Вы тут

Ці выконваюць масачны рэжым у самым буйным горадзе краіны?


Маскі нам насіць яшчэ доўга. Згодна з прагнозамі медыкаў, масачны рэжым будзе захоўвацца, хутчэй за ўсё, аж да чэрвеня. Але ці выконваецца гэтая мера засцярогі не на паперы, а ў жыцці? Прагуляемся па Мінску, каб гэта высветліць.


Абавязковы масачны рэжым дзейнічае ў Беларусі ўжо амаль тры месяцы. У Мінску ён быў уведзены 12 лістапада. У шэрагу гарадоў краіны — раней (сталіца стала 17-й адміністрацыйнай адзінкай, дзе ў грамадскіх месцах усіх наведвальнікаў абавязалі насіць маскі). Ва ўсёй Беларусі масачны рэжым быў уведзены з 18 лістапада. Сёння аб'явы, накшталт «Наведвальнікаў без маскі не абслугоўваем» і «Уваход без маскі забаронены» ўжо сталі звыклай дэталлю гарадскога пейзажу. Выкарыстанне «сродкаў індывідуальнай аховы органаў дыхання» стала абавязкам наведвальнікаў у кіно і ў крамах, у банках і на пошце, у грамадскім транспарце, маршрутках і таксі, у тэатрах і кафэ — спіс можна працягваць. Адным словам, усюды, дзе прысутнічаюць іншыя людзі, неабходна надзець маску.

На вуліцы, дзе ёсць магчымасць выконваць сацыяльную дыстанцыю, пакуль не патрабуецца абавязковага нашэння маскі. Але многія мінчане носяць маскі і на вуліцы. Асабліва ў марозныя дні — пад маскай менш мерзне нос. Праверана на сабе.

Кантралююць захаванне масачнага рэжыму ў тых ці іншых установах супрацоўнікі і кіраўніцтва канкрэтнага прадпрыемства. Ці абслугоўваць парушальнікаў масачнага рэжыму, кожная ўстанова вырашае сама. Штрафы за адсутнасць маскі ў нашай краіне для фізічных асоб пакуль заканадаўча не прадугледжаныя. Можна толькі раіць і заклікаць — у гандлёвых цэнтрах і на рынках па гучнай сувязі наведвальнікам пастаянна нагадваюць аб неабходнасці выконваць масачны рэжым. А вось аштрафаваць юрыдычную асобу за наведвальніка без маскі, у прынцыпе, могуць. Дарэчы, медыкі падкрэсліваюць, што наяўнасць маскі не адмяняе неабходнасць захавання сацыяльнай дыстанцыі: маска не дае поўнай абароны, а ковід можа пракрасціся ў арганізм і праз слізістую вачэй. Тым больш што многія носяць маску няправільна.

Людзі ў масках і без іх

Дзіўныя спосабы нашэння маскі, заўважаныя намі:

  • Маска закрывае толькі рот. Ну, гэта класіка. Так носяць маску вельмі многія.

Масачны рэжым патрабуе карыстацца маскамі ўсюды, дзе прысутнічаюць іншыя людзі.

— Часам у масцы проста немагчыма дыхаць, асабліва ў памяшканні. Баюся страціць прытомнасць, — кажа Вера Львоўна, пенсіянерка, якая пагадзілася пагаварыць аб масках у адным з сеткавых прадуктовых гіпермаркетаў. Суразмоўніца ў мінулым — галоўны бухгалтар прадпрыемства, жанчына адукаваная і сучасная. Кажа, што разумее: калі маска надзетая няправільна, слізістая носа становіцца шляхам для пранікнення інфекцыі.

— Зараз аддыхаюся і надзену маску як трэба, — вінавата разводзіць рукамі жанчына. — Наогул, я стараюся выконваць масачны рэжым у грамадскіх месцах. Гэта і бяспека, і элементарная ветлівасць. Маскі мяняю, выкарыстоўваю аднаразовыя медыцынскія, а не з тканіны — яны больш эфектыўныя.

Прыкметна, дарэчы, што пажылыя людзі больш адказныя ў гэтым пытанні, чым моладзь. Напрыклад, на пошце, куды мы таксама зайшлі, у масках усе без выключэння. Днём на пошце досыць шмат людзей, але ў асноўным гэта пенсіянеры. А яны, як ужо гаварылася, маскі носяць у большасці сваёй правільна: за доўгае жыццё хочаш не хочаш, а засвоіш, што любую хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць, а сцеражонага Бог сцеражэ.

Ну, а ва ўсіх, у каго з-пад маскі тырчыць нос (і гэта не толькі пенсіянеры, але і людзі сярэдняга ўзросту, і моладзь), адгаворка адна: цяжка дыхаць.

  • Маска на падбародку ці пад падбародкам. Таксама часты спосаб нашэння маскі. Тут маска выступае, хутчэй, як элемент этыкету, ветлівасці.

