Вы тут

Як правільна правакаваць?


Правакацыя — парушэнне пэўных правілаў з мэтай прыцягнуць больш увагі — ствараецца рознымі метадамі. Можна напісаць раман трасянкай або вынайсці паўзразумелую ўласную мову. Можна лаяцца матам у тэксце або выказаць спрэчныя меркаванні ў бок свяшчэнных кароў ці абсалютна рэальных людзей. Можна зрабіць спробу стварыць ці запазычыць нейкую форму, якой дагэтуль у  Беларусі не карысталіся. Можна зрабіць стылізаваную вокладку, можна наўмысна напісаць нешта ў вельмі папулярным жанры. Яшчэ варыянт — зрабіць стаўку на колькасць інтымных падрабязнасцей, быццам бы ў СССР сексу не было, а ў Беларусі і пасля не з’явілася.


Насамрэч такая характарыстыка для рамана Міколы Адама «Сёстры», што выйшаў напрыканцы мінулага года ў выдавецтве «Галіяфы», не зусім справядлівая. Увесь сюжэт твора пабудаваны пакручаста, як сцэнарый якога-небудзь серыяла. Тэгі — псіхалогія, драма, паўсядзённасць, прыгоды, каханне. Таму амерыканскіх горак у творы хапае, ды і  інтымныя сцэны напісаны не проста каб было, а з мэтай раскрыцця персанажаў.

Дзеянне развіваецца даволі хутка, нягледзячы на вялікі цяжар псіхалагічных і інтэр’ерных дэталяў, але тэкст, асабліва на пачатку, чытаецца са скрыпам. Справа нават не ў тым, што апісанні кватэр, знешнасці герояў і іншага занадта доўгія і падрабязныя, да таго ж аздобленыя ўсялякімі дзіўнымі, калі не сказаць няўдалымі, параўнаннямі (накшталт «боль уцякаў ад яе, як Напалеон з Беларусі праз Бярэзіну»). Галоўная цяжкасць, якую на працягу ўсяго аповеду даводзіцца несці на сваіх вачах чытачу, заключаецца ў тым, што масіў тэксту дакладна падзелены на тры часткі. Першая — пераказ дзеянняў і зусім крыху дыялогаў (амаль уся гісторыя расказана ў мінулым часе, быццам занатаваная ў   дзённіку). Другая  — апісанні: знешнасці і інтэр’ерам адводзіцца ад паловы да дзвюх-трох старонак. Цэлую старонку, напрыклад, займае апісанне вачэй галоўнай гераіні. Трэцяя частка — гістарычныя, геаграфічныя або яшчэ якія-небудзь агульнапазнавальныя кавалкі тэксту, шырэйшыя па факталагічным напаўненні, чым устаўкі з Вікіпедыі, але такія ж негарманічныя ў мастацкім тэксце. Аўтар паспрабаваў выкруціцца, надзяліўшы вялікай гістарычнай эрудыцыяй адну з гераінь, каб пасля даведак можна было часам казаць «гэта ўсё распавяла Аксана сваім спада рожнікам». Але натуральнасці ўсё ж не атрымліваецца.

Пакінем на сумленні аўтара спробу адкрыць філіял падручніка ў псіхалагічна-любоўным рамане і звернемся да галоўнага — гераінь.

Дзве сястры — Аксана і Соня — пражываюць кардынальна розныя некалькі гадоў у спробах знайсці сваё месца ў  жыцці, сваё пакліканне і, вядома ж, каханне. Гэта своеасаблівы раман сталення  — пераадоленне выпрабаванняў і паступовая змена абліччаў. Да таго як апынуцца ў той кропцы часу і ў тым стане, у якім мы ўпершыню сустракаемся з сёстрамі, дзяўчаты праходзяць некалькі выпрабаванняў, некалькі інкарнацый.

