Вы тут

Альберт Паўловіч. Гумарыст, драматург, лірык, перакладчык


Альберт Паўловіч быў адным з аўтараў “Нашай Нівы”, ягоная творчасць стала “злучальным звяном паміж беларускай літаратурай XІX і XX стагодзяў”


Альберт Паўловіч

Летась 11 лістапада былі 145‑я ўгодкі Альберта Паўловіча (1875–1951), які меў рознабаковыя таленты й рэалізаваў сябе ў літаратурнай творчасці як паэт, драматург, перакладчык. Нарадзіўся ён у Менску, дзе й жыў да пераезду ў Расію (1932). Шмат гадоў працаваў ва ўпраўленні Лібава-Роменскай чыгункі, зарабляў неблагія грошы. У Расіі пражыў амаль 19 гадоў, памёр і пахаваны ў Курску. Цікава, што на станаўленне Альберта Францавіча як літаратара станоўча паўплываў службовец лясніцтва Апалінары Паўловіч, ягоны родны дзядзька. Пра тое й сам творца пісаў: “Дзядзька Апалінары дасканала ведаў мову й быт сялян. Пад уплывам яго запісаў і апавяданняў я пачаў пісаць вершы”. З вышыні гадоў бачна, што “творчасць паэта з’яўляецца тыповай для ранняй стадыі нашаніўскай беларускай літаратуры і ў пэўным сэнсе служыць злучальным звяном паміж беларускай літаратурай XІX і XX стагоддзяў”. Прынамсі, так вызначыў ягонае месца на Беларускім Мацерыку прафесар Варшаўскага ўніверсітэта Аляксандр Баршчэўскі.

Спачатку ён пісаў вершы, але не друкаваў. І калі ўжо чацвёрты дзясятак ішоў аўтару, з’явілася ў 1907‑м першапублікацыя ў віленскай газеце “Наша Ніва”. Перыядычныя выданні “Маладая Беларусь” і “Лучына” ў 1907–12 гадах друкавалі творы Паўловіча. У іх, як і зборніку “Снапок” (1910) пераважаюць роздумы аб сялянскай нядолі, прычынах гаротнага стану Айчыны. Патрыятычныя настроі працінаюць вершы “Родны край” ды “Родныя малюнкі”, а “Трывога”, “Мары”, “Летняя ноч”, “Над Свіслаччу” цяпер называюць узорамі пейзажнай ды філасофскай лірыкі. А найбольш праславіла творцу гумарыстыка, і яго некаторыя нават лічаць за гумарыстычнага класіка. Вершаваны гумар, вядома ж, быў на старонках “Нашай Нівы” ў 1907–11 гадах, а Паўловіч на той час — першым нумарам у адпаведнай намінацыі ў нашай літаратуры. На высокім узроўні атрымліваліся ў менчука жартаўлівыя сцэнкі, гумарыстычныя замалёўкі, апісваліся смешныя праявы сялянскага побыту — прыкладам, у вершах “На начлезе”, “Няўмекі і лекі”. Дзякуючы ім уяўленне маем пра бытавыя жарты, анекдоты таго часу. Смешныя чалавечыя ўчынкі паэт разглядае скрозь прызму агульначалавечых каштоўнасцяў, згадвае пра найвышэйшы суд — суда сумлення — з якім і стасуюцца ягоныя развагі-высновы. А наконт таго, чаму ў “Нашай Ніве” Альберт Паўловіч выступаў як паэт-гумарыст, сам ён пісаў. Вось як згадваў першы візіт у рэдакцыю: “Пры размове з рэдактарам “Нашае Нівы” Ал. Мік. Уласавым, ён мне сказаў, што з прагледжанага матар’ялу выкарыстае гумарыстычныя вершы, якія назваў “скваркамі для закрасы нумару”. Вось чым і тлумачыцца, чаму я стаў больш вядомы, як гумарыст”.

У 1913–14 гады паэт шмат увагі надаваў рэлігійна-містычным тэмам і матывам: такі быў перыяд у ягоным жыцці, і тое відаць з публікацый у тагачаснай газеце “Беларус”. У аўтабіяграфіі паэт піша й пра “статыстыку” творчасці: “гумарыстычныя вершы — 175 назваў, 8612 радкоў, лірычныя — 120 назваў, 3966 радкоў, аднак разам з перакладамі гумарыстыка складае 9316 радкоў, а лірыка — 10850 радкоў”. Вось паводле такіх разлікаў Паўловіч і лічыў сябе найперш паэтам-лірыкам. Дарэчы, ён бліскуча перакладаў творы Аляксандра Пушкіна, Тараса Шаўчэнкі, Марыі Канапніцкай, Уладзіслава Сыракомлі ды іншых. Працуючы над перакладамі, задумаў стварыць фундаментальны беларуска-польскі слоўнік ды актыўна рухаўся і ў гэтым напрамку. І творы Паўловіча перакладалі. Напрыклад, у 1931 годзе Браніслаў Эпімах-Шыпіла перастварыў ягоны верш “Сумная восень” на польскую й нямецкую мовы. І сам гэты перакладчык, а таксама Янка Купала, Якуб Колас, Алаіза Пашкевіч, Цішка Гартны, Змітрок Бядуля, Максім Багдановіч наведвалі дом Паўловіча ў Менску. Як бачым, усе таленавітыя людзі, у коле якіх Альберт Францавіч не пачуваў сябе чужым. Янку Купалу, Якуба Коласа ён успрымаў як настаўнікаў у творчасці, лічыў тымі людзьмі, якім трэба перш за ўсё прысвячаць вершы. Так і рабіў. Янку Купалу прысвяціў творы “Каліва праўды”, “Ноч на Івана Купалу”. Іван Дамінікавіч быў усцешаны, Паўловіч атрымаў верш у адказ пад назвай “За пасвячэнне, вершык харошы”. Якубу Коласу Паўловіч напісаў верш “У хаце светлай і прасторнай”.

Найвядомы драматычны твор Паўловіча — драма “Васількі”, была выдадзена ў Вільні ў 1919‑м. Неаднойчы пазіцыянаваў сябе Альберт Францавіч і як літаратуразнавец. Скажам, у 1925‑м выйшаў яго артыкул “Забытае” (да гісторыі тэксту “Гутаркі Данілы са Сцяпанам”), а ў 1929‑м — артыкул “«Сялянка» В. Дуніна-Марцінкевіча на менскай сцэне”.

Альберт у 1893 годзе

Слушна кажуць, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Кола захапленняў Альберта Паўловіча было надзвычай шырокае. Быў добрым мастаком, рабіў высокапрафесійныя копіі карцін Левітана, Шышкіна ды многіх іншых выдатных майстроў. Можна меркаваць, якраз тым зарабляў на хлеб, жывучы ў Расіі. Браў на сябе звышскладаную працу па вышыванні розных краявідаў: ваўнянымі ніткамі на вялікіх дыванах. Пэўна, і тым зарабляў. Быў першакласным шахматыстам і шашыстам, аўтарам цікавых шахматных і шашачных задач, якія з’яўляліся на старонках газет і часопісаў. Адзначыўся і як заўзяты калекцыянер: збіраў манеты, пёры, паштоўкі з краявідамі, маркі ды шмат што яшчэ.

Ён пайшоў з жыцця ў Курску, пахаваны на тамтэйшых маскоўскіх могілках. У 1975 годзе ў Мінску выйшла кніга “Паўловіч А. Выбранае”, там пададзены і ўспаміны пра бацьку дачкі, Тамары Паўловіч-Кліменкі. Літаратуразнаўцы Ірына Багдановіч, Аляксандр Баршчэўскі, Максім Гарэцкі, Уладзімір Казбярук, Генадзь Кісялёў, Алег Лойка высока ацэньвалі творчасць суайчынніка.

Міхаіл Стралец, доктар гістарычных навук

Дарэчы. Альберт Паўловіч, кажуць, быў у ліку любімых паэтаў для вядомага стваральніка танцавальна-драматычнага тэатру Ігната Буйніцкага. У сваіх праграмах апошні шырока прапагандаваў вершы Альберта Паўловіча, Цёткі, Янкі Купалы. Як пісаў даследчык тэатра Уладзімір Няфёд, больш за ўсё ён любіў чытаць гумарыстычныя творы з сатырычнай накіраванасцю. І пастаянна ў ягоным рэпэртуары быў верш Альберта Паўловіча “Ракі”.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.