Вы тут

Ля “Крыніцы” ёсць “Купалінка”


Вакальны ансамбль беларускай песні з Клайпеды рыхтуецца святкаваць 15‑гадовы юбілей


Мікалай Логвін з артысткамі гурта.

Больш за 15 гадоў жывуць у творчасці ўдзельнікі гурта “Купалінка”, што дзейнічае пры беларускай суполцы “Крыніца” ў Клайпедзе. Калектыў добра вядомы ў гэтым ды іншых гарадах Літвы, ён выступаў і ў Беларусі, Латвіі (Ліепая, Вентспілс, Елгава) ды Эстоніі (Нарва і Тамміку). Ад самага пачатку Валянціна Снігур — нязменная кіраўніца гурта, і з ёй у творчасці Марыя Каляда й Зоя Маскалёва. Трохі пазней, як далучылася да іх Віда Аўраменка, у рэпертуары “Купалінкі” з’явіліся й літоўскія песні.

Саліруюць у гурце Ірына Сімачова ды Алеся Шчэрбіна, цяпер ёсць і мужчыны: Аляксандр Царагародцаў і тры Юрыі: Разумілаў, Лявонаў і Міхеенка. З іх прыходам таксама паднавіўся рэпертуар гурта, у якім цяпер 16 самадзейных артыстаў. А за прыгожыя сцэнічныя строі ўдзячны ўсе Беларусі-Бацькаўшчыне, якая ў тым вельмі паспрыяла. Пабачыць выступленні “Купалінкі” можна часцей за ўсё на святах, што ладзяцца беларускай суполкай Клайпеды на штогадовых фэстах і святах: гэта “Купалле”, “Калядкі”, “Дні культуры Беларусі ў Клайпедзе”. Ёсць яшчэ й яркае, непаўторнае свята “Вечарына з «Купалінкaй»”: сёлета, дасць Бог, пройдзе яно ў дзявяты раз.

“Купалінка” — гурт вядомы і ў Беларусі: лаўрэат міжнароднага конкурсу “Песні памежжа” (ладзіцца ў Гярвятах, Астравецкі раён Гродзеншчыны), двойчы выступаў на фэсце “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” (Віцебшчына). Паўдзельнічаў у рэспубліканскім свяце “Дажынкі” (Ліда, Гродзеншчына), Другім фэсце мастацтваў беларусаў свету (2014, Мінск). А салісткі Валянціна Снігур і Марына Бусыгіна годна выступілі ў 2011‑м на міжнародным конкурсе дуэтаў у Палацы культуры МТЗ (Мінск).

Штогод з 2005‑га “Купалінка” ўдзельнічае ў фэсце “Свята беларускай песні ў Літве”. Поспехі артыстаў заўважаны, адзначаны прызамі, дыпломамі ад Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі, арганізатараў 3‑га фестывалю “Сіла славянскіх сэрцаў” і “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, ёсць падзякі ад дырэктара Дэпартамента нац-меншасцяў Літвы, ад мэраў Клайпеды, Шауляя, Палангі. А Валянціна Снігур за грамадскую дзейнасць адзначана каштоўным падарункам (гадзіннік) і Падзякай ад дырэктара Дэпартамента нацменшасцяў Літвы, Падзякай ад Міністра культуры Беларусі за плённую працу, выдатныя творчыя дасягненні ды высокае прафесійнае майстэрства.

"Купалінка" з Клайпеды гасцюе ў Мінску. 2014 год.

Кожны год ансамбль выступае як шанаваны госць на розных канцэртах, імпрэзах па запрашэнні рускай і татарскай суполак горада, выступае на юбілеях і нацыянальных святах, што ладзяць польская, латышская, армянская ды азербайджанская суполкі. Прычым беларусы нават выконваюць песні гэтых сяброў на іх нацыянальных мовах. Помніцца многім і выступленне “Купалінкі” — з вялікім поспехам! — у Канцэртнай зале Клайпеды 22 сакавіка 2015 года: так адзначаліся 10‑я ўгодкі гурта. Меркавалася, што і ў 2020‑м будзе не менш яркі юбілейны канцэрт у Клайпедзе, але за-за каранавірусу, каранціну ён перанесены на сёлетнюю вясну. Магчыма, гэта будзе сакавік. Запланаваны канцэрт і ў Каўнасе. Маем надзею, што песеннае жыццё “Купалінкі” прадоўжыцца ўсім на радасць.

Наталля Ляпешка, Ірына Бяляева, г. Клайпеда, Літва

Фота з архіва гурта

Дарэчы. На адной паласе бачым дзве “Купальнікі”, яркія творчыя гурты. І ў Аргенціне, у Буэнас-Айрэсе энтузіяст беларускай культуры Эдуарда Пеннісі стварыў пры клубе “Дніпро” ансамбль “Купалінка” (гл.: “Сябры з‑за акіяна” — ГР, 28.01.2010). Цяпер устаноўлена, што аўтар знакамітай песні “Купалінка” — Уладзімір Тэраўскі, які быў родам з‑пад Слуцка: з вёскі Раманава (цяпер Леніна). Мяркуецца, што ўпершыню “Купалінка” прагучала ў 1921‑м як фрагмент музычнага суправаджэння спектакля “На Купалле” паводле п’есы Міхася Чарота ў Першым тэатры беларускай драмы (цяпер Купалаўскі тэатр у Мінску). Спектакль меў вялікі поспех, у 20‑я гады вытрымаў больш за 400 паказаў — і песня “пайшла ў народ”: якраз 100 гадоў назад. Уладзімір Тэраўскі быў аўтарам музыкі да вялікай колькасці спектакляў, да таго ж дырыжорам, фалькларыстам, царкоўнаслужыцелем. Не раз падвяргаўся рэпрэсіям, расстраляны 10 лістапада 1938 года.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».