Вы тут

Краін і народаў мастацкі свет


Да традыцыйнай Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, якая сёлета павінна прайсці з 18 па 21 лютага, кніжныя выдавецтвы рыхтуюць падарункі. У Выдавецкім доме «Звязда» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь выходзіць літаратурна-мастацкі альманах перакладаў з нацыянальных літаратур краін свету.


Падчас ХХVІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Фота Кастуся Дробава.

Сёлета пад адной вокладкай сабраны творы пісьменнікаў Азербайджана, Бразіліі, В’етнама, Германіі, Дамініканы, Казахстана, Калумбіі, Кыргызстана, Кітая, Латвіі, Непала, Пуэрта-Рыка, Польшчы, Расіі, Сербіі, Славакіі, Туркменістана, Украіны…

Сярод перакладчыкаў — беларускія паэты і празаікі Таццяна Сівец, Мікола Мятліцкі, Віктар Шніп, Андрэй Хадановіч, Людміла Рублеўская і іншыя перастваральнікі чужых мастацкіх вобразаў, сімвалаў, метафар на родную беларускую мову.

У 1970-х — пачатку 1990-х гадоў альманах быў актыўнай пляцоўкай для апрабавання перакладчыцкіх навыкаў, для развіцця беларускай школы мастацкага перакладу, прасторай для ўмацавання міжнародных сувязей беларускай літаратуры. З пачатку 1990-х і «Далягляды», і іншыя перакладныя альманахі — «Братэрства», «Ветразь» — не выходзілі. У 2019 годзе «Далягляды» вярнуліся, ізноў яднаюць беларускіх перакладчыкаў. Будзем чакаць вяртання і іншых.

У альманаху выпуску 2021 года істотна прадстаўлены краіны Амерыкі. З партугальскай мовы апавяданне «Паесці сушы ў Бейруце» бразільскага празаіка Луіса Руфату пераклаў Рыгор Ляшук. Ён жа перастварыў з іспанскай мовы два апавяданні Анхеля Луіса Арамбілета Альварэса (Дамінікана) і  кнігу «Пяць кароткіх апавяданняў паводле Гарсія Маркеса» калумбійскага празаіка Сант’яга Муціса Дурана. Пераклаў Рыгор Ляшук і два апавяданні Луіса Лопеса Ньевеса (Пуэрта-Рыка).

Па традыцыі ў сёлетнім выпуску «Даляглядаў» шмат месца адведзена паэзіі і прозе краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў. На старонках выдання беларускі чытач зможа адкрыць для сябе імёны пісьменнікаў Казахстана, Кыргызстана, Туркменістана…

Цікавай атрымалася падборка, прысвечаная рускай літаратуры. Верш Сяргея Ясеніна пераклаў Іван Ждановіч, а п’есу Уладзіміра Набокава «Падзея» — Людміла Рублеўская. Асобна акцэнтавана ўвага на нацыянальных літаратурах Расіі. У альманах уключаны творы яркага калмыцкага паэта Джангара Насунава, якія перастварыў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі, калмыцкай паэтэсы Рымы Ханінавай у перакладзе Навума Гальпяровіча, шорскай пісьменніцы Любові Арбачакавай у перакладах Святланы Быкавай, паэтаў Чувашыі і Чачні. Туркменскую прозу прадстаўляюць празаікі Бягуль Анабаева, Мердан Баядаў, Джумагельды Мулкіеў.

Нечаканай падаецца публікацыя вялікай падборкі твораў паэтаў Непала: Лакшмі Прасада Дзевакоты, Мадхава Прасада Гімірэ, Кедармана В’ятхіта, Балкрышана Сама, Бхімадршана Рока, Сідхічарана Шрэштха. Перакладчык  — лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі ў галіне культуры і мастацтва Віктар Шніп. Хацелася  б, каб такія крокі перакладчыцкай увагі з боку Беларусі былі заўважныя і ў Непале, каб беларускае мастацкае слова загучала на непальскай мове.

Пра зробленае, пра новыя крокі ў беларускім мастацкім перакладзе трэба расказваць не толькі на радзіме, але і ў свеце — з разлікам на ўзаемную ўвагу.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.