Вы тут

Маёмасць у свабодным доступе. Як абараніць сваё дабро?


Напэўна, многія бывалі ў сітуацыі, калі з кішэні ці сумкі выцягнулі кашалёк у транспарце, на рынку, іншым шматлюдным месцы. У такім выпадку вы пацярпелі ў выніку вераломных дзеянняў зламыснікаў. Сваю злачынную тэхніку яны адпрацоўваюць гадамі, такім прафесійным прыёмам не вельмі проста супрацьстаяць. Альбо калі злодзей пранікае ў кватэру, папярэдне высачыўшы адсутнасць гаспадароў... Але ці ведаеце вы, што каля 60 працэнтаў крадзяжоў ажыццяўляецца шляхам свабоднага доступу? Як той казаў, бяры — не хачу.


Пра даму з сабачкам і даму з калье

Прынамсі, так было на працягу мінулага года на Брэстчыне. Паводле звестак аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Брэсцкага аблвыканкама, за год у рэгіёне зарэгістравана крыху больш за 2300 крадзяжоў. Больш за палову з іх здзейснена з-за неабачлівасці грамадзян, альбо як кажуць у міліцыі, шляхам свабоднага доступу. Схема найбольш простая і найбольш распаўсюджаная: зайшоў у госці да новага знаёмага, выпіў, а калі гаспадар крыху асалавеў ці канчаткова страціў пільнасць, прыхапіў нешта каштоўнае «на памяць».

Некалькі гадоў таму мне давялося пісаць пра даволі кур'ёзны выпадак у адным з брэсцкіх двароў. Там нейкая дама нават не з сабачкам, а з двума сабачкамі надзвычай каштоўных парод пазнаёмілася з выпадковымі, але вясёлымі хлопцамі. Яны шчодра пачаставалі даму гарэлкай, а калі ўпэўніліся, што яна не ў стане хутка пабегчы за імі, забралі сабак за павадкі і ўцяклі. Злёгку працверазеўшы, яна прыбегла ў міліцыю, патрабавала знайсці злодзеяў, сабакі ж былі даволі дарагія. Той крадзеж раскрылі, бо выкрадальнікі жылі не так далёка. А каб яны былі, скажам, іншагароднія, пасадзілі ў машыну жывы тавар і з'ехалі, наўрад ці ўбачыла б яна больш сваіх гадаванцаў.

А сёлета ад сябра-сабутэльніка пацярпела яе прыкладна равесніца. І верыла ж гэтаму злыдню, можна сказаць, да апошняга, не хацела на яго скардзіцца. Але ж, як вядома, і анёльскаму цярпенню некалі прыходзіць канец... Гэты краў не сабак, а пярсцёнкі і завушніцы з каштоўнымі камянямі. Іх пазнаёмілі сябры, і 26-гадовы малады чалавек стаў часта бываць у новай 40-гадовай сяброўкі. Ён ведаў, дзе яна захоўвае ўпрыгажэнні, і аднойчы паціху забраў іх ды занёс у ламбард. Калі жанчына даведалася пра гнюсны ўчынак, то заяўляць ў міліцыю не стала, пашкадавала. Ён жа мае судзімасць, яе заява аўтаматычна азначала б новы тэрмін зняволення. Адным словам, сама пайшла ў той ламбард і выкупіла свае рэчы. Думала, ён усвядоміць, будзе ўдзячны. Ён і рабіў такі выгляд, у нагах валяўся. Прабачэння прасіў... А сам тым часам падабраў танную біжутэрыю, падобную на каштоўнасці сваёй прыяцелькі, і замяніў ёю арыгіналы. Ну а іх, як вы зразумелі, зноў аддаў пад залог. Гэтым разам яна ўчыніла скандал, запатрабавала вярнуць рэчы, а калі ён не зрабіў гэта, напісала заяву. Мараль гэтай байкі відавочная — трэба выбіраць знаёмых з розумам, як сабутэльнікаў так і кавалераў.

Махляры ў масках

Шмат і на ўсіх узроўнях гаворыцца пра недастатковую пільнасць пажылых грамадзян, з-за якой яны неаднойчы становяцца ахвярамі прадпрымальных злыдняў. Але ж бабулі з дзядулямі заўсёды рады новаму суразмоўцу, нярэдка пакутуюць ад недахопу стасункаў, нават калі яны жывуць не ў аддаленай вёсцы, а ў даволі вялікім горадзе. Ды і не так лёгка зразумець, хто перад табой: чалавек з добрай душой ці адпеты прайдзісвет, асабліва калі твар прыкрыты маскай. Махлярам гэты масачны рэжым як падарунак нябёсаў. Прыкрыюць свой бессаромны твар і стукаюць у дзверы да старых.

Адна такая ў кастрычніку пазваніла ў дзверы прыватнага дома да 90-гадовай жыхаркі Баранавіч. Незнаёмка адрэкамендавалася супрацоўніцай Брэсцкага аблвыканкама, стала гаварыць пра дабрачынную акцыю для пажылых людзей, паказваць спіс прозвішчаў людзей, якіх трэба наведаць «супрацоўніцы» з падарункамі. Пенсіянерка пусціла візіцёрку ў дом. І скарыстаўшыся прысутнасцю маладой ды здаровай кабеты, папрасіла яе адкрыць слоік з агуркамі, бо сама займалася гэтым пару хвілін таму, але не вельмі атрымлівалася. Госця з задавальненнем дапамагла старой. Гэта спатрэбілася потым крыміналістам.

