Вы тут

Брэстчына: складальныя рэгіянальнай палітыкі. Размова з Дзмітрыем Гарадзецкім


На Брэстчыне, як і ў іншых рэгіёнах рэспублікі, актыўна абмяркоўваецца праграма развіцця краіны. Ад таго, як будуць працаваць усе галіны эканомікі, залежыць якасць жыцця і дабрабыт жыхароў гарадоў і вёсак. Пра вынікі работы апошніх гадоў і асноўныя кірункі развіцця, цікавыя праекты, рэгіянальныя праграмы «Звяздзе» расказаў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый ГАРАДЗЕЦКІ.


Падмурак для праграмы

Фота Святланы КІСЛАЙ.

Вядома, што будаваць планы далейшага развіцця можна толькі абапіраючыся на падмурак дасягнутага. Таму ёсць сэнс нагадаць некаторыя вынікі работы эканомікі Брэстчыны. Па выніках 2019 года Брэсцкая вобласць прызнана адным з пераможцаў сярод абласцей і горада Мінска за дасягненне высокіх паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця і занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару. З улікам складаных умоў гаспадарання ў 2020 годзе валавы рэгіянальны прадукт павялічыўся ў адносінах да 2015-га на 8,7 працэнта (летась склаў 13,9 мільярда рублёў), і гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у краіне.

Аб'ём прамысловай вытворчасці вырас за пяцігодку на 22,7 працэнта. Асноўным сегментам гэтай галіны ў нас з'яўляецца перапрацоўчая прамысловасць, і перш за ўсё, вытворчасць прадуктаў харчавання. Актыўна развіваюцца і карыстаюцца попытам на ўнутраных і міжнародных рынках пазнавальныя брэнды нашага рэгіёна: «Санта Брэмар», «Савушкін прадукт», «Брэсцкія традыцыі» ды іншыя.

За пяць гадоў толькі прадпрыемствамі канцэрна «Брэстмясамалпрам» рэалізавана інвестыцыйных праектаў на суму больш за 150 мільёнаў рублёў. Як вынік — першае месца ў краіне па аб'ёмах экспарту сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання.

На будоўлі новага мікрараёна ў Брэсце.

Высокімі тэмпамі ў папярэдняй пяцігодцы развівалася і сельская гаспадарка. Вобласць сёння на першым месцы ў Беларусі па прадукцыйнасці дойнага статку і прывагах свіней, на другім — па прывагах буйной рагатай жывёлы. Вытворчасць малака за ўказаны перыяд павялічана амаль на трэць, надоі дасягнулі амаль 6,5 тысячы кілаграмаў.

Актыўна развіваецца і знешні гандаль. Экспарт тавараў вырас амаль ў 1,6 раза, паслуг — у паўтара раза. Калі ў 2015 годзе прадукцыя пастаўлялася ў 82 краіны свету, то летась ужо ў 106 краін. За пяцігадовы перыяд у вобласць паступіла каля 320 мільёнаў долараў прамых замежных інвестыцый.

Дакладнае і арганічнае земляробства

Разам з тым застаецца шэраг пытанняў, якія стрымліваюць устойлівае і збалансаванае развіццё вобласці. На вырашэнне гэтых задач, забеспячэнне якасна новага ўзроўню і ўстойлівай траекторыі збалансаванага сацыяльна-эканамічнага развіцця, стварэнне камфортнага і бяспечнага асяродку пражывання, дастойных даходаў будзе накіравана работа органаў кіравання ў наступным пяцігоддзі. Для гэтага будзе працягнута работа па фарміраванні канкурэнтаздольнага прамысловага і аграрнага комплексаў, арыентаваных на стварэнне высокапрадукцыйных рабочых месцаў, павелічэнне выпуску навукаёмістай, адпаведнай сусветным стандартам прадукцыі; нарошчванне экспарту, прыцягненне замежных інвестыцый, далейшае развіццё малога бізнесу.