— Я ўжо перахварэў на ковід у лістападзе. Жонка прынесла вірус з работы, — расказвае Міхаіл, спадарожнік у маршрутцы. — Усё абышлося адносна лёгка, без ускладненняў. Атрымліваецца, заразіцца я цяпер не магу і сам ужо не заразны. Маску надзяваю з ветлівасці, таму што паважаю навакольных. Але часам у ёй так нязручна, што дазваляю сабе адпачыць ад яе.

Відавочна, што аб новым вірусе вядома яшчэ далёка не ўсё, медыкі спрачаюцца аб працягласці імунітэту да ковіду, а вірусолагі кажуць аб новым брытанскім штаме. І ўсё ж «адпачыць» ад маскі, перамясціўшы яе на падбародак, час ад часу ў грамадскіх месцах вырашаюць многія — у тым ліку і я сама.

Мода заўсёды чуйна рэагуе на любыя падзеі, і «карона» таксама спарадзіла трэнд — на маску як элемент вобраза.

— Як часта мяняю аднаразовыя маскі? Ну дакладна не тры разы ў суткі, — усміхаецца Міхаіл. — Па меры таго, як яна пачынае выглядаць не новай. Раз у два дні, напэўна.

Медыкі рэкамендуюць мяняць аднаразовыя маскі два-тры разы на дзень, а з тканіны — адпаведна, мыць з той жа частатой. Дарэчы, у халодную пару года маскі варта мяняць часцей, чым летам: ад дыхання яны становяцца вільготнымі і страчваюць ахоўныя ўласцівасці.

— Я працую дыстанцыйна, з дому выходжу не так часта, і небяспекі ў плане заражэння ковідам з ўсіх вышэйпералічаных прычын ні для кога не ўяўляю, — кажа суразмоўнік.

Дарэчы, у маршрутцы ў асноўным парушэнняў масачнага рэжыму я не заўважыла. А ў аўтобусе 42-га маршруту ў гадзіну пік (19.00) у масках былі прыкладна 65—70 % пасажыраў.

  • Маска вісіць на лабавым шкле ў таксі.

— Досыць складана весці машыну ў масцы — нязручна, і ад гэтага ўвага рассейваецца, — кажа таксіст. — Так што ў канцы змены часам дазваляю сабе такую паблажку. Але калі пасажыр настойвае, абавязкова яе надзяваю.

Працягваючы транспартную тэму, сярод пасажыраў метро парушальнікі масачнага рэжыму ёсць, але іх няшмат. На ўваходзе ў падземку работнікі метро нагадваюць:

— Надзеньце, калі ласка, маску.

Самі супрацоўнікі метро, зразумела, у масках, а паміж станцыямі у цягніках гучыць аб'ява: «Паважаныя пасажыры, калі ласка, выконвайце масачны рэжым. Беражыце сваё здароўе!» Зрэшты, на перагонах паміж станцыямі пасажыры часам здымаюць маскі, хоць у цэлым у метро больш пасажыраў у масках, чым без іх.

У аптэцы і паліклініцы

Перад тым як увайсці ў любую медыцынскую ўстанову, людзі дысцыплінавана надзяваюць маскі. Логіка такая: да ўрача здаровыя звычайна не ходзяць, ды і ў аптэках рызыка сустрэць крыніцу заражэння вышэйшая, чым у іншых месцах.

— Маскі ў нас — адзін з самых запатрабаваных тавараў, — кажа фармацэўт Ларыса Казловіч. — Па маіх назіраннях, цяпер індывідуальнымі сродкамі аховы карыстаецца значна больш людзей, чым у першую хвалю ковіду, вясной мінулага года. Я заўважыла, што цяпер пры ўваходзе ў крамы людзі таксама часта ўжываюць антысептыкі для рук, прычым калі раней гэта былі ў асноўным жанчыны, то зараз і мужчыны.

Дарэчы, аб цане пытання. У аптэцы аднаразовая маска каштуе ад 30 да 50 капеек за штуку, шматразовая тэкстыльная — паўтара-два рублі. Больш эфектыўны рэспіратар — ад трох з паловай і больш: кошт залежыць ад вытворцы.

Купіць маскі ў аптэках цяпер можна без праблем, яны ёсць у дастатковай колькасці, кажа суразмоўніца. Такі ж попыт на антысептыкі для рук і комплексы вітамінаў.

У дарослай паліклініцы ўсе наведвальнікі (і, зразумела, медперсанал) — у масках. Ні ў кога маска не спушчана пад падбародак. На ўваходзе ў дзіцячую паліклініку мамы надзяваюць маскі нават на двухгадовых малых. Як гаворыцца, на ўсялякі выпадак.

— Хоць, вядома, малых з дапамогай маскі абараніць наўрад ці магчыма. Яны ж не сядзяць на месцы — бегаюць, зрываюць з твару маску, пастаянна тузаюць яе, яна падае на падлогу. Кіруша то згаджаецца, то наогул не згаджаецца яе надзяваць — аж да істэрыкі, — скардзіцца Ірына, мама трохгадовага Кірыла.

