Вы тут

Наталля Васілевіч: Ва ўстановах культуры працуюць сапраўдныя энтузіясты


Наталля ВАСІЛЕВІЧ — дырэктар Новалукомльскага Палаца культуры — чалавек вядомы ў Чашніцкім раёне.


Нарадзілася ў Казахстане, падлеткам прыехала на радзіму маці. У Беларусі таленавітая дзяўчына стала студэнткай універсітэта культуры, вывучала бібліятэчную справу. Першыя крокі ў прафесіі рабіла на Лагойшчыне: некалькі гадоў працавала старэйшым бібліятэкарам на вёсцы. З канца дзевяностых працоўная біяграфія доўжыцца на Чашніччыне. Спачатку ўзначальвала метадычны аддзел раённай ЦБС, а праз некаторы час — Новалукомльскую гарадскую бібліятэку. І вось ужо пяць гадоў, як Наталля Васілевіч — на чале Палаца культуры. Жанчыну заўсёды вызначала актыўная жыццёвая пазіцыя: дэпутат гарадскога і раённага Саветаў дэпутатаў, кіраўнік народнагапаэтычнагааб’яднання «Млын», складае вершы, піша прозу. Наталлю Васілевіч двойчы заносілі на раённую Дошку гонару, яна атрымала званне «ЧалавекгодаЧашніччыны»,а сёлета абрана дэлегатам на VI Усебеларускі народны сход. Якія надзеі звязвае новалукамчанка з форумам у сталіцы?

Як зазначыла суразмоўца, зараз у беларусаў няпросты час. Пераацэньваюцца каштоўнасці, назіраецца сутыкненне інтарэсаў людзей розных поглядаў, пакаленняў. «Але ж мы — адзіны народ. Нам спрадвеку наканавана жыць на адной зямлі, і вельмі хочацца, каб кожны ўтульна адчуваў сябе ў роднай Беларусі. Лічу, што будучы сход — спрыяльная пляцоўка для абмеркавання спрэчных пытанняў, паразумення, яднання, — падкрэсліла дэлегат. — Мы павінны разам ісці да здзяйснення галоўнай мэты — працвітання краіны».

Добра ведаючы праблемы працаўнікоў культуры ў глыбінцы, Наталля Васілевіч спадзяецца, што яны не застануцца без увагі ўдзельнікаў сходу. Дэлегат адзначыла: шэраг мерапрыемстваў па праграме «Культура Беларусі» далі магчымасць аднавіць установы на Чашніччыне. Новае аблічча набылі раённы Дом культуры і некаторыя сельскія цэнтры. Добраўпарадкаваны тэрыторыі, якія да іх прымыкаюць. У год 480-годдзя Васіля Цяпінскага асаблівая ўвага была скіравана на мясціны, якія звязаны з жыццём і дзейнасцю беларускага асветніка. Але не сакрэт, што пакуль культура застаецца галіной, фінансаванне якой пакідае жадаць лепшага. «Чакаю канструктыўнага дыялогу па гэтай праблеме», — зазначыла суразмоўца.

Дэпутат з Новалукомля пераканана: ва ўстановах культуры працуюць сапраўдныя энтузіясты. Яркі прыклад — калектыў Палаца горада энергетыкаў. Ён у 14-тысячным Новалукомлі — установа з багатымі традыцыямі. Некалі яго калектывы выступалі ў розных гарадах Саюза, а дзіцячы танцавальны ансамбль «Светлячок» пабываў нават у ЗША. У сённяшні складаны час пры палацы — 20 клубных фарміраванняў. Удзельнікі радуюць дасягненнямі і перамогамі на розных узроўнях. Установа збірае людзей розных узростаў, адукацыі, сацыяльнай прыналежнасці. Яднальнымі цэнтрамі на вёсцы таксама застаюцца ВДК, клубы, бібліятэкі. «Культпрацаўнікі разумеюць: на іх ляжыць вялікая адказнасць за захаванне духоўнай спадчыны для будучых пакаленняў. Спадзяюся, што на сходзе абавязкова пойдзе гаворка аб тым, як належным чынам падтрымаць галіну. Разам мы зможам знайсці пазітыўныя рашэнні», — падвяла вынік Наталля Васілевіч.

Ірына ТОРБІНА, фота аўтара

Загаловак у газеце: Час яднання — час культуры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».