Вы тут

Як пабудаваць адносіны ў сям'і, каб шлюб быў шчаслівы і моцны?


Захаваць любоў да глыбокай старасці — традыцыйнае пажаданне маладым на вяселлі. На жаль, шлюб часта руйнуюць бытавыя праблемы, крыўды, няўменне дараваць і саступаць адно аднаму. Як пабудаваць адносіны ў сям'і, каб шлюб быў шчаслівы і моцны? Гэтым разам такое пытанне мы адрасуем не сямейнаму псіхолагу, а святару. Пра тое, што такое хрысціянская сям'я, мы размаўляем з настаяцелем прыхода храма Свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага ў Мінску, святаром Аляксандрам (Пальчэўскім).


«Малая царква»

— Лічыцца, што ў Свяшчэнным Пісанні ёсць адказы на ўсе пытанні. Але не заўсёды за старадаўнімі фармулёўкамі свецкі чалавек можа разглядзець сутнасць. Аб шлюбе ў кананічных тэкстах сказана: «Ды збаіцца жонка мужа свайго». Чаму выкарыстана менавіта гэтае слова, і як цытату варта разумець?

— Перш за ўсё, трэба сказаць, што любая фраза, выраз або цытата са Свяшчэннага Пісання павінны разбірацца ў кантэксце. Тэкст, з якога ўзятая гэтая цытата, чытаецца падчас здзяйснення таінства вянчання, і часта людзі звяртаюць увагу на гэтую фразу і ставяцца да яе з насцярожанасцю і неразуменнем. Чаму трэба «баяцца» мужа свайго, чаму не любіць, паважаць, шанаваць? На гэтае пытанне ёсць адказ, калі мы звернемся да кантэксту. Поўная цытата гучыць так: «Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстос палюбіў Царкву... Так павінны мужы любіць сваіх жонак... Так кожны з вас ды любіць сваю жонку, як самога сябе; а жонка ды збаіцца свайго мужа».

Адносіны ў шлюбе паміж мужчынам і жанчынай у праваслаўі прынята параўноўваць з адносінамі Ісуса Хрыста і Царквы. Невыпадкова ў хрысціянстве сям'ю прынята называць «малой царквой». Гэта значыць, адносіны ў сям'і паміж мужам і жонкай павінны выбудоўвацца па вобразе адносін царкоўных. Па азначэнні апостала Паўла, Царква — гэта Цела Хрыстова. Калі ўдумацца, гэта вельмі глыбокае азначэнне. Цела — гэта жывы арганізм, які павінен развівацца, дзе кожны член Царквы — гэта важная і неабходная частка гэтага арганізма, цесна звязаная з іншымі часткамі. Так і ў сям'і — для яе правільнага развіцця павінен працаваць кожны, хто ў яе ўваходзіць. Ну, а наконт слова «збаіцца»... Калі муж будзе любіць сваю жонку, як самога сябе, і клапаціцца пра яе — напэўна, такога мужа жонка будзе баяцца расчараваць і страціць. Гэта самае даступнае і правільнае тлумачэнне згаданай цытаты: мужчына ў сям'і павінен паводзіць сябе так, каб жанчына баялася яго страціць.

— Такім чынам, гармонія ў сям'і ў першую чаргу залежыць ад мужчыны?

— Пабудова гарманічнай (хрысціянскай) сям'і залежыць, паўтаруся, ад усіх яе ўдзельнікаў.

Але, сапраўды, згодна з дактрынамі праваслаўя, мужчына — гэта галава сям'і. І ў канчатковым выніку з яго спытаецца больш, чым з жанчыны. Так, сям'я іерархічная. Але гэта правільна — бо гэта ж «малая царква». А ў Царкве ёсць пэўная іерархія, ступені святарства. Ёсць епіскап, святар, дыякан, і кожны выконвае свае функцыі. Калі ёсць іерархія, кожнаму прасцей зразумець, які ўклад ён можа ўнесці ў агульную справу.

— Што павінен рабіць мужчына як галава сям'і? Наогул, слова «павінен» тут правамернае?

— Так, у мужчыны ёсць доўг, адказнасць перад сваёй сям'ёй. Гэта і матэрыяльнае забеспячэнне, і выхаванне дзяцей, і многае іншае. Але гэты рух не можа быць аднабаковы. Як муж павінен любіць сваю жонку, клапаціцца пра яе, ісці насустрач, дараваць і падтрымліваць, так і жонка павінна рабіць тое ж самае. Існуюць укладзеныя Богам у паняцце сям'і і шлюбу асновы і прынцыпы. Гасподзь стварыў Адама і Еву з яго рабрыны (з арыгінальнага тэксту слова «рабрына» можна перакласці таксама як «бок» альбо «грань»), каб жанчына была памочніцай мужчыны.

