Вы тут

Культуролагі абмеркавалі вынікі «трылогіі малой радзімы»


Місія: захаваць і прымножыць. Гады малой радзімы і права на памяць

За 2018—2020 гады, якія ў нашай краіне прысвячаліся малой радзіме, у краіне было адрэстаўравана або прыстасавана пад новыя функцыі больш за 400 гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Сярод іх будынак музея Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве, царква ў вёсцы Сынкавічы Зэльвенскага раёна, аб'екты мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», паўночна-ўсходняя вежа Лідскага замка, мемарыяльны комплекс «Прарыў» ва Ушацкім раёне , абеліск «Мінск — горад-герой», будынак кінастудыі «Беларусьфільм», стадыён «Дынама», помнік гісторыі «Трасцянец», будынкі фабрыкі-кухні і філіяла Дзяржаўнага музея Максіма Багдановіча «Беларуская хатка» ў Мінску, сталічны манумент Перамогі, мемарыяльны комплекс «Рыленкі», музей пад адкрытым небам «Стаянка першабытнага чалавека» ў аграгарадку Юравічы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці і шмат якія іншыя. Інфармацыя пра гэта прагучала на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БелТА, прысвечанай пытанням захавання, прымнажэння і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.


Дзяржспіс пашырыўся

Шмат увагі аддавалася падрыхтоўцы і разгляду прапаноў аб пашырэнні Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцяў. У выніку за 2018—2020 гады Дзяржспіс папоўніўся 53 новымі аб'ектамі. І на сёння, як паведаміла начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Хвір, туды ўключана 5596 аб'ектаў.

Летась Міністэрствам культуры створаны пошукавы сайт, якія дазваляе любому карыстальніку хутка знаходзіць інфармацыю аб гісторыка-культурных каштоўнасцях, у тым ліку праз мабільную праграму. Таксама Дзяржаўны спіс размешчаны на афіцыйным сайце Міністэрства культуры і ў інфармацыйна-прававой сістэме «Эталон». Дзяржава прыкладае ўсе намаганні, каб не толькі захаваць і прымножыць гісторыка-культурныя каштоўнасці, але і пашыраць веды пра нацыянальныя здабыткі.

За апошнія гады Міністэрствам культуры сумесна з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі праведзена работа па арганізацыі выплаты адлічэнняў за прадпрымальніцкую дзейнасць, якая аказвае непасрэднае ўздзеянне на гісторыка-культурныя каштоўнасці. Згодна з указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 527, у Фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва паступіла ў 2018 годзе больш за 700 тысяч рублёў, у 2019 годзе больш за 900 тысяч, у 2020 годзе больш за 1 мільён 280 тысяч рублёў. У 2018 годзе за кошт сродкаў Фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва праведзены работы па кансервацыі з рэстаўрацыяй фрагментаў замка ў аграгарадку Крэва, кансервацыя з фрагментарнай рэстаўрацыяй руін былога замка Сапегі ў Гальшанах, рэстаўрацыйныя работы палацава-паркавага ансамбля Пуслоўскіх у Косаве. У 2019 годзе праводзіліся работы па аднаўленні радавога маёнтка Напалеона Орды ва ўрочышчы Чырвоны Двор Іванаўскага раёна, былы касцёл езуітаў у Мсціславе, пахавальная капліца Паскевічаў у Гомелі, Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку. У 2020 годзе ўдалося цалкам стабілізаваць тэхнічны стан касцёла ў Мсціславе, праведзены супрацьаварыйныя і кансервацыйныя работы на паўночна-ўсходнім корпусе Гальшанскага замка, выкананы работы па аднаўленні часткі сцяны, прылеглай да Княжацкай вежы Крэўскага замка, працягваліся работы на іншых ключавых аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны.

Вяліся работы і ў Жыровічах, адноўлена гістарычнае аблічча званіцы Свята-Успенскага манастыра. Асаблівая ўвага аддаецца аднаўленню палаца роду Булгакаў ХІХ стагоддзя ў аграгарадку Жылічы Кіраўскага раёна, які вядомы багатымі інтэр'ерамі. На Спаса-Праабражэнскай царкве ў Полацку працягнуліся ўнікальныя работы, у тым ліку па раскрыцці фрэскавага роспісу ХІІ стагоддзя. Дарэчы, работа на гэтым аб'екце будзе працягвацца да 2024 года.

Работа Міністэрствам культуры вядзецца таксама ў кірунку павелічэння прысутнасці беларускіх аб'ектаў у спісах сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Так, у 2018 годзе ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ўключаны элемент урачыстасці ў гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай (так званы Будслаўскі фэст Мядзельскага раёна). У снежні 2019 года міжурадавым камітэтам па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны прынята рашэнне аб уключэнні ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны вясновага абраду «Юраўскі карагод» з вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна. У снежні 2020 года прынята рашэнне аб уключэнні беларуска-польскай намінацыі «Культура бортніцтва Беларусі і Польшчы».