Увесь сюжэт рамана — набор больш ці менш працяглых і эмацыянальных флэшбэкаў. Чытаючы, пераскокваеш паміж дэкарацыямі: бандыцкія дзевяностыя, галівудскі фільм пра поспех і каханне, змрочная дакументалка пра псіхічна хворых — але застаешся ў адным і тым жа свеце. Пару разоў у звычайны рэалізм прасоўвае нос нейкі магічны рэалізм — то містычныя павевы старажытнага палаца, то неметафарычныя шнары на спіне ад нябачных крылаў, што праразаюцца. Хаця трэба ўвесь час трымаць у галаве: нават рэалістычныя дэкарацыі — толькі дэкарацыі. У рэальным свеце ўсё яшчэ нельга вырубіць чалавека, на секунду прыклаўшы да яго твару анучу з хлараформам, а электрашокавую тэрапію нікому не назначаюць без доўгіх спроб падабраць медыкаменты і тым болей не праводзяць дома.

Шмат увагі аддадзена другасным персанажам, асабліва мужчынам, іх псіхалагічнаму развіццю і матывацыям. Выканальніц жаночых роляў другога плана збольшага пакідаюць без паглыблення ў асабістыя гісторыі. Правакацыя — парушэнне пэўных правілаў з мэтай прыцягнуць больш увагі — ствараецца рознымі метадамі. Можна напісаць раман трасянкай або вынайсці паўзразумелую ўласную мову. Можна лаяцца матам у тэксце або выказаць спрэчныя меркаванні ў бок свяшчэнных кароў ці абсалютна рэальных людзей. Можна зрабіць спробу стварыць ці запазычыць нейкую форму, якой дагэтуль у  Беларусі не карысталіся. Можна зрабіць стылізаваную вокладку, можна наўмысна напісаць нешта ў вельмі папулярным жанры. Яшчэ варыянт — зрабіць стаўку на колькасць інтымных падрабязнасцей, быццам бы ў СССР сексу не было, а ў Беларусі і пасля не з’явілася.

Але нічога, і без іх хапае матэрыялу. Увесь раман — практыкавальны банкет для дыпламаваных і недыпламаваных псіхатэрапеўтаў. А аўтар і сам добра ведае, што ўсе праблемы ідуць з дзяцінства.

У кожнага, хто сустракаецца нам на старонках кнігі, псіхіка паламаная як мінімум у двух месцах. І найлепшы рэнтген для такіх траўм, безумоўна, — рамантычныя стасункі. Ім тут выдзелена цэнтральнае сюжэтнае месца. Стасункі галоўных гераінь з мужчынамі і жанчынамі насычаныя эмоцыямі і падзеямі, але быццам бы ніколькі не ўплываюць на дзяўчат. Іх перажыванні, думкі і рэакцыі паказаныя ў моманце. Але за працэсам перамены гэтых станаў аўтар увесь час назірае звонку. Магчыма, гэта і ёсць своеасаблівая стратэгія правакацыі.

Асабліва сакавіта і падрабязна пісьменнік распавядае, як нехта шалее, вые, расчэсвае скуру да крыві, б’ецца галавой аб сцяну і гэтак далей. Такое ў рамане адбываецца як мінімум тройчы. Не менш увагі — і гвалтоўнаму сексу. Ён тут абсалютна ўвесь гвалтоўны. Усё, што па ўзаемнай згодзе, або застаецца за кадрам, або апісана метафарай рознакаляровых стужак на галаўным уборы нацыянальнага ўкраінскага строю.

