Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Жыццё і галубы

Мой тата быў галубятнікам. Так казала мама.

У яго было шмат галубоў розных масцяў і парод. Тады гэта было модным захапленнем.

Да нас прыходзілі і прыязджалі такія ж галубятнікі: сталыя і маладыя мужчыны, школьнікі, многія са сваімі гадаванцамі. Кожны хваліў сваіх, аглядаў іншых. Тут жа ішоў абмен. І галубоў запускалі ў неба...

Потым, з вышыні пражытых гадоў, я зразумела: тата быў рамантыкам, любіў глядзець у неба...

Я таксама гляджу ў яго і бачу сіне-блакітнае ўдзень, залаціста-пунсовае надвячоркам... І ў ім, дзесь высока над галавой, стараюся адшукаць галубоў — птушак майго дзяцінства.

...Мама ў неба глядзела рэдка — цяжкая сялянская праца схіляла яе да зямлі, а ўгору вочы ўзнімаліся хіба зрэдку — для таго каб прыкінуць час. Калі сонца схілілася долу, а работы заставалася шмат, мама казала: «Падперці б яго ці што?»

Яна па жыцці была больш практычная, больш адказная і рашучая. «Трэба курэй больш завесці, — казала тату. — Дзецям лішняе яечка будзе, а то і капейка, бо што з тваіх галубоў?» — «Усё, больш разводзіць не буду», — адказваў тата.

А птушкі тым часам «разводзіліся» самі, і для іх пад страхою хлява ўсё больш падвешвалася старых лазовых кошыкаў ды ў паддашку з тыльнага боку хаты будаваўся цэлы «шматкватэрнік» з дзіркамі-вокнамі, у якія лёгка заляталі галубы; колькі часу ёрзалі там, буркаталі, а потым высоўвалі свае прыгожыя галоўкі — садзіліся на ганак.

...Тата любіў і нас — дзяцей. У яго (у адрозненне ад мамы) быў добры мяккі характар. І таму, нешта «адкалоўшы», мы з сястрой прасіліся: «Татка, толькі маме не кажы, добра?»

Ён згаджаўся і з горада заўсёды прывозіў нам што-небудзь смачнае. У вачах да сёння стаіць невялічкі пакунак з дражэ
«Каляровы гарошак». Колькі яго там было? Можа, грамаў дзвесце? Але мама, згледзеўшы, тут жа прызнала: «Гэта ж так дорага!.. А грошай дома — толькі на хлеб!»

Тата ў адказ хіба ўсміхнуўся ды ўздыхнуў: «Хай помняць мяне». Нібы адчуваў, што гэта яго апошнія цукеркі.

...Ён пайшоў на той свет раптоўна, пакінуўшы маме дзяцей, гаспадарку, недабудаваную хату і... галубоў.

Знікаць яны сталі трохі пазней і неяк непрыкметна: пусцелі, а з цягам часу адрываліся і падалі на зямлю старыя кашы, пусцелі дзірачкі-вокны ў паддашку.

А мы жылі, працавалі, вучыліся, часта ўспаміналі тату ды яго галубоў, і неяк мама не вытрымала — адкрыла нам тайну, якую ёй, мабыць, цяжка было насіць: расказала, як аднойчы злазіла на паддашак, дастала з гнязда некалькі яек і пракалола іголкай. Галодны быў час. Яна не хацела карміць галубоў, і з часам яны зніклі зусім.

...Не ведаю, чаму, але цёмныя, пустыя «вокны» таго нежывога, нежылога «шматкватэрніка» нагадваюць мне цягнік з пустымі вагонамі, які імчыць у невядомым напрамку.

Таццяна Новік, г. Клецк

Горкі шакалад

...Ігнат таптаўся каля прылаўка і ніяк не мог выбраць, што б такое купіць? З аднаго боку траціцца яму зусім не хацелася, а з другога — не ісці ж да жанчыны з пустымі рукамі?

...Ганну ён ведаў яшчэ з маладосці, яны сустракаліся, але ж потым Ігнат ажаніўся з яе сяброўкай, трохі пажыў, развёўся, ажаніўся яшчэ раз... А пад старасць застаўся адзін: у дзяцей сваё жыццё, сябры недзе пагубляліся. З дому цяпер хіба ў краму ды ў паліклініку.

Ну, і да Ганны...

Ворагамі з-за той першай яго жаніцьбы яны чамусьці не сталі, недзе сустрэўшыся, заўсёды віталіся, размаўлялі, а калі Ганна аўдавела, Ігнат стаў хадзіць да яе на гарбату — адводзіць душу ўспамінамі.

— Вы нешта канкрэтнае шукаеце? Можа, вам дапамагчы? — прапанавала Ігнату маладзенькая прадавачка.

— Не. Не трэба, — адмовіўся ён, — бо тут жа ўбачыў палічку з надпісам «Зніжкі». Выбраўшы там плітку шакаладу, Ігнат пашыбаваў да касы. Ён ведаў, што Ганна любіць малочны шакалад, але сёння на зніжках быў толькі чорны.

Вольга Федзяшына, г. Слуцк

«Сядзеш шыць, і думкі прыходзяць светлыя»

...Трапіўшы ў аграгарадок Якубаўшчына, што ў Лёзненскім раёне, проста грэх было не зайсці да мясцовай майстрыхі Марыі Фёдараўны Бізунковай, не пабачыць яе работы, не распытаць пра... 93 пражытыя ёю гады.

— Нарадзілася на гэтай зямлі, — кажа найстарэйшая жыхарка мястэчка, — і на ёй, можа, век свой звякую... Нас у сям'і пяцёра было, я — самая старэйшая, потым брат і яшчэ тры сястрычкі. Бацькі нашы Фёдар Цярэнцьевіч і Аляксандра Іванаўна Данчанкі — простыя сяляне-беднякі, потым калгаснікі. А ім тады замест грошай налічвалі працадні. Па выніках года на кожны маглі выдаць нейкія прыгаршчы збажыны ды лічаныя капейкі. На іх дзяцей ні абуць, ні апрануць. Так што прыйшлося вучыцца латаць, перашываць са старога. Спачатку — вядома ж, рукамі...

Нам нялёгка жылося, а тут яшчэ і вайна. Бацьку з фронту мы не дачакаліся, прапаў без вестак. Маме цяжка было нас гадаваць, таму, як толькі падрасталі, мусілі зарабляць: хто ў няньках быў, хто ў пастушках... А ў 43-м немцы сталі моладзь збіраць для адпраўкі ў Германію. Тады Пётр Бізункоў, каб застацца, каб пазбегнуць няволі, і ўгаварыў мяне выйсці замуж: узяў за руку і прывёў да сваёй матулі.

У 1944-м сямнаццацігадовая Марыя ўжо нарадзіла першынца. Барысам назвалі. А далей дзеткі пасыпаліся адно за адным. Аліна з'явілася на свет у 1949-м, у 53-м — Валянціна, Віталь — у 59-м, Надзея — у 60-м, Ірына — у 65-м. Шматдзетная матуля па-ранейшаму працавала ў калгасе — то на так званых палявых работах, то на ферме — даяркай, цялятніцай. Яе Пётр Васілевіч быў механізатарам. Разам яны пабудавалі дом, пастаянна трымалі вялікую гаспадарку. У свой час, бралі ў арэнду тры гектары зямлі, садзілі шмат бульбы, сеялі збажыну, нарыхтоўвалі сена на дзвюх кароў і бычка. Свіней трымалі, курэй, індыкоў, нутрый, нават тхароў. Ведама, сям'я, шасцёра дзяцей, і ўсіх трэба накарміць, апрануць, у школу адправіць.

Вось тут гаспадыні зноў прыдалося ўменне шыць. На шчасце, хросная падарыла Марыі швейную машынку «Зінгер», якая стала і памочніцай, і вернай сяброўкай на многія-многія гады... Яна, дарэчы, і сёння служыць — стаіць напагатове ў пярэднім пакоі.

А вось дзеці даўно павырасталі, усе атрымалі адукацыю. З сям'і выйшла трое педагогаў — Аліна, Надзея і Ірына. Валянціна атрымала прафесію швачкі. Віталь служыць пажарным-ратавальнікам. Барыс, відаць, мог бы стаць музыкантам ды... загінуў падчас вучобы ў Віцебску, патануў у Дзвіне. У бацькоўскай хаце партрэт яго на самым бачным месцы. Побач з ім і фота Аліны, яна таксама рана пайшла з жыцця. Як і гаспадар — муж Марыі Фёдараўны.

— Ад гэтых страт нейкая пустэча ў душы была, — прызнаецца жанчына. — Плакала, перажывала і міжволі ўзялася перабіраць абрэзкі тканіны. Шыла ж пастаянна, латак нейкіх шмат заставалася... Пачала выразаць з іх нейкія кветкі-лісточкі, нашываць на сурвэткі, на аднатонныя абрусы, на пакрывалы.

І такім чынам ствараць незвычайныя посцілкі, накідкі, нават дываны. Яны да сёння ўпрыгожваюць хату — крэслы, канапу, ложкі, сцены.

— Дочкам надарыла такой вось самаробнай прыгажосці, — хваліцца матуля. — Цяпер яна, можа, і нямодная, але ж рукі мае самі цягнуцца да швейнай машынкі. Кожны дзень што-небудзь майструю — то праўнукам нейкія рэчы, то неяк калгас папрасіў пашыць палотны для сушкі зерня: чатыры паласы па дванаццаць метраў... Прыйшлося вынесці машынку на двор, але ж заказ выканаць.

Акрамя згаданага «Зінгера», у Марыі Фёдараўны ёсць «Чайка-142» і сучасная электрычная машынка. Не падводзіць, дзякаваць богу, зрок. Да таго ж, як прызнаецца, «сядзеш шыць і думкі прыходзяць светлыя», хочацца жыць для сваіх любімых дзяцей, для васьмярых унукаў і васьмярых праўнукаў, пра якіх, гартаючы фотаальбомы, выразкі з газет і часопісаў, бабуля можа расказваць бясконца.

...Час ад часу дзеці збіраюцца ў матулі, дапамагаюць у гаспадарчых справах. Найчасцей бываюць Ірына з мужам, бо жывуць яны таксама ў Якубаўшчыне. З Віцебска прыязджаюць Валянціна і Віталь з жонкаю Нінай. Гэта, у асноўным, іх рукамі трымаецца парадак у доме, на падворку, у гародзе...

Усіх дачок Марыя Фёдараўна ў свой час навучыла шыць, і кожнай, хоць у нейкай меры, але ж гэта спатрэбілася. А вось для яе самой, як выглядае, жыць — значыць проста шыць і па магчымасці ўпрыгожваць свет.

Таццяна Ігнаценка, г. Лёзна

Дзень Святога Валянціна: праўда і выдумкі

Перапляценне свецкіх і царкоўных свят — з'ява ўжо звычайная, хоць нярэдка яны, гэтыя святы, і супярэчаць адно аднаму. Яскравы прыклад — «Дзень усіх закаханых» альбо «Святога Валянціна».

Ці быў насамрэч такі святы? Быў: на Захадзе з V стагоддзя шануюць памяць свяшчэннамучаніка Валянціна Інтэрамскага — біскупа італьянскага горада Інтэрамны (цяпер г. Церні), вядомага цудоўнымі вылячэннямі і пакаранага смерцю 14 лютага 270 года за схіленне да хрысціянства сына кіраўніка горада.

«Наш» гэта святы ці каталіцкі? Усе святыя, якія здзейснілі свой подзвіг у Заходняй Еўропе да 1054 года (да разрыву праваслаўя і каталіцтва), — нашы агульныя хрысціянскія святыя. З 1969 года ў каталіцкай царкве ў шэрагу заходніх епархій адзначаецца памяць свяшчэннамучаніка Валянціна Інтэрамскага. Шануецца яна і ў святцах Рускай праваслаўнай царквы, але 12 жніўня. А вось 14 лютага, перад Стрэчаннем Гасподнім, — Дзень святога пакутніка Трыфана.

Такім чынам «Дзень усіх закаханых» носіць выключна свецкі, камерцыйны характар, калі «робяцца грошы» на ўсім, нават на святых. І праваслаўная, і каталіцкая цэрквы асуджаюць не само гэтае свята, а яго змест. Да таго ж, калі грамадства, мякка кажучы, ігнаруе царкоўны каляндар, часам здараюцца трагедыі. Не так даўно, 14 лютага 2004 года, пад свята Стрэчання Гасподняга, у дзень Усяленскай бацькоўскай суботы, у Маскоўскім аквапарку, пабудаваным на месцы могілак, моладзь у купальных касцюмах святкавала «Дзень Святога Валянціна». Дыскатэка скончылася трагедыяй... У 1999 годзе ў Мінску на Святую Тройцу, заглушаючы богаслужэнні ў найбліжэйшых храмах, шумна адзначалі «свята піва». Жудасныя падзеі на Нямізе памятаюць, напэўна, усе сучаснікі. А вось бачыць тут выпадковасць ці заканамернасць — асабістая справа кожнага.

...У Маскве ў Храме Хрыста Збавіцеля знаходзіцца каўчэг з часціцай мошчаў святога Валянціна Інтэрамскага. У нас у горадзе Смалявічы ёсць каталіцкі храм у гонар гэтага святога, каля яго знаходзіцца помнік, дзе ў любы час можна памаліцца.

Наталля Сівак, в. Заполле, Чэрвеньскі раён

Фота wikipedia.org

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?