Вы тут

На мове прыгажосці


На выставе «Мазаіка прыроды», што працуе ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры, прадстаўлена каля 30 жывапісных карцін прафесійнай мастачкі Надзеі Ізянёвай


Надзея Ізянёва на вернісажы ў Даўгаўпілсе. Фота Цэнтра беларускай культуры

Напрыканцы лістапада ў нашым Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адкрылася персанальная выстава Надзеі Ізянёвай. Як і належыць, імпрэза праходзіла з захаваннем усіх нормаў бяспекі ва ўмовах цяперашняй «каронавіруснай» сітуацыі. Дарэчы, адкрыццё выставы планавалі мы ў плыні дзясятага, юбілейнага фэсту «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе». (Пра сам фэст гл.: «Кірмаш... у відэафармаце». — ГР, 29.12.2020. — Рэд.) І хоць пандэмія ўнесла карэктывы, сустрэчы з таленавітымі людзьмі ў нас не спыняюцца, ды праходзяць у іншым фармаце. Пра тое казала, калі адкрывалася выстава, кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская. Пры тым уручыла мастачцы букет і фірмовыя сувеніры з «Кірмаша» ў знак удзячнасці ёй за талент і майстэрства, за сяброўскія стасункі ды супрацу з Цэнтрам.

І мы, беларусы Даўгаўпілса, вельмі рады, што ў нас ёсць такая таленавітая сяброўка. Надзея Ізянёва — чалавек з багатым жыццёвым досведам. Воляю лёсу, сямейных абставінаў шмат дзе пажыла: Татарстан, Беларусь, Польшча, Германія, Манголія, Нідэрланды, расійскае Прымор’е. І ўжо шмат гадоў жыве ў бацькоўскай хаце, што ў пасёлку Смардэ Энгурскага краю. Як сама прызнаецца, яе самая вялікая любоў — Беларусь і Латвія. Штогод едзе на малую радзіму ў Шаркаўшчыну, цудоўны край блакітных азёр, і без стомы піша яго краявіды. А прыкладна палова работ на выставе — прыгожыя куткі любімага краю Курзэмэ.
(Раней мы пісалі, што Надзея, у дзявоцтве Лаўрыновіч, нарадзілася далёка ад Бацькаўшчыны: у вёсцы Баранаўцы ля Казані — там жылі тады яе бацька Уладзімір Уладзіміравіч і маці Ніна Рыгораўна (у дзявоцтве Дарашчонак). Яны ж самі родам з Шаркаўшчыны, з Віцебшчыны, на пачатку Другой сусветнай вайны былі эвакуяваныя ў Татарстан. У 1954 м сям’я вярнулася дадому, жыла ў Шаркаўшчыне, там Надзея й закончыла сярэднюю школу. На ўроках малявання ў настаўніка Канстанціна Клундука атрымала добрыя веды й навыкі ў маляванні, там абудзілася ў яе цікавасць, любоў да мастацтва. Пасля школы паступіла на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута, дзе ўжо вучыўся старэйшы яе брат Вячаслаў. (Гл.: «Мелодыі фарбаў Надзеі Ізянёвай» — ГР. 13.04.2016. — Рэд.)

Ужо ў студэнцкія гады Надзея пачала ўдзельнічаць у мастацкіх выставах. Карціны яе з часам «разляцеліся» па розных краінах і кантынентах: ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Італія, Чэхія, Нідэрланды, Расія, Беларусь, Латвія. Надзея Уладзіміраўна — сябар Аб’яднання беларускіх мастакоў Балтыі «Маю гонар», яна ніколі не расстаецца з фарбамі, як кажуць, жыве ў творчасці. Піша творы абавязкова на палатне й толькі з натуры, пераважна ў жанры пейзажу. Ёсць у яе й партрэты. Неба, вада, навальніца, лес, кветкі — іх прыгажосцю нат-хняецца. Вельмі важна, гаворыць, злавіць адпаведны настрой, а галоўны яе дэвіз у творчасці — каб падабалася сабе й людзям. Пэндзлем, напэўна, водзіць сама душа, таму карціны ў Надзеі Ізянёвай светлыя, пазітыўныя, пранізліва душэўныя. Глядзіш на іх і адчуваеш душэўны спакой, кожны знаходзіць у іх нешта блізкае й сугучнае сваёй душы.

Надзея Ізянёва прыехала ў Даўгаўпілс не першы ўжо раз, і гэта яе другая персанальная выстава ў ЦБК. У нас яна, прызнаецца, пачувае сябе як дома, нібы прычальвае да роднага берага, дзе яе чакаюць родныя й блізкія людзі з адкрытай беларускай душой. Таму з натхненнем падпявала на імпрэзе беларускую песню «Бераг маёй вясны», калі яе заспявалі супрацоўніцы ЦБК Галіна Сантоцкая, Марыя Памецька ды Яніна Юзэфовіч. Мастачка з цеплынёй распавяла, што з першае сустрэчы палюбіла Беларускі дом у Даўгаўпілсе з яго гасціннай, душэўнай атмасферай, добразычлівымі гледачамі. Надзея Уладзіміраўна выказала спадзяванне, што яе новыя карціны спадабаюцца наведнікам, абудзяць у іх пазітыўныя эмоцыі ды ўражанні. Магчыма, будуць і іншыя выставы, бо цяпер у мастачкі яшчэ 14 няскончаных твораў, шмат новых задумак.

Палюбавацца маляўнічымі краявідамі Надзеі Ізянёвай пакуль можна толькі на сайце bkc.daugavpіls.lv. Выстава ў ЦБК радуе нас і ў студзені 2021 га.

Марыя Памецька, метадыстка Цэнтра беларускай культуры, г. Даўгаўпілс

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.