Адкрыўшы агуркі, «дабрачынніца» стала выцягваць з пакета адзенне з прапановай прымераць і пакінуць тое, што падыдзе. Пажылая жанчына трохі сумелася: па-першае, фасоны былі не зусім яе, а па-другое, адзення і так хапае. Ёй бы тут насцярожыцца, але ўмелая маніпулятарка разыгрывала партыю нібы па нотах, да таго ж вельмі хутка. Яна сказала, што пенсіянерка можа пакінуць усё адзенне, яно ж новае, потым старая разбярэцца, каму падарыць, а ўзамен папрасіла толькі невялікі ўзнос у памеры пяці рублёў. Калі пажылая жанчына зайшла ў другі пакой, дастала з шафы пакет з грашыма, дастала купюру, зламысніца ўвесь час хадзіла за ёй, збівала з толку, блытала іншымі просьбамі і камандамі: то трэба было распісацца ў ведамасці, то нешта зверыць, то ёй самой знайсці здачу. А потым выбрала момант, паказала рукой убок, і калі жанчына павярнула галаву, выхапіла пакет з грашыма, а старую моцна адштурхнула. Добра, што ў Ніны С. побач стаялі хадункі, і яна паспела за іх ухапіцца, бо падзенне пагражала б інваліду другой групы сур'ёзнымі наступствамі для здароўя.

Калі пенсіянерка крыху ачомалася, зразумела, што махлярка ўкрала 500 рублёў, яна пачала крычаць, клікаць на дапамогу. Яе пачулі рабочыя, што побач рамантавалі дарогу, яны і выклікалі міліцыю.

Тады і спатрэбіўся слоік з агуркамі, які візіцёрка ўслужліва адкрыла, каб усыпіць пільнасць ахвяры. «Пальчыкі» зладзейкі былі ў базе. Аказалася, што 41-гадовая беспрацоўная шматдзетная маці ўжо не раз сядзела за крадзяжы, махлярства, рабаўніцтва. Калі да яе наведаліся аператыўнікі, яна моцна спала пасля добрай дозы спіртнога, у такім жа стане быў і муж. Частку грошай яны паспелі прапіць. Рабаўніца была затрыманая, заведзена крымінальная справа, чарговая ў яе біяграфіі.

На прыкладзе гэтай справы супрацоўнікі аддзелаў унутраных спраў зноў нагадваюць пажылым людзям аб тым, што не трэба пускаць у дом медыцынскіх работнікаў, работнікаў сацыяльных і іншых службаў, не ўпэўніўшыся ў іх сапраўдным дачыненні да названых службаў. Для гэтага пад рукой павінны быць тэлефоны названых арганізацый, каб праверыць законнасць візіту супрацоўніка. У іншым выпадку можна папрасіць візіцёра зайсці пазней, калі дома будуць маладзейшыя члены сям'і.

Пад матрацам — ненадзейна

У Брэсце ў канцы мінулага года затрымалі групу серыйных злодзеяў, якія мэтанакіравана ішлі ў прыватны дом і выносілі толькі грошы і каштоўнасці. Такім чынам у адной брастаўчанкі з дому вынеслі 7 тысяч долараў, 1,4 тысячы еўра, 100 тысяч расійскіх рублёў, упрыгажэнні. У другой заяўніцы ўкралі амаль 1,7 тысячы ўмоўных адзінак. Абедзве жанчыны, выходзячы з дому, не ўключылі ахоўную сігналізацыю.

Двое раней асуджаных зламыснікаў дзейнічалі вельмі акуратна. Яны пранікалі ў дом, як правіла, праз веранду і не пакідалі ніякіх слядоў. Пацярпелыя нават не адразу заўважалі прапажу. А злодзеі бралі толькі грошы і каштоўнасці. У гэтай сувязі праваахоўнікі папярэджваюць, што злодзеі найперш правяраюць шафы, шукаюць схованкі сярод адзення і пасцельнай бялізны, абследуюць тумбачкі і ложкі, шукаюць грошы пад матрацамі, затым правяраюць антрэсолі, на паліцах шнораць сярод кніг. Таму грошы ўсё ж надзейна захоўваць у банку альбо прыдумваць адмысловыя схованкі, якія злодзею не прыйдуць у галаву.

Яшчэ на што звярнулі асаблівую ўвагу ў аддзяленні грамадскіх сувязяў УУС, гэта на неабходнасць паклапаціцца пра маёмасць у дачных дамах. Гаспадары, як правіла, закрыюць дом у садовым таварыстве на замок і не наведваюць яго ўсю зіму. А зладзюжкі тым і карыстаюцца, іх здабычай становяцца бытавая тэхніка і электрапрыборы, прадукты харчавання, вырабы з металу, газавыя балоны. У асобных выпадках цягнуць нават мэблю, забіраюць пасцельную бялізну і адзенне. Дапамагчы можа ахоўная сігналізацыя альбо надзейныя дзверы з замкамі, а на вокны давядзецца мацаваць аканіцы альбо металічныя рашоткі. Да таго ж дарагую тэхніку і інструмент лепш забіраць на зімовы сезон у горад, каб не спакушаць зламыснікаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».