Вы тут

У Тальяці — “Купалінскі кірмаш”


Народны ансамбль беларускай песні “Купалінка” ды Мясцовая грамадская арганізацыя “Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія “Нёман” гарадской акругі Тальяці” 20 снежня адзначылі 15‑годдзе творчага калектыву


Людміла Дзёміна і яе юбілейная “Купалінка”. Фота Мікіта Недзяляеў, Ксенія Аляксандрава

І як жа хутка час пралятае, калі жывеш бясконцымі грамадскімі клопатамі! Вось ужо й 15 гадоў нашай “Купалінцы”. З гэтай нагоды й ладзіўся ў Культурным цэнтры “Авто-град” “Купалінскі кірмаш” — вялікае музычна-тэатралізаванае прадстаўленне. Менавіта ў такім фармаце адзначаўся юбілей гурта, які й ствараўся дзеля пашырэння народных песенных традыцый Беларусі ў Паволжы, і асабліва сярод моладзі, а таксама дзеля развіцця беларускай нацыянальнай музычнай культуры. Ансамбль вядомы не толькі ў Тальяці, на Самарскай зямлі, ён выступаў і ў Беларусі, і ў Маскве, не раз быў лаўрэатам гарадскіх, абласных і міжнародных фэстаў і конкурсаў.

Павіншаваць “Купалінку”, яе нязменную кіраўніцу Людмілу Дзёміну прыйшлі прадстаўнікі адміністрацыі губернатара Самарскай вобласці. Яна, да таго ж і старшыня праўлення суполкі “Нёман”, ушанавана Ганаровым знакам губернатара “За вклад в укрепление дружбы народов”, Памятным знакам “За служение людям”. Сяргею Шылкіну, намесніку старшыні праўлення, уручана Ганаровая грамата губернатара й памятны гадзіннік. Мінкультуры вобласці аб’явіла падзяку Таццяне Шылкінай, гарадское кіраўніцтва Тальяці — Людміле Дзёмінай ды Вользе Якупавай. З юбілеем віншаваў калектыў і дырэктар КЦ “Автоград” Дзмітрый Ласкутоў. Шмат добрых слоў гучала ў адрас Людмілы Іванаўны, дзякуючы якой і “Нёман”, і “Купалінка” адзначаюць юбілей.

На “Купалінскім кірмашы” былі зачытаны Прывітальны ліст ад Пасольства Беларусі ў Расіі (аддзялення ва Уфе), па-дзячныя лісты ад Самарскага абласнога дома дружбы народаў, ФНКА “Беларусы Расіі”. Былі віншаванні з Бацькаўшчыны: з Міністэрства культуры Беларусі, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, ад Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. З юбілеем віншавалі актывістаў суполкі, самадзейных артыстаў сябры й партнёры. А на сцэне разам з “Купалінкай” выступалі сябры-партнёры па сумеснай дзей-насці: народны ансамбль танца “Ритм планеты”, народная цыркавая студыя, узорны харэаграфічны ансамбль “Лицей”, харэаграфічны ансамбль “Зазеркалье” і ўзорны мастацкі калектыў ансамбль скрыпачоў “Жаворонок”.

Святочная праграма імпрэзы, музычна-тэатралізаванае прадстаўленне далі магчымасць годна прадставіць каларыт беларускіх песень, паказаць яркія сцэнічныя касцюмы. Адметнасць кірмашовай дзеі надавалі Дзед (Дзмітрый Шлыкаў), і Баба (Людміла Дзёміна). Свята — удалося!

Кацярына Салановіч, г. Тальяці

Ад рэдакцыі. Па нашай просьбе Людміла Дзёміна ўдакладніла: юбілейны дзень нараджэння ў “Купалінкі” быў 5 красавіка, з‑за каранавіруса яго давялося перанесці. Снежаньская ж імпрэза праходзіла з захаваннем мер бяспекі: гледачы — у масках, запаўненне залы — напалову. Ансамбль спяваў у асноўным новыя песні беларускіх кампазітараў Мікалая Яцкова (“Вёсачка”, “Пацалункі”, “Все будет хорошо” ды іншыя), Міхаіла Скрундзя (“Родная старонка” ды іншыя), з рэпертуару “Песняроў” (“У месяцы верасні”). У складзе “Купалінкі” ў пару 15‑годдзя — спявачкі розных узростаў і прафесій. Гэта Ірына Светлакова (педагог-дэфектолаг у школе для дзяцей-інвалідаў), Таццяна Касірава (майстар мастацкай вышыўкі), Вольга Якупава (намесніца дырэктара Дзіцячага дома культуры), Алена Чурбакова (студэнтка 4 курса), Ірына Булгакава (дырэктар клуба для жанчын), Яна Кавыльская (спецыяліст на “Автовазе”), Наталля Радзівонава (фатограф), Анна Лугоўская (хатняя гаспадыня), Марына Краева (майстар-цырульнік), Людміла Кузьміна (хатняя гаспадыня).

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 4 млн квадратных метраў агульнай плошчы жылля.

Грамадства

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

У нашым акружэнні практычна заўсёды знойдзецца песіміст, нечым пакрыўджаны, запальчывы чалавек, вакол якога заўсёды скандалы і звадкі. 

Грамадства

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Скідкі, растэрміноўкі і шырокі асартымент