Эканамічны патэнцыял вобласці фарміруюць ключавыя пункты росту. На першай пазіцыі нашага аграрнага рэгіёна стаіць сельская гаспадарка. Дасягнуць прагрэсу ў раслінаводстве дапаможа ўдасканаленне структуры пасяўных плошчаў, выкарыстанне найбольш інтэнсіўных сартоў і гібрыдаў. Сёння як аб самым надзённым мы гаворым аб элементах сістэмы дакладнага земляробства, а таксама развіцця арганічнага земляробства. Апошнім у вобласці займаюцца дзве фермерскія гаспадаркі «Фартунаагра» і «АграФерма» і адна асабістая дапаможная гаспадарка на плошчы 200 гектараў. Ужо летась яны вырасцілі 30 тон садовых суніц, 130 тон бульбы, 52 тоны бабовых культур, 78 тон капусты, 10 тон агародніны. З улікам пацяплення будуць нарошчвацца новыя віды прадукцыі: у нас добра растуць кавуны, вінаград, арэхі. У жывёлагадоўлі будзе прадоўжана работа па мадэрнізацыі як абсталявання і памяшканняў, так і тэхналогій, асаблівая ўвага аддаецца селекцыйнай і племянной рабоце.

Мадэрнізацыя прамысловасці

Ухіл на мадэрнізацыю бачыцца галоўным у справе развіцця прамысловасці. Нашы перапрацоўчыя прадпрыемствы заваявалі аўтарытэт у свеце высокай якасцю прадукцыі. Важна крочыць у нагу з прагрэсам. Сведчаннем таму — будучая мадэрнізацыя вытворчасці сыроў на філіяле ААТ «Савушкін прадукт» у Баранавічах і на ААТ «Кобрынскі масларобна-сыраробны завод».

Далейшае развіццё мэблевай прамысловасці не абмяжоўваецца праектамі вядомых гігантаў «Пінскдрэў», «Івацэвічыдрэў», заяўляюць аб сабе і меншыя па аб'ёмах вытворцы, такія, напрыклад, як ТАА «Паліполь Мэбля Бел» па вытворчасці мяккай мэблі. У машынабудаванні запланавана рэалізацыя шэрагу праектаў, напрыклад, укараненне высокапрадукцыйнага тэхналагічнага працэсу вытворчасці адлівак павышанай дакладнасці з высокатрывалага шэрага чыгуну на Баранавіцкім станкабудаўнічым заводзе, асваенне вытворчасці прэсаў з пашыранымі тэхнічнымі магчымасцямі на заводзе «Кузлітмаш» у Пінску. Рэалізацыя інвестпраектаў таксама запланавана на Баранавіцкім аўтаагрэгатным заводзе, на САЛЕА-Кобрын і іншых прадпрыемствах.

Кітайскі рынак і прарыў у лагістыцы

Работа па актывізацыі знешняга гандлю застаецца ў прыярытэце на новую пяцігодку. Стратэгічным рынкам для вобласці становіцца кітайскі. Летась экспартныя пастаўкі ў КНР выраслі ў 2,3 раза і склалі 72 мільёны долараў. Пашырыць асартымент экспартных паставак у Паднябесную плануе прадпрыемства «Санта Брэмар». Праяўлена цікавасць кітайскіх спажыўцоў да кандытарскіх вырабаў брэсцкіх прадпрыемстваў «Універсал-люкс» і «Першая шакаладная кампанія». Птушкафабрыка «Дружба» заключыла дагавор з кітайскімі кампаніямі на пастаўку прадукцыі з птушкі. Магчымасць выхаду на рынак Паднябеснай прапрацоўваюць такія вытворцы, як «Белавежскія далікатэсы», Бярозаўскі камбікормавы завод, Бярозаўскі мясакансервавы камбінат.

