Вы тут

Разгадаць Кітай праз кнігу: праект «Звязды» прэзентавалі ў Доме прэсы


Адкрываць свет чытачам ― адна з натуральных уласцівасцяў і задач кнігі. Менавіта яна зрабіла такой папулярнай літаратуру нон-фікшн, якая знаёміць чалавека з незвычайнымі і невядомымі з’явамі, месцамі, падзеямі наўпрост. Інеса Плескачэўская ― журналістка, якая адкрывае беларусам свет праз кнігі, а іх назапасілася ўжо 10. На прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы аўтарка прадставіла сваё выданне «Як разгадаць Кітай», што нядаўна пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда», распавяла пра іншыя праекты і планы на будучыню.


Дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што залогам поспеху кнігавыдання «Звязды» з’яўляюцца менавіта аўтары, якія прыносяць цікавы матэрыял. Тэксты Інесы Плескачэўскай, якая ўжо доўга працуе як замежны карэспандэнт газеты «СБ: Беларусь сегодня» ― раней у Кітаі, апошнія гады ― у Еўропе, адлюстроўваюць не толькі грамадска-палітычныя падзеі і працэсы, а жыццё ўвогуле, тое, што зразумела і цікава звычайнаму чытачу. Пры гэтым героямі яе матэрыялаў становяцца знакавыя асобы, якія паўплывалі на станаўленне розных краін. Кнігу «Без жалезнай заслоны» Аляксандр Карлюкевіч параіў не толькі як цікавае чытво, але і добры публіцыстычны падручнік. А кніга «Як разгадаць Кітай» ― зборнік цікавых віртуальных вандровак, якія не займаюць многа часу, але прыносяць шмат разнастайнай і цікавай інфармацыі. Дырэктар паабяцаў, што выдавецтва будзе імкнуцца да таго, каб як мага больш прывабна аформіць такую цікавую інфармацыю.

Інеса Плескачэўская 16 лютага адзначыць 15 гадоў з моманту, калі ў газеце «СБ: Беларусь сегодня» з’явілася яе першая калонка пра Кітай. Кніга ― вынік гэтага праекта, гэтых калонак. Ілюстратыўны матэрыял ― фотаздымкі, зробленыя амаль ва ўсіх правінцыях Кітая мужам журналісткі Міхаілам Пеньяўскім.

Інеса Плескачэўская адзначыла, што кожнаму журналісту важна быць самому сабе рэдактарам ― хочацца ўключыць усё, што напісана, але трэба сябе бязлітасна скарачаць. Тэкст атрымліваецца канцэнтраваным ― змяшчае шмат інфармацыі, і тым ён цікавы. Кніга складаецца з дзвюх частак: «Мы ў іх» і «Яны ў сябе». Першая ― асабістая спроба аўтаркі спазнаць Кітай. «Ёсць шмат рэчаў, якія здзіўляюць, раздражняюць, шакуюць. Але галоўнае ― падыходзіць да ўсяго з адкрытым розумам, не спрабаваць ацэньваць тымі нормамі, з якімі прывыклі жыць у сябе дома», ― падзялілася пісьменніца. Другая частка ― пра саміх кітайцаў, тое, як яны ставяцца да сваёй краіны, культуры, асаблівасці іх грамадства.

Намеснік дырэктара Выдавецкага дома Юлія Дашкевіч звярнула ўвагу на тое, што ўсе кнігі Інесы Плескачэўскай мелі вялікі поспех. Аўтар, які можа падаць тое, што можна прадаць, ― знаходка для кожнага выдавецтва.

Цяпер Інеса Плескачэўская рыхтуе кнігу «Феномен Валянціна Елізар’ева». Ужо запісана каля 9 гадзін інтэрв'ю з легендарным беларускім харэографам і больш за 10 размоў з людзьмі, што яго ведаюць.

Па словах пісьменніцы, разнастайнасць тэм прадыктавана чыстай цікаўнасцю. «Самае галоўнае, што ёсць у журналіста ― цікаўнасць. З Елізар’евым усё натуральна, бо я люблю балет і хаджу на яго ва ўсіх гарадах свету, дзе бываю. Гістарычныя прагулкі з’явіліся падчас працы над кнігай „Без жалезнай заслоны“, калі адзначалася 500-годдзе кнігадрукавання. Мне хочацца, каб у беларусаў пашыралася свядомасць і гарызонты, каб мы маглі паглядзець на сябе збоку», ― распавяла Інеса Плескачэўская.

Прэзентацыя кнігі «Як разгадаць Кітай» пройдзе падчас Міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу 20-га лютага.

Дар’я СМІРНОВА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

З беларуска-літоўскай граніцы працягваюць паступаць весткі, ад якіх проста кроў стыне ў жылах. 

Грамадства

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Вызначыцца з выбарам прафесіі і месцам навучання можна да 7 жніўня ўключна.

Спорт

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

У сераду ў Мінск вярнуўся бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у скачках у вышыню Максім Недасекаў.

Грамадства

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

А яшчэ нармальны рабочы дзень, адпачынак і права на «бальнічны»...