Вы тут

У цэнтры асноўных палажэнняў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі — чалавек і якасць яго жыцця


У цэнтры асноўных палажэнняў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі — чалавек і якасць яго жыцця. Пра гэта заявілі спікеры падчас спецыяльнай прэс-канферэнцыі, прысвечанай азначанай тэме.


«Асновы чалавечага патэнцыялу і асобы закладваюцца ў сям'і, таму натуральна, што і прыярытэтам у праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця будзе шчаслівая сям'я, — лічыць начальнік упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына АРЦЁМЕНКА. — Асаблівая ўвага павінна аддавацца шматдзетным сем'ям».

Спецыяліст адзначыла, што такая эфектыўная мера, як сямейны капітал, будзе развівацца і далей. У прыватнасці, прапануецца выкарыстоўваць сямейны капітал на пагашэнне запазычанасці па крэдыце грамадзян, якія самастойна заключылі дагавор на будаўніцтва жылля, на пагашэнне пазык, якія выдаюцца па месцы працы грамадзян на набыццё долі ва ўласнасці, ці набыццё жылля не па месцы пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу. У сферы аховы здароўя сямейны капітал можна будзе накіраваць на набыццё артапедычных вырабаў і тэхнічных сродкаў рэабілітацыі. А вось у сферы адукацыі будуць пашыраны катэгорыі ўстаноў, пры навучанні ў якіх таксама можна будзе яго выкарыстоўваць.

«Нам вельмі важна стварыць асяроддзе, дружалюбнае да сям'і, і для гэтага трэба гарманізаваць баланс «сям'я—работа», — дадала Марына Арцёменка.— Неабходны такія ўмовы, каб нараджэнне дзіцяці не змяняла звыклы ўклад жыцця сям'і, таму мы будзем развіваць гнуткія графікі работы, работу дыстанцыйную і на «аддаленцы». Для гэтага сёлета запланавана карэкціроўка працоўнага кодэкса».

Намеснік дырэктара па педыятрыі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Маці і дзіця» Алена Улезка адзначыла, што задача медыкаў — каб сем'і былі здаровыя. У гэтым кірунку дзяржава ўжо і так зрабіла многае. Напрыклад, у медустановах аказваецца бясплатная медыцынская дапамога, бясплатна забяспечваюцца лекавымі сродкамі дзеці да трох гадоў, дзеці-інваліды да 18 гадоў, бясплатная першая спроба ЭКА. Планамерная работа па ахове мацярынства і дзяцінства дала свае вынікі: на працягу апошніх 20 гадоў узровень мацярынскай смяротнасці знізіўся ў 10 разоў, па паказчыку дзіцячай смяротнасці Беларусь апярэджвае ўсе краіны СНД. Па ўсёй Беларусі працуюць 38 Цэнтраў ранняга ўмяшання, мэтай якіх з'яўляецца ранняе выяўленне парушэнняў развіцця і арганізацыя своечасовай медыцынскай міждысцыплінарнай дапамогі як дарослым, так і дзецям. Аддаецца вялікая ўвага рэпрадуктыўнаму здароўю падлеткаў, для гэтага функцыянуе 54 Цэнтры, дружалюбныя падлетку, у розных рэгіёнах.

«Ва ўмовах падзення нараджальнасці наша задача забяспечыць рэпрадуктыўнае здароўе мужчын і жанчын і стварыць умовы для нараджэння здаровых дзяцей», — падкрэсліла Алена Улезка.

Аб развіцці краіны ў кантэксце моцных рэгіёнаў расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь Уладзіслаў Шапавалаў: «Плануецца выдзяленне пад забудову ўчасткаў з ужо падведзенай інжынерна-транспартнай інфраструктурай. Комплексная забудова будзе ажыццяўляцца адным забудоўшчыкам, дзякуючы гэтаму мы зможам мець адзінае архітэктурнае аблічча і такім чынам выключыць дамы-даўгабуды».

Таксама ў будучай пяцігодцы грамадзянам будуць выдзяляць бязвыплатна нявыкарыстаныя зямельныя ўчасткі для будаўніцтва жылля ў неперспектыўных вёсках. Праўда, будзе ўмова: навесці парадак на ўчастку і на прылеглых да яго тэрыторыях.

Намеснік начальніка навукова-даследчай часткі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, навуковы кіраўнік НДЛ «Камп'ютарнае праектаванне мікра- і нанаэлектронных сістэм» Віктар Стэмпіцкі заўважыў, што падрыхтоўка кадраў з'яўляецца адной з найважнейшых задач для развіцця нашай дзяржавы. Складанасці, з якімі сутыкнулася сістэма вышэйшай адукацыі і школа ў сувязі з пандэміяй, сёння стараюцца пераадолець.

«У бягучым годзе вядзём работы, накіраваныя на развіццё сістэм электроннага навучання, распрацоўваем спецыяльныя адпаведныя нарматыўныя акты, якія рэгламентавалі б адукацыйны працэс па спецыяльнасцях вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай прафесійнай адукацыі», — падкрэсліў ён.

«Акрамя традыцыйных адукацыйных і навуковых кампетэнцый, якія раней прапаноўваліся навучэнцам, мы прапануем на ўзроўні Міністэрства адукацыі пашырэнне навучання студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў у сферы прадпрымальніцкай дзейнасці, — сказаў Віктар Стэмпіцкі. — Для рэалізацыі гэтага праекта прыцягваем заказчыкаў кадраў, а гэта буйныя кампаніі і дзяржаўныя прадпрыемствы, а таксама прыватны бізнес».

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Сям'я, здароўе, жыллё і адукацыя

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.