Наогул, згодна з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, дзецям да пяці гадоў не варта насіць маскі — малыя яшчэ не ў стане выконваць правілы іх выкарыстання. Малышам перашкаджае «анучка» на твары, яны пачынаюць пастаянна папраўляць яе, дакранацца рукамі, не заўсёды чыстымі. А яшчэ на далікатнай скуры дзіцяці могуць з'явіцца раздражненні.

Мама Іра кажа, што чытала пра гэта, вядома, але вось менавіта ў паліклініку маску на сына імкнецца надзяваць (як і яе знаёмыя мамы з маленькімі дзецьмі).

— Проста трэба сачыць за дзіцем, адцягваць яго ўвагу ад маскі, пакуль чакаем прыёму ў доктара, — мяркуе яна.

У гандлёвым цэнтры

Зрэшты, у астатніх грамадскіх месцах — напрыклад, у гандлёвых цэнтрах або ў дзіцячых забаўляльных цэнтрах — дзятва пераважна без масак, а бацькі — у масках. Або без іх. Часта можна бачыць, як дзяўчына заходзіць у краму ў масцы, а потым сустракаеш яе ўжо без маскі — стамілася, зняла «падыхаць». Зрэшты, на касе, як правіла, вас папросяць надзець ахоўны сродак, так што, падыходзячы да касы, пакупнікі робяць гэта загадзя. Самі прадаўцы павінны быць у масцы ўвесь рабочы дзень.

— Не надта веру, што з дапамогай маскі можна абараніцца ад вірусаў, — кажа Аліса, прадавец адной з крам адзення. — Перад намі за дзень праходзяць дзясяткі людзей, не кажучы ўжо пра выхадныя. Так што спадзяёмся на шанцаванне і моц імунітэту. А маскі — гэта патрабаванне кіраўніцтва нашага магазіна.

Імунітэт пакуль выратоўвае: суразмоўніца кажа, што на ковід не хварэла — ні ў першую, ні ў другую хвалі.

З тканіны або медыцынскія? Урачы пішуць пра тое, што медыцынскія маскі больш эфектыўныя, чым павязкі з тканіны. Маска з матэрыі не можа затрымаць усе ўзбуджальнікі інфекцыі, але яна ўсё ж спыняе некаторыя з іх. Так што і гэта таксама абарона, асабліва калі гаворка ідзе пра распаўсюджванне віруса заражаным чалавекам. Сёння моладзь і наогул модныя гараджане рознага ўзросту імкнуцца ўпісаць маску ў свой вобраз, калі ўжо яна з намі надоўга. А крамы адзення прапануюць прыгожыя, стыльныя і аптымістычныя варыянты масак: мода заўсёды чуйна рэагуе на любыя падзеі, і «карона» таксама спарадзіла трэнд — на маскі. Сёння моднікі ў масках розных колераў, з прынтамі, надпісамі і нават паеткамі нікога не здзіўляюць. Каштуюць такія фэшн-маскі ў сярэднім 10 рублёў.

— Не ведаю, колькі працэнтаў абароны могуць забяспечыць маскі, але я купіла некалькі штук. Па-першае, без іх амаль нікуды не пускаюць, а па-другое, мне падабаецца, як я ў іх выглядаю, — кажа Лізавета. Ліза — дзесяцікласніца, і яшчэ адзін яе аргумент на карысць масак — «І мама не так хвалюецца, што я магу захварэць на ковід».

Адзіныя грамадскія месцы, як быццам перанесеныя ў нашы дні з 2018-га — гэта кафэ і рэстараны. За столікамі — людзі з адкрытымі тварамі. Згодна з патрабаваннямі масачнага рэжыму, пры наведванні рэстаранаў і кафэ без маскі можна знаходзіцца, толькі пакуль вы ясце. Але часам так прыемна ўсміхнуцца суразмоўніку не толькі вачыма!

Дзіяна РОНІНА

Загаловак у газеце: Правілы «маскіроўкі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Шчаслівыя разам, або Формула кахання ад маці шасцярых сыноў

Шчаслівыя разам, або Формула кахання ад маці шасцярых сыноў

Крысціна Пасечнік вырасла ў сям’і цыркавых артыстаў. Дзяцей у такіх сем’ях звычайна раз, два і ўсё. Але ў Бога на яе конт былі іншыя планы.

Грамадства

Жанчыны «Нашай раніцы» на АНТ: лэдзі-бос, жанчына-агонь і дзяўчына-мара

Жанчыны «Нашай раніцы» на АНТ: лэдзі-бос, жанчына-агонь і дзяўчына-мара

Аб тэлебачанні, сям'і, сакрэтах прыгажосці, здароўя і добрага настрою.

Грамадства

Тэст. Беларускія жанчыны: імя ў гісторыі

Тэст. Беларускія жанчыны: імя ў гісторыі

Праверце, ці шмат вы пра іх ведаеце.

Грамадства

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Асабісты погляд на тыя каштоўнасці, без якіх немагчыма паўнавартаснае жыццё жанчыны, незалежна ад узросту і статусу.