Вы тут

​Рэестр кніжных помнікаў можа пашырыць кожны


Нацыянальная бібліятэка Беларусі прэзентавала новы культурніцкі праект — Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў. Работа па распрацоўцы яго канцэпцыі вялася на працягу трох гадоў — і вось, у пачатку 2021-га, была паспяхова скончана.


Фота Яна Хведчына.

Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь — гэта вялікі інтэрактыўны спіс, які ўключае ў сябе і бібліяграфічныя звесткі аб помніку, і тлумачэнні экспертаў. Акрамя таго, распрацаваны рэестр дазваляе ўбачыць кнігу «ўжывую»: вядзецца работа над поўнай алічбоўкай. Ва ўсім свеце гэта тэхналогія цэніцца вельмі высока: як згадала ўдзельніца прэзентацыі, сакратар Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Наталля Шасновіч, каб атрымаць адсканаваныя версіі некаторых кніжных помнікаў, што знаходзяцца, скажам, у Швецыі, неабходна заплаціць ажно 200 еўра. Дакументы, якія алічбуюць нашы спецыялісты, зразумела, будуць для беларусаў куды больш даступныя.

Трэба адзначыць, што работа над праектам была не толькі інтэлектуальная, але і тэхнічная. На сайце рэестра ёсць інтэрактыўная карта: вы можаце націснуць на любы рэгіён і атрымаць інфармацыю аб яго фондзе і кніжных помніках, якія ён захоўвае. Акрамя камп'ютарнай версіі сайта, адначасова была распрацавана і мабільная, каб доступ да фондаў быў хуткі і зручны.

Так, на прэс-канферэнцыі прагучала, што рэестр створаны. А ці будзе ён пашырацца, і калі будзе, то якім чынам? На гэтыя пытанні адказаў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. Канешне ж, рэестр будзе расці. І, што самае цікавае, кожны з нас зможа ўзяць удзел у дадзеным працэсе. Гэта вельмі падобна на тое, як працуе «Вікіпедыя»: змясціць інфармацыю можа кожны. Калі вам здаецца, што вы валодаеце каштоўнай кнігай, вам трэба толькі зайсці на сайт, націснуць кнопку «У мяне ёсць кніжны помнік» і пакінуць заяўку. Таксама вельмі важны момант, на які звярнуў увагу Алесь Суша: адбор будзе максімальна празрысты. Гэта значыць, што рашэнне аб тым, трапіць кніга ў рэестр ці не, будзе залежаць ад спецыяльна створанай камісіі, ў якую абавязкова ўвойдуць рэгіёны Беларусі. Такім чынам, за адбор заявак будзе адказваць адразу вялікая колькасць экспертаў.

Не проста так было адзначана, што стварэнне рэестра кніжных помнікаў — гэта культурніцкі праект. Такая ініцыятыва звяртае нашу ўвагу адразу на некалькі важных рэчаў. Па-першае, дае магчымасць зразумець, якой велізарнай колькасцю старажытных і каштоўных кніг мы насамрэч валодаем. Па-другое, дапамагае бібліятэкам і музеям захоўваць нашу культурную спадчыну (напрыклад, інфармацыя не будзе страчана з-за неспадзяванасцяў накшталт пажару). Такім чынам, намаганнямі вялікай колькасці людзей быў распрацаваны яшчэ адзін праект, што ўмацоўвае беларускую самасвядомасць.

Арына КАРПОВІЧ

Загаловак у газеце: Калі не бібліятэкі, то хто?

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».