Прызнанне Вашынгтонам суверэнітэту Марока над Заходняй Сахарай можа быць адменена падчас прэзідэнцтва ў ЗША Джо Байдэна. Надзею на гэта выказалі ўлады Сахарскай Арабскай Дэмакратычнай Рэспублікі, паведаміла Sahara Press Servіce. Прадстаўнік фронту POLІSARІO ў Францыі Мухамед Сідаці завіў: «Спадчына [45-га прэзідэнта ЗША] Дональда Трампа — цяжкая, але мы не трацім надзеі, паколькі новая адміністрацыя Байдэна выказала гатоўнасць перагледзець усё, што было зроблена яго папярэднікам». Пакуль жа мясцовыя жыхары кожны дзень рызыкуюць апынуцца пасярод жорсткіх баявых дзеянняў. Чаму ў Афрыцы можа ўспыхнуць яшчэ адна вайна?
Перамір'е скончылася
Тэрыторыя сучаснай Заходняй Сахары доўгі час належала Іспаніі. У 1975 годзе Мадрыд адмовіўся ад гэтай тэрыторыі і падзяліў яе паміж Марока і Маўрытаніяй — насуперак рэзалюцыі ААН аб праве былых калоній на самавызначэнне. Тады таксама ўмяшаліся ЗША: яны спалохаліся, што ўлада дастанецца Народнаму фронту за вызваленне Сегіет-эль-Хамра і Рыа-дэ-Ора (POLІSARІO), які актыўна змагаўся за незалежнасць Заходняй Сахары, згадала lenta.ru.
У адказ паўстанцы абвясцілі на спрэчнай тэрыторыі Сахарскую Арабскую Дэмакратычную Рэспубліку (САДР) і пачалі вайну супраць Марока з Маўрытаніяй. Тады іх падтрымалі Алжыр, Куба і Лівія. Маўрытанія ў выніку ад сваіх прэтэнзій на землі адмовілася, а Марока працягнула барацьбу — зноў-такі не без дапамогі ЗША, а таксама Францыі. Шматгадовая вайна для POLІSARІO не скончылася нічым: у 1991-м ім давялося дамовіцца аб спыненні агню. Марока дасталося 80 працэнтаў тэрыторыі Заходняй Сахары, тыя, што засталіся (20 працэнтаў), адышлі паўстанцам. Вялікая частка гэтых тэрыторый — пустыня.
Варта адзначыць, што цяпер САДР — часткова прызнаная дзяржава. Незалежнай яе лічаць 84 члены ААН. Рэспубліка з'яўляецца членам Афрыканскага саюза, а яе прэзідэнт — генеральны сакратар POLІSARІO. З 2016 года гэта Брагім Галі.
У канцы мінулага года тут пачаліся заўважныя ўзрушэнні. 14 лістапада POLІSARІO абвясціў, што 29-гадовае перамір'е з Марока скончылася. Лідар САДР заявіў, што арганізацыя больш не будзе выконваць умовы дагавора. Хутчэй за ўсё, прычынай стала назапашанае напружанне з-за пратэстаў мясцовага насельніцтва, бясконцых тупіковых перагавораў з Марока і неадназначных дзеянняў з яго боку. Каралеўства, напрыклад, не раз запускала дроны над Заходняй Сахарай дзеля «барацьбы з экстрэмістамі».
Між тым сітуацыя працягвала абвастрацца. ЗША вырашылі аб'явіць аб суверэнітэце Рабата над спрэчнай тэрыторыяй менш чым праз месяц — 10 снежня 2020-га. У прэс-рэлізе Белага дома растлумачылі, што незалежнасць Заходняй Сахары ў любым выпадку нерэалістычная. Афіцыйны Вашынгтон заўважыў, што вырашыць канфлікт можна толькі з дапамогай «сапраўднай аўтаноміі ў рамках суверэнітэту Марока». Так адміністрацыя Трампа імгненна распарадзілася лёсам 600 тысяч жыхароў рэгіёна — «кавалачкам» зямлі памерам з Вялікабрытанію.
Прынада для інвестараў
Палітыка ЗША ў дачыненні да Заходняй Сахары з прыходам да ўлады новага прэзідэнта Джо Байдэна наўрад ці прынцыпова зменіцца. Для Трампа пытанне было разменнай манетай: мэтай быў не мір у рэгіёне, а дапамога стратэгічнаму саюзніку — Ізраілю. Улады Марока пагадзіліся на нармалізацыю адносін з яўрэйскай дзяржавай у абмен на прызнанне свайго суверэнітэту над запаветнай тэрыторыяй.
