Вы тут

«Пачынаючы з гэтага года Мінск трэба зрабіць узорна ідэальным»


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Мінскага гарвыканкама Уладзіміра Кухарава.


Па словах кіраўніка краіны, мэр Мінска адпрацаваў толькі квартал на новай пасадзе, але гэты перыяд быў настолькі складаны, што яго можна параўнаць з двума гадамі дзейнасці.

«То бок у вас не было часу, каб спакойна ўваходзіць у курс справы, разбірацца з праблемамі. Але вы чалавек не новы, добра Мінск ведаеце і таму прызначаліся на гэтую пасаду», — сказаў кіраўнік краіны

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што хоча пачуць ад мэра сталіцы, якія ён, кіраўніцтва, гарвыканкам вынеслі ўрокі з мінулага года, асабліва другой яго паловы.

«Хаджэнні пратэстуноў, якія ламалі, крушылі... Ці кампенсавалі яны гораду тое, што зламалі? Ці кампенсавалі яны гэтыя свае дзеянні? Гэта ж грошай каштавала ўсё аднаўляць, мы гэта бачылі. Таму тут спуску ніякага не павінна быць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Па яго словах, бягучы год — няпросты, цяжкі, з улікам асабліва знешніх фактараў, якія будуць заставацца.

«Нам трэба вытрымаць гэты год», — заўважыў Прэзідэнт. Ён запытаў ва Уладзіміра Кухарава, якім ён бачыць для Мінска гэты год і далейшую яго перспектыву.

«Зразумела, што Мінск як сталіца краіны — яе твар, горад, з якога неабходна браць прыклад па развіццю. Напрыклад, няпростая сітуацыя складваецца сёння ў краіне ў сувязі з цыклонамі. Для нас гэта некалькі незвычайна, бо зімы заўсёды былі не зімамі. А сёлета — сапраўдная зіма. Асабліва сёння, калі тэмпература не вельмі нізкая, але моцны вецер і снег. Такога я даўно ўжо не памятаю», — разважае кіраўнік краіны.

Нечаканасцю для яго стала: людзі скардзяцца ў інтэрнэце, што камунальнікі не паспяваюць расчышчаць вуліцы. «Вуліцы мы расчышчаем, паспяваем, а завулкі, двары, амаль што падыход да дома і пад’езда кожнага чалавека... Канечне, нас можна крытыкаваць, але ў такія надзвычайныя моманты трэба, каб людзі самі падключаліся да прыбірання», — лічыць Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што дзейнасць у вялікім горадзе па ачыстцы снегу неабходна арганізоўваць. «Гэта не ў вёсцы, што выйшаў на вуліцу: каля забору стаіць рыдлёўка — пачысціў, не трэба нікога арганізоўваць. Чалавек самаарганізаваны ў вёсцы. Гэта яго звычайная праца. У горадзе людзей неабходна арганізаваць. Калі неабходна, дапамагчы інструментам і дакладна людзям сказаць: слухайце, сітуацыя такая — гэта тэрыторыя за вамі, а гэту мы будзем чысціць. То бок пытанне ў арганізацыі справы», — выказаўся Аляксандр Лукашэнка.

У прыклад самаарганізацыі ён прывёў моладзь, валанцёраў, ваенных, якія падключыліся там, дзе трэба. Па яго словах, гараджане павінны разумець: «Канечне, трактарам ці МАЗам мы туды заедзем калісьці, але колькі гэта будзе каштаваць? А грошай лішніх няма ў сувязі з той сітуацыяй, што складваецца».

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены — людзі з задавальненнем падключацца да працы, але неабходна іх арганізаваць. «Таму ЖКГ, ЖКУ, ЖКА і кіраўнікоў дзевяці адміністрацый (горада — «Зв.») і апаратаў усіх трэба вывесці для арганізацыі. І так па ўсіх кірунках. Не хапае, Уладзімір Яўгенавіч, арганізацыі, — акцэнтаваў Прэзідэнт. — Сказаў, даручыў — вечарам праверыў. Не трэба расказваць нечага лішняга. Паставіў задачу — вечарам праверыў. Толькі так мы можам утрымаць Мінск на тым высокім узроўні, на якім знаходзімся».

Звярнуў падчас дакладу Аляксандр Лукашэнка ўвагу мэра на канкрэтныя пытанні. «Раён плошчы Якуба Коласа — гэтыя аб’екты. Мы дамаўляліся, што навядзем там парадак. Гэта ж цэнтр горада, і парадак там трэба наводзіць. Ёсць і іншыя такія кропкі. Вось мы былі на „Гарызонце“. Там жа велізарная колькасць квадратных метраў, тысячы, нерухомасці ў цэнтры горада, і добрай нерухомасці. Асучасніць трэба, у парадак прывесці. Як выконваюцца гэтыя даручэнні?» — пацікавіўся Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што ведае пра планы — там павінны працаваць офісы, інавацыйныя вытворчасці. «Таму і на Коласа, і ў раёне тэлевізарнага заводу „Гарызонт“ трэба наводзіць парадак, каб гэтыя тэрыторыі прыносілі ў бюджэт грошы. І гэта можна зрабіць. Як у нас тут?» — задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт папярэдзіў Уладзіміра Кухарава, што няпроста будзе працаваць у Мінску з-за ціску на ўлады сталіцы. «Гэта наш, беларускі, цывілізаваны горад, цэнтр Еўропы. Дарослыя людзі, хто разумее ў горадабудаўніцтве, прыязджаюць — здзіўляюцца, што і жыць можна нармальна, і адпачыць можна. Мінск бандытамі не падзелены на кавалкі, — сказаў Прэзідэнт. — І водная роўнядзь, і паркі, і жыллё, і для працы месцы ёсць — чысты прыгожы горад. І нам яго не проста трэба захаваць, пачынаючы з гэтага года, у гэтай пяцігодцы Мінск трэба зрабіць узорна ідэальным».

Як расказаў Уладзімір Кухараў, аснова развіцця Мінска — гэта яго эканоміка. Таму Мінгарвыканкам самую сур’ёзную ўвагу надае развіццю эканамічнага складніку горада. «Калі сцісла па выніках года, то ўсімі ключавымі фінансавымі паказчыкамі мы займаліся. Так, забяспечана павышэнне ўзроўню рэальнай заработнай платы практычна на 10 %, яна сёння складае 1782 рублі. Забяспечаны рост выручкі ад рэалізацыі прадукцыі на 9 %, рост прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі павялічыўся ў нас на 17 %. Мы лічым, што гэта для прадпрыемстваў вельмі добры вынік у той эканамічнай сітуацыі, якая склалася ў свеце. Рэнтабельнасць складае 9 %. Акрамя таго, забяспечана выкананне ключавых паказчыкаў па будаўніцтве жылля», — паведаміў сталічны мэр.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?