Вы тут

Для чаго праводзяцца стрэс-тэсты на атамнай станцыі


Бяспекі можа быць толькі дастаткова, зашмат яе не бывае, упэўнены айчынныя эксперты атамнай галіны. З гэтай нагоды Беларусь правяла ў 2016—2018 гадах на БелАЭС стрэс-тэсты, хоць станцыя на той момант была яшчэ не гатовая. Паняцце «стрэс-тэсты» ўзнікла пасля таго, як у сакавіку 2011 года ўздзеянне землятрусу і цунамі прывялі да аварыі на АЭС Факусіма-даічы ў Японіі. Як высветлілася пазней, яна мела дэфіцыт бяспекі да экстрэмальных прыродных умоў: ахоўная дамба была на два метры ніжэйшая, чым хваля цунамі. Увесь свет пасля гэтага ўстурбаваўся, што будзе з іншымі атамнымі станцыямі, калі здарыцца падобнае спалучэнне прыродных уздзеянняў. І адказам на тое, што будзе з АЭС, сталі стрэс-тэсты. Еўрапейская група рэгулюючых органаў ядзернай бяспекі ENSREG распрацавала адпаведную працэдуру, якую правялі для ўсіх дзеючых у Еўропе АЭС. Для чаго патрэбны стрэс-тэсты, расказалі эксперты падчас прэс-канферэнцыі ў БелТА.


Экстрэмальнае надвор'е, страта цепланосьбіта, цяжкія аварыі

Існуюць патрабаванні, устаноўленыя для розных паняццяў, звязаных з бяспекай. Калі ўзнікае сітуацыя, што той ці іншы параметр ці кампанент на Беларускай АЭС не адпавядае патрабаванням МАГАТЭ або нацыянальнага заканадаўства, такое становішча называецца дэфіцытам бяспекі, і яго трэба выпраўляць. Калі ж параметры, наадварот, перавышаюць з запасам устаноўленыя патрабаванні, то такая сітуацыя называецца запасам бяспекі, расказаў Алег СОБАЛЕЎ, кансультант Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд):

— Калі гаворка ідзе пра стрэс-тэсты, то іх мэта — вызначыць дэфіцыт бяспекі, а вынікі якраз і з'яўляюцца дадатковай мерай па павышэнні існуючай бяспекі і яе запасаў. Першым этапам стрэс-тэстаў для БелАЭС стала самаацэнка, якую правяла станцыя. Другім — нацыянальная ацэнка па даручэнні ўрада пад агульным кіраўніцтвам Дзяржатамнагляда. Трэцім — партнёрская праверка, якую правяла экспертная група ENSREG.

У 2019-м з'явіўся нацыянальны план дзеянняў па выніках правядзення стрэс-тэстаў. Ён уключыў у сябе мерапрыемствы, пры падрыхтоўцы якіх былі ўлічаны прапановы і рэкамендацыі па павышэнні бяспекі з усіх трох стадый тэстаў. Нацыянальны план утрымлівае 23 мерапрыемствы, два з якіх адміністрацыйныя, 21 — змястоўнае. Гэтыя мерапрыемствы разбітыя, як і самі стрэс-тэсты, на тэмы.

— Першая тэма: паводка і землятрус: экстрэмальныя ўмовы надвор'я, — абазначыў Алег Собалеў. — У межах гэтай тэмы аналізуецца, як будзе рэагаваць станцыя на пэўныя прыродныя ўздзеянні і іх спалучэнні. Другая тэма: страта цеплазабеспячэння і цепланосьбіта. Тут дапускаецца гіпатэтычная здагадка, што падчас прыроднага катаклізму адбудзецца абясточванне станцыі і будзе страчаны цепланосьбіт (субстанцыя, якая адводзіць цяпло з актыўнай зоны рэактара). Трэцяя тэма: кіраванне цяжкімі аварыямі. Разглядаецца магчымасць цяжкай аварыі пасля прыроднага катаклізму і страты цепланосьбіта.

Сейсмічная бяспека ў 300-кіламетровай зоне

Найбольш абмяркоўваемае па першай тэме пытанне ў дачыненні да БелАЭС — сейсмічная бяспека, хоць Беларусь у гэтым плане — адно з самых спакойных месцаў на Зямлі. Тым не менш цяпер усе АЭС будуюцца з улікам сейсмічнага ўплыву мінімум у сем балаў.

У межах выканання мерапрыемстваў запланавана ў прыватнасці далейшае вывучэнне Гудагайскага землятрусу 1908 года. Хоць пацвердзіць яго наяўнасць інструментальна не атрымалася, аднак аспрэчваць яго факт таксама нельга.

— Прадугледжаны і работы па ацэнцы актыўнасці Ашмянскага разлому і аптымізацыі сеткі сейсмічнага кантролю, які цяпер існуе ў раёне станцыі, — удакладніў Аркадзь АРОНАЎ, загадчык геафізічнай абсерваторыі Цэнтра геафізічнага маніторынгу Нацыянальнай акадэміі навук. — Адно з мерапрыемстваў прадугледжвае развіццё гэтай сеткі, мадэрнізацыю і перавод яе ў разрад стацыянарных, каб сачыць за геадынамічнай стабільнасцю асяроддзя на ўсіх этапах эксплуатацыі станцыі і вываду з яе. Цяпер сетка пакуль часовая, якая рэгламентуецца нарматыўнымі дакументамі на этап праектавання і будаўніцтва АЭС.