На працягу 2020 года завершана дасье па элеменце нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні». Цэнтрам культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў чэрвені 2020 года ўзгоднена ініцыятыва Міністэрства культуры па культурным праекце «Мусульманская спадчына Цэнтральнай Еўропы», якім прадугледжана аб'яднаць намаганні на міжнародным, рэгіянальным і нацыянальным узроўнях для вывучэння патэнцыялу мусульманскай культурнай спадчыны. Інфармацыя аб праекце размешчана на афіцыйным сайце ЮНЕСКА.

Сталічныя набыткі

Па Мінску ў Дзяржаўны спіс уключана 480 гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Але калі ўлічыць, што многія аб'екты аб'яднаны ў адзіныя комплексы, то атрымаецца значна большая лічба. Так, у сталіцы знаходзіцца больш за 1500 аб'ектаў — рухомых і нерухомых, матэрыяльных і нематэрыяльных.

Гэта ў тым ліку больш за 380 помнікаў горадабудаўніцтва, архітэктуры, археалогіі, мастацтва, гісторыі. А таксама 27 рухомых каштоўнасцяў — музейныя калекцыі, рукапісныя і старадрукаваныя кнігі, якія знаходзяцца ў Нацыянальнай бібліятэцы, Нацыянальным мастацкім музеі і будынку Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

У 2020 годзе ў Дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў па горадзе Мінску быў уключаны такі нематэрыяльны аб'ект, як мастацкія практыкі саломапляцення. Так, у сталіцы, як і ў іншых рэгіёнах, ёсць высокапрафесійныя майстры, якія ствараюць незвычайныя мастацкія творы з саломы.

Шмат намаганняў прыкладаецца, каб падтрымліваць аб'екты спадчыны ў належным стане. У 2020 годзе ў Мінску больш чым на 60 аб'ектах праходзілі рамонтна-рэстаўрацыйныя работы, і на 34 з іх ужо завершаны. Агульны аб'ём асвоеных сродкаў — больш за 66 мільёнаў рублёў (у тым ліку з рэспубліканскага бюджэту 25 мільёнаў, са сродкаў мясцовага бюджэту 25 мільёнаў і за кошт інвестараў больш за 16 мільёнаў).

Летась завершаны такія важныя работы, як рамонт з рэстаўрацыяй манумента Перамогі, рэстаўрацыя манументальных мазаік «Горад-герой» і «Горад-воін» на жылых будынках мікрараёна Усход-1, рэканструкцыя і добраўпарадкаванне парка імя Янкі Купалы. Рамонт з рэстаўрацыяй, рэканструкцыя праведзены на будынках па вуліцах Кірава, Карла Маркса, Энгельса, Мяснікова. Таксама праведзены рамонты розных элементаў — дахаў, памяшканняў — дамоў на вуліцах Карла Маркса, Першамайскай, Савецкай, на праспекце Незалежнасці.

Працягваюцца работы па аднаўленні і добраўпарадкаванні пабудоў гістарычнага цэнтра. Зараз яны вядуцца ў Ракаўскім прадмесці.

У 2021 годзе ў інвестыцыйных праграмах горада Мінска прадугледжаны таксама сродкі на рэканструкцыю, рэстаўрацыю аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Працягнуцца работы на вуліцах Ракаўскай і Інтэрнацыянальнай. У Лошыцкім сядзібным комплексе запланавана правесці кансервацыю будынка бровара. Пачнецца рэканструкцыя з рэстаўрацыяй кінатэатра «Перамога». Выдзелены сродкі на рэстаўрацыю храма Аляксандра Неўскага, што знаходзіцца на тэрыторыі Вайсковых могілак.

Як паведаміла начальнік аддзела мастацтваў упраўлення культуры Мінскага гарвыканкама Наталля СМОЛЬСКАЯ, па Мінску распрацавана 68 праектаў зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў, і гэта работа будзе працягвацца.

Археалагічная карта

Пра неабходнасць стварэння археалагічнай карты Мінска згадаў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Вадзім Лакіза. Гэта комплексная работа дазволіла б і захоўваць, і папулярызаваць спадчыну. «Археалагічная карта паказвае тысячагадовую гісторыю Беларусі, — заўважыў Вадзім Леанідавіч. — Мы ведаем аб з'яўленні першых людзей на тэрыторыі цяперашняга горада ў эпоху мезаліту, напрыклад, на тэрыторыі парку Чалюскінцаў. Знаходкі былі і каля гасцініцы «Беларусь». У раёне Лошыцкага парку знойдзены помнікі археалогіі, характэрныя для жалезнага веку, ранняга Сярэднявечча. Тэрыторыя засялялася і ў ІХ—Х стагоддзях, найбольш актыўна — у эпоху Сярэднявечча»

Натуральна, такая інфармацыя можа выкарыстоўвацца і ў турыстычных мэтах, у адукацыйным працэсе, карыснай яна будзе для інвестараў, якія атрымліваюць участкі пад забудову. Яшчэ адна ідэя, вартая ўвагі, — стварэнне на тэрыторыі парку Чалюскінцаў (дзе знойдзены старажытныя матэрыялы) і батанічнага сада міні-музея, дзе можна было б даведвацца пра цікавінкі з гісторыі горада і незвычайныя знаходкі, тут выяўленыя.

