пасыпаем арэхамі. Зверху выкладваем фруктовы пласт, на яго — аўсяны. Дастаём з маразілкі тварожны «запас» — надзіраем яго на буйной тарцы зверху і пасыпаем цукрам са спецыямі. Выпякаем да 30 хвілін пры 180 °С і 10—15 хвілін пад грылем. Пячэнне атрымліваецца далікатнае, з начынкай-«цягучкай» і хрумсткай скарыначкай!


Замярзае шкло ў машыне — што рабіць?

Замярзаць шкло можа і на цалкам спраўным аўтамабілі, то-бок, гэта не паломка, а проста фізіка, і ад яе нікуды не дзецца. Але можна паспрабаваць вырашыць праблему.

Прычына з'яўлення банальная — кандэнсат. Чым халадней на вуліцы, тым цяплей у машыне. Пакуль машына працуе, на шкло дзьме печка. Пасля таго як печка адключаецца, цяпло ў салоне трымаецца яшчэ нейкі час, але абдзімання ўжо няма. У выніку ўтвараецца кандэнсат (ён можа быць як звонку, так і ўнутры) і замярзае — вось вам і наледзь.

Каб кандэнсат не ўтвараўся ад цёплага паветра, трэба зрабіць паветра ў салоне такім жа халодным, як і на вуліцы. Глушым рухавік — выключаем печку — апускаем шкло ці адкрываем дзверы. Галоўнае пастаяць такім чынам пару хвілін, каб цёплае паветра выйшла.

Ёсць яшчэ адзін метад: звычайная соль выдатна ўбірае вільгаць. Калі насыпаць яе ў нейкую ёмістасць, альбо ў мяшочак з тканіны (а то і ў шкарпэтку) і пакласці ў аўто, то залішнія вадзяныя пары паглынуцца ёю, замярзанне шкла знутры паменшыцца.

А можна выкарыстоўваць для гэтага сілікагель — празрыстае і цвёрдае рэчыва, якое ўбірае вільгаць з паветра нашмат лепш і хутчэй. Дастаткова насыпаць яго ў анучку і пакласці альбо на панэль, альбо ў дверы. Дзе ўзяць сілікагель? Ён ёсць у скрынках з абуткам (ідзе ў маленькіх мяшочках). Таксама каціны сіліконавы напаўняльнік, гэта якраз і ёсць гэта рэчыва.

А яшчэ важна рэгулярна пазбаўляцца ад вільгаці на дыванках для ног у салоне.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».