Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Урок для настаўнікаў, альбо Не сілай  дык спосабам

...Для многіх галоўныя людзі ў жыцці — гэта маці і бацька, бабуля, дзядуля... Для мяне — старэйшая сястра.

Калі па парадку, то ўвосень 1943-га немцы спалілі нашу вёску, мы апынуліся ў бежанцах. Зімой 1944-га памёр тата, а мама, нарадзіўшы мяне, моцна захварэла.

Такім чынам мая старэйшая сястра Жэня ў 22 гады стала глядзець не толькі свайго паўтарагадовага сына Мішу, але і хворую маму, мяне (немаўля), братоў Колю і Лёню (аднаму 6, другому 11) і сястру Тоню (ёй 14)...

Да вось гэтага і неўзабаве на сястру звалілася яшчэ адно вялікае гора: на фронце загінуў муж.

Не ведаю, што ў такіх абставінах рабілі б іншыя, а Жэня (у мінулым, даваенным жыцці, як казалі, рэдкая весялуха і танцорка) узняла гэты крыж і неяк панесла!.. Рабіла — за семярых, прывучала нас да парадку і працы, трымала дысцыпліну, шанавала кожную капейчыну, абжывалася, будавала спачатку зямлянку, потым хаціну, бо даху над галавой у нас не было...

У такіх вось клопатах час, мусіць, і праўда не ідзе, а ляціць...

З часам выляталі з гнязда і мы, Жэніны гадаванцы: ёй 40 не было, калі засталася адна. І няцяжка ўявіць, што тады адчувала. Ну як жа: гадамі і дзень пры дні работа, гаспадарка, хата дзяцей, а тут... «Сама сабе, — як прызнавалася, — нават есці варыць не хачу»...

Карацей, для таго, каб трохі весялей было, Жэня стала браць кватарантак: спачатку старшакласніц, якія хадзілі ў нашу школу з аддаленых вёсак, а потым ужо і настаўнікаў.

Адна пара цікавая была: абодва маладыя, прыгожыя, нядаўна жанатыя... У вёску па размеркаванні прыехалі і жывуць як быццам бы дружна, аднак...

Заўважыла гаспадыня, што муж над жонкай зашмат улады мае: тое не надзявай, з гэтым не сябруй, туды не хадзі, так не рабі... А галоўнае — абое яны працуюць, заробкі роўныя, але фінансамі распараджаецца толькі ён. А жонка...

Збіраецца, напрыклад, у краму, гаспадар ёй спісак складае. Вяртаецца дамоў, — ён правярае, каб хаця капейку лішнюю не спусціла.

Не падабаецца жонцы гэты кантроль, няёмка за мужа, сорамна, што без ягонай згоды насоўку і тую купіць не можа!

...Жэня гэтую крыўду разумела, як, мусіць, ніхто. Пашкадавала Таццяну — захацела ёй дапамагчы. Спытала неяк:

— Можа, хопіць табе цярпець ды тайком слёзы ліць? Вы ж з Валодзем толькі сышліся... І што — да скону ў яго парабчанкай будзеш?

— Дык нічога ж не зробіш, — румзае Таня. — Я ўжо колькі з ім размаўляла, колькі плакала... На словах — як быццам усё разумее, а грошы атрымаю, — ён аж трасецца: аддай... Не сварыцца ж мне з ім, не біцца?

— Не, — згаджаецца гаспадыня, — гэта не выйсце. Я, здаецца, іншы спосаб ведаю? Ты не гаруй і мужу не пярэч: бяры яго спісы, хадзі ў краму, аддавай там Зоі. А я з ёй дамоўлюся, каб тавары табе адважвала (усё тады было рассыпное ды разліўное. — Аўт.) без сведак і кожнага — на сто грамаў менш... Рэшту яна будзе даваць табе медзякамі, але ты гэтыя капейкі не траць — збірай да кучы. Што з імі далей рабіць, я потым скажу. Згодная?

