Вы тут

Пачынаецца новы сезон конкурсу апавяданняў


«Магутнае слова, ты, роднае слова!

Са мной ты на яве і ў сне;

Душу мне затрэсла пагудкаю новай,

Ты песень наўчыла мяне», — пісаў калісьці вялікі Янка Купала.

З тых часоў роднае, беларускае слова «песень наўчыла» тысячы паэтаў і пісьменнікаў. Кожны год на айчынную ніву прыгожага пісьменства, нягледзячы ні на якія варункі, прыходзяць новыя і новыя аратыя ды сейбіты, а тыя, хто прыйшоў да іх, працягваюць работу. А што на той ніве адбываецца, паказвае ў тым ліку і традыцыйны конкурс апавяданняў газеты «Звязда». Толькі што мы падвялі вынікі мінулага сезона, а цяпер запрашаем усіх ахвотных узяць удзел у новым: паэксперыментаваць з «пагудкаю новай» альбо працягнуць «старую каляіну» — на ваш выбар. Пра конкурс і яго ўмовы мы гутарым з ягоным куратарам, дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура», паэтам, пісьменнікам, перакладчыкам Алесем Бадаком.


— Адразу скажу дэбютантам: не бойцеся дасылаць нам свае творы! — гаворыць Алесь Мікалаевіч. — У конкурсе заўсёды ўдзельнічалі як прызнаныя майстры, той жа народны пісьменнік Іван Шамякін, так і тыя, хто шырокаму колу чытачоў зусім невядомы. Нават школьнікі, успомніць Марыну Яўсейчык, якая вучылася ў дзясятым класе, калі стала пераможцай нашага конкурсу. І канешне, за ўвесь гэты час з'явіліся пэўныя традыцыі, у першую чаргу дзякуючы самім канкурсантам. Недарэмна гэты конкурс часам называюць народным.

— Але ж адбіраюць пераможцаў менавіта прафесіяналы?

— На вынікі ўплываюць не толькі меркаванні прафесійнага журы, але і водгукі чытачоў. Так што заклікаю ўсіх неабыякавых яшчэ больш актыўна ўдзельнічаць у абмеркаванні твораў канкурсантаў. Тым больш што кожны знойдзе тут нешта на свой густ. Пераможцы ілюструюць сваёй творчасцю самыя розныя стылі і кірункі беларускай літаратуры. Гэта і апавяданні, напісаныя ў традыцыйным рэчышчы, і «пошукавыя» рэчы, асабліва калі мы гаворым пра маладых удзельнікаў. Мяне вельмі цешыць, што кожны год у конкурсе адкрываюцца новыя імёны. Узнікае пачуццё, што ўсе мы — і аўтары, і чытачы — робім адну вялікую справу на карысць нашай літаратуры. Усе тэндэнцыі сучаснай беларускай прозы можна прасачыць па «звяздоўскім» конкурсе.

— Але паміж «эксперыментатарамі» і «традыцыяналістамі» заўсёды адбываліся нейкія спрэчкі, пэўнае супрацьстаянне...

— На сённяшні дзень гэта неактуальна. Сучасная беларуская літаратура вельмі разнастайная, шматжанравая. Мне здаецца, што вялікага спаборніцтва паміж тымі, хто спрабуе прыўнесці ў яе нейкія новыя плыні, кірункі, і тымі, хто працуе ў традыцыйным рэчышчы, няма. Мы бачым нават па выніках конкурсу, што перамагаюць вельмі часта адначасова і першыя, і другія. Усё таленавітае — на карысць беларускай прозы.

— Паралельна са з'яўленнем новых імёнаў відавочна, што склалася кола аўтараў, якія рэгулярна бяруць удзел у конкурсе «Звязды»... Сярод іх шмат жыхароў рэгіёнаў.

— Сапраўды, конкурс «Звязды» ахоплівае ўсю Беларусь. І добра, што ёсць аўтары, якія дасылаюць нам свае творы штогод, не здаюцца, нават калі не перамагаюць. Але сярод такіх заўсёднікаў ёсць і неаднаразовыя пераможцы. Гэта таксама для мяне вялікае задавальненне. Бо часам, калі параўнаць, што яны дасылалі, калі ўпершыню ўдзельнічалі ў конкурсе і цяпер, відаць, як за гэты час вырасла іх майстэрства. Нашы неаднаразовыя пераможцы ці фіналісты — звычайна людзі, якія з'явіліся сярод удзельнікаў яшчэ ў якасці непрафесійных пісьменнікаў, вельмі часта — пачаткоўцаў, а цяпер — вядомыя літаратары. Так што «звяздоўскі» конкурс выступае яшчэ і ў ролі літаратурнай школы.

— Мы гаворым пра традыцыі... Але ж, напэўна, ёсць і змены.

— Канешне, і найперш гэта датычыцца саміх твораў, на якія ўплывае эпоха, бо з'яўляюцца новыя рэаліі і, адпаведна, новыя тэмы. Тое, што прыходзіць на «звяздоўскі» конкурс цяпер, гэта літаратура, якая магла нарадзіцца толькі ў ХХІ стагоддзі. І не выключна з-за дэталяў кшталту згадак пра розныя гаджэты. Гэта адчуваецца і па стылі, і па сюжэтах. Героямі часта робяцца не толькі беларусы, але і прадстаўнікі іншых краін свету, а героі-суайчыннікі шмат падарожнічаюць. Праўда, цяпер мы перажываем эпоху пандэміі, калі паездкі прыпыніліся, — і ўпэўнены, рэаліі і гэтай эпохі таксама адлюструюцца ў творах, якія нам яшчэ дашлюць.

— Ці зменяцца на наступны сезон умовы конкурсу?

— Не. Галоўнае пажаданне — каб нашы аўтары прытрымліваліся фармату: апавяданне не павінна быць больш чым на газетную паласу. Заўсёды бывае цяжка адмаўляць аўтарам, якія прысылаюць добрае апавяданне, але памерам ледзь не ў друкарскі аркуш. Таму што скарачаць твор — гэта ўжо выходзіць за рамкі конкурсных умоў. Ды і аўтарам заўсёды непрыемна, калі скарачаюць іх «дзецішча» толькі таму, што апошняе не ўваходзіць у фармат. Карацей, пішыце, эксперыментуйце, шукайце. Усім жадаю поспехаў!

Нагадваем шаноўным чытачам

Даслаць сваё апавяданне можна ў электронным выглядзе на пошту іnfо@zvіаzdа.bу альбо на адрас: газета «Звязда», вул. Б. Хмяльніцкага, 10А, Мінск, 220013, з пазнакай «На літаратурны конкурс» і звесткамі пра сябе. Вы мусіце паведаміць сапраўдныя прозвішча і імя, дакладны паштовы адрас, кантактны тэлефон і поўныя пашпартныя даныя — нумар, кім і калі выдадзены пашпарт, асабісты нумар (гэта для ганарару).

Да творчага спаборніцтва прымаюцца творы на беларускай мове, якія раней нідзе не друкаваліся, аб'ёмам да 10—12 тысяч знакаў. Звярніце таксама ўвагу, што разглядаецца толькі адно апавяданне ад аднаго аўтара. Найлепшыя творы ўбачаць свет на старонках «Звязды». З ліку апублікаваных аўтараў і будуць абраныя лаўрэаты.

Чакаем вашых апавяданняў, цікавых і розных!

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.