Вы тут

Мільён сто трыццаць тысяч: салідарны пратэст работнікаў Беларусі адпраўлены ў Савет ЕС


Калектыўны ліст супраць санкцый адпраўлены ў Савет Еўрапейскага саюза. Подпісы пад ім пакінулі больш за мільён сто трыццаць тысяч работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый нашай краіны, паведамілі ў прэс-службе ФПБ. Гэта салідарны пратэст працоўных супраць незаконных і неабгрунтаваных мер, прынятых Еўрасаюзам у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў.


— Мы не раз падкрэслівалі, што такія дзеянні ЕС — незаконныя. І гэта не галаслоўнае сцвярджэнне. У Статуце Арганізацыі Аб'яднаных Нацый прапісана, што санкцыі могуць выкарыстоўвацца ў тым выпадку, калі дзеянні той ці іншай краіны нясуць пагрозу, парушаюць мір і бяспеку. Прадпрыемствы, якія трапілі ў санкцыйны спіс, ніякім чынам не падпадаюць пад гэтае азначэнне. Яны не парушаюць нормаў нацыянальнага і міжнароднага права, не нясуць пагрозы рэгіянальнай і сусветнай стабільнасці і бяспекі, — адзначылі ў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Там падкрэслілі, што ў Еўрапейскім саюзе наўмысна заплюшчваюць вочы на супярэчнасць санкцый міжнароднаму праву, і не прызнаюць той факт, што ў першую чаргу ад санкцый пакутуюць звычайныя работнікі арганізацый і прадпрыемстваў.

— Хоць гэты факт пацверджаны як рэзалюцыямі ААН, так і шматлікімі даследаваннямі, якія праводзіліся ў тым ліку і прадстаўнікамі Еўрапейскага саюза. Больш за тое, сёння мы ведаем, што ўжо з-за дзеянняў чыноўнікаў ЕС больш за 300 работнікаў санаторыя «Беларусь» у літоўскім Друскінінкаі засталіся без стабільнага даходу. Аднак гэты факт прадстаўнікамі ЕС таксама наўмысна замоўчваецца, — акцэнтвалі ўвагу ў нацыянальным прафцэнтры.

Трэба сказаць, што збор подпісаў супраць эканамічных санкцый ЕС праводзіўся абсалютна адкрыта, празрыста і добраахвотна. Ва ўсе арганізацыі і прадпрыемствы былі накіраваны кантакты, куды можна было ананімна звярнуцца ў выпадку, калі парушаецца права свабоднага волевыяўлення.

— На сённяшні дзень з гэтай нагоды не паступіла ніводнага звароту, — падкрэслілі ў ФПБ. — Таксама ў сувязі з галаслоўнай заявай прадстаўніка Еўрасаюза ў Беларусі пра нібыта існуючыя выпадкі ціску на работнікаў, Федэрацыя прафсаюзаў накіравала ў прадстаўніцтва ЕС запыт аб прадастаўленні пацверджання дадзенай інфармацыі.

У Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі гатовыя аказаць садзейнічанне ў скасаванні подпісаў канкрэтных людзей, калі пацвердзіцца факт прымушэння.

— За кожным подпісам стаіць рэальны чалавек. Гэта простыя людзі з усіх рэгіёнаў і галін эканомікі нашай краіны. Еўрапейскі саюз не мае права адмахнуцца ад меркавання і пазіцыі людзей, — падкрэслілі ў нацыянальным прафцэнтры. — Беларусь заўсёды выступала за ўсталяванне сяброўскіх, партнёрскіх адносін з Еўрасаюзам. Магчыма гэта толькі пры ўзаемапавазе і дыялогу. Накіраваны ў Савет Еўрапейскага саюза ліст з подпісамі беларусаў — яшчэ адзін крок насустрач гэтаму дыялогу.

Між іншым у ФПБ нагадалі, што патрабаванні працоўных Беларусі падтрыманы найбуйнейшымі палітычнымі партыямі нашай краіны (Рэспубліканскай партыяй працы і справядлівасці, Камуністычнай партыяй Беларусі, Ліберальна-дэмакратычнай партыяй Беларусі). Заявы аб недапушчальнасці санкцыйнай палітыкі і абмежаванні права на працу таксама прынялі ўжо больш за дзясятак найбуйнейшых міжнародных прафсаюзных аб’яднанняў СНД і Еўропы, у шэрагах якіх больш за 50 мільёнаў чалавек.

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.