Таня з радасцю кіўнула, выцерла слёзы і далей рабіла ўсё, як сказала Жэня.

Тым часам наступаў Новы год. Гаспадыня з кватаранткай прыбралі ёлачку, накрылі святочны стол. Жэня па нешта ў кухню пайшла, але ж за спінай пачула:

— Таня, зірні пад ёлачку. Там табе падарунак, — сказаў Валодзя.

Жонка ў адказ:

— Не, спачатку ты мой прымі.

Муж быццам язык праглынуў: які гэта падарунак?! Адкуль у Тані грошы?

А яна тым часам — як Жэня вучыла — дастае торбачку медзякоў, высыпае на край стала ды кажа:

— Гэта, Вова, табе... Ты ж любіш... І бачыш: я нядрэнная гаспадыня: умею траціць грошы, умею эканоміць. Дык давай з табою дамовімся, што ў новым годзе ты не будзеш вымушаць мяне хлусіць і саромецца перад людзьмі, не будзеш сачыць за кожнай капейкай...

Валодзю, падобна, як варам аблілі: схапіў паліто, выскачыў з хаты. Жонка памкнулася следам, аднак Жэня схапіла яе за руку, сказала:

— Пастой! Цярпела дагэтуль, пацярпі яшчэ крыху. Хай астыне — пабудзе адзін, хай падумае... Не бойся: нідзе не дзенецца...

І сапраўды — не дзеўся, вярнуўся ў хату. Утраіх яны сустрэлі Новы год і, як ні дзіўна, распачалі новае жыццё. У ім Таццяна сама стала весці гаспадарку і распараджацца грашыма, а галоўнае, паважаць сябе. (Валодзя, дарэчы, таксама нічога не страціў)...

Адпрацаваўшы ў школе належны тэрмін, гэтая пара з'ехала да бацькоў Таццяны.

А да Жэні яшчэ доўга прыходзілі пісьмы: кватарантка не забывалася дзякаваць ёй за добры ўрок.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск.

Не кажы «гоц», калі не пераскочыў

Грошай, мусіць, колькі б ні было, а ўсё роўна, здаецца, мала, бо і тое кроў з носу трэба купіць, і на гэта патраціцца. Ды яшчэ ж і вока зайздроснае: шмат чаго хочацца на іншых гледзячы... Вось і круцяцца людзі, вось і зарабляюць, як хто можа. Адны вяскоўцы плантацыю клубніц саджаюць, каб потым няньчыцца ўвесь час, бо трэба ж і паліць, і падкарміць, і ўратаваць ад птушак... А не ўпільнаваў, страціў ураджай, — значыць, плакалі грошы...

Другія на бульбу яшчэ спадзяюцца. Пасадзяць раннюю пад спанбонд, а потым калоцяцца: каб жа хутчэй узышла, каб замаразкі не ўдарылі, каб жукі не з'елі... А ўрэшце — каму б яе прадаць? Бо трэба ж, каб з выгадай.

...Мая прыяцелька Зіна вырашыла свой бізнес на іншым зрабіць. Што, маўляў, тыя клубніцы ці бульба? Работы — з галавой, а грошай — так сабе, кот наплакаў... Куды надзейней будзе свінаматку пусціць. Глядзіш, праз пэўны час, парасяткі з'явяцца, за іх потым грошы, ды якія! Будзе што ў кішэню пакласці, прычым — без вялікіх затрат: ну трохі лепш хаўронню пакарміць, часцей катух ачысціць... «Спраўлюся, — думала Зіна, — усё ў мяне атрымаецца».

І сапраўды, жнівень на дварэ, а ў хляве ў яе поўная ідылія! Як па заказе дванаццаць парасятак: шэсць парсючкоў, шэсць свіначак — зручна прадаваць паркамі...

