Вы тут

Як наймальнікі заахвочваюць работнікаў і чаму ўтварыўся дысбаланс на сталічным рынку працы?


Як пандэмія адбілася на рынку працы? Чаму сёння цяжка задаволіць кадравы попыт наймальнікаў у Мінску? Як атрымалася, што на сталічных прамысловых прадпрыемствах абвастрылася пытанне старэння кадраў і з чым яны сутыкнуцца праз некалькі гадоў? Як сёння прамысловыя гіганты заахвочваюць маладых спецыялістаў? На базе ўпраўлення па занятасці камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама была арганізавана дыялогавая пляцоўка ў межах абмеркавання Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021—2025 гады.


Удзельнікі размаўлялі пра ўмовы на рынку працы ў Мінску, баланс попыту і прапановы, забеспячэнне буйных вытворчых прамысловых прадпрыемстваў рабочымі кадрамі. Прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, службы занятасці, наймальнікаў, сферы адукацыі, якія адказваюць за падрыхтоўку рабочых кадраў, і прыватных кадравых агенцтваў падзяліліся сваімі меркаваннямі і прапановамі.

— Мінулы год быў спецыфічны — усе краіны працавалі ва ўмовах пандэміі. І яна накладвала абмежаванні на эканоміку і жыццядзейнасць насельніцтва. Але тыя меры, якія прымаліся з боку дзяржавы па недапушчэнні скарачэння кадраў, захаванні калектываў і іх падтрымцы (указы Прэзідэнта №№ 143, 178 і 179), дазволілі без сур'ёзных наступстваў для рынку працы закончыць 2020 год, — адзначыў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч. — Аб'ёмы вымушанай няпоўнай занятасці да мая дасягнулі піка, але затым пайшлі на спад, а да канца года вярнуліся да сярэдніх значэнняў, якія былі ў папярэднія гады. Сістэма дзяржорганаў, што адказваюць за занятасць, спрацавала нядрэнна. Мы выканалі ўсе паказчыкі ў галіне садзейнічання занятасці ў 2020 годзе і дастойна справіліся з пандэміяй у дачыненні да рынку працы.

Намеснік міністра падкрэсліў, што з мінулага года дзейнічаюць нормы па дыстанцыйнай рабоце, замацаваныя ў Працоўным кодэксе. І суб'екты гаспадарання, каб захаваць калектывы, прымянялі дыстанцыйную форму. У першую чаргу, фінансавы і ІT-сектар, банкі працавалі «на аддаленцы». Некаторыя арганізацыі і сёння працягваюць выкарыстоўваць такую форму, бо такім чынам з меншымі затратамі на ўтрыманне офіса і іншыя выгоды можна выконваць тыя ж задачы.

— Мінск — той рэгіён, які найбольш актыўна развіваецца, тут самая вялікая колькасць вакансій, а ўзровень беспрацоўя і колькасць беспрацоўных найменшыя ў адносінах да іншых рэгіёнаў. У Мінску па выніках 2020 года створана найбольшая колькасць новых рабочых месцаў — трэць ад усіх па краіне, — рэзюмаваў Андрэй Лабовіч.

Як адзначыла намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама — начальнік упраўлення занятасці насельніцтва Таццяна Кудзевіч, у 2020 годзе значна знізілася актыўнасць на рынку працы. Попыт арганізацый на рабочую сілу скараціўся амаль на 21 %. На 1 студзеня 2021 года наймальнікі заявілі ў службу занятасці 16 тысяч вакансій, 60 % з іх — па рабочых спецыяльнасцях. Пры гэтым арганізацыі замежнай формы ўласнасці знізілі попыт на рабочую сілу ў параўнанні з пачаткам мінулага года на 44 %, арганізацыі прыватнай формы ўласнасці — на 20 %, і на столькі ж — дзяржаўныя. Гэтыя працэсы выкліканы эпідэмічнай сітуацыяй.

Пры гэтым самае значнае скарачэнне попыту на кадры адбылося ў арганізацыях, якія аказваюць паслугі па часовым пражыванні і харчаванні, а таксама ў сферы адукацыі і адміністрацыйных паслуг. Найбольшую патрэбу ў кадрах на пачатак 2021 года выявілі арганізацыі прамысловасці, аховы здароўя і сацыяльных паслуг, будаўніцтва, гандлю і адукацыі.

Са скарачэннем попыту скараціўся і абарот рабочай сілы — ён склаў мінус 3,5 %. Пры гэтым абарот па звальненні работнікаў знізіўся на 1,3 %, а вось абарот па прыёме — на 5,8 %. Узровень замяшчэння звольненых кадраў знізіўся да 93,4 %. Найбольш нізкі паказчык замяшчэння кадраў па выніках года склаўся ў тых арганізацыях, дзе назіраліся праблемы, — гэта арганізацыі, якія ажыццяўляюць фінансава-страхавыя паслугі, прадпрыемствы ў сферы творчасці, спорту і адпачынку, а таксама арганізацыі, што аказваюць паслугі па часовым размяшчэнні і харчаванні.

На фоне ўплыву пандэміі найважнейшай задачай для наймальнікаў было захаванне працоўных калектываў. Для гэтага яны прымалі розныя меры, у тым ліку і часовы перавод у іншыя арганізацыі, і ўдзел у аплачваемых грамадскіх работах. Прадпрыемствы ІT-сектара па магчымасці пераходзілі на дыстанцыйную работу, арганізацыі сферы турызму, гасцінічнага бізнесу, аб'екты грамадскага харчавання вымушаны былі спыняць сваю дзейнасць і прыём работнікаў. У гэтых сферах скараціўся попыт на рабочую сілу.

Таксама наймальнікі прымянялі рэжымы няпоўнай занятасці. Найбольшыя страты рабочага часу адзначаліся ў маі і чэрвені. Да 60 % усіх страт, звязаных з няпоўнай занятасцю, прыпадала на сферу паслуг. Але дзякуючы сацыяльнай адказнасці і падтрымцы горада росту беспрацоўя ў Мінску не адбылося.

— З 2016 года ў горадзе назіраецца тэндэнцыя да скарачэння колькасці беспрацоўных, канстатуе Таццяна Кудзевіч. — У 2020 годзе па садзейнічанне ў пошуку работы ў службу занятасці Мінска звярнулася больш чым 11 тысяч чалавек. Рэгістрацыя беспрацоўных знізілася на 14 % адносна 2019 года. Больш за чатыры тысячы чалавек атрымала статус беспрацоўных. Пры гэтым, калі параўноўваць з 2016 годам, то рэгістрацыя беспрацоўных знізілася ў чатыры разы.

Спецыяліст адзначыла, што сярод беспрацоўных паступова расла доля грамадзян, якія маюць патрэбу ў дадатковых гарантыях і сацыяльнай абароне: з 22 % у 2016 годзе да 42 % у 2020-м. Гэта асобы, якія не маюць работы больш за год (20 %), інваліды (15 %), грамадзяне, звольненыя ў выніку скасавання тэрміновага працоўнага дагавора, а таксама тыя, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі.

За 2020 год пры садзейнічанні службы занятасці было працаўладкавана амаль восем тысяч грамадзян. На 1 студзеня гэтага года ў якасці беспрацоўных значыліся 272 чалавекі. Традыцыйна ўзровень зарэгістраваных беспрацоўных у сталіцы не перавышае 0,1 % ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва.

Таццяна Кудзевіч падкрэсліла, што колькасны і якасны склад беспрацоўных не можа цалкам задаволіць кадравую патрэбу наймальнікаў горада.

— Адной з праблем рынку працы з'яўляецца прафесійна-кваліфікацыйны дысбаланс. На аднаго зарэгістраванага беспрацоўнага прыходзіцца 21 вакансія. Наймальнікі не могуць знайсці кадры. Многія прадпрыемствы маюць патрэбу ў кваліфікаваных рабочых. У многім гэты дысбаланс абумоўлены выкарыстаннем кадраў не па профілі атрыманай адукацыі. Па даных даследавання дамашніх гаспадарак у 2019 годзе, кожны трэці выконваў работу, якая не адпавядае атрыманай ім кваліфікацыі. Сярод занятага насельніцтва з вышэйшай адукацыяй 30 % мела работу ніжэй за сваю кваліфікацыю ці па іншай спецыяльнасці. Сярод асоб з сярэдне-спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыяй гэты паказчык яшчэ больш высокі — 45 %. Работа не па спецыяльнасці для 11 % удзельнікаў даследавання з'ўлялася асноўнай прычынай пошуку вакансій.

Служба занятасці прапануе беспрацоўным навучанне па 25 кірунках, прычым звыш 70 % — з гарантаваным працаўладкаваннем. Больш за 2,8 тысячы грамадзян праінфармавана пра такую магчымасць, але толькі 316 чалавек пагадзіліся на навучанне.

— Меры па падаўжэнні працоўнага ўзросту толькі часова спынілі скарачэнне працоўных рэсурсаў, абвастрыўшы пытанне старэння працоўных кадраў. На канец 2019 года ў арганізацыях горада было занята амаль 23 % работнікаў ва ўзросце, старэйшым за 55 гадоў. Гэта самы высокі паказчык узроставых работнікаў сярод рэгіёнаў. У сярэднім па рэспубліцы ён складае 20 %. Пры гэтым сярод рабочых кадраў доля такіх работнікаў дасягае 30 %, сярод служачых — 16 %, — звярнула ўвагу Таццяна Кудзевіч.

Намеснік начальніка ўпраўлення — начальнік аддзела кадраў Мінскага трактарнага завода Таццяна Бародзіч пагадзілася з наяўнасцю праблемы. Яна расказала, што 15 % калектыву прадпрыемства дасягнулі пенсійнага ўзросту, яшчэ 22 % работнікаў да пенсіі засталося менш чым тры гады. Пры гэтым штогод прадпрыемства працаўладкоўвае 50—60 выпускнікоў ВНУ і каля 360 маладых людзей з рабочымі спецыяльнасцямі.

— У нас ёсць недахоп кадраў, таму мы забіраем не найлепшых з лепшых, а ўсіх. З гэтых прычын за кожным маладым спецыялістам замацоўваецца настаўнік. Яму ўстанаўліваецца надбаўка ў памеры 15 % ад акладу. Матывуем і моладзь: калі ў выпускніка сярэдні бал дыплома вышэй, чым 8,04, ён атрымлівае надбаўку ў 25 % ад аклада. Першую надбаўку за стаж у нас, як правіла, атрымліваюць праз год, але маладым спецыялістам мы ўстанаўліваем яе адразу ў памеры 10 %. Калі малады чалавек працягвае вучыцца, ён мае 30 аплачаных дзён у год падчас сесіі. Выпускнікоў БНТУ з балам дыплома ад 8,04 мы адразу ўладкоўваем інжынерамі другой катэгорыі, а гэта дадатковыя 80 рублёў да аклада. Калі малады чалавек паказвае сябе з найлепшага боку, мы залічваем яго ў перспектыўны рэзерв, што дае права атрымаць яшчэ 10 % да акладу. У нас ёсць сем інтэрнатаў, як правіла, у пакоі жывуць па два чалавекі. Плата за месца складае каля 70 рублёў у месяц, — расказала Таццяна Бародзіч.

Нягледзячы на ўсе меры стымулявання, 30 % маладых людзей адразу пасля размеркавання звальняецца для службы ў войску, яшчэ 12 % — пасля адпрацоўкі абавязковага тэрміну.

Рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі адной з прычын такога кадравага голаду назваў дэмаграфічную сітуацыю — прафесійна-тэхнічным установам у апошнія гады не хапае абітурыентаў. Дырэктар агенцтва па працаўладкаванні «Першае рашэнне» Інеса Цішкевіч выказала меркаванне, што ўплывае і заработная плата, часам ніжэйшая, чым у суседніх краінах.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: На аднаго беспрацоўнага — 21 вакансія

Выбар рэдакцыі

Спорт

Галоўны ўрач беларускай алімпійскай зборнай: Мы забяспечым вырашэнне любой праблемы

Галоўны ўрач беларускай алімпійскай зборнай: Мы забяспечым вырашэнне любой праблемы

Алімпійскія гульні ў Токіа стануць выпрабаваннем не толькі для спартсменаў, але і для медыцынскага персаналу. 

Культура

Маршал Сакалоўскі: хто казаў, што ўсе штабныя — баязліўцы?!

Маршал Сакалоўскі: хто казаў, што ўсе штабныя — баязліўцы?!

...4 кастрычніка 1941 года рэзідэнт савецкай разведкі ў Японіі Рыхард Зорге адправіў у Маскву сваю апошнюю радыёграму.

Палітыка

Малатком па міне: куды рушыць Літва?

Малатком па міне: куды рушыць Літва?

Нелегалы адмовіліся выконваць патрабаванні супрацоўнікаў Службы грамадскай бяспекі.

Эканоміка

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 4 млн квадратных метраў агульнай плошчы жылля.