Вы тут

Лукашэнка: Сёння краіне як паветра патрэбныя новыя прарыўныя, эфектыўныя, інавацыйныя тэхналогіі


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручае дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара.


Гэта традыцыйная цырымонія напачатку года — своеасаблівае падвядзенне вынікаў мінулага навуковага года. Беларускі лідар назваў яе ўдзельнікаў «атрадам разумных, таленавітых і працавітых прадстаўнікоў навукова-педагагічнай супольнасці».

Ён павіншаваў прысутных з чарговым значным этапам у кар’еры і новым статусам, які адкрывае дадатковыя магчымасці.

«Сёння краіне як паветра патрэбныя новыя прарыўныя, эфектыўныя, інавацыйныя тэхналогіі, — сказаў Прэзідэнт. — Гэта выдатны шанец па-сапраўднаму заявіць пра сябе для тых, хто насамрэч заклапочаны развіццём навукі ды і лёсам нашай Беларусі».

Навука, па словах беларускага лідара, даўно стала не толькі інструментам пазнання, але і рэальнай прадукцыйнай сілай, якая вызначае прагрэс ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці.

«Больш за тое, яна найважнейшы фактар ​​умацавання незалежнасці і суверэнітэту дзяржавы, — дадаў ён. — Узровень развіцця навукі прадвызначае ролю і месца краіны на палітычнай карце свету, магчымасці эканомікі і абараназдольнасць».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што мы жывём у свеце, дзе хутка змяняюцца трэнды, веды і тэхналогіі, і сёння як ніколі ўзрастае значнасць стратэгічных прагнозаў і дакладнасці экспертных ацэнак.

«Мы ставім вялікія мэты на пяцігодку: значна павялічыць навукаёмістасць ВУП, выйсці на ўзровень інавацыйнага развіцця краін-лідараў Усходняй Еўропы. Маем намер прыкметна прасунуцца па такіх напрамках, як інавацыйная ахова здароўя, біятэхналогіі, нацыянальны электратранспарт, разумныя гарады, — сказаў ён. — Аднак без вас — людзей навукі, без вашага актыўнага ўдзелу ў гэтых праектах наўрад ці магчыма іх рэалізаваць».

Асаблівасць сёлетняй цырымоніі — прысутнасць на ёй таксама навукоўцаў, якія зрабілі значны ўнёсак у поспех сваіх калег.

«У гэты прагматычны век дарагога каштуе праца настаўніка, нацэленага на стварэнне навуковай школы і падрыхтоўку маладых навукоўцаў. Гэта па-нашаму, па-дзяржаўнаму», — сказаў Прэзідэнт і звярнуў увагу на найважнейшую ролю настаўнікаў для выпускнікоў ВНУ.

«Калі атрымаў яшчэ сыры матэрыял пасля ВНУ, — сказаў ён пра маладых спецыялістаў — учорашніх студэнтаў. — Там, на вытворчасці, у жыцці, чалавек становіцца сапраўдным спецыялістам, але без настаўніка быць не можа. Дакладна так у вас, або ў нас у навуцы. Я гэта вельмі цаню».

Ён толькі часткова пагадзіўся з ходкім меркаваннем пра тое, што ў Нацыянальнай акадэміі навук мала моладзі, бо вучоныя старэйшага пакалення — «крыніца ведаў» і «сама навука».

«Вельмі задаволены, што старэйшае пакаленне наша вучыць моладзь, і, як мінулы год паказаў, гэта вельмі важна — важна старэйшае пакаленне. Ідзе змена пакаленняў, каб мы нашай моладзі перадалі той вопыт, тыя веды, якія мы назапасілі за доўгі час работы, — сказаў Прэзідэнт. — Веру, што будучыя поспехі вучняў і вашы ўласныя навуковыя перамогі дадуць нам яшчэ шмат падстаў для сустрэч у гэтым Палацы Незалежнасці».

Беларускі лідар пажадаў усім моцнага здароўя, міру, дабрабыту і новых дасягненняў.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што зайздросціць вучоным, бо мала таго, што іх праца непамерна цяжкая, — «у навуцы трэба быць адораным і таленавітым чалавекам».

Ён нагадаў, што ў свой час умацаваў і падпарадкаваў ВАК, каб не дапусціць дэвальвацыі дзейнасці вучоных.

Пасля ўручэння дыпломаў дзевяці дактарам навук і чатырох атэстатаў прафесарам Прэзідэнт заўважыў, што такая цырымонія як даніна павагі кіраўніка дзяржавы навукоўцам — новая традыцыя незалежнай Беларусі.