Еўрасаюз і ААН раскрытыкавалі дзеянні Вашынгтона і паабяцалі не змяняць прынятыя рашэнні па рэгіёне падобна ЗША. Аднак на пазіцыі амерыканцаў гэта ніяк не адбілася. У Белым доме нават паабяцалі заахвочваць сацыяльна-эканамічнае развіццё Заходняй Сахары і дзеля гэтага вырашылі адкрыць консульства ў горадзе Дахле (знаходзіцца ў частцы рэгіёна, якая кіруецца Марока), адзначыла lenta.ru.
У студзені 2021-га Дахлу наведаў пасол ЗША ў Рабаце Дэвід Фішэр і памочнік дзяржсакратара ЗША па справах Блізкага Усходу Дэвід Шэкнер. Іх візіт адзначыў пачатак работ па стварэнні мясцовага дыпламатычнага прадстаўніцтва. «Для мяне вялікі гонар наведаць гэты прыгожы і неверагодна важны для Марока рэгіён, каб распачаць працэс устанаўлення дыпламатычнай прысутнасці ЗША», — адзначыў Фішэр. Свой візіт ён палічыў «чарговай важнай вяхой» у 200-гадовай гісторыі дружбы паміж краінамі.
У каралеўстве адказалі ўзаемнасцю. Кіраўнік мараканскага МЗС Насер Бурыта заявіў, што Рабат нарэшце адчувае ў сабе сілы для барацьбы за рэгіён, — усё дзякуючы «дапамозе сяброў». «Мы цэнім такія жэсты. Консульства ў Дахле адкрые новую главу ў гісторыі, адкрые дзверы для міжнароднага гандлю», — расказаў журналістам кіраўнік рэгіянальнага савета горада Хатат Янджа. Ён з нецярплівасцю чакае прыбыцця чарговай дэлегацыі з ЗША, каб з яе дапамогай пераканаць турыстаў у прывабнасці горада. Па словах кіраўніка савета, Дахла можа прапанаваць замежнікам пляжы, заход сонца неверагоднай прыгажосці і тавары высокай якасці.
Міжнародных інвестараў чакаюць сферы турызму, аднаўляльных крыніц энергіі і рыбалоўства. Зрэшты, хутчэй за ўсё прапанаваць інвестарам у Заходняй Сахары могуць менавіта рыбалоўства: порт Дахла жыццёва важны для мясцовай эканомікі, там працуе каля 70 працэнтаў рабочай сілы ўсяго горада. Тысячы лодак штогод прывозяць па паўмільёна тон рыбы, аб'ём гадавога экспарту складае 249 мільёнаў долараў.
Цяжкі выбар
Фактычна эканомікай рэгіёна займаецца Марока — цэнтр і кантралюе горад-порт Дахла. Пры гэтым магчымасці Рабата, які пабудаваў асноўную частку мясцовай інфраструктуры і заклікаў мараканцаў актыўна сяліцца ў горадзе, усё ж лімітаваныя. З-за рашэнняў ААН Марока абмежаваны ў магчымасці экспартаваць свае рэсурсы і адчувае цяжкасці пры заключэнні гандлёвых здзелак.
Плюсы рашэння ЗША аб прызнанні суверэнітэту Марока заканчваюцца на прывідных перспектывах узлёту эканомікі. Калі сітуацыя абвострыцца, рэгіён чакае зацяжная кровапралітная вайна — яе пагроза і так пастаянна навісала над мясцовымі жыхарамі.
Прадстаўнік POLІSARІO ў ААН Сідзі Амар заклікаў амерыканскага прэзідэнта Байдэна ўсё ж такі адмяніць рашэнне Трампа. «ЗША не могуць адначасова падтрымліваць рашэнне ААН адносна канфлікту ў Заходняй Сахары і пры гэтым зацвярджаць суверэнітэт Марока над рэгіёнам», — лічыць ён.
Зрэшты, наўрад ці Байдэн зробіць выбар на карысць паўстанцаў. Між тым, як лічаць эксперты, рашэнне канфлікту паміж Марока і Заходняй Сахарай ляжыць на паверхні: трэба проста абвясціць рэферэндум, які павінен быў адбыцца яшчэ ў 1991 годзе. Тады ААН нават стварыла адмысловую місію па правядзенні галасавання.
Сідзі Амар пагаджаецца з такой пазіцыяй і заклікае як мага хутчэй вырашыць праблему. Паводле яго слоў, ААН даўно ігнаруе магчымасць пачатку новага кровапраліцця ў рэгіёне. Амар адзначыў, што на самай справе ў Заходняй Сахары пануе хаос. Афрыканскія назіральнікі таксама асцерагаюцца, што ў рэгіёне можа распачацца маштабная вайна.
Небяспека кровапраліцця ўсё больш яўная: у канцы студзеня сілы POLІSARІO нанеслі чатыры ракетныя ўдары па буфернай зоне Гергарат, якая знаходзіцца пад юрысдыкцыяй Марока. Арганізацыя абяцае, што гэта далёка не канец. Генеральны сакратар міністэрства бяспекі САДР Ульд Укал расказаў, што працягне ўзброеную барацьбу, хоць і разлічвае на міжнароднае супрацоўніцтва.
«Мы чакалі 30 гадоў — 30 гадоў пустых абяцанняў, увільванняў і невыноснага чакання», — заўважыў старшы супрацоўнік службы бяспекі POLІSARІO Сідзі Ульд Лукал. Арганізацыя лічыць усю тэрыторыю Заходняй Сахары зонай баявых дзеянняў.
Адкуль пагроза?
Пры гэтым высокапастаўленыя чыноўнікі ў Рабаце адмаўляюць небяспеку вайны. Па іх словах, ніякай шкоды зоне Гергарат нанесена не было, і наогул там быў усяго толькі пажар. «У асобных бакоў ёсць жаданне развязаць вайну, вайну прапаганды, вайну сродкаў масавай інфармацыі. Яны кажуць пра існаванне вайны ў Сахары, але на самай справе сітуацыя нармальная», — адзначыў адзін з мараканскіх чыноўнікаў, паведаміла lenta.ru.
Рашэнне Вашынгтона па Заходняй Сахары ўзрадавала мараканскіх яўрэяў: бо дружба Рабата і Тэль-Авіва выльецца ў адкрыццё прамых авіязносін. Па некаторых падліках, у каралеўстве яўрэяў каля трох тысяч — менш за працэнт насельніцтва. Пры гэтым сваёй прарадзімай рэгіён лічаць каля 700 тысяч чалавек.
Член мараканскай яўрэйскай абшчыны Фані Мергуі расказаў, што ўжо пакуе валізкі. «Я такі шчаслівы. Гэта сапраўдная рэвалюцыя», — захапляецца ён. Па словах мужчыны, дабрацца з Рабата да Тэль-Авіва можна будзе за пяць гадзін. Звычайна лётаць прыходзілася з перасадкамі — шлях мог расцягнуцца на цэлыя суткі. Пры гэтым нямала членаў яўрэйскай абшчыны жывуць на дзве краіны, частка ў Марока, іншая — у Ізраілі. Цяпер яны разлічваюць як мага хутчэй убачыць родных.
Нягледзячы на знешняе супрацьстаянне арабаў і ізраільцян, адносіны паміж Марока і Ізраілем у апошнія гады ўсё-такі не былі перарваныя цалкам. Не спыняўся і двухбаковы гандаль: па некаторых звестках, яго аб'ём з 2014 да 2017 года склаў 149 мільёнаў долараў.
Галоўная пагроза вайны ў рэгіёне на самай справе зыходзіць не ад мараканцаў, ЗША і нават не ад паўстанцаў. Абвастрэнне канфлікту ў Заходняй Сахары пагражае ўмяшаннем і канфліктам паміж іншымі зацікаўленымі краінамі. Напрыклад, POLІSARІO і САДР дагэтуль падтрымлівае суседні Алжыр. У гэтай краіне больш як 180 тысяч сахраві — прадстаўнікоў народа, які пражывае на тэрыторыі Заходняй Сахары і выступае за аддзяленне ад Марока.
З іншага боку, падтрымаць мараканскі ўрад гатовыя ў Гамбіі. Па словах генеральнага консула краіны Усмана Баджа, апошняя ўдзячная за падтрымку: Рабат дапамагае ёй будаваць новыя адміністрацыйныя будынкі, дае гранты студэнтам. «Я думаю, рашэнне Штатаў толькі справакуе гвалт. Гэта прымусіць мясцовую моладзь злавацца, мабілізаваць сілы і настройвацца на вайну», — лічыць дырэктар міжнароднай крызіснай групы па Паўночнай Афрыцы Рыкарда Фабіяні.
Нягледзячы на гучныя заявы палітыкаў з усіх бакоў, насельніцтва Заходняй Сахары засяроджана на сваіх справах і праблемах. Жыхары Дахлы працягваюць хадзіць на работу, прадаваць апельсіны, наведваць крамы і вячэраць у кафэ. Іх жыццё цяпер напоўнена пагрозамі і чаканнем вайны, якая можа прыйсці як з Рабата, так і з Алжыра. Зрэшты, насуперак усяму яны працягваюць займацца звыклымі справамі. Прынамсі пакуль.
Захар БУРАК
Фота з адкрытых крыніц
Кожны дзень тут, як і ў звычайнай школе, праходзіць па раскладзе.
Як валанцёрскі рух падтрымлівае чатырохлапых «сяброў».
Стральцам трэба звярнуць увагу на знакі, якія пасылае лёс.