Вы тут

Якія змены прапаноўваюцца з Віцебшчыны?


Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір ЦЯРЭНЦЬЕЎ падзяліўся з карэспандэнтам «МС» вынікамі дзейнасці грамадскіх прыёмных і дыялогавых пляцовак. Усе прапановы і заўвагі, а іх некалькі сотняў, пільна вывучаны, найбольш тыповыя, актуальныя перададзены ў арганізацыйны камітэт VІ Усебеларускага народнага сходу.


Суразмоўнік канстатаваў, што «прыёмныя» наведала больш 300 чалавек. Усіх уважліва выслухалі, узялі «на аловак» заўвагі і прапановы.

Уладзімір Цярэнцьеў лічыць практыку правядзення дыялогавых пляцовак вельмі цікавай. Зразумела, што ў канфліктах і супрацьстаяннях немагчыма вырашаць праблемы. Толькі падчас абмеркавання ёсць шанц вызначыць шляхі іх рашэння.

— Такі фармат зносін дазволіў весці канструктыўны дыялог, агучыць насамрэч актуальныя пытанні, сфарміраваць стратэгічныя прыярытэты на найбліжэйшую і доўгатэрміновую перспектывы, — падкрэсліў спікер «абласнога парламента».

У гэтых мерапрыемствах бралі ўдзел прадстаўнікі не толькі праўладных, але і апазіцыйных партый, грамадскіх арганізацый, актывісты. І кожны мог выказаць сваю думку, аргументаваць свой погляд на тое, што адбываецца ў населеным пункце, краіне і якія патрэбныя змены, каб паміж людзьмі з рознымі палітычнымі поглядамі было паразуменне.

Дарэчы, падчас такіх пасяджэнняў сярод іншага былі агучаны чаканні і прапановы наконт актывізацыі ўдзелу партый у развіцці грамадства. Што датычыцца дэпутацкага корпуса, прапаноўвалася скасаваць практыку абрання дэпутатаў сельскіх Саветаў. Гэтыя людзі вельмі загружаныя па рабоце, і ім проста фізічна не хапае часу і сіл выконваць адказную грамадскую нагрузку.

Пры тым вельмі часта згадвалася неабходнасць павысіць статус старэйшын (у іншых абласцях іх называюць старастамі). Іх прапануецца надзяліць параўнальна большымі ўладнымі паўнамоцтвамі. Гэтыя актывісты добра ведаюць усё, што адбываецца ў населеных пунктах, карыстаюцца аўтарытэтам. Адпаведна, могуць згуртаваць грамадзян на добраўпарадкаванне і г. д. Старэйшыны па-ранейшаму будуць своечасова інфармаваць уладу, калі ёсць нейкія цяжкасці, праблемы, якія немагчыма вырашыць самастойна, і таму неабходна дапамога з боку раённай улады.

Што датычыцца фінансавай зацікаўленасці старэйшын на новым узроўні іх паўнамоцтваў, неабходна будзе яшчэ вырашыць гэтае пытанне.

Ёсць думкі наконт неабходнасці рэфармавання сістэмы адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Аўтары прапаноў лічаць, што на тэрыторыі кожнай павінна пражываць не менш як 2000 чалавек. Пры такім раскладзе на Віцебшчыне застанецца 46 згаданых вышэй адзінак з выканкамамі, Саветамі і дэпутатамі. Астатнія 150 пяройдуць у разрад тэрытарыяльных адзінак з сельскімі адміністрацыямі.

Выказвалася ідэя наконт пераводу дзейнасці абласнога Савета дэпутатаў на прафесійную аснову, павелічэння тэрміну дэпутацкіх паўнамоцтваў на ўсіх узроўнях, у тым ліку і ў парламенце, да пяці гадоў.

Сярод іншых прапаноў — роўныя ўмовы гаспадарання для прадпрыемстваў і арганізацый, незалежна ад формы ўласнасці, у прыватнасці пры крэдытаванні і правядзенні праверак.

А можа наспеў час для таго, каб з'явілася пасада ўпаўнаважанага па правах чалавека?

Выступаючы перад дэлегатамі VІ Усебеларускага народнага сходу, Уладзімір Цярэнцьеў нагадаў, што Прэзідэнт быў ініцыятарам шчырага дыялогу ў грамадстве. І само жыццё пацвярджае запатрабаванасць такога фармату ўзаемадзення.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Больш паўнамоцтваў старэйшынам!

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.