«Дактароў, прафесараў значна болей, чым прысутнічае сёння за гэтым сталом, і атрымалі ў гэты момант званні, вучоныя ступені значна больш. Але я заўсёды казаў, што мая задача, як першага Прэзідэнта незалежнай Беларусі, — умацаваць тыя традыцыі, якія былі, і сфармуляваць і стварыць новыя традыцыі», — сказаў ён і запрасіў удзельнікаў урачыстасці расказаць пра свае дасягненні і пра тое, якую яны маюць карысць для сённяшняга дня.

Доктар медыцынскіх навук, дацэнт, прафесар кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ Дзмітрый Данілаў атрымаў навуковую ступень за ўсталяванне генетычных фактараў, якія вызначаюць эфектыўнасць лячэння хранічных вірусных гепатытаў В і С, і доказ высокай эфектыўнасці лекавых сродкаў прамога супрацьвіруснага дзеяння, якія вырабляюцца ў Беларусі для лячэння пацыентаў з вірусным гепатытам С. Гэта паўплывала не толькі на тое, што Беларусь аказалася ў ліку краін з найлепшымі поспехамі па доступу насельніцтва да лячэння віруснага гепатыту С, яе дасягненні ў гэтай сферы набылі сусветнае прызнанне, але і на тое, што адмоў у трансплантацыі печані ў нашай краіне стала менш. Гэта значыць, што ў выніку захавана больш чалавечых жыццяў.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што нашай краіне ва ўмовах пандэміі каранавіруса ўдалося ўтрымаць увагу і на лячэнні іншых цяжкіх хвароб.

Начальнік цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, дацэнт Аляксандра Пазняк атрымала доктарскую ступень за стварэнне і ўкараненне мадэлі педагагічных класаў у школах, дзякуючы чаму ў апошнія пяць гадоў удалося выправіць негатыўную сітуацыю з наборам у педагагічныя ВНУ краіны.

У выніку менш выпадковых людзей атрымліваюць прафесію настаўніка, выпускнікі педкласаў лепш вучацца ў ВНУ, часцей становяцца лідарамі і актывістамі, больш асэнсавана выбіраюць спецыяльнасць. Гэты вопыт аказаўся запатрабаваны і ў іншых сферах: ствараюцца аграрныя, спартыўна-педагагічныя класы. Падобным чынам можна выхоўваць абітурыентаў для ваенных і інжынерных ВНУ.

Расказ вучонай стаў нагодай для разваг кіраўніка дзяржавы аб ролі настаўніка ў выхаванні моладзі.

«Усе мы па сваім жыцці настаўнікі, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта — вялікае званне. Знікне настаўнік — не будзе вучоных, спецыялістаў, інжынераў, нават урачоў».

Ён падзяліў заклапочанасць суразмоўцы аб прыніжэнні статусу настаўніка і падкрэсліў іншую небяспеку, якая вынікае з гэтага.

«Падзеі канца мінулага года, паслявыбарныя гэтыя падзеі паказалі, што нам больш сур’ёзна трэба адносіцца да навучання нашай моладзі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Інакш мы атрымаем вельмі вялікія праблемы ў перспектыве, вельмі вялікія».

Калі сітуацыю не ўдасца пераламіць, можа атрымацца вайна, упэўнены лідар.

«І баюся, што ва ўмовах геапалітычнага разлому (пра гэта мы будзем казаць, напэўна, на сходзе яшчэ) мы не зможам утрымацца ў рамках унутранага раздраю, нейкай грамадзянскай вайны, — дадаў ён. — Абавязкова ўмяшаюцца іншыя гульцы. Я часта намякаю: глядзіце, каб наша Беларусь не стала полем бойкі, полем вайны, дзе будуць вырашацца не нашы пытанні».

Менавіта такім чынам развіваюцца канфлікты ў іншых кропках свету, нагадаў беларускі лідар.

«Таму нам трэба сваімі рукамі не прывесці краіну ў гэты хаос. І тут многае будзе залежыць ад выкладчыкаў».

«Мы цяпер вельмі моцна будзем узнімаць ролю мэтавых накіраванняў. Абавязкова будзем гэта рабіць. Нам вельмі важна, каб не толькі ў Мінску канцэнтраваліся (маладыя спецыялісты. — «Зв.»): скончылі ВНУ і тут недзе любым чынам замацаваліся. Нам трэба раўнамерна размяркоўваць па краіне прадукцыйныя сілы», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Самай галоўнай прадукцыйнай сілай кіраўнік дзяржавы назваў настаўнікаў і выкладчыкаў.

