Вы тут

Якубіцкая: Стацыянарныя аб'екты гандлю на вёсцы нішто не заменіць


У сельскай мясцовасці жыхары не маюць такога доступу да ўсіх выгод цывілізацыі, як гараджане. У маланаселеных вёсках закрываюцца стацыянарныя магазіны. Яны эканамічна стратныя, паколькі немалыя выдаткі ідуць на аплату камунальных паслуг, электраэнергію, зарплату прадаўцу, вартаўніку.


— Канешне, кожны кіраўнік суб'екта гаспадарання, бізнесмен, прадпрымальнік лічыць свае грошы і працаваць будзе там, дзе выгадна, прыбыткова. Але я заўсёды настойваю на тым, каб як мага менш аптымізавалася гандлёвая сетка, каб менш закрывалася стацыянарных аб'ектаў гандлю. Мы бачым: закрыўся стацыянарны аб'ект — дзіцячы садок, школа, крама, стала горш для людзей, — лічыць старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая. — Менавіта крама — месца зносін, сустрэч жыхароў, дзе яны, робячы пакупкі, могуць пагутарыць, абмеркаваць мясцовыя навіны.

Аўтакрама — добра, але стацыянарную яна не заменіць.

Наталля Віктараўна шмат ездзіць па вобласці, сустракаецца з людзьмі. І калі яны скардзяцца на тое, што закрылі або збіраюцца закрыць краму, настойліва звяртаецца да кіраўнікоў спажыўкааперацыі, каб яны па магчымасці захавалі аб'ект. Маўляў, хто працуе, хто атрымлівае пенсію, той мае права распараджацца грашыма так, як лічыць патрэбным.

— Мы не павінны людзей у нечым абмяжоўваць, прапаноўваць асартыментны пералік, які, на наш погляд, дастатковы для сельскага жыхара. Чалавек прыйдзе і купіць тое, што яму неабходна, — кажа Наталля Якубіцкая.

Менавіта на ўдасканаленне гандлёвага абслугоўвання, пашырэнне гандлёвай сеткі ў сельскай мясцовасці і накіраваны Указ Прэзідэнта № 345 ад 22 верасня 2017 года «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання». Гэты дакумент прадугледжвае стварэнне спрыяльных умоў для арганізацыі і вядзення бізнесу. Ён дакладна прапісвае, што дзеянне льгот распаўсюджваецца на населеныя пункты і тэрыторыі па-за населенымі пунктамі, якія вызначаюцца рашэннямі абласных Саветаў дэпутатаў.

У Мінскай вобласці праведзена значная работа па вызначэнні населеных пунктаў і тэрыторый, якія падпадаюць пад дзеянне ўказа. Пасля ўступлення ў сілу апошняга было прапанавана распаўсюдзіць прадугледжаныя дакументам ільготы на шэраг тэрыторый і населеных пунктаў Пухавіцкага і Барысаўскага раёнаў. Дэпутаты аднагалосна падтрымалі сфарміраваны пералік. Такім чынам, індывідуальныя прадпрымальнікі і асобныя катэгорыі юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць тут сваю дзейнасць, з 1 студзеня 2018 года змаглі скарыстацца льготамі і прэферэнцыямі. А яны даволі істотныя. Гэта льготы па зямельным падатку, падатку на нерухомасць юрыдычных асоб, падаходным падатку, адзіным падатку, падатку на дабаўленую вартасць, па арэндзе.

Аналіз вынікаў работы за гэты перыяд паказаў, што ў мясцовым гандлі, грамадскім харчаванні ёсць зрухі да лепшага, у тым ліку створаны новыя рабочыя месцы. Рашэннем Мінскага абласнога Савета дэпутатаў ад 23 лістапада 2017 года спіс быў дапоўнены за кошт населеных пунктаў і тэрыторый іншых раёнаў вобласці, на якія распаўсюджваецца дзеянне прадугледжаных указам ільгот для арганізацый гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання насельніцтва.

— У Мінскім аблвыканкаме пастаянна праводзіцца работа па пашырэнні адпаведнага спісу населеных пунктаў і тэрыторый. Так, рашэннем Мінскага абласнога Савета дэпутатаў ад 13 лістапада 2020 года ў пералік унесены змяненні і ўключаны 4706 сельскіх населеных пунктаў (90,8 % ад агульнай колькасці), 88 тэрыторый па-за населенымі пунктамі, тры населеныя пункты, што адносяцца да тэрыторыі малых гарадскіх паселішчаў, на якія распаўсюджваецца дзеянне льгот, прадугледжаных указам, — расказала начальнік аддзела арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінаблвыканкама Алена Чабатар.  Па словах Алены Віталеўны, адзін суб'ект гаспадарання — сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Агракамбінат «Сноў» — скарыстаўся правам ажыццяўлення рознічнага гандлю, доля якога ў аб'ёме рознічнага тавараабароту харчовых тавараў перавысіла 20 % на тэрыторыі Нясвіжскага раёна, у гандлёвых аб'ектах, размешчаных у сельскіх населеных пунктах Нясвіжскага раёна, уключаных у пералік. У межах указа каля 70 суб'ектаў гаспадарання пачало дзейнасць больш як у 220 рознічных гандлёвых аб'ектах. Райвыканкамамі ўзгоднена больш за 400 маршрутаў руху аўтамагазінаў і асартыментнага пераліку тавараў для іх.

— Спіс, які зацвярджалі год таму, мы пашырылі. Калі раней прывязваліся да градацыі населеных пунктаў, колькасці жыхароў у іх, то цяпер разам з галоўным упраўленнем гандлю і паслуг падышлі да справы па-іншаму, — дадае Наталля Якубіцкая. — Былі сабраны ўсе прапановы з раёнаў. Намеснікі старшынь райвыканкамаў, якія курыруюць эканоміку, прапрацоўвалі гэтыя пытанні са старшынямі сельвыканкамаў, насельніцтвам, зацікаўленымі службамі. І ўсе пажаданні, дзе ёсць неабходнасць уключэння населенага пункта ў спіс, мы ўлічылі. Якія асноўныя крытэрыі? Гэта закрыццё аб'екта спажывецкай кааперацыі, яго адсутнасць, неэфектыўная работа, недастатковы асартымент тавараў. Мы вывучылі ўсе пажаданні людзей і пайшлі ім насустрач. Калі ласка, адкрывайце, працуйце. Хай гэта будзе сеткавая, фірменная крама або якая іншая. Указ Прэзідэнта скіраваны на тое, каб не закрываць аб'екты гандлю, а развіваць і ўдасканальваць сістэму.

Дарэчы, цяпер неабходны мінімум тавараў у сельскай мясцовасці прапаноўваюць паштовыя аддзяленні, і з кожным годам асартыментны пералік павялічваецца. У вёску ездзяць аўталаўкі, дзе можна нават заказаць неабходныя прадукты і ў наступны раз іх абавязкова прывязуць. Аднак, як лічыць Наталля Якубіцкая, стацыянарнай крамы нішто не можа замяніць. На першым плане павінен быць клопат аб чалавеку, яго патрэбах.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Не закрываць, а развіваць і ўдасканальваць

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.