Паколькі ідэя напісаць два тэксты пра гэты раман трымаецца на тым, што павінен быць мужчынскі і жаночы погляд на сітуацыю, варта звярнуць увагу на некаторыя вострыя моманты. Жаночы свет у рамане паўстае ў самай жорсткай форме: вечная аб’ектывацыя, гвалт з боку блізкіх людзей, адсутнасць магчымасці вырашаць самой, распараджацца сваім целам самастойна, замужжа і дзеці як галоўная мэта, пастаўленая перад табой грамадствам. І ўсё гэта, здаецца, не пададзена як норма. Але ёсць іншая крайнасць  — фіксацыя на тэме кахання. Па-першае, у абедзвюх сясцёр ёсць прафесіі і захапленні, але абедзве атрымалі іх і дасягнулі поспеху неяк аўтаматычна, самі сабой, дзякуючы «прыроднаму таленту». І гэтае дапушчэнне дазваляе не звяртаць увагу на тое, чым яны там займаюцца, пускаць іх працу фонам для пакутаў і  жарсцяў. Па-другое, тое самае сапраўднае, чыстае і  салодкае каханне з  боку жанчыны апісана як жаданне аддавацца і раставаць як цукар у іншым чалавеку. А з боку мужчыны — жаданне валодаць і страх страціць. Такі філасофскі погляд на каханне становіцца добрай глебай для абсалютна матэрыяльнага гвалту і ўспрымання жанчыны як рэчы. Пры крыху больш уважлівым поглядзе зразумела, што ў рамане няма здаровых стасункаў.

Дарэчы, пра адносіны паміж сёстрамі мы да канца мала што ведаем, нягледзячы на двухсэнсоўныя эпізоды з часоў іх сумеснага пражывання. І чым бліжэй да апошніх частак, тым менш сувязі застаецца паміж гісторыямі дзвюх жанчын.

Нягледзячы на тое, што «Сёстры» — выключна сюжэтны твор, яго жанравае вызначэнне выклікае сумненні. Гэта не столькі раман, колькі «ўніверсальнае аўтарскае выказванне» — шахматная дошка, на якой пісьменнік паспеў згуляць сам з сабой і за белых, і за чорных, і заадно ў шашкі. Тэкставая прастора напоўнена не толькі расповедам пра падзеі і назіраннем за персанажамі, але і аўтарскімі ўласнымі ведамі, поглядамі на жыццё, чытацкімі прыхільнасцямі, паэтычнымі фантазіямі. У такой гульні часам нараджаецца стыль. Але цяжка сказаць, ці той гэта выпадак.

Дар’я СМІРНОВА


Сакрэтныя траўматэрыялы

Калісьці шмат моцы нейкай было, ці то вербальнай, ці то наўпрост душэўнай — усіх мажлівых яе ітэрацый хапала, і прытым на цалкам разнастайныя тэксты. Так вось і тут, па слядах ужо згаслых нейронаў у некаторы момант вялікая спакуса была для постмадэрнісцкіх хітрыкаў: залезці пад поўсць рамана, стылістычна перасмяяць яго — а рабіць гэта, безумоўна, ёсць за што. Літаратурныя гэта былі хібы ці штосьці з чалавечай псіхалогіі — вырашаць не мне.

Але цяпер хочацца адысці ўбок, разарваць інерцыйнае кола, паспрабаваць нешта ў метамадэрнісцкім ключы: з пэўным пачуццём стылю, але абсалютна шчыра, без залішняга пылу ў вочы. Вырваць гэтую рэцэнзію аднекуль з глыбокіх глыбінь (наўмысная таўталогія), паспрабаваць занатаваць вобраз аўтара так, каб у адлюстраванні пабачыць самого сябе.

Мікола Адам. Сёстры. «Галіяфы», 2020.

Асобным абзацам — неяк больш увагі, а ўплятаць кожным разам у натуральную канву гэтую тэхнічную муру — каму такое даспадобы будзе? Ёсць, канечне, пэўныя прафесійныя тэхнікі, якія маскіруюць структуру тэксту за прыгожай публіцыстычнай тынкоўкай, але тут не пра тое. Тут пра тое, як яно было на самай справе.

