Вы тут

Як мяняецца і чым жыве сёння беларускае выяўленчае мастацтва?


Як мяняецца і чым жыве сёння беларускае выяўленчае мастацтва, з якімі вынікамі прайшлі вядомыя арт-форумы: Міжнародны фестываль «Арт-Мінск», Трыенале жывапісу, графікі і скульптуры і праект «Графіка года», і ці будзе працяг — пра гэта прадстаўнікі Саюза мастакоў і самі творцы пагаварылі на нядаўняй сустрэчы з журналістамі.


Фота: БелТА.

Вышэйназваныя праекты прайшлі ў сталіцы ў канцы мінулага года. Работы мастакоў з Беларусі, Славакіі, Эстоніі можна было ўбачыць на самых розных выставачных пляцоўках. У канцы фестывалю журы, у складзе якога былі мастацтвазнаўцы, вызначыла пераможцаў сярод удзельнікаў Трыенале і праекта «Графіка года». Найвышэйшай адзнакі — Гран-пры І Трыенале жывапісу, графікі і скульптуры — удастоена работа «Плашчаніца» маладой мастачкі Кацярыны Сумаравай. Скульптар Канстанцін Селіханаў перамог у намінацыі «Скульптура». У намінацыі «Жывапіс» найлепшым прызналі мастака Васіля Касцючэнку. Першы прыз у намінацыі «Графіка» дастаўся мастаку з Гродна Юрыю Якавенку. Што да вынікаў праекта «Графіка года», то тут у намінацыі «Арыгінальная графіка» першае месца прысудзілі Валерыі Каўзановіч, а ў намінацыі «Друкаваная графіка» — Марыі Кашалёвай-Ліхоце.

— Мы вельмі рады, што ў канцы мінулага года нам удалося ажыццявіць праект, які для сябе мы назвалі І Трыенале жывапісу, графікі і скульптуры. Выбраўшы фармат правядзення адзін раз на тры гады, мы будзем прэзентаваць класічныя віды мастацтва. Наступнае трыенале хочам прысвяціць канцэптуальнаму мастацтву. І праз год чакаецца яшчэ адно трыенале, якое будзе прысвечана дэкаратыўна-прыкладному мастацтву. Такі фармат дазволіць Беларускаму саюзу мастакоў ахапіць самыя розныя віды, кірункі і жанры выяўленчага мастацтва, — адзначае першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Аб'яднаўшы праекты І Трыенале жывапісу, графікі і скульптуры, праект «Графіка года» і міжнародны фестываль «Арт-Мінск», мы ў выніку атрымалі цудоўнае свята мастацтва, якое цёпла прыняла публіка. Гледачы ацанілі такі фармат і, нягледзячы на складаныя пандэмічныя ўмовы, што былі ў канцы мінулага года, нашы выстаўкі наведвала каля 300 чалавек у дзень. І гэта сведчыць пра тое, што цікавасць да мастацтва ёсць, людзям хочацца гаварыць пра яго, глядзець і ацэньваць.

Нядаўна ў Палацы мастацтваў адкрыліся экспазіцыі, дзе прэзентаваны лаўрэаты Трыенале і праекта «Графіка года», але ў больш разгорнутым фармаце і з большай колькасцю новых работ. Там можна наведаць асобны творчы праект Кацярыны Сумаравай «Памежны стан». У экспазіцыі прадстаўлены работы з цыклаў «Суб'ектыўны краявід», «Памежны стан», «Рэзервуарыум», а таксама з новай нізкі-рэфлексіі «Плашчаніца». Там жа знаходзяцца работы Васіля Касцючэнкі, Таццяны Радзівілкі, Аляксандра Даманава, Юрыя Якавенкі, Юрыя Тарэева, Уладзіміра Шапавалава, Канстанціна Селіханава, Сяргея Аганава, Аляксандра Сакалова.

Цікава будзе наведаць і праект «Святло зямлі, святло нябёсаў...» мастачкі-графіка Ларысы Журавовіч з Бялыніч.

— Мастаку, які ўсё жыццё жыве ў правінцыі, вельмі важна мець магчымасць выставіцца на сталічнай пляцоўцы, — гаворыць Ларыса Журавовіч. — І ў мяне, дзякуючы Саюзу мастакоў, такая магчымасць з'явілася. Юбілейная выстаўка — гэта звычайна нейкая рэтраспектыва, дзе можна прадставіць работы розных перыядаў. Але ў маім выпадку мы ўсё зрабілі крыху інакш. Я прадстаўляю серыю, якая створана за мінулыя паўтара года. Выстаўка называецца «Святло зямлі, святло нябёсаў...». І вядома, не варта ўспрымаць назву літаральна. Мяне хвалявала тэма духоўнасці і душэўнасці. Бо гэта тыя тонкія матэрыі, якія зрокава вельмі складана выявіць. Тэма прымусіла мяне зрабіць экскурс у гістарычнае мінулае сваёй малой радзімы, — дзеліцца мастачка Ларыса Журавовіч. — Пачала даследаваць хрысціянскае жыццё ў нашым рэгіёне, якія ў той час былі помнікі. І ў выніку доўгіх пошукаў высветліла, што было 16 хрысціянскіх храмаў, з якіх засталося толькі два, прычым у перабудаваным выглядзе. Звярнулася да энцыклапедый, а там аніякіх звестак. Тады мы з мужам аб'ездзілі амаль усе вёскі, каб пагаварыць з пажылымі людзьмі і з дапамогай іх успамінаў зразумець, як выглядалі гэтыя цэрквы. На жаль, выгляд двух помнікаў аднавіць так і не ўдалося. Увогуле мая выстаўка атрымалася шматжанравая, бо там прадстаўлены партрэты, нацюрморты і шмат іншага. Але ўсе іх аб'ядноўвае мая спроба знайсці адказы на пытанне: дзе заканчваецца зямля і пачынаецца неба? Я бачу праяўленне гэтага ў вачах людзей, у іх працы на зямлі, у намаляваных нацюрмортах — усюды я бачу правобраз зямнога раю. Гэтая духоўная сувязь паміж нашым жыццём і небам для мяне асабліва прывабная. І спадзяюся, што вынікі маіх пошукаў вы зможаце ўбачыць на маёй персанальнай выстаўцы.

Таксама ў планах Беларускага саюза мастакоў — шэраг цікавых мерапрыемстваў на бягучы год. Як распавёў намеснік старшыні па творчых і агульных пытаннях Беларускага саюза мастакоў Андрэй Басалыга, сёлета варта чакаць правядзення чатырох маштабных праектаў, сярод якіх фестываль скульптуры, яго плануюць на пачатак красавіка; потым — фестываль жывапісу «Лабірынт», улетку — фестываль манументальна-прыкладнога мастацтва «Манумент», а завершыцца год Трыенале канцэптуальнага мастацтва.

Добрая навіна ёсць і для прыхільнікаў выяўленчага мастацтва ў рэгіёнах Беларусі. Пабачыць работы найлепшых мастакоў, скульптараў змогуць у Полацкай мастацкай галерэі, у Віцебскім цэнтры сучасных мастацтваў, а таксама ў Брэсце і ў Гродне. Як адзначаюць арганізатары, за межамі сталіцы жыве шмат таленавітых людзей і тых, хто цікавіцца творчым жыццём, а гэта трэба падтрымліваць.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Маляваць зніклыя храмы, шукаць мяжу паміж небам і зямлёй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».