Вы тут

У новае выданне пра Мележа ўключаны ўспаміны яго родных і сяброў


Выдавецтва «Мастацкая літаратура» падрыхтавала для прыхільнікаў беларускай класікі навінкі. Да 100-годдзя Івана Мележа, якое адзначаецца сёлета, 8 лютага, перавыдалі раман «Людзі на балоце», а яшчэ выпусцілі кнігу пра народнага пісьменніка «Іван Мележ. Пясняр Палесся». Выданні прадставяць на Мінскай кніжнай выстаўцы-кірмашы, які пройдзе ў сталіцы з 18 да 21 лютага.


— Мы павінны шмат расказваць пра класіку нашай літаратуры сённяшнім чытачам, у тым ліку і пра раман «Людзі на балоце», які для старэйшага пакалення і пісьменнікаў, і чытачоў — своеасаблівая мастацкая Біблія. Кніжны рынак перанасычаны. Не паспее выйсці новы твор пісьменніка хоць бы ў Францыі, хоць у Германіі, Расіі, ён тут жа можа з'явіцца ў кнігарнях, у тым ліку і беларускіх. І сёння вельмі цяжка паверыць, што некалі (а гэта было ў 1961 годзе) раман Івана Мележа «Людзі на балоце» стаў сенсацыяй, ён адкрыў абсалютна іншыя абсягі беларускай літаратуры, — адзначыў на сустрэчы з журналістамі дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь БАДАК. — Мележ заняў такое ж месца, якое ў сусветнай літаратуры займаюць Фолкнер, Шолахаў з яго «Ціхім Донам». І вось, калі ў 1961 годзе раман друкуюць у некалькіх нумарах часопіса «Полымя», то адбываецца нешта неверагоднае для тагачаснай беларускай літаратуры. Выходзіць чарговы нумар з раманам, і тут жа знікае з кіёскаў, раскупляецца. Тыраж «Полымя» адразу рэзка вырас. І гэта сведчыла, што ў беларускую літаратуру прыйшоў геніяльны пісьменнік, які даказаў — яна такая ж цікавая і выдатная, як любая літаратура народаў свету.

Сапраўды, раман і цяпер, праз 60 гадоў пасля першай публікацыі, не страчвае сваёй актуальнасці і мастацкай прыгажосці. Твор застаецца цікавым, як і жыццё яго аўтара, пра якое можна шмат даведацца з кнігі «Іван Мележ. Пясняр Палесся», што выдалі ў серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі». Укладальнікам кнігі стаў зямляк пісьменніка, паэт Мікола Мятліцкі.

— Мележ ніколі не сыходзіў з даляглядаў беларускай літаратуры. І гэтая кніга яскрава паказвае вобраз пісьменніка, захоўвае памяць аб ім і пацвярджае, што вялікая літаратура вечна жывая. Час, калі жыў і працаваў Мележ — гэта былі вельмі палемічныя і напружаныя гады літаратурнага існавання. Я нарадзіўся ў тым жа Хойніцкім раёне, і імя Івана Паўлавіча Мележа мне было вядомае са школьных гадоў. Ён — прыклад таго, якой стваральнай можа быць літаратура. Якой яна можа быць моцнай духоўнай сілай. І як можна праўдай жыцця, увасобленай у мастацкіх вобразах, захапіць не толькі землякоў, але і багата людзей у цэлым свеце, — кажа Мікола Мятліцкі. — Я аднёсся да ўкладання гэтай кнігі як да самага вялікага запавета самога Мележа. Давялося багата і настойліва папрацаваць. І далёка не ўсё сюды ўключана. Але сярод таго, што ёсць, — галасы калег пісьменніка і крытыкаў яго твораў, успаміны яго жонкі, дачок, сястры, аднакласніка. А раздзел «Раман — гэта народ» распавядае пра ўсе жанры, у якіх працаваў Іван Паўлавіч. Ёсць таксама і ўспаміны Івана Шамякіна «Палёт над Палессем».

Варта адзначыць, што «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» — гэта серыя, якая існуе ўжо 17 гадоў. Кнігі яе вельмі каштоўныя, таму што даюць нам, чытачам, магчымасць знаёміцца з таленавітымі, выдатнымі майстрамі мастацтва розных часоў. І даюць уяўленне не толькі пра асоб, але і пра час, у якім яны жывуць і пішуць свае радкі ў гісторыі нацыянальнай культуры.

— У серыі «ЖЗЛБ» выйшлі таксама кнігі пра Уладзіміра Караткевіча, Кузьму Чорнага, Леаніда Шчамялёва, Расціслава Янкоўскага, Якуба Коласа, Янку Купалу, Івана Шамякіна, Марыю Захарэвіч, — распавядае галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп. — І вось цяпер серыя папоўнілася кнігай «Іван Мележ. Пясняр Палесся» пра яшчэ аднаго нашага класіка. «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» будзе мець свой працяг. Наперадзе выданне новых кніг, бо гэта наша гісторыя і даніна памяці тым творчым людзям, якія жылі да нас, якія думалі пра Беларусь і сталі гонарам нашай краіны.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Пясняр Палесся — герой кнігі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».