Вось доўгае-доўгае апісанне палаца-горада-знешнасці. Напачатку з’яўляюцца такія сабе танненькія, узроўню сярэднестатыстычнага выпускніка філфака ці журфака, асацыяцыі з «Нотр-Дамам дэ Пары» Віктора Гюго, у якім глава (ці дзве, ужо не памятаю з вышыні сваёй ніжэй-за-сярэднестатыстычнасці) адведзена выключна на апісанні сабора і Парыжа. Але тут аўтарскага шматслоўя перападае не толькі нежывым, але і цалкам чалавечым істотам, апісанне адной з якіх чапляецца, напрыклад, за вочы — і расцякаецца амаль на дзесяць радкоў невядома каму патрэбных параўнанняў. Наконт нежывога аўтар дазваляе сабе ўкласці ў вусны аднаго з герояў такі сабе метакаментарый «Ну ты і Вікіпедыя!», які імгненна контрыцца метаадказам, маўляў, не, я глыбей і падрабязней за Вікіпедыю. Датычна аўтарскіх апісанняў прасторы, у якой адбываюцца дзеянні, усё так і ёсць, але лягчэй не робіцца: праз разгорнутасці чытач у маёй асобе павінен быў прадзірацца, бо зроблена гэта без пачуцця меры, а часам і без пачуцця густу.

Як вам такая страва з меню шэф-повара высокай славеснасці: «жыццё падавалася расстраляным, як паэты ў трыццаць сёмым»? Дэлішэс. Мікола Адам напісаў, быццам паставіў націск на склад раней. І такіх, на мой погляд, тапорных параўнанняў праз «як» прыблізна па адным на главу, быццам гэта нейкі абавязковы ачужальны элемент, які моліць чытача не ўглядацца ў мову, а засяродзіцца на сюжэце.

Ужо два гады з нечым я не чытаў ніякай мастацкай прозы. І тут — Мікола Адам з яго панчлайнамі за 300, у само існаванне якіх не хочацца верыць, не тое што пабачыць надрукаванымі. Але нават калі пакінуць убаку пытанне мовы і засяродзіцца канкрэтна на аповедзе, на героях, сітуацыях — лепш не становіцца.

У сэнсе, як не становіцца: кепскасць датычыцца ўжо не рамесна-стылістычных момантаў, а задае пэўны экзістэнцыяльны вектар, ісці ўздоўж якога разам з персанажамі, па гамбургскім рахунку, справядліва і  лагічна, але чыста па-чалавечы, па-чытацку брыдка. Здаровых сцэн сексуальнага характару, у залежнасці ад таго, якую ступень прапісанасці сцэны залічваць, у кнізе адна ці наогул ніводнай. Паўсюль квітнее гвалт, аб’юз, а еўрапейскі клуб са свабодай сексавызнання падаецца ў прызме традыцыйнага светапогляду хаця і не зусім адвязнай д’ябальшчынай, але чымсьці яўна хаатычным і пазачалавечым (не без адпаведных параўнанняў з булгакаўска-воландаўскім балем). Аднак пры ўсёй сексуальнай разбэшчанасці кнігі (у наяўнасці і трансы, і лесбіянкі, і нават інцэстуальныя матывы) Адам быццам забываецца на пэўны лексічны апарат. Ні спецыяльных тэрмінаў, ні нават назваў палавых органаў у рамане не фігуруе, што ў сукупнасці з астатняй знешняй правакатыўнасцю выклікае толькі адну, не зусім прыемную асацыяцыю: кніга зроблена па лекалах лёгкадаступнага шок-кантэнту а-ля расійскія серыяльчыкі (хаця і на больш цэльным і лагічным сцэнарным узроўні).

Тое, пра што піша Мікола Адам у «Сёстрах», добра кладзецца на рэйкі сучасных паэтычных тэндэнцый у  расійскай жаночай паэзіі з яе акцэнтамі на траўмапісанні, але каб правільна падаць праблемы жаночага быцця, аўтару не хапае ні мовы (не гаворачы ўжо пра пачуццё меры), ні фем-прызмы. Хаця калі гэты раман зможа адарваць якую-небудзь стэрэатыпную беларускую бібліятэкаршу ад тэлевізара і пракласці ёй дарожку да твораў Аксаны Васякінай і Галіны Рымбу — за гэта можна будзе только парадавацца.

Ягор ЯМПОЛЬСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».