Вы тут

Рэлакс па-беларуску


Прысунулася пазаўчора даволі позна ўвечары дадому і, замест таго каб павячэраць ды адпачыць пасля работы, палезла на цёмны балкон шукаць... пластыкавыя накрыўкі ад малочных бутэлек. Спытаеце, навошта? Кроў з носу трэба было замачыць у растворы ўгнаення насенне перцаў, бо назаўтра, згодна з месяцавым календаром, іх належала сеяць. Каб не паблытаць сарты (а сёлета купіла «ўсяго» сем), трэба замачыць іх асобна ў чым-небудзь не вельмі ёмістым. Вось тут шырокія «малочныя» накрыўкі вельмі добра падыходзяць. Калі хтосьці не ведаў — з ахвотай дзялюся ўласным вынаходствам. Карыстайцеся, калі ласка, мне не шкада.


Карацей, пракалупалася я з тым насеннем добрыя паўгадзіны. Нібы гуляеш у лялечны домік — дробныя зярняткі акуратна, па адным (бо ў адным пачку з надпісам «Залатая калекцыя» пляскатых бляклых семачак і было ўсяго шэсць штук) дастаеш, кладзеш у тыя накрыўкі, са шпрыца, каб не пераліць, дабаўляеш тое разбаўленае ўгнаенне. Адно з шасці «залатых» зярнят звалілася-такі на падлогу, давялося літаральна поўзаць, шукаючы яго. Добра, што сведкай гэтых «практыкаванняў» была адно кошка, і тая пазірала на мяне з непрыхаванай пагардай і нават здзекліва...

Назаўтра, калі пачала сеяць, паўгадзінай не абышлося. І зноў — гульня ў гномікаў. Зямлю ў ёмістасці для расады насыпаеш сталовай лыжкай. Мокрае насенне, якое трэба садзіць па два калівы ў касету, бярэш пінцэтам (пальцамі ніяк, насенне да іх ліпне, прычым усё адразу). Засыпаць, паліць яшчэ зверху, накрыць цэлафанам, паставіць на падлозе пад батарэю... Усё. Можна з адчуваннем выкананага абавязку адпачываць...

Можна. Дні тры. Да таго часу, пакуль не заўважыш пад цэлафанам бляклыя нітачкі парасткаў. Тады аперацыя «Расада» ўвойдзе ў сваю актыўную фазу, і спакою ўжо не будзе аніводнага дня. Скрыначкі з парасткамі пераедуць у вялікі пакой на стол каля акна. Кожная раніца будзе пачынацца з «Прывітанне, як вы тут, мае маленькія?» (Калісьці я смяялася з мамы: як можна размаўляць з расадай? А цяпер сама тое ж раблю, прычым яе словамі, і гэта здаецца абсалютна нармальным.) «Гуканне» будзе суправаджацца пільным аглядам: ці не пажаўцеў дзе лісток, ці не пахілілася якое каліва? Увечары, прыйшоўшы ўжо зацемна, толькі паспеўшы распрануцца і памыць рукі, зноў будзеш спяшацца да іх — хутчэй запаліць на стале лямпу з «цёплым» святлом (ім жа, бедным, цёмна!), перакруціць скрыначкі на 180 градусаў, бо за дзень парасткі амаль паляглі, так хіліліся да акна.

У суботу з ранку — асаблівы клопат. Усе пасадкі пераносяцца на вялікі кухонны стол. І пачынаецца: агледзець, падкарміць, падперці асабліва слабенькія (тут зубачысткі ў дапамогу), падсыпаць зямлі (чайнай лыжкай), прычым вельмі асцярожна, ледзь не затаіўшы дыханне, бо ўсё яшчэ такое кволенькае, адзін неасцярожны рух — і няма парастка (а некаторых з іх, калі памятаеце, будзе толькі шэсць у самым лепшым выпадку)...

У  пачатку сакавіка клопатаў дабавіцца: па той жа схеме трэба будзе пасеяць памідоры. Яны пасля будуць расці з перцамі навыперадкі, і гэты расадны штоднёвы і штотыднёвы марафон крыху сцішыцца толькі бліжэй да сярэдзіны красавіка, калі дні стануць даўжэйшыя, сонца — цяплейшае, а сама расада будзе ўжо трывала стаяць на моцных сцяблінах і хоць трохі нагадваць тыя кусты, якімі яна ўрэшце павінна стаць. Тады можна будзе выставіць яе на падаконне на балконе, два разы на тыдзень паліваць са звычайнай палівачкі і хутчэй ужо па прывычцы пытацца: «Як вы тут, мае маленькія?», злёгку праводзячы далонню па крамяных лісціках і ўдыхаючы ледзь улоўны смачны водар свежых памідораў. Пасля ў адзін з майскіх дзён скрыначкі з добрым ужо «гушчаром» пагрузяцца ў багажнік машыны і паедуць у вёску. Там з пачаткам аперацыі «Цяпліца» аперацыя «Расада» паспяхова закончыцца...

...Я вось уяўляю, як многія з вас чытаюць гэтыя разважанні на тэму «Не мела баба клопату...» і задаюць аўтарцы напісанага пытанне, якое нярэдка, калі пра гэта ж заходзіць размова, чую ад калег і знаёмых: «Навошта?» А і праўда — навошта? Каб сказаў не было чым заняцца ў жыцці або каб грошай не хапала. Дык жа не! Шчыра скажу, калі не стала мамы, якая ўсе агародна-насенныя клопаты брала на сябе, я напачатку ўзялася за гэта дзеля яе памяці. Але на наступны год ужо са студзеня, як спрактыкаваны дачнік, пачала заглядаць у месяцавы каляндар: калі там сеяць перцы? Бо гэта для чалавека, які пастаянна працуе ў шалёным рытме, а манітор камп'ютара бачыць больш, чым твары людзей, — такі рэлакс, такі выдатны адпачынак!

Сядзіш сабе, засяроджана калупаешся з насеннем, пасля з кволымі парасткамі — развіваеш дробную маторыку, якая, як вядома, уплывае і на памяць, і на складнасць мовы, і на логіку мыслення. Можна, канешне, дзеля гэтага і пазлы складаць, але тут зусім не тое, не ідзе ні ў якое параўнанне, бо тут ты маеш справу з жывым, і тое жывое абсалютна ад цябе, ад тваёй асцярожнасці ці нязграбнасці залежыць. Пэўна, з-за гэтага ўсведамлення ні пра што лішняе не думаеш, і рухі твае плаўныя і спакойныя, а на душы і ў галаве таксама спакойна і ад гэтага хораша, бо калі яшчэ ў наш шалёны час ды яшчэ ў вялікім горадзе зловіш такі «дзэн»?..

...А можа, гэта проста вясковыя карані аб сабе нагадваюць. Ну і добра, ну і хай сабе. Без іх, без каранёў, як на гэтай зямлі ўтрымацца?..

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: Рэлакс па-беларуску. Насенне перцаў і злоўлены «дзэн»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

З беларуска-літоўскай граніцы працягваюць паступаць весткі, ад якіх проста кроў стыне ў жылах. 

Грамадства

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Вызначыцца з выбарам прафесіі і месцам навучання можна да 7 жніўня ўключна.

Спорт

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

У сераду ў Мінск вярнуўся бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у скачках у вышыню Максім Недасекаў.

Грамадства

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

А яшчэ нармальны рабочы дзень, адпачынак і права на «бальнічны»...