Вы тут

Сенатар Сяргей Анюхоўскі: Павінна быць права на камерцыйную рызыку


Бабруйскае ААТ «Чырвоны харчавік» — адно з сучасных інавацыйных прадпрыемстваў краіны. Летась на створаным ім у рамках праграмы развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці філіяле ў Слаўгарадзе адбыўся запуск новай лініі па разліве мёду. У хуткім часе тут плануецца распачаць выпуск кандытарскіх вырабаў і мармеладу і стварыць 100 рабочых месцаў. Для Слаўгарада, невялічкага райцэнтра, дзе амаль няма буйной вытворчасці, гэта новыя магчымасці для развіцця, занятасці насельніцтва, росту яго дабрабыту. Для дырэктара прадпрыемства Сяргея Анюхоўскага гэта вельмі важна, бо ён яшчэ і сенатар, а значыць, жыве клопатамі не толькі свайго працоўнага калектыву, але і жыхароў Бабруйска, Асіповіч і Слаўгарада. Яму неабыякава, які будзе заўтрашні дзень, і ёсць разуменне таго, што трэба змяніць да лепшага, каб краіна ўмацавала сваю эканамічную бяспеку. Свае думкі ён збіраецца агучыць на VІ Усебеларускім народным сходзе.


— І я, і працоўны калектыў ААТ «Чырвоны харчавік» з цікавасцю назіраем за падрыхтоўкай да VІ Усебеларускага народнага сходу, — кажа дэлегат. — Як кіраўнік буйнога прадпрыемства са 150-гадовай гісторыяй, магу аўтарытэтна заявіць, што кансалідацыя і паступальны рух наперад — гэта залог стабільнасці. Нашу прадукцыю ведаюць больш чым у 25 краінах свету. Зладжаная работа, заснаваная на пастаяннай механізацыі, абнаўленні і ўкараненні інавацый, гэта заўсёды поспех і, як вынік, дастойная заработная плата. Пераемнасць у калектыве дазваляе забяспечыць устойлівасць да знешніх і ўнутраных пагроз. Сёлета заканчваецца этап мадэрнізацыі фабрыкі праз стварэнне дадатковых магутнасцяў па вытворчасці кандытарскіх вырабаў і мармеладу ў Слаўгарадзе — раёне, які ўваходзіць у паўднёва-ўсходні рэгіён Магілёўскай вобласці. Дзеючы Указ Прэзідэнта і падтрымка фінансавання аблвыканкамам і канцэрнам «Белхарчпрам» стварылі ўмовы для арганізацыі інавацыйнай вытворчасці. Яна дазволіць паменшыць імпарт у краіну кандытарскіх вырабаў і павялічыць глыбіню перапрацоўкі мясцовай пладова-ягаднай сыравіны і мёду, палепшыць якасць харчавання беларусаў, пашырыць геаграфію экспарту. Да канца года ў Слаўгарадзе будзе створана больш за сто рабочых месцаў з годным заробкам.

Падчас сустрэч з калегамі на дыялогавых пляцоўках прагаворваліся пытанні, ад вырашэння якіх залежыць развіццё многіх галін нашай краіны. Выпрабаванне каранавірусам паказала неабароненасць беларускага вытворцы. Знешнія рынкі былі сур'ёзна арыентаваныя на сваіх вытворцаў. Гэта, дарэчы, вельмі правільна, бо падаткі і даходы ад вытворчасці ў такім выпадку застаюцца ў краіне.

Сёння назіраецца прыток танных імпартных прадуктаў харчавання, якасць якіх часта ніжэйшая, чым у айчынных. Мы прывыкаем да паняццяў «транстлушчы», «пальмавае масла», якія не так даўно яшчэ былі нам незнаёмыя. Надышоў час стварыць органы або пашырыць дзейнасць існуючых, каб засцерагаць нашых грамадзян ад нізкаякаснага харчавання. Мы павінны забяспечыць высокую якасць прадуктаў як адзін з фактараў росту працягласці жыцця. У еўрапейскіх краінах, а таксама ў Кітаі, Японіі, сертыфікацыя імпартных тавараў ажыццяўляецца па ўласных нацыянальных стандартах якасці. Імпарт павінен быць вельмі якасны і бяспечны. Дактрына нацыянальнай прадуктовай бяспекі прадугледжвае долю айчыннага вытворцы не менш чым 85 %. Сёння гэта лічба па прадуктах харчавання ў нашай краіне крыху больш чым 77 %. Павінна быць жорсткае патрабаванне да крытэрыяў: не выконваеш палажэнні дактрыны — плаціш павышаныя плацяжы за зямлю пры будаўніцтве, эксплуатацыі гандлёвага аб'екта, каб звышдаходы ад імпарту заставаліся ў мясцовым бюджэце. Расход валютных сродкаў на некрытычны імпарт таксама лічу недапушчальным. Калі імпарцёр траціць валюту, умоўна кажучы, ад продажу цукру на цукеркі, або ад продажу малака на ёгурты — гэта нелагічна. Як варыянт, магчымы продаж валюты іншым імпарцёрам па курсе з камісіяй. Даходы ад продажу валюты з камісіяй акумулююцца ў Беларусі і накіроўваюцца на інавацыйныя праекты.

Яшчэ адно важнае пытанне — гэта дзеючае заканадаўства ў сферы будаўніцтва. За апошнюю пяцігодку шмат зроблена па дэталізацыі заканадаўства будаўніцтва, але як кіраўнік прадпрыемства, які рэалізуе інвестыцыйны праект, лічу, што неабходна працягнуць работу па спрашчэнні ўкаранення інавацый і прыцягненні інвестыцый. Бяспека грамадзяніна, безумоўна, галоўны прыярытэт. Важна, каб будучы праект быў эфектыўны. Залішнія выдаткі павялічваюць тэрміны ўвядзення аб'екта і яго акупнасці. І яшчэ адзін важны момант — павінна быць права на камерцыйную рызыку. На дыялогавых пляцоўках гэта пытанне абмяркоўвалася і яно вельмі актуальнае для многіх кіраўнікоў. Скажу адкрыта, што на прадпрыемстве не заўсёды ўсё атрымліваецца, як запланавана. Памылкі не выключаны. Але, баючыся зрабіць памылку, у выніку можна наогул нічога не зрабіць. Нездарма кажуць, што ніколі не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць. Са свайго боку хачу запэўніць, што кіраўніцтва і працоўны калектыў «Чырвонага харчавіка» забяспечаць далейшае развіццё сучаснай інавацыйнай вытворчасці, якая будзе садзейнічаць росту дабрабыту людзей і выкананню Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны на будучую пяцігодку.

Запісала Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».