Выгаднае геаграфічнае становішча рэгіёна дыктуе патрэбу далейшага развіцця транспартнай лагістыкі. У 2019 годзе была завершана мадэрнізацыя кантэйнернага тэрмінала станцыі Брэст-Паўночны з павелічэннем яго перапрацоўчай магчымасці ў паўтара раза. А зараз вядзецца планаванне новага тэрмінала з абсталяваннем дзвюх еўракаляін і дзвюх шырокіх (усходніх) каляін у Камянецкім раёне, побач будзе пашыраны патэнцыял кампаніі «Захадтрансэкспедыцыя» па перавалцы звадкаваных вуглевадародаў. У Пінску пад лагістычны цэнтр холдынгавай кампаніі «Пінскдрэў» плануецца рэканструкцыя 75 тысяч квадратных метраў будынкаў.

Інвестыцыйны партфель для разумнай вытворчасці

Па праграме «Інавацыйнае развіццё Брэсцкай вобласці» за пяцігодку плануецца давесці ўдзельную вагу інавацыйна-актыўных арганізацый апрацоўчай прамысловасці да 35 працэнтаў. Далейшая работа Брэсцкага навукова-тэхналагічнага парка накіравана на стварэнне ўмоў для высокатэхналагічных вытворчасцяў і ўкараненне ў вытворчы працэс вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці. У найбліжэйшыя гады плануецца набыць комплекс абсталявання, які дазволіць арганізаваць дробнасерыйны выпуск прадукцыі. Працягваюцца стартап-мерапрыемствы для малога інавацыйнага прадпрымальніцтва. У абласным цэнтры плануецца рэалізаваць кластарную ініцыятыву па ўкараненні тэхналогіі разумнай вытворчасці (3D-друк, інтэграцыі, воблачныя рашэнні і іншае). Усё гэта прыйдзе на канкрэтныя заводы і фабрыкі, нават у невялікія сельгаспрадпрыемствы.

Брэсцкі электралямпавы завод.

А каб пералічанае атрымалася, патрэбны эфектыўныя інвестыцыі. Разам з рэгіёнамі аблвыканкам сфарміраваў інвестыцыйны партфель з 322 праектаў на 4,8 мільярда рублёў з тых, што ўжо рэалізуюцца, альбо запланаваныя да рэалізацыі ў 2021—2025 гадах. Яны прадугледжваюць стварэнне новых высокатэхналагічных вытворчасцяў, мадэрнізацыю і развіццё дзеючых прадпрыемстваў, у тым ліку з укараненнем сучасных інавацыйных тэхналогій. Для прыцягнення прамых замежных інвестыцый распрацавана каля сотні праектаў і ідэй, прапануецца 146 свабодных вытворчых пляцовак пад стварэнне новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў, у тым ліку 73 зямельныя ўчасткі.

Перспектыўным выглядае праект па здабычы і перапрацоўцы базальту і туфу ў Пінскім раёне. Інвестыцыйную прывабнасць, несумненна, мае ідэя вытворчасці віскознай ніці з новага віду светлагорскай прадукцыі — цэлюлознай віскозы.

У сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі плануецца ажыццявіць шэраг праектаў за кошт сродкаў міжнародных фінансавых арганізацый. Гаворка ідзе пра рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў у Іванаве і Ляхавічах, рэканструкцыю водазабораў у Ганцавічах і Пінскім раёне, рэканструкцыю сістэмы водазабеспячэння і водаадвода ў Бярозе.

Праекты для глыбінкі і цыркулярная эканоміка

Прыйшоў час актыўна развіваць глыбінку, рабіць прывабнымі для жыцця, работы, бізнесу тэрыторыі за межамі ваколіц вялікіх гарадоў. З улікам патэнцыялу, які маецца, запланавана стварэнне двух кластараў. Першы задуманы ў сферы біятэхналогій і «зялёнай» эканомікі. Яго ядро складуць Палескі дзяржаўны ўніверсітэт і тэхнапарк «Палессе». Другі — мэблевы кластар з удзелам прадпрыемстваў вобласці. На абодва кластары будзе працаваць Біятэхналагічны цэнтр пры Палескім універсітэце, які мяркуецца стварыць.