— Сёння часта ролі мужчыны і жанчыны ў сям'і мяняюцца. Часам бацька знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем, а жанчына зарабляе і забяспечвае сям'ю. Царква лічыць, што гэта няправільна?

— Царква не дае гатовых рэцэптаў і рэкамендацый. У кожнага чалавека ёсць асаблівасці, таленты, рысы характару. З хрысціянскага пункту гледжання, калі ў такой сям'і ёсць любоў і кожнага задавальняе яго роля, супярэчнасці тут няма. Гэта не пытанне духоўнага жыцця. Іншая справа, калі ўсе мэты і каштоўнасці жонкі ляжаць па-за сям'ёй і адарваныя ад мужа і дзяцей — вось гэта няправільна з пункту гледжання праваслаўя. Або калі, напрыклад, пара, знаходзячыся ў шлюбе, адмаўляецца ад магчымасці нарадзіць дзяцей, пры тым што ім нішто не перашкаджае выканаць Божую запаведзь «Пладзіцеся і множцеся». Узнікае пытанне, ці трэба было гэтым людзям ствараць сям'ю.

Сям'я можа жыць поўным жыццём у Хрысце і без дзяцей, але трэба разабрацца, пра які бяздзетны шлюб ідзе гаворка: муж і жонка не могуць мець дзяцей — або не хочуць? Калі не хочуць і імкнуцца пажыць для сябе, Царква не падзяляе такога стаўлення да жыцця.

Далучыцца да Боскай Любові

— Царква разумее сям'ю як адну з магчымасцяў, што даецца чалавеку, каб спазнаць Бога і раскрыць Боскі патэнцыял, які ўкладзены ў кожнага з нас. Гэта найважнейшая задача ў жыцці чалавека, які створаны па вобразе і падабенстве Божым і чыё жыццё не завяршаецца пасля смерці — далучыцца да Боскай Любові і набыць гармонію ў адносінах з Богам і людзьмі. Хрысціянская сям'я павінна прытрымлівацца гэтай мэты — спазнаваць Бога і рэалізоўваць Божую задуму.

— Сям'я — гэта неабходнасць выхоўваць дзяцей. Як гэта рабіць правільна?

— Царква вучыць, што перш за ўсё адносіны з дзецьмі варта будаваць на прынцыпах даверу. Безумоўна, маці і бацька павінны пастарацца стаць яшчэ і сябрамі сыну або дачцэ, каб дзіця давярала бацькам і не баялася расказаць пра нешта патаемнае. Узровень блізкіх адносін з бацькамі закладваецца з дзяцінства і мае патрэбу ў пастаянным падтрыманні. Але разам з тым вельмі важна выхоўваць у дзецях уменне паважаць старэйшых. І тут мы вяртаемся да паняцця іерархіі, якая неабходна і якой часам так не хапае ў сучаснай сям'і. А наогул, у выхаванні дзяцей, на мой погляд, нам варта павучыцца ў нашых бабуль і дзядуляў — успомніце, як раней выстройваліся адносіны «бацькі — дзіця», якая была павага да старэйшых! Пагаварыўшы з вашымі бацькамі аб іх дзяцінстве, магчыма, вы многае для сябе запазычыце.

— Ці трэба караць дзяцей?

— У рускай мове словы «наказание» і «наказ» (настаўленне) — аднакарэнныя. З боку бацькоў пакаранне не павінна быць праявай сілы і жорсткасці. У першую чаргу патрэбны разбор сітуацыі, размова аб правіне дзіцяці на адкрытым, даверным узроўні.

Любоў як штодзённая праца

— Як з пункту гледжання хрысціянства варта выбудоўваць адносіны ў сям'і — давайце пагаворым аб практычных рэкамендацыях...

— Гэта будаўніцтва пачынаецца з таінства шлюбу. Да шлюбу людзі часта падыходзяць фармальна — проста як да прыгожага абраду. Акрамя таго, існуе перакананне, што, прыняўшы ўдзел у таінстве вянчання (або ў любым іншым), чалавек аўтаматычна атрымлівае заступніцтва Божае без уліку свайго асабістага ўдзелу і ўкладу.

