Вы тут

Мусіенка: УНС будзе праходзіць у цалкам іншай сацыяльна-палітычнай абстаноўцы


Сяргей Мусіенка, кіраўнік Аналітычнага цэнтра ЕсооМ, член праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі:


Фота: ctv.by

— Гэты Усебеларускі народны сход будзе праходзіць у цалкам іншай сацыяльна-палітычнай абстаноўцы. Беларусь унутрана змянілася — памянялася наша стаўленне шмат да чаго… На маю думку, сярод асноўных тэм, якія будуць абмяркоўвацца, — падзеі, што адбываюцца апошнім часам не толькі ў нас, але, напрыклад, у Расійскай Федэрацыі, у некаторых іншых краінах. Таму што без разумення таго, чаму гэтыя з’явы маюць месца ў сучасным свеце, мы не зможам рухацца далей. На гэта накладваецца і тая ж кадравая палітыка, і пытанні развіцця сацыялогіі, і, вядома, культуры. Усё гэта базавыя рэчы для нашай краіны. Немалаважнае пытанне — адносіны ў грамадстве. Бясспрэчна, краіна будзе працягваць усталяваную сацыяльную палітыку, але якім чынам гэта трэба рабіць зараз і ў найбліжэйшы час? Якімі маюць быць абавязкі грамадзяніна? Ці павінна дзяржава несці сацыяльную адказнасць за тых, хто выступае супраць яе палітыкі? Пытанняў вельмі шмат. Але што тычыцца інфармацыйнага парадку, то выразнага і зразумелага супрацьстаяння не відаць. На інфармацыйнай прасторы з’яўляюцца новыя людзі, і гэта ўсцешна. Але ўсё трэба павялічваць у дзесяціразовым аб’ёме: і каналы паступлення інфармацыі, і яе разнастайнасць, і ўключанасць у праблематыку, і работу з рознымі катэгорыямі грамадства, асабліва з моладдзю… Пералік доўгі.

Здаецца, зусім хутка свет зменіцца і кіраваць будуць толькі тыя, хто чытае і мысліць. І кіраваць яны будуць менавіта тымі, хто чытае толькі ўмоўны Твітар. Гэтае пытанне таксама вельмі важнае, таму што роля адукацыі, ведаў увогуле павінна шырока абмяркоўвацца. Пэўным чынам трэба скласці альтэрнатыву сацсеткам, дзе сёння імкнуцца да жорсткай канстатацыі сумніўных звестак. Гэта, вядома, распаўсюджана не толькі ў межах нашай краіны… Але роля літаратуры, пісьменніка ў найбліжэйшы час будзе толькі ўзрастаць. Тыя, хто ўмее карыстацца сваімі ведамі, выказваць думкі, ужо не прапашчыя. А тыя, хто не чытае кнігі, а таксама літаратурна-мастацкія выданні, па вялікім рахунку, падвяргаюцца любым маніпуляцыям. Сучаснікі бачаць гэта на свае вочы: тое ж засілле амерыканскага кіно і выбудоўванне адзінага шаблону на ўвесь свет; тыя ж куміры ў кіно, музыцы…

Пытанні духоўнасці, патрыятычнага выхавання павінны быць асновай асноў, а эканоміка — толькі потым, як гэта ні парадаксальна, таму што яна не гарантуе лепшай долі. Як вядома, радзіму абараняюць не таму, што за гэта плацяць. На жаль, не вельмі шмат увагі аддаецца тым, хто дзесяцігоддзямі займаецца патрыятычным выхаваннем. Некаторыя постаці, безумоўна, на слыху, але часцяком праца спецыялістаў абясцэньваецца. Некаторым здаецца, што іх намаганні мізэрныя, але гэтаму проста не надаецца значэння. Іншымі словамі, для дзяцей, для моладзі сустрэча каля вогнішча нашмат важнейшая за сустрэчу ў актавай зале.

Праблема яшчэ ў тым, што мы, відавочна, не карыстаемся тымі напрацоўкамі, якія маем. Так, на маю думку, 1 верасня першакурснікаў трэба весці ў кіно на фільм «Ідзі і глядзі» Элема Клімава. Некалі мы з калегамі зрабілі падрадковы пераклад гэтай стужкі на кітайскую мову і запрасілі студэнтаў родам з Кітая, якія вучацца ў Мінску. Эфект быў ашаламляльны, нягледзячы на тое, што праз падрадкоўнік фільм успрымаецца інакш, бо лінгвістычны аспект вельмі важны. Многія не ведаюць, што ў гады Другой сусветнай вайны Кітай страціў больш людзей, чым яўрэйскі народ падчас Халакосту. Пра гэта чамусьці не кажуць. Але для кітайцаў гэта вельмі сур’ёзнае перажыванне. А вось нашай моладзі такога ўзрушэння не хапае. Магчыма, з гэтым фільмам некаторым было б карысна пазнаёміцца нават раней, чым на першым курсе той ці іншай навучальнай установы, але такая практыка можа адмоўна паўплываць на псіхіку. Гэта надзвычай сур’ёзная рэч — нават другі раз фільм цяжка глядзець. Ды і знаёміцца са стужкай сам-насам на невялікім экране не тая гісторыя: гэта кіно з вялікай літары, падчас якога нельга ставіць на паўзу, рабіць перапынкі і нават на некалькі хвілін пераключыцца на іншую дзейнасць. Падчас вывучэння такіх твораў паглыбляешся і ўжо не можаш пакінуць плынь. Падобныя фільмы здольны паўплываць на жыццё — з іх і трэба пачынаць заняткі ў першакурснікаў.

Таму пытанні, якія тычацца ў першую чаргу патрыятычнага выхавання, можна назваць глабальнымі. Іх трэба выносіць на абмеркаванне падчас Усебеларускага народнага сходу, каб шукаць выйсце з той ці іншай сітуацыі. І ўжо потым гэта павінна вырашацца на ўзроўні міністэрстваў культуры і адукацыі.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».