Вы тут

Кандыбовіч: 2020 год нас навучыў у першую чаргу берагчы сябе і тых, хто побач


Сяргей Кандыбовіч — асоба вельмі цікавая і рознабаковая. Заслужаны дзеяч навукі Расіі, акадэмік Расійскай акадэміі адукацыі, доктар псіхалагічных навук, прафесар, чатырохразовы лаўрэат дзяржаўных прэмій Расійскай Федэрацыі, ён мае непарыўныя сувязі з нашай краінай, бо сам нарадзіўся ў Мінску. У гэтыя дні Сяргей Кандыбовіч чарговы раз завітаў у родны горад з нагоды правядзення Усебеларускага народнага сходу, на які яго як старшыню Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі», якая аб'ядноўвае 71 грамадскую арганізацыю беларускай дыяспары ў 35 рэгіёнах Расіі, запрасілі ў якасці госця. Напярэдадні народнага форуму карэспандэнт «Звязды» пагутарыла з Сяргеем Львовічам пра яго чаканні ад гэтай падзеі, пра тое, як нашы суайчыннікі, што жывуць у Расіі, ставяцца да палітычнай сітуацыі ў краіне і на чым грунтуецца патэнцыял беларускага грамадства.


Фота Ганны ЗАНКАВІЧ.

— Сяргей Львовіч, у Беларусі ваша аўтаномія мае цесныя зносіны з многімі міністэрствамі — інфармацыі, культуры, адукацыі і апаратам упаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў... Як выбудоўвалі дзейнасць арганізацыі летась, калі ўвесь свет закрыўся з-за пандэміі і ці атрымалася дасягнуць нейкіх поспехаў у справе супрацоўніцтва?

— Мінулы год, я думаю, быў самы складаны ў найноўшай гісторыі ў сусветным маштабе. Але разам з тым трэба шукаць і ў гэтай сітуацыі пазітыўныя моманты. Спачатку было складана, але потым фармат дыстанцыйных мерапрыемстваў дапамог. Мы шмат чаму навучыліся, асвоілі рэжым анлайн-сустрэч.

Не будзем забываць, што мінулы год быў юбілейны — святкавалі 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мы вельмі рыхтаваліся да яго і выдалі кнігу «Республика-Партизанка. К 75-летию Победы в Великой Отечественной войне», дзе сабраны ўспаміны ўдзельнікаў партызанскага руху. Падпісаны экзэмпляр мы праз беларускае пасольства перадалі Прэзідэнту Беларусі, калі ён завітаў на Парад у Маскву. Варта адзначыць, што непасрэдны прыярытэт нашай арганізацыі — пытанні, звязаныя з патрыятычнымі праектамі. У нас, мабыць, ва ўсіх у генетычным кодзе зашыты рэчы гераічнай гісторыі Беларусі, улічваючы, што яна — адна з краін, найбольш пацярпелых у гады Вялікай Айчыннай вайны.

А яшчэ 2020 год нас шмат чаму навучыў, і ў першую чаргу — берагчы сябе і тых, хто побач. Год быў трывожны і з-за падзей на маёй гістарычнай радзіме.

— Калі вы ўспомнілі пра складаную грамадска-палітычную сітуацыю ў Беларусі, запытаю: як беларусы, што жывуць у Расіі, успрынялі гэтыя падзеі?

— Дарэчы, сёння ў Расіі пражываюць 550 тысяч грамадзян Расійскай Федэрацыі, якія пры апошнім перапісе насельніцтва назвалі сябе беларусамі па нацыянальнасці. Таму сітуацыя ў Беларусі, нас не толькі непакоіць — гэта наш боль, штодзённае хваляванне. Калі пачаліся падзеі ў Беларусі, у нашу арганізацыю сталі звяртацца калегі з іншых нацыянальна-культурных аўтаномій. Яны вельмі перажывалі за нас і нашу радзіму. Вельмі прыемна, што словы падтрымкі гучалі і гучаць, бо беларусы заўсёды адчувалі павагу і любоў да сабе з боку іншых нацыянальнасцяў.

Інфармацыю пра Беларусь мы атрымліваем не толькі праз сродкі масавай камунікацыі, але і на бытавым узроўні. Паведамленні пра падзеі разглядаем не аднабока, а можам аб'ектыўна адсачыць з розных крыніц. Таксама маем зносіны з нашымі сябрамі, роднымі, што жывуць у Беларусі.

— Напэўна, у членаў вашай арганізацыі погляды на палітычную сітуацыю адрозніваюцца? Ці атрымліваецца знаходзіць ім агульную мову?

— У нас быў прыклад падзей ва Украіне. Яны прывялі да трагедый сем'яў, якія пачалі распадацца з-за разнастайнасці поглядаў на адны і тыя ж падзеі... Скажу, што ў перыяд самых вострых падзей у жніўні—верасні да мяне як кіраўніка арганізацыі і да нашага актыву было шмат запытаў пра неабходнасць выступіць з нейкай заявай. Прычым гэтыя патрабаванні зыходзілі з розных бакоў. Я вельмі ўдзячны нашаму актыву, што яны знайшлі ў сабе мудрасць перажыць гэтыя эмацыянальныя хвалі. Яны нідзе не выступілі з заявамі, якія маглі трактавацца як палітычныя. Нягледзячы на тое, што мы вельмі хвалюемся за радзіму, у нас тут родныя, сябры, магілы продкаў, усё-такі разумеем: мы — грамадзяне іншай дзяржавы. Хай самай блізкай, з адной крывяноснай сістэмай, але мы з іншай краіны. А нашы пэўныя дзеянні, выказванні могуць трактавацца як умяшальніцтва ў справы незалежнай дзяржавы.

Час зараз вельмі складаны. Шмат кансалідаваных сіл прымяняюць намаганні супраць нашых дзяржаў і нашага разумення светаўладкавання. Усё гэта наслойваецца на пандэмічныя справы і эканамічны крызіс. Я вельмі спадзяюся, што мудрасць нашых народаў дасць магчымасць узяць верх над гэтым становішчам рэчаў.

— Гэта ўжо трэці для вас Усебеларускі народны сход, дзе маеце статус госця. Якія ўражанні засталіся ад мінулых форумаў?

— Шчыра скажу, што на УНС адчуваеш атмасферу агульнага свята: сустрэчы з сябрамі, новыя знаёмствы. Немалаважным з'яўляецца факт, што ўдзельнікі сходу ўсведамляюць сваю прыналежнасць да вялікай падзеі. Такі фармат узаемадзеяння ўлады і народа — справаздача аб працы і дасягненнях, указанне на недапрацоўкі і план на пяцігадовую перспектыву. УНС пакідае магчымасць кулуарна паслухаць глыбінны аналіз сітуацыі ў краіне. Чалавек за трыбунай выступае не ад свайго імя, а ад імя калектыву, калег, пэўнага сегмента грамадства, сектара народнай гаспадаркі і такім чынам дзеліцца з іншымі сваімі думкамі.

Ад нашага аб'яднання прыехала прадстаўнічая дэлегацыя. Але я не стаў бы казаць пра нас як дэлегацыю, бо кожны член аўтаноміі мае індывідуальнае запрашэнне ад аргкамітэта УНС. Павінна было прыехаць сем чалавек, але Алег Навіцкі зараз рыхтуецца да трэцяга касмічнага палёту. У сувязі з рэгламентам гэтай падрыхтоўкі і з-за пандэміі ковіду, ён мусіў бы праходзіць потым двухтыднёвы каранцін, што выклікала б складанасці...

— Ведаю, што ў вас запланавана выступленне падчас сходу. Падзяліцеся, якія ідэі, думкі хочаце данесці да слухачоў?

— Я хацеў бы сказаць з трыбуны, што беларуская дыяспара ў Расійскай Федэрацыі — вельмі патрэбныя людзі і Расіі, і Беларусі. Ніколі сыны і дочкі Беларусі не падвядуць сваю гістарычную радзіму. Несумненна, мы перажываем за падзеі ў Беларусі. Разам з тым мы бачым некаторыя пункты, якія можна больш рэльефна разгледзець ва ўзаемаадносінах нашых краін. Я адзначыў бы, што прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Расійскай Федэрацыі заўсёды застануцца вернымі дзецьмі сваёй радзімы.

— Вы ў адной з нядаўніх гутарак у СМІ выказалі ўпэўненасць, што ў беларускага грамадства ёсць вялізны патэнцыял. У чым вы бачыце гэты патэнцыял?

— У кожнага народа ёсць рэсурсы для развіцця. Што датычыцца патэнцыялу беларускага народа, то, я мяркую, ён асноўваецца на генетычным кодзе, усходнеславянскім братэрстве, трапяткім стаўленні да чалавечага жыцця, супрацьстаянні чужым каштоўнасцям. Патэнцыял таксама грунтуецца на высокім узроўні адукаванасці і культуры, гэта самабытнасць і годнасць нацыі. Беларусы — адна з нацый, якая ніколі ні перад кім не схілялася і не схіліцца.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: «Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Расіі заўсёды застануцца вернымі дзецьмі сваёй радзімы»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?