Таінства ў гэтым выпадку ўспрымаецца як магічнае дзеянне, для якога не патрабуецца ўнутранай уцягнутасці. Гэта, вядома, не дакладна.

Узаемаадносіны чалавека з Богам складваюцца праз асабістую адказнасць. Хрыстос кажа: «Я стаю каля дзвярэй і стукаю. Хто адкрые дзверы, да таго ўвайду». Ад кожнага чалавека, які прымае ўдзел у таінстве, патрабуецца яго рух насустрач Богу. Механічна вянчанне, як і іншыя таінствы, не працуе. Мы маем запаведзі і сістэму каштоўнасцяў. Зыходзячы з гэтага фарміруецца светапогляд чалавека, які лічыць сябе хрысціянінам, і выстройваюцца адносіны ў сям'і.

— Як правільна ставіцца да вянчання, шлюбу перад Богам, які не мае «зваротнага ходу»?

— Пачнём з таго, што «зваротны ход» ёсць. Скасаванне царкоўнага шлюбу магчымае, але толькі ў пэўных выпадках (існуе шэраг умоў, якія пацвярджаюць, што царкоўны шлюб страціў сілу). Разглядаючы першы шлюб, па словах свяціцеля Грыгорыя Багаслова, як «закон», а другі як «паблажлівасць», зыходжанне да чалавечай немачы, быў распрацаваны чын вянчання для другашлюбных. Так, сказана: «Што бог злучыў, чалавек няхай не разлучае». Але чалавек слабы, і Царква, як маці, ідзе яму насустрач.

Вядома, да таінства вянчання трэба падыходзіць вельмі свядома. Таму перад правядзеннем яго абавязковыя сустрэчы са святаром. Святар імкнецца данесці да маладой пары, што ёсць хрысціянская сям'я, вера, каштоўнасці. І перш за ўсё тое, што стварэнне сям'і павінна быць следствам сур'ёзнай духоўнай працы, свядома прынятым рашэннем.

— Вянчанне — гэта ў большасці выпадкаў шлюб на ўсё жыццё. Але ж, як кажуць, сэрцу не загадаеш. Што рабіць, калі каханне знікла?

— У беларускай мове існуе два словы для азначэння пачуцця любові — уласна «любоў» і «каханне». У грэчаскай мове ёсць цэлы шэраг слоў для абазначэння гэтага паняцця. Аб каханні паміж мужам і жонкай (і аб любові да Бога) там кажуць, выкарыстоўваючы слова «агапі». Гэта вышэйшая праява любові, узнёслае каханне. Тая ж любоў, якая прыходзіць і сыходзіць, пазначаецца словам «эрас». Гэта любоў як эмоцыя. Калі мы гаворым пра каханне як пра пачуццё, якое можа прыйсці і сысці, — гэта адна гісторыя. Калі мы кажам пра любоў як пра лад жыцця і паводзін, пра каханне як ахвярнасць, — гэта ўжо іншае. І вось такая хрысціянская любоў з'яўляецца ў працэсе самавыхавання і працы над адносінамі. Адносіны ў сям'і — штодзённая праца, ад якой пачуцці растуць і ўмацоўваюцца. А калі не працаваць над адносінамі, пачуццё паступова можа знікнуць зусім. Залог кахання, што не праходзіць, — правільная аснова, падмурак сям'і. Гэты падмурак закладваецца першапачаткова або паступова ўзнікае ў шлюбе. Адной з такіх асноў можа стаць таінства вянчання.

Радуе, што ў наш час усё часцей моладзь уступае ў царкоўны шлюб свядома. У людзей сёння дастаткова магчымасцяў вывучаць хрысціянскае веравучэнне, адкрываць для сябе закладзеныя ў ім сэнсы. І вянчанне для многіх маладых пар становіцца не проста прыгожым абрадам, а пачаткам новага жыцця.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Ды збаіцца жонка... страціць мужа свайго

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Асабісты погляд на тыя каштоўнасці, без якіх немагчыма паўнавартаснае жыццё жанчыны, незалежна ад узросту і статусу. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

ДЗЕВА. На гэтым тыдні вас чакаюць прыемныя сустрэчы і зносіны з цікавымі людзьмі.

Грамадства

Даведаліся, колькі каштуе букет на 8 Сакавіка

Даведаліся, колькі каштуе букет на 8 Сакавіка

Ці прынята ў нас дарыць «мільён алых руж» каханай?