І свінаматка разумная (ну як сама гаспадыня!): лычом парасятак убок адсуне, нешта ім па-свойму, па-свінску «скажа», — яны і адбягуцца, чакаюць. А сама памаленьку ўкленчыць, азірнецца, каб каго з малых не прыціснуць, і тады толькі ляжа. Малыя ў радок пры ёй і давай жывіцца... Карціна алеем, як той казаў: глядзеў бы і глядзеў, каб іншых спраў не было ды не карцела пахваліцца, што шэсць парак, ды па дзвесце тысяч (тады нашы грошы яшчэ з нулямі былі), гэта ж разам больш за мільён. А за яго ўжо...

На ўсе патрэбы ў Зіны, можна сказаць, пальцаў не хапала: новую канапу хацела купіць, мяхоў колькі цэменту, каб у двары дарожку заліць, а то сцежка ў дождж раскісае, дачцэ абяцала капейку падкінуць (унучка ў горадзе вучыцца)...

Але ж людзі праўду кажуць: хочаш пасмяшыць Бога, давер яму свае планы.

У Зіны тая раніца да скону будзе ў вачах стаяць, бо адчыніла дзверы хлява, а яе парасяткі — беленькія, як памытыя — радком ляжаць і... не дыхаюць. Мёртвыя ўсе!

Як не звар'яцела жанчына.

...З тога дня маўчыць: калі і мае нейкія планы, то нікому пра іх не кажа. Іншых таксама не слухае — на паўслове спыняе: маўляў не смяшы Бога, не кажы «гоц», пакуль не пераскочыш.

Вось такая гісторыя. Нехта скажа, што яна зусім невясёлая? Для многіх — і сапраўды.

Але ж — калі адбылася  — хто-ніхто з Зінінай вёскі рады быў. Ды што там, можа, і дагэтуль смяецца.

Галіна Нічыпаровіч, Уздзенскі раён.

Ад яе ж. Замест справаздачы.

Вынікі конкурсу на найлепшую вясёлую і праўдзівую гісторыю, змешчаную на старонках «Звязды» ў 2020 годзе, падведзены, ганаровыя дыпломы і прызы пераможцам па пошце адпраўлены. Засталося, здаецца, апошняе: усіх нас пахваліць. «Шчыры дзякуй рэдакцыйнаму журы за мудрае і справядлівае рашэнне, — піша спадарыня Зоя Наваенка з Глыбоччыны. — Ну сапраўды: у некага з чытачоў шмат цікавых гісторый, у некага — дзве ці адна, нехта мастак іх расказваць (нават на паперы і ў вершах!), нехта мо толькі спрабуе сілы... А таму варта павітаць спадарыню Соф'ю Кусянкову, якая загадзя адмовілася ад узнагароды на карысць іншых канкурсантаў. Гэта мудрае рашэнне, бо ўсе мы пішам не дзеля нейкіх сваіх амбіцый, а для таго, каб успомніць перажытае, падзяліцца назапашаным жыццёвым досведам, падарыць усмешку. Хочацца, каб нашы людзі насілі яе на тварах, каб перадавалі адзін аднаму, хочацца, каб у газеты і рубрыкі стала больш чытачоў...»

Кажуць, што з узростам успаміны даражэйшыя, чым надзеі, але ж і без іх...

Конкурс працягваецца. «Улада» не мяняецца: на пасадзе старшынь малога рэдакцыйнага і вялікага чытацкага журы па-ранейшаму застаюцца спадарыні Наталля Карпенка (першы намеснік галоўнага рэдактара газеты) і Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

З беларуска-літоўскай граніцы працягваюць паступаць весткі, ад якіх проста кроў стыне ў жылах. 

Грамадства

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Вызначыцца з выбарам прафесіі і месцам навучання можна да 7 жніўня ўключна.

Спорт

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

У сераду ў Мінск вярнуўся бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у скачках у вышыню Максім Недасекаў.

Грамадства

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

А яшчэ нармальны рабочы дзень, адпачынак і права на «бальнічны»...