«Таму мэтавыя накіраванні будуць набываць вельмі сур’ёзнае значэнне», — падкрэсліў ён.

Профільныя класы педагагічнай накіраванасці Аляксандр Лукашэнка назваў удалым прыкладам прафарыентацыі школьнікаў.

«На гэта варта выдаткоўваць грошы, таму што калі чалавек прыйдзе ў ВНУ і праз некаторы час зразумее, што ён не туды трапіў, а мы на яго выдаткавалі велізарныя грошы, і нам давядзецца потым яго перавучваць, гэта будзе даражэй каштаваць», — перакананы беларускі лідар.

Таксама ён падкрэсліў важнасць практыка-арыентаванага навучання ў ВНУ. Студэнтаў да работы па сваёй будучай прафесіі трэба прыцягваць ужо з другога курса, лічыць Прэзідэнт.

У час размовы навукоўцаў з Прэзідэнтам зайшла гаворка пра сучасныя распрацоўкі ў галіне сельскай гаспадаркі і аховы раслін, што непасрэдным чынам уплывае на пытанні харчовай бяспекі, павышэнне эфектыўнасці ў АПК.

Прэзідэнт падзякаваў вучоным за карысную, цікавую гутарку.

«Паверце, для мяне гэта не проста вопыт, гэта веды. Я вучуся ў вас, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я вельмі цаню хвіліны, гадзіны зносін з вамі, вельмі ўдзячны вам за гэта. Ведайце: наколькі толькі магчыма, мы будзем падтрымліваць вучоных. Не таму што я такі дабрадзей, а таму што без навукі ў сучасным свеце мы нікуды не прасунемся».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што цягам апошніх гадоў у Беларусі шмат зроблена па развіцці розных напрамкаў, і немалая роля ў гэтым належыць навукоўцам, няхай гэта будзе ў медыцыне або сельскай гаспадарцы. У многіх пытаннях кіраўнік дзяржавы ўдзельнічаў асабіста — прымаліся рашэнні, даваліся неабходныя даручэнні.

«Мы гэта ўсё прайшлі. Гэта няпросты быў шлях і перыяд», — канстатаваў ён.

Звяртаючыся да навукоўцаў як да прадстаўнікоў айчыннай эліты, Прэзідэнт параіў узважана ацэньваць падзеі, што адбываюцца і не рабіць паспешлівых высноў.

«Ёсць такія азначэнні, тэрміны ў народзе — “міністр”, “генерал”, “прафесар”. Людзі, якія носяць партфель міністра, з’яўляюцца прафесарам, генералам, яны не маюць права на неабдуманыя ўчынкі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Вы людзі адукаваныя, вы фармуеце меркаванні людзей, вы — твар дзяржавы, вы і павінны абараняць гэту дзяржаву».

Даведка «Звязды»:

У 2020 годзе Вышэйшая атэстацыйная камісія Рэспублікі Беларусь прысудзіла вучоную ступень 347 суіскальнікам, з іх 40 — доктара навук, 307 — кандыдата навук.

Уладальнікамі вучоных ступеняў сталі 34 замежнікі з 9 дзяржаў (Кітай, Расія, В’етнам, Лівія, Украіна, Венесуэла, Грузія, Казахстан, Туркменістан).

Сярэдні ўзрост суіскальнікаў вучонай ступені кандыдата навук — 35,5 года, доктара навук — 49,8 года.

Найбольшая колькасць вучоных ступеняў прысуджана ў медыцынскіх (19 %), тэхнічных (19 %), эканамічных (11 %), фізіка-матэматычных (10 %), філалагічных (7 %), педагагічных (6 %), біялагічных (5 %), гістарычных (5 %), сельскагаспадарчых (5 %) і юрыдычных (4 %) навуках.

Вучонае званне прафесара ў 2020 годзе прысвоена 31 суіскальніку, дацэнта — 313. Летась ВАК настрыфікаваў (прыраўняў) 21 дакумент аб вучоных ступенях і званнях, якія былі выдадзеныя атэстацыйнымі органамі Расіі, Кітая і Украіны.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Асабісты погляд на тыя каштоўнасці, без якіх немагчыма паўнавартаснае жыццё жанчыны, незалежна ад узросту і статусу. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

ДЗЕВА. На гэтым тыдні вас чакаюць прыемныя сустрэчы і зносіны з цікавымі людзьмі.

Грамадства

Даведаліся, колькі каштуе букет на 8 Сакавіка

Даведаліся, колькі каштуе букет на 8 Сакавіка

Ці прынята ў нас дарыць «мільён алых руж» каханай?