Яшчэ адно мерапрыемства звязана з актуалізацыяй каталога сейсмічных з'яў у 300-кіламетровай зоне вакол пляцоўкі АЭС, каб паглядзець па выніках маніторынгу апошніх гадоў, ці ёсць змены ў асяроддзі. Забеспячэнне доступу навуковай грамадскасці замежных краін да матэрыялаў, якія атрыманы па даных сейсмалагічнага кантролю.

За гэты час, акрамя навуковай работы па даследаванні Гудагайскага землятрусу, Інстытут фізікі зямлі (Санкт-Пецярбург, Расія) выканаў работу па будаванні новых сейсмічных крывых. На падставе апошняга падрыхтавана новая версія сейсмічнага імавернага аналізу бяспекі, дадаў Алег Собалеў.

Альтэрнатыўнае электрасілкаванне і рэзервовая помпа

Па выніках стрэс-тэстаў дэфіцыту бяспекі на БелАЭС не знойдзена, а для выканання шэрагу мерапрыемстваў нацыянальнага плана прыярытэтнымі абраны тыя, што павышаюць надзейнасць эксплуатацыі АЭС ва ўмовах запраектных аварый, заявіў Мікалай КАРПЕНКА, вядучы інжынер аддзела надзейнасці і аналізу бяспекі ДП «Беларуская АЭС»:

— Яшчэ адзін вынік стрэс-тэстаў — вызначэнне абласцей, дзе можна дадаткова павысіць бяспеку ў дачыненні да пэўных параметраў. Мы ўжо даўкамплектавалі нашы блокі АЭС дадатковай перасоўнай дызель-генератарнай устаноўкай. Падчас аварыйных сцэнарыяў у самых неспрыяльных умовах яна забяспечвае электрасілкаванне асобнага абсталявання. Гэта дазваляе прадоўжыць работу пасіўных сістэм бяспекі. Гаворка ідзе пра запаўненне бакаў аварыйнага адвядзення цяпла сістэмы пасіўнага адводу цяпла ад парагенератараў і герметычнай абалонкі.

Адносна верагоднай поўнай страты цеплазабеспячэння і цепланосьбіта на АЭС у нацыянальным плане абазначана два моманты. Мэтазгоднасць абсталявання станцыі альтэрнатыўнай крыніцай электрасілкавання для запраектных аварый (гэтае мерапрыемства лічыцца выкананым). Ацэнка павышэння надзейнасці сістэмы пасіўнага адводу цяпла і ўстаноўкі дадатковай (рэзервовай) помпы. Гэтае мерапрыемства на БелАЭС зрабілі па-свойму, паведаміў Віген МАРУХЯН, начальнік упраўлення рэгулявання ядзернай бяспекі Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд).

Еўрапейскія калегі прапанавалі ўстанавіць рэзервовую помпу, якая дубліравала б ужо існуючую. З дапамогай гэтай помпы прадоўжыцца работа пасіўных сістэм бяспекі, якія ва ўмовах самых экстрэмальных з'яў уводзяцца ў работу пасіўна — без удзелу аператара — на працягу часу, дастатковага для аднаўленчых работ, растлумачыў Мікалай Карпенка:

— У праекце прадугледжана дадатковае рэзерваванне функцый помпы. Быў праведзены аналіз па павышэнні надзейнасці функцыянавання абсталявання пасіўных сістэм бяспекі пры ўмове выкарыстання рэзервовай помпы або альтэрнатыўнага варыянта — звычайных пажарных машын. У выніку найбольш эфектыўным і надзейным ва ўмовах запраектных аварый і ізаляцыі пляцоўкі аказалася выкарыстанне менавіта пажарнай тэхнікі, з дапамогай якой мы можам падтрымліваць бяспечны стан ядзернай устаноўкі.

Да трэцяй тэмы нацыянальнага плана (кіравання цяжкімі аварыямі) і ў еўрапейскіх, і ў айчынных экспертаў было найменш пытанняў, запэўнілі спецыялісты. Існуюць два падыходы: падзейны і сістэмна-арыентаваны, як апісваць дзеянне персаналу ва ўмовах цяжкіх аварый на АЭС. На беларускай станцыі еўрапейскія эксперты прапанавалі падрыхтаваць праграму работ па сістэмна-арыентаваных працэдурах, паведаміў Віген Марухян:

— У выніку інструкцыя па кіраванні цяжкімі аварыямі будзе распрацавана ў сістэмна-арыентаванай форме, што і было зроблена праектным блокам, разгледжана эксплуатуючай арганізацыяй, Дзяржатамнаглядам. Сёння персанал станцыі ўжо прымяняе такія працэдуры, так што гэты пункт нацыянальнага плана можна лічыць выкананым. Хоць падобныя працэдуры на любой станцыі ўкараняюцца цягам 5—10 гадоў.

Тэрмін рэалізацыі ўсіх мерапрыемстваў нацыянальнага плана разлічаны да 2025 года.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Бяспекі шмат не бывае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?