Вы тут

Беларусь рыхтуецца стаць атамнай дзяржавай


Сістэма ядзернага права фарміруецца ў Беларусі, пакуль разнастайныя структуры краіны рыхтуюцца да прыёму Беларускай АЭС у камерцыйную эксплуатацыю. Будзе распрацаваны новы класіфікатар, які ўключае ў сябе асобныя кірункі ядзернага права. Да адказнага рашэння па прыёме станцыі ў прамысловую эксплуатацыю плануецца грамадскае слуханне і шэраг іншых інфармацыйных мерапрыемстваў, расказалі эксперты Дзяржатамнагляду падчас брыфінгу ў БелТА.


Чатыры кампаненты ядзернай бяспекі

Беларусь падышла да змены статусу краіны-навічка ў атамнай справе на краіну, якая мае дзеючую атамную станцыю, і ў свеце мы станем 33-й такой дзяржавай.

— Фарміраванне рэгулюючай інфраструктуры ў краіне было выбудавана на падставе міжнародных падыходаў. Існуе шэраг нарматыўных тэхнічных і кіруючых дакументаў па лініі МАГАТЭ, дзе сказана, як мае быць пройдзены дадзены шлях, каб краіна магла ў поўным аб'ёме рэгуляваць гэтую адказную дзейнасць, — заўважыла Вольга ЛУГОЎСКАЯ, начальнік Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (Дзяржатамнагляд). — Ступені, якія краіна павінна прайсці, каб гэтая інфраструктура была сфарміраваная, распісаны ў Кіраўніцтве па бяспецы МАГАТЭ № SSG-16. Існуюць чатыры кампаненты глабальнага рэжыму ядзернай бяспекі, якімі павінна валодаць краіна, каб стаць членам «Клуба 33-х».

Найперш гэта далучэнне да дагаворна-прававых дакументаў накшталт канвенцый і кодэксаў.

Другі кампанент — усёахопны комплекс норм ядзернай бяспекі, які ўвасабляе ўзорную практыку ў якасці арыенціру для забеспячэння высокага ўзроўню бяспекі ядзернай дзейнасці. Гэта ўключае ў сябе нормы і правілы, якія сфармуляваныя МАГАТЭ і з'яўляюцца асновай для фармулявання сваёй сістэмы нарматыўна-прававых дакументаў у краіне з АЭС.

Трэці — нацыянальная інфраструктура ў цэлым і фарміраванне глабальнай суполкі экспертаў.

Чацвёрты — выкарыстанне комплексу міжнародных паслуг у галіне бяспекі. Гэта так званыя экспертныя місіі, запрашэнне якіх у краіну — неад'емная частка работы, што будзе працягвацца, каб сфарміраваць паўнавартасную інфраструктуру.

Бяспека ядзерных адходаў і забарона на зброю

Далучэнне да дагаворна-прававых дакументаў — адзін з першых крокаў, якія павінна зрабіць краіна, якая толькі плануе ядзерную дзейнасць. І ў гэтым дачыненні Беларусь з'яўляецца адным з прыкладаў для іншых краін, адзначыў Алег СОБАЛЕЎ, кансультант Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі (Дзяржатамнагляд):

— На момант прыняцця рашэння аб будаўніцтве АЭС (2007 год) краіна ўжо была дагаворным бокам шэрагу міжнародных канвенцый і пагадненняў, якія закранаюць пытанні ядзернай бяспекі.

Іх досыць шмат, але эксперт спыніўся на трох канвенцыях, за выкананне якіх непасрэдна адказвае Дзяржатамнагляд. Гэта Канвенцыя аб ядзернай бяспецы, Аб'яднаная канвенцыя аб бяспецы абыходжання з радыеактыўнымі адходамі і адпрацаваным ядзерным палівам і Пагадненне паміж Беларуссю і МАГАТЭ аб прымяненні гарантый у сувязі з дагаворам аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі.

З падпісаннем і ратыфікацыяй гэтых канвенцый краіна бярэ на сябе шэраг абавязкаў. Напрыклад, стварыць незалежны рэгулюючы орган, праводзіць рэгулярную (раз у тры гады) самаацэнку ў выглядзе нацыянальных дакладаў, удакладніў эксперт:

— Па Канвенцыі аб ядзернай бяспецы такі даклад быў падрыхтаваны ў жніўні 2019-га і перададзены ў МАГАТЭ. Па Аб'яднанай канвенцыі даклад зроблены ў кастрычніку 2020-га. Усе даклады змяшчаюцца на спецыяльным сайце, і ўсе краіны могуць вывучаць іх. А вынік вывучэння — пастаноўка пытанняў і каментарыяў да дакладаў іншых дзяржаў. Да нашага даклада па Канвенцыі аб ядзернай бяспецы паступіла, напрыклад, 239 пытанняў. Больш атрымалі толькі Расія, Кітай і Фінляндыя. Пасля пытанняў была фаза адказаў, якія Беларусь дала.

Усе гэтыя фазы падрыхтоўкі пытанняў і адказаў завяршаюцца нарадай дагаворных бакоў, якая адбываецца ў штаб-кватэры МАГАТЭ ў Вене. На ёй падводзіцца вынік, наколькі за тры гады кожная краіна выканала свае абавязкі ў межах канвенцый. У ім абазначаюцца выклікі, з якімі дзяржавамі трэба папрацаваць наступныя тры гады, а таксама падкрэсліваюцца існуючыя станоўчыя кірункі паспяховай работы, каб імі маглі скарыстацца іншыя краіны.

Абавязкі краіны адносна Пагаднення аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі досыць простыя. Ядзерны матэрыял, які знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, будзе выкарыстоўвацца толькі ў мірных мэтах і ні ў якім разе не для вырабу зброі. Каб упэўніцца, што гэта будзе сапраўды выконвацца, у рэспубліцы існуе нацыянальная сістэма ўліку і кантролю.

Ацэначныя місіі

Наша краіна практычна штогод прымае групы экспертаў з МАГАТЭ, адзначыў Аляксандр ДАКУЧАЕЎ, намеснік начальніка Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі (Дзяржатамнагляд):

— Амаль кожная місія адзначае станоўчыя практыкі ў Беларусі. Гэта азначае, што эксперты ўпершыню ўбачылі, як арганізавана ў нашай краіне тое ці іншае пытанне, якое можна рэкамендаваць выкарыстоўваць і ў іншай краіне.

— Як правіла, мы ўсё выконваем у час, адставанняў няма, і работа ацэньваецца досыць высока, — падкрэсліў Аляксандр Дакучаеў. — Мы вывучаем вопыт усяго свету і практычна з усімі краінамі ядзернага клубу 33-х маем добрыя адносіны.

Ірына СІДАРОК

Прэв’ю: abc.net.au

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.