Пашырэнне ведаў

Між іншым, прыклады таму, як можна падаваць старажытную гісторыю, ужо ёсць. Так, у Белавежскай пушчы пад адкрытым небам створаны музей, які дазваляе паглыбіцца ў розныя эпохі, дакрануцца да прадметаў, якімі карысталіся людзі ад каменнага веку да эпохі Сярэднявечча.

Інстытут гісторыі НАН займаецца не толькі навуковымі даследаваннямі, але і ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь «Аб культуры» распрацоўкай мер па ахове археалагічнай спадчыны. За 2020 год Інстытут выдаў 612 заключэнняў аб наяўнасці ці адсутнасці на тэрыторыі земляных работ аб'ектаў ці помнікаў археалогіі для 241 арганізацыі і юрыдычных асоб з усіх абласцей Беларусі. Акрамя таго, у 2020 годзе Акадэмія навук выдала 216 дазволаў на правядзенне археалагічных даследаванняў па ўсіх абласцях і горадзе Мінску. Напрыклад, у 2019-м было выдадзена 220 дазволаў. Невялікае памяншэнне звязана выключна з эпідэмічнай сітуацыяй — летась у сувязі з мерамі бяспекі была зменшана колькасць экспедыцый са школьнікамі і студэнтамі. Хоць рабоце з падрастаючым пакаленнем у Інстытуце аддаецца асаблівая ўвага. За Гады малой радзімы разам з юнымі даследчыкамі археалагічныя лагеры праводзіліся ў Дзятлаве, Гальшанах, Бешанковіцкім і шэрагу іншых раёнаў.

Сумесна з мясцовымі органамі ўлады навукоўцы за тры гады правялі 14 канферэнцый, у якіх разам з вучонымі ўдзельнічалі школьнікі, студэнты, краязнаўцы, мясцовыя супрацоўнікі аддзелаў культуры, настаўнікі. Такія сустрэчы, накіраваныя ў першую чаргу на вывучэнне і папулярызацыю рэгіянальнай гісторыі, прайшлі ў Шклове, Дзятлаве, Ашмянах, Акцябрскім, Расонах, Іўі, Глыбокім, Лідзе і г. д.

Па выніках выходзяць зборнікі з каштоўнай інфармацыяй, варта адзначыць і серыю, якая выдаецца Інстытутам гісторыі, «Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі».

Але знаёміць з гісторыяй людзей можна і праз... паслугі. У рэстаўраваных аб'ектах могуць быць не толькі музеі. І прыклады таму ўжо ёсць у Мірскім, Нясвіжскім замках і іншых аб'ектах. Пры стварэнні таго ж музея пад адкрытым небам у Белавежскай пушчы было пакінута месца для правядзення фестываляў: у нашай краіне багата рэканструктараў і рамеснікаў, гатовых прыязджаць на такія пляцоўкі і прапаноўваць там свае паслугі і тавары. На базе гістарычных аб'ектаў працуюць і гатэлі, напрыклад у сядзібе Агінскага ў Залессі можна прыпыніцца на начлег і паглыбіцца ў атмасферу, у якой жыў і тварыў наш славуты зямляк.

Цяпер аднаўляецца палацава-паркавы комплекс Свяцк, акрамя музея, там будуць гасцініца, аздараўленчы комплекс, рэстаран. Калі ўлічыць, што комплекс знаходзіцца па дарозе да Аўгустоўскага канала, можна меркаваць, што ўсе гэтыя паслугі будуць запатрабаваныя.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Місія: захаваць і прымножыць. Гады малой радзімы і права на памяць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Шчаслівыя разам, або Формула кахання ад маці шасцярых сыноў

Шчаслівыя разам, або Формула кахання ад маці шасцярых сыноў

Крысціна Пасечнік вырасла ў сям’і цыркавых артыстаў. Дзяцей у такіх сем’ях звычайна раз, два і ўсё. Але ў Бога на яе конт былі іншыя планы.

Грамадства

Жанчыны «Нашай раніцы» на АНТ: лэдзі-бос, жанчына-агонь і дзяўчына-мара

Жанчыны «Нашай раніцы» на АНТ: лэдзі-бос, жанчына-агонь і дзяўчына-мара

Аб тэлебачанні, сям'і, сакрэтах прыгажосці, здароўя і добрага настрою.

Грамадства

Тэст. Беларускія жанчыны: імя ў гісторыі

Тэст. Беларускія жанчыны: імя ў гісторыі

Праверце, ці шмат вы пра іх ведаеце.

Грамадства

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Асабісты погляд на тыя каштоўнасці, без якіх немагчыма паўнавартаснае жыццё жанчыны, незалежна ад узросту і статусу.