Вы тут

Розныя праявы закаханасці ў рэтра


Схільнасць да творчасці ва ўсіх праяўляецца па­-рознаму. Хтосьці з галавой паглыбляецца ў нейкую адну справу, нехта шукае адны і тыя ж ключы да разумення свету ў розных мастацтвах, іншыя пераўтвараюць звычайныя паўсядзённыя рэчы ў чысты прадукт натхнення. Нехта проста вылучаецца выключна арыгінальным хобі.


Літаратар і музыкант Віктар Лупасін знайшоў сабе захапленне, якое цалкам адпавядае іміджу. У вольны ад творчасці і працы час ён піша васьмібітныя гульні на рэтра-платформах. Творца распавёў пра гэтыя лісты з дзяцінства на паўмёртвай мове праграмавання і арыгінальную культуру вакол іх.

— Што ўвогуле такое рэтра-гульні?

— Калі я быў маладзейшы, кожны камп’ютар меў сваё аблічча — свае пэўныя прыёмы праграмавання, сваю бібліятэку гульняў, у кожнага па-свойму выглядала і рухалася карцінка. Напрыклад, Yamaha NSX падтрымлівала вельмі маленькія карцінкі 8×8, магла рухаць піксельныя фігуркі на экране, а ссоўваць фон не магла. А Dendy магла ссоўваць экран ва ўсе бакі, набіраць карцінкі з 64 пікселяў, але не больш за 8 на адным радку. Усе гэтыя васьмібітныя платформы памерлі прыкладна адначасова, у пачатку 1990-х. Стварылася вялікая бібліятэка гульняў, шмат прыёмаў праграмавання, і пасля гэтага многія з настальгіруючых працягвалі ствараць гульні. Класная візуальная культура з гэтага нараджаецца і дасюль.

У СНД самы папулярны рэтра-камп’ютар — ZX Spectrum, таму што па нармальных на той час суадносінах цаны і якасці яго можна было сабраць ледзь не на каленцы з савецкіх камплектуючых. Мой дзядзька спаяў такі камп’ютар у 1989 годзе. Ён падключаўся да магнітафона як прылада захавання інфармацыі, да тэлевізара — як прылада вываду, пад яго ўжо тады было некалькі тысяч зламаных хакерамі гульняў з захаду. І ён быў на галаву вышэйшы за ўсе савецкія вырабы. Іншымі словамі, у тыя часы ZX Spectrum быў сур’ёзным канкурэнтам прафесійным камп’ютарам і папулярным прыстаўкам.

— І цікавасць пачалася яшчэ тады?

— У 1990-я пад гэтую платформу выходзілі легендарныя праекты. І я тады быў гэтым усім захоплены. Праграмаваць пад яе вельмі прыемна і цікава. Як пісаць вершы ў цвёрдых формах: ты разумееш, колькі тактаў выконвае тая ці іншая каманда, якое месца экрана будзе прамалёўвацца — усё па вельмі дакладных законах.

Акрамя ZX Spectrum, існуе яшчэ каля сотні рэтраплатформ (пад кожную — свая сцэна), якія часткова перасякаюцца. Я выбраў яе, таму што гэта маё дзяцінства.

У дзяцінстве я таксама марыў напісаць супергульню.

— Як выглядае гэтая культура цяпер?

— Зразумела, яна захавалася да нашага часу. У 2019 годзе музей камп’ютараў «Яндэкс» зладзіў конкурс па рэтра-гульнях з адносна неблагім галоўным прызам у тысячу долараў. Гульня-пераможца была такога ўзроўню, што ў народа сківіцы віслі. Калі б я ведаў у 1997-м, што культура будзе існаваць у 2021-м, я б ад гэтага і не адыходзіў. Працягваў бы займацца тым, што рабіў тады. У мяне быў аднакласнік, які крута кодзіў, — я, калі б не кінуў, мог бы маляваць добрую графіку. У мяне была ідэя напісаць гульню пра сваіх герояў Акакія і Паўсекакія, пра якіх стварыў дзве невялікія аповесці. Але за тыдзень да дэдлайну конкурсу разумеў, што нічога сур’ёзнага зрабіць не паспяваю. Паспрабаваў напісаць нешта просценькае, але і яно пачало разрастацца, таму не паспяваў зрабіць і гэта. У выніку даслаў на конкурс дзве маленькія рэчы, якія напісаў за год да таго, кожную літаральна за дзень. І амаль справядліва заняў два апошнія месцы сярод 15 удзельнікаў.

Не ведаю, ці будзе справа неяк развівацца далей, але ёсць даволі шмат цікавых і актыўных творцаў, якія прасоўваюць гэта і цяпер. Тэарэтычна можна было б зрабіць нават канал на YouTube. Улічваючы, што ў мяне даволі нестандартны падыход да кодзінгу, камусьці магло б быць цікава.

— Якія мэты ў гэтым кірунку?

— Здзейсніць мару дзяцінства — напісаць класную гульню.

— А чаго не хапае?

— Матывацыі і сабранасці. Нешта паміж «няма калі» і «лянота», і я прачынаюся амаль пад дэдлайн, таго ж конкурсу, напрыклад.

— Ці ўплывае неяк такое хобі на мастацкую творчасць і жыццё?

— Васьмібітная музыка заўважна ўплывае на тое, што я сам ствараю. Магчыма, любоў да цвёрдых форм мае вытокі там. Або, можа, і зацікаўленасць гульнямі, і схільнасць да цвёрдых форм пайшлі з нейкага агульнага кораня. Мне падабаецца прадказальнасць рэакцый і ў васьмібітных платформах, і ўвогуле ў жыцці. Каб было зразумела, як працуе пэўны механізм.

Дар’я СМІРНОВА

Фота Кастуся Дробава

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».