Асаблівая ўвага цяпер аддаецца раёнам з больш нізкім узроўнем развіцця і сельскім тэрыторыям. Развіццё іх эканомікі прадугледжваецца на падставе мясцовых рэсурсаў, індустрыялізацыі сельскай гаспадаркі, развіцця сферы паслуг, прасоўвання ўнікальных мясцовых брэндаў. У аддаленым Ганцавіцкім раёне неўзабаве з'явіцца буйная вытворчасць лекавых сродкаў на падставе рэкамбінантных тэхналогій і фракцыянавання плазмы крыві. На прадпрыемстве «Экзон» у Драгічынскім раёне будзе ўзведзены новы цэх па вытворчасці лекаў. У Маларыце працягнецца мадэрнізацыя абсталявання па разліве пюрэ і сокаў для дзіцячага харчавання на тутэйшым горадаўтваральным прадпрыемстве — кансерваваагародніна-сушыльным камбінаце. На Давыд-Гарадоцкім электрамеханічным заводзе плануецца асвоіць вытворчасць пластыкавых кантэйнераў для збору цвёрдых камунальных адходаў.

І яшчэ, вельмі важнай складальнай рэгіянальнай палітыкі становіцца развіццё гарадоў і пасёлкаў на аснове разумных тэхналогій і прынцыпаў зялёнага горадабудаўніцтва з павышэннем эфектыўнасці выкарыстання рэсурсаў і паляпшэння якасці асяроддзя пражывання. Дарэчы, Брэсцкая вобласць выбрана пілотнай для адпрацоўкі механізма кіравання рэгіянальнымі структурнымі пераўтварэннямі ў кантэксце цыркулярнай эканомікі. Цыркулярная эканоміка — гэта новая рэсурсаэфектыўная мадэль, эканоміка інавацый. Пераход на яе азначае новыя тэхналогіі, новыя формы вядзення бізнесу. Праект праграмы цыркулярнай эканомікі ўжо распрацаваны.

Сацыяльная накіраванасць

У будучым пяцігоддзі застаецца сацыяльная накіраванасць эканамічнай палітыкі. Будзе ўзведзены новы медыцынскі комплекс у Брэсце. Капітальныя рамонт, рэканструкцыя, мадэрнізацыя чакаюць медыцынскія ўстановы ў абласным цэнтры, Баранавічах, Ганцавічах, Драгічыне, Лунінцы, Пінску, Маларыце. Працягнецца развіццё інфраструктуры сістэмы адукацыі. Будуць уведзены ў эксплуатацыю дашкольныя ўстановы, школы-садкі ў Брэсце, Баранавічах, Пінску, Жабінцы, Кобрыне, Століне, у вобласці пабудуюць чатыры новыя школы.

Вынікам рэалізацыі пазначаных кірункаў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна павінен стаць рост даходаў насельніцтва і заработнай платы. Плануецца, што да 2025 года яна складзе 1600 рублёў, што ў паўтара раза больш за ўзровень мінулага года.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Даведаліся, колькі каштуе букет на 8 Сакавіка

Даведаліся, колькі каштуе букет на 8 Сакавіка

Ці прынята ў нас дарыць «мільён алых руж» каханай?

Грамадства

Чым прыцягвае чытачоў часопіс «Алеся»?

Чым прыцягвае чытачоў часопіс «Алеся»?

Размова з галоўным рэдактарам Ларысай Ракоўскай.

Грамадства

Анатомія мезальянсу. Чаму няроўныя шлюбы былі, ёсць, будуць?

Анатомія мезальянсу. Чаму няроўныя шлюбы былі, ёсць, будуць?

Любоўных гісторый, якія прыцягваюць павышаную ўвагу грамадства, нямала.

У свеце

Каменданцкія часы. Чым падаграецца глабальная пратэсная хваля?

Каменданцкія часы. Чым падаграецца глабальная пратэсная хваля?

Людзі стаміліся ад лакдаўну і беспрацоўя і выходзяць на пратэсты, а надзея перамагчы пандэмію ўсеагульнай вакцынацыяй, падобна, растае на вачах: прэпараты па-ранейшаму недаступныя ўсім ахвотным і ў найбліжэйшы час сітуацыя наўрад ці зменіцца.