Вы тут

«Мастацтва кнігі»: Нацыянальны конкурс праходзіць у 60-ы раз


Міністэрства інфармацыі нашай краіны многія дзесяцігоддзі падтрымлівае і развівае такі ўражальны творчы праект, як нацыянальны конкурс «Мастацтва кнігі». Сёлета ён праходзіць у 60-ы раз! Вынікі будуць агучаны на традыцыйнай Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы. У гэтым годзе яна адбудзецца з 18 па 21 лютага.


Удзел у конкурсе, галоўнай мэтай якога з'яўляецца вызначэнне найлепшых выдавецкіх праектаў, што сталі падзеяй у нацыянальным кнігавыдавецтве, узялі 30 беларускіх выдавецтваў рознай формы ўласнасці. Было пададзена 214 выданняў. На папярэднім этапе для разгляду журы адабралі 95 кніг 16 выдавецтваў. Варта заўважыць, што найбольш выразна высокі ўзровень мастацкай і паліграфічнай культуры характарызуе прадукцыю дзяржаўных выдавецтваў. Іх асветніцкая, кніжная місія ў многім звязана і з выпускам сацыяльна значнай літаратуры, тых кніг, якія выконваюць у грамадстве асаблівую выхаваўчую ролю. І дзяржвыдавецтвы імкнуцца падыходзіць да рэалізацыі такіх праектаў творча.

На конкурсе «засвяцілася» шмат літаратуры, якая расказвае пра міжнародныя адносіны Беларусі, пра судакрананне беларускай культуры з усім светам.

— Надзвычай шмат цікавых з мастацкага, дызайнерскага пункту гледжання кніг, адрасаваных дзецям рознага ўзросту, — расказвае начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Уладзімір АНДРЫЕВІЧ. — Нават па намінацыі «Разам з кнігай мы расцём» журы было досыць цяжка прыняць рашэнне.

— Дарэчы, а ў якіх намінацыях разглядаліся выданні на конкурсе «Мастацтва кнігі»?

— «Мая Беларусь», «ЛІТ-фармат», «Падручнік новага стагоддзя», «Фотапогляд», «Залатыя скрыжалі», «АРТ-кніга», «Навука і веды», «Духоўнасць». Гэта што да тэматычных намінацый. А ёсць яшчэ спецыяльныя намінацыі — «За ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны», «Сцяжынкамі роднага краю», «Садружнасць», «У люстэрку часу», «Беларусь памятае». Паверце, працаваць у журы, старшынёй якога з'яўляецца рэктар Беларускай акадэміі мастацтваў, доктар мастацтвазнаўства, вядомы даследчык беларускай кніжнай графікі Міхаіл БАРАЗНА, было надзвычай складана. Але беларуская кніга вартая гэтага!..

А пра пераможцаў, пра тое, хто будзе ўганараваны Гран-пры конкурса ў намінацыі «Трыумф», мы даведаемся на ХХVІІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, якая будзе працаваць з 18 да 21 лютага.

Кастусь Ладуцька

